На працягу сваёй гісторыі ўсходнія славяне сфарміравалі каштоўную міфалагічную спадчыну. Шматлікія і разнастайныя паводле зместу і стылістычных рысах апавяданні, сказанні, легенды і паданні складаюць усходнеславянскую міфалагічную прозу, у якой належнае месца займае міфалогія Гомельска-Бранскага пагранічча. У захаваных у рэгіёне міфалагічных апавяданнях сканцэнтраваны фальклорныя і міфалагічныя ўяўленні і традыцыі некалькіх славянскіх народаў. Тут адбываецца судакрананне розных славянскіх культур і народных культурных стыхій.
У міфалагічнай прозе Гомельшчыны асобную лексіка-тэматычную падгрупу складаюць вобразы міфалагічных істот, аблічча якіх чалавечая свядомасць уяўляе падобным або блізкім да ўласнага. Самы вядомы і распаўсюджаны ў апавяданнях персанаж – дамавік. Лічыцца, што дамавік абуджаўся вясной, у канцы сакавіка – пачатку красавіка. З гэтай нагоды, па народных меркаваннях, з’явілася прыказка «Апрэль – нікому не вер»: «Нібыта прабуджаўся дамавік, таму трэба было хлусіць, каб заблытаць яго» [1, с. 49].
Для гэтай міфалагічнай істоты, якая ў беларускай міфалогіі з’яўляецца ахоўнікам дома, носьбітам душы дамашняга ачага, у Гомельскім рэгіёне захоўваюцца варыянтныя найменні. Найбольшую частотнасць выяўляюць словаўтваральныя варыянты «дамавік» і «дамавы»: «Дамавікі жывуць у хатах, могуць і другую пабудову сабе выбраць» (г. Ветка) [2, с. 121]; «Дамавік – гэта дух, які жыве ў хатах альбо ў кватэрах» (в. Хальч, Веткаўскі р-н) [2, с. 122]; «Дамавiк пахож на невялiкага чалавека з длiннай барадой» (в. Шэйка, Веткаўскі р-н) [2, с. 123]; «У маёй хаце жыве страшэнны дамавы» (в. Клімаўка, Гомельскі р-н) [2, с. 131]; «Дамавы… белы стаіць каля дзвярэй у сараі» (г. Ветка) [2, с. 120].
Абедзве лексемы маюць за ўтваральную аснову корань дом-. Слова «дамавік» выяўляе большую прыналежнасць да беларускіх гаворак і выкарыстоўвае прадуктыўную ў беларускай мове дэрывацыйную мадэль.
Такая самая словаўтваральная мадэль адзначаецца ў найменнях іншых персанажаў беларускай ніжэйшай міфалогіі: лесавік, вадзянік. Генетычна субстантываваны прыметнік «дамавы» ўяўляе сабой беларускую фанетычную асіміляваную транскрыпцыю адпаведнага рускага наймення і адлюстроўвае ўплыў утварэння «домовой», папулярнага ў расійскіх гаворках, дзе пашырана падобная марфалагічная структура міфонімаў: «домовой, водяной, леший».
На тэрыторыі Гомельска-Бранскага пагранічча пры больш выражаным білінгвізме таксама сустракаецца назва «дамавой»: «У народзе яго называлі дамавой. Ета нявідзімае сушчаство, якое находзіцца ў кожным доме» (в. Неглюбка, Веткаўскі р-н) [2, с. 121]; «Дамавой маленький, с барадой, седой» (г. Гомель) [2, с. 123]. Варыянт «дамавой» захаваў фанетычна-марфалагічныя сувязі з адпаведнікам рускай мовы, што выяўляецца ў канчатку, дзе, як у рускіх гаворках, на месцы старажытнарускага рэдукаванага [ы] пад націскам развіўся галосны [о], а таксама захаваўся канцавы [й] у адпаведнасці з узмацненнем рэдукаванага [ы] і супадзеннем яго па якасці са спрадвечным [ы] і стратай канцавога [й] у беларускіх гаворках.
Адзначаюцца намінацыі ўказанай антрапаморфнай істоты, утвораныя ад іншых каранёў. У розных раёнах Гомельскай вобласці расказваюць пра хатніка: «Гэта хатнік. Кажуць, што ён мае від старэнькага дзядка з сядой барадой і дліннымі сядымі валасамі» (г. Добруш) [2, с. 136]; «Хатнiк жыве ў кожнай хаце» (в. Шэйка, Веткаўскі р-н) [2, с. 123]. Матывацыя міфоніма «хатнік» відавочная: ад слова беларускай мовы «хата».
У іншым варыянце назвы духа-ахоўніка дома адлюстроўваюцца не дэрывацыйныя, а семантычныя сувязі: «У кожным доме ёсць свой хазяін.
Толькі чаму-та ён не дае аб сабе знаць, толькі к нейкім пераменам у жыцці» (в. Вылева, Добрушскі р-н) [2, с. 138].
У міфалагічных апавяданнях Гомельшчыны фіксуюцца спалучэнні паказаных намінацый дамавіка. Як правіла, гэтыя асацыятыўныя спалучэнні назваў ужываюцца пры звароце да міфалагічнага ахоўніка дома: «Запрашаць, гаваря так: “Хазяін-бацюшка, ідзі к нам в новую кватэру”»; «Старые людзі гаварылі, што кагда прыносіш котіка, то нада так сказаць: “Хазяін-дамавой, вот цебе друг, каб вы любілі друг друга і дружылі”» (в. Скіток, Гомельскі р-н) [2, с. 134].
Міфалагічная проза Гомельшчыны захоўвае і больш вобразныя, вершаваныя звароты да дамавіка, якія ўтрымліваюць эпітэты, выражаныя прыдаткамі і перадаюць эмацыянальнае стаўленне да міфалагічнай істоты: «Бацька-дамавы, хатнiк дарагi, / На мяне ты не гнявiся, / Судзьбу маю пакажы, / Долю прадкажы» (в. Чамярня, Веткаўскі р-н) [2, с. 122]; «Старычок-дамавічок, / За абіду прасці, / А памажы мне прапажу знайсці» (в. Нісімкавічы, Чачэрскі р-н) [2, с. 59].
Знешнасць дамавіка малюецца ў міфалагічных апавяданнях Гомельшчыны даволі падрабязна. Часцей дамавік уяўляецца антрапаморфнай істотай, падобнай на сівога дзядка: «Такое маленькае сушчаство, старэнькае, з доўгай сівай барадой»; «Выглядзіць ён як стары дзядок у белай адзежыне з доўгімі валасамі і з барадой» (г. Гомель); «Ходзiць ён у лапцях i тулупе цёплым» (в. Шэйка, Веткаўскі р-н) [2, с. 123].
У апавяданнях пра дамавіка часам згадваюцца казачныя вобразы з заходнееўрапейскага, у першую чаргу, германа-скандынаўскага фальклору: «Ета такi маленькi чалавек, як гном, у яго дужа вялiкая сiвая барада i такiя ж валасы» (в. Чамярня, Веткаўскі р-н) [2, с. 122-123]; «Дамавік – гэта маленькі гномік з барадой. Ён жыве за печкай» (в. Нісімкавічы, Чачэрскі р-н) [2, с. 59]; «А мая баба бачыла. Гаварыла, што ён маленькі, як карлік, а то і менш, стары, з барадою да кален. Барада сівая. Яшчэ лажылі яму грэбень, штоб ён расчосваўся. І валасы ў яго длінныя тожа» (г. Гомель) [2, с. 128].
Пры даволі дакладнай абмалёўцы знешнасці дамавіка ў большасці выпадкаў заўважаецца, што апавядальнік, як і ўвогуле ніхто з людзей, не бачыў гэтага персанажа, але мае пра яго падрабязнае ўяўленне. У адзінкавых выпадках інфарманты паведамляюць, што яны (або хтосьці знаёмы, сваяк) самі бачылі дамавіка і апісваюць яго выгляд як сапраўдныя сведкі: «Сястра мне расказвае, што адразу падумала, нібыта здаецца, што мужчына стаіць у полуцемры. Але ж паглядзела яна яшчэ раз: як стаяў, так і стаіць.
Гаварыла, што стаяў ён і глядзеў на яе, не адводзячы вачэй. Але яна не вельмі напалохалася, таму што ён быў не страшны. А быў ён малады, прыгожы, светлавалосы і апрануты быў у светлую кофту і цёмныя штаны.
Пасля гэтага пайшлі мы з ёю да адной бабкі-шаптухі, я думала, можа што з ёю здарылася, можа забалела? А бабка тая і кажа, што гэта і есць наш дамавы. І значыць ён сястру маю жалея больш чым мяне, вось і паказаўся ёй» (в. Хальч, Веткаўскі р-н) [2, с. 122].
Калі іншыя апавяданні сыходзяцца ў знешніх рысах указанага міфалагічнага персанажа, то партрэтныя характарыстыкі сведак, якія быццам бачылі дамавіка, маюць абсалютна розныя, нават супрацьлеглыя апісанні: «Я была малая, паднялася ноччу і віжу – ідзе маленькі чалавечак увесь белы»; «Жыве ў мяне дамавы. Я яго бачыла. Высокі мужчына такі, плечы шырокія. Забалела я была дужа, аж галаву не магла падняць. Хачу ўстаць – не магу. І пачуствавала, што мне нехта дапамагае. Я думаю, ета дамавы памог мне» (г. Ветка) [2, с. 120, 121].
У многіх міфалагічных апавяданнях Гомельшчыны дамавік уяўляецца падобным да гаспадара дома: «Дамавой пахож на хазяіна, і па старасці пахож, і па гадах пахож. Прымерна, ежэлі хазяін старэе, і дамавой старэе» [3]. Такое падабенства прыводзіць да выканання дамавіком асобных гаспадарчых работ: «Здалося, што бацька заганяе гусей у хлеў і кажа: “Гыля, у хлеў! Гыля, у хлеў!” Пагляжу – бацька спіць на карваці, а голас яго чую. Гусей загнаў і закрыў сарай» [3].
Знешняе аблічча дамавіка ў міфалогіі Гомельшчыны іншы раз зааморфнае. У многіх апавяданнях дамавік з’яўляецца ў вобразе ката́: «Дамавік можа выглядаць па-рознаму. Найчасцей дамавы паяўляецца пахожым на серага ката, які любіць ўноччы пагуляцца з валасамі хазяйкі хаты» (в. Перавалока, Рэчыцкі р-н); «Дамавік быў у мяне ў выглядзе ката.
Быў красівы, бальшы, сераватага цвету. Як выйдзеш з хаты, то ён на акне паявіцца і сядзіць, а як зойдзеш у хату, то ката няма» (г. Буда-Кашалёва) [4]. Асаблівай увагі ў гэтых адносінах патрабуюць жывёлы, што не маюць гаспадароў: «Калі бачыш часта на панадворку ката ці сабаку незвычайных, галоўнае – нічыйных, то, значыць, сам дамавік паказаўся. Тады хазяевам нада яго прылашчыць, прыгалубіць. Дамавік за ета хазяеваў добра ўзнагародзіць» (в. Старыя Грамыкі, Веткаўскі р-н) [2, с. 122].
У міфалагічнай прозе Гомельшчыны дамавік прымае аблічча іншых жывёл: «Бачым, з аднаго ўгла беленькі баранчык бяжыць, а потым зноў з таго вугла бяжыць. І так раз пяць, а назад не вяртаецца. То, мабыць, і быў дамавы»; «Глянула і бачу – залаты конь стаіць, увесь з золата і на мяне глядзіць і ўлыбаецца. Тут Цімошка заплакаў і я паглядзела на яго, а потым зноў азірнулася, а на дварэ ўжо нікога не было. Мамка гаварыла, што гэта был дамавы, ён любіў маю мамку, таму і прадстаў увесь у золаце» (г. Ветка) [2, с. 120].
У некаторых апавяданнях дамавік мае альтэрнатыўныя антрапаморфна-зааморфныя выявы: «Дамавік – гэта такі мужычок або кот, толькі з хітрым розумам. Ён жыве ў кожнай хаце, звычайна пад печчу. Ён бывае добры і абараняе хату ад злых духаў і нячыстай сілы. Ён быстра бегае, як кот, на чатырох лапах, і як чалавек. Такі ён хітры, як што ўбача смачнае на стале, дык хутчэй пад печ цягне» (в. Дуброва, Ельскі р-н) [2, с. 136]; «З выгляду ён напамiнае звычайнага старога дзеда. Але хатнiк можа кiм хочаш стаць. Во ў вёсцы казалi, што раз да адной нашай жэншчыны кот шэры прыбег ды давай каля яе лашчыцца. Гаспадыня яго пашкадавала, добра накармiла, думала, што ён яшчэ прыбяжыць, але ён з таго часу больш не паказваўся. Казалi, што сам хатнiк прыходзiў, хацеў сваiх гаспадароў праверыць. З таго часу ў той сям’i ўсё добра iшло» (в. Шэйка, Веткаўскі р-н) [2, с. 123].
Дамавік можа ўяўляцца неадушаўлёным аб’ектам або нават нематэрыяльным духам, які надзяляе чалавека дзіўнымі талентамі: «У малых гадах iграў я на дудзе, а адкуль тая ўзялася, нiхто ў хаце не ведаў. I такая з таго iнструмента музыка лiлася, што да гэтых пор не чуў. А калi я падрос, то яна некуды прапала. Людзi пасля казалi, што сам дамавiк быў» (в. Шэйка, Веткаўскі р-н) [2, с. 123].
Міфалагічная проза Гомельшчыны падрабязна апавядае пра звычайнае месца жыхарства ахоўніка дамашняй утульнасці, закранаючы некаторыя адметнасці яго жыццядзейнасці і нават распарадак дня. Паводле асобных міфалагічных узгадак дамавік аддае перавагу вясковаму жыццю: «Жыве ён у дзеравенскіх хатах, у дзераўнях, на чардаку» (г. Гомель) [2, с. 128].
Улюбёнае месца дамавіка ў хаце – печ: «Спіць хатнік на пячы або пад печчу. З-за гэтага яго называюць падпечнікам. Устае ён рана і пугае пеўня, талкае яго. Певень хлопае крыллямі і крычыць. Інагда хатнік уздувае агонь і ідзе ў клець і прасушвае хлеб, таксама заглядвае ў хлеў і дае корму лашадзям і каровам, гладзіць іх. Хатнік любіць дружную сям’ю, ён не церпіць сварлівых баб. З хатнікам нужна жыць у міры» (г. Добруш) [2, с. 136]; «Живёт он в доме, у каво есть печка, так пад печкай»; «Дамавік жыў пад печчу і дапамагаў дбайнаму гаспадару, каб у доме быў парадак. Казалі, што гэта стары дзядок у белай адзежыне і з доўгімі валасамі. Калі пераязджалі ў новы дом, дамавога перавозілі з сабой у старым лапці» (г. Гомель) [2, с. 123, 128]. Некаторыя апавяданні ўтрымліваюць тлумачэнні названай лакалізацыі: «Жыве звычайна ў запечку, бо стары і любіць там косці грэць» (г. Гомель) [2, с. 124].
Акрамя печы, дамавік у міфалогіі Гомельскай вобласці выяўляе шчыльныя сувязі з венікам: «Дамавы жыве ў хаце, ў каго пад печчу, у каго пад венікам. Ён дапамагае гаспадару, ахраняе дом» (г. Гомель) [2, с. 123]; «Дамавiк заўжды жыве ў хаце ў тым вуглу, дзе стаiць венiк» (в. Шэйка, Веткаўскі р-н) [2, с. 123]; «Дамавік – гэта стары сівенькі маленькі дзядок у кальсонах і долгай рубашке. У него долгая сядая барада да зямлі. Ён знаходзіцца ў любом углу дома, можа жыць пад венікам» (в. Насовічы, Добрушскі р-н) [2, с. 136].
Міфалагічныя апавяданні Гомельшчыны цікава тлумачаць наяўнасць у хаце толькі аднаго веніка: «Калi ж у хату прынесцi другi венiк, то паявiцца шчэ адзiн хатнiк. А ета да дабра не давядзе. Памiж двума дамавiкамi такая бойка пойдзе, што гаспадары за голавы схопяцца» (в. Шэйка, Веткаўскі р-н) [2, с. 123]. Асаблівыя адносіны дамавіка да веніка, адлюстраваныя ў міфалогіі Гомельшчыны, як і іншых раёнаў Беларусі, дазволілі лічыць указаны аб’ект прадметам-апатрапеем названай міфалагічнай істоты [5, с. 54].
У міфалогіі Гомельшчыны ёсць звесткі пра асабістае жыццё персанажа.
Так, паводле традыцыйных уяўленняў, дамавік мае сям’ю, пры гэтым за ўзор бярэцца традыцыйны, па народных уяўленнях, сямейны лад чалавека: «Дамавік рэдка жыве адзін. Ён таксама можа ажаніцца. Жонка ў яго магла быць толькі адна. Пасля яе смерці ён мог ажаніцца чатыры разы, але не на сваячках, інакш павінен быў мяняць службу. Ад сваёй жонкі дамавік мог мець сыноў і дочак. Сыны станавіліся дамавікамі ў новых дамах, а дачок выдавалі замуж за такіх жа дамавікоў» (г. Ветка) [2, с. 121].
Адпаведна з міфалагічнымі апавяданнямі, адзначанымі на тэрыторыі Гомельска-Бранскага пагранічча, асноўная дзейнасць дамавіка – захаванне ўтульнасці і парадку ў доме: «Дапамагае людзям ва ўсім: чысціць падлогу, мэблю, вокны можа памыць» (в. Залессе, Чачэрскі р-н) [2, с. 159]. Дамавік вельмі прыязна адносіцца да чысціні: «І ў хаце даўжно быць усё ўрэмя чыста: у шкафах сложана, пасуда памыта, вымецена ў хатах. Мая мамка гаварыла, што еслі не будзе чыста ў хаце, то ён разазліцца тады і ўсе, хто жыве ў гэтай хаце, будуць балець» (г. Гомель) [2, с. 128].
Па ўяўленнях жыхароў Гомельшчыны, дамавік сочыць за ладам у хатняй гаспадарцы: «Выходзіць ён ноччу і глядзіць, што зрабілі хазяева. Калі яны плоха зрабілі работу, то ён мог уйці ілі навредзіць хазяйке. Ён мог пабіць пасуду, рассыпаць муку. Патаму з дамавіком нужна была дружыць, хазяева часта размаўлялі з дамавіком, называлі яго хазяінам у хаце. Такжа, калі хазяева добра рабілі работу, то дамавік дапамагаў хазяйке, даглядаў за жывёлай дамашняй» (в. Насовічы, Добрушскі р-н) [2, с. 136].
Асаблівую стараннасць, такім чынам, дамавік праяўляе пры добрых адносінах з людзьмі – гаспадарамі дома: «Жыве ён у хаце, стараецца дапамагаць гаспадарам сваiм. Ды i гаспадары яго ўсе паважалi. У святочныя днi яго клiкалi да стала, частавалi. А таксама дзе-небудзь ставiлi чарку з гарэлкай. З часам яна знiкала. Лiчылi, што ёй пачаставаўся дамавiк. Пасля добрых пачастункаў дамавiк станавiўся яшчэ больш лагаднейшым» (в. Чамярня, Веткаўскі р-н) [2, с. 122 – 123]; «Дамавіку трэба пакупаць што-небудзь паесці, ён ноччу вылазіць і дапамагае ў рабоце па дому» (г. Гомель) [2, с. 123]; «І ў старой, і ў новай хаце трэба дамавіка даглядаць. Калі наступае зіма, трэба пакласці кажух на якое-небудзь нябачнае месца ў хаце, каб дамавік не замёрз, бо ён голы» (в. Куты, Веткаўскі р-н) [2, с. 121].
Па некаторых звестках, дамавік можа папярэдзіць гаспадароў аб бядзе: «Дамавы, якi вельмi шануе сваiх гаспадароў, заўсёды iм дапаможа. Калi ў хаце нешта вые, у сцены грукае, крэкча, стогне, ета дамавы аб бядзе папярэдзiць хоча. Ён так можа чалавеку прадказаць, што таго бальшое гора чакае. I калi гаспадар разумны, дык адразу той знак разгадае. А ежалi рукой махне, то гора яму не мiнуць» (в. Шэйка, Веткаўскі р-н) [2, с. 123].
Гнеў дамавіка можа быць выкліканы рознымі прычынамі: «Дамавога ўсім нада паважаць, бо ён, калі разазліцца, можа сям’ю пакінуць. А ета к харошаму не прывядзе» (в. Куты, Веткаўскі р-н) [2, с. 121]; «Калі ў доме сварацца і не любяць дамавіка, то тады ён зліцца. Дамавы можа задушыць чалавека, калі той яму не спадабаецца» (в. Залессе, Чачэрскі р-н) [2, с. 159]; «Дамавік не любіць, калі яго нядобрым словам памінаюць. Можа зрабіць так, што тады хазяін ці хазяйка не змогуць знайсці, што ім трэба, ці нехта ў хаце захварэе... У адной сям’і за нешта паругалі дамавіка. Дык пасля етага ён такія каверзы пачаў рабіць, што тыя людзі і не ведалі ў які бок кідацца.
Але дамавік доўга зло не трымае, прашчае людзей» (в. Старое Сяло, Веткаўскі р-н) [2, с. 121].
Раз’юшанасць персанажа, як паказваюць прыведзеныя звесткі, прыводзіць да негатыўных наступстваў – дамавік помсціць гаспадарам: Ежалі дамавіка пакрыўдзяць,.. можа не толькі хваробу ці няшчасце наслаць, але і смерць (в. Старыя Грамыкі, Веткаўскі раён) [2, с. 122].
Пры пераездзе людзей у новую хату ў міфалогіі Гомельшчыны маюцца наступныя павер’і, звязаныя з запрашэннем дамавіка: «Ежалі пераязджаеш у новую хату, то трэба спачатку дамавіка пазваць. А ў апошні дзень нада печ вытапіць, а затым адтуль вугельчыкаў набраць ды несці іх у новую печ. Калі на гэтых вугальках гаспадыня зможа агонь запаліць, значыць, хатнік перабраўся з гаспадарамі ў новую хату» (в. Чамярня, Веткаўскі р-н) [2, с. 122-123]; «Если дамавой хароши, то ево нада с сабой в новую хату забрать.
Нада палатенце, или рушник, или скатерку какую возле парога расстелить и пазвать дамавова с сабой. А в новай хате тоже нада развернуть эта и выпустить ево. А патом самим можна захадить» (г. Гомель) [2, с. 123-124].
Такім чынам, пашыранасць у народнай свядомасці ўяўленняў пра дамавіка як ахоўніка хатняй утульнасці абумовіла значнае прадстаўніцтва гэтага вобраза ў міфалагічнай прозе Гомельшчыны. У залежнасці ад моўных адметнасцей мясцовасці распаўсюджвання і пераваг у моўных уплывах рэгіёна персанаж набывае рознае найменаванне (дамавік, дамавы, дамавой, хатнік, хазяін). У адзначаных у рэгіёне апавяданнях характарыстыка вобраза дамавіка вызначаецца паслядоўнасцю, шматлікімі дэталямі ў партрэтных апісаннях і функцыянальных абавязках. Большасць рыс дамавіка ў міфалагічнай прозе мае антрапаморфны характар: знешняе аблічча і дзейнасць персанажа ў значнай колькасці апавяданняў выяўляе падобнасць да асаблівасцей жыццядзейнасці чалавека.
Літаратура
- Беларускі народны каляндар / аўт.-уклад. А. Лозка. – Мінск: Полымя, 1993. – 203 с.
- Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / уклад. В. С. Новак. – Мінск: Права і эканоміка, 2010. – 533 с.
- Лапацін, Г. «Ты, Вясна, была…» / Г. Лапацін [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://vetka-museum.by/publikatsyi-supratso-nika/143-ty-vyasna-byla.html.
- Архіў навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі ўстановы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны».
- Коваль, У. І. Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: даведнік па ўсходнеславянскай міфалогіі / У. І. Коваль. – Гомель: Агенцтва навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 1995. – 180 с.
Аўтар: К.Л. Хазанава
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 23 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2017. – С. 270-277.