
Касцюм — адна з важнейшых і ўстойлівых частак матэрыяльнай культуры народа. На тэрыторыі беларуска-рускага памежжа, размешчанага ўздоўж дзяржаўнай мяжы, раздзяляючай Рэспубліку Беларусь і Расійскую Федэрацыю на лініі Магілёў-Гомель-Віцебск-Смаленск-Пскоў-Бранск -перасячэнні этнічных межаў рускіх і беларусаў, якія на працягу доўгага гістарычнага перыяду жылі ў падобных умовах (геаграфічных, гістарычных, культурных, сацыяльна-эканамічных і інш.) адбылося ўзаемадзеянне дзвюх культур у касцюмных комплексах і стварэнне змешанных тыпаў, якія мелі адрозненні ў лакальных варыянтах. У XIX ст. заходняя і цэнтральная частка Смаленшчыны, якая ўваходзіла ў склад Беларусі, мела назву Беларускай Смаленшчыны. У канцы XIX — пачатку XX стст. у яе ўваходзілі Духаўшчынскі, Краснінскі, Смаленскі, Рослаўскі, часткова Бельскі, Дарагабужскі і Ельнінскі паветы, а таксама перададзеныя ў 1919 і 1922 гг. у склад СССР некалькі валасцей Гомельскай губерні, пазней і Веліжскі павет Віцебскай.
Трэба адзначыць, што ў абодвух народаў не ўсе комплексы падвергліся трансфармацыі. Існавалі базавыя комплексы, дзякуючы якім пэўныя этнічныя традыцыі і адметнасці ў касцюме абодвух народаў захоўваліся. Важнейшым механізмам падтрымання і трансляцыі норм і каштоўнасцей нацыянальнай культуры беларусаў была традыцыя, якая гістарычна склалася і зберагалася ў сялянскім асяродку. Яна структурыравала вопыт сацыякультурнай ідэнтыфікацыі і праяўлялася як у матэрыяльнай, так і ў духоўнай культуры. Гэты факт неаднарозова подкрэслівалі дарэвалюцыйныя і савецкія гісторыкі і этнографы. Узаемадзеянне ў касцюме беларусаў з рускімі, паміж якімі здаўна ўстанаўліваліся цесныя міжэтнічныя кантакты, мела розныя вынікі. У традыцыйным грамадстве, нягледзячы на этнакантакты, беларусы захоўвалі свою нацыянальную культуру і касцюм, успрымалі навацыі паступова і пераважна ад усходнеславянскіх народаў, з якімі не існавала вялікай культурнай дыстанцыі і якія пражывалі побач.
Вывучэннем традыцыйнага касцюма і яго асаблівасцей на памежных з Беларуссю тэрыторыях у розныя часы займаліся А. Лебедзева, Г. Маслава, В. Ганцкая, Л. Малчанава, М. Раманюк, Л. Дамнянкова, В. Бялявіна, І. Смірнова, С. Рыбакова і інш. Касцюмныя комплексы, у тым ліку і памежных тэрыторый, вывучаліся беларускімі этнографамі падчас этнаграфічных экспедыцый 1950-1970-х гг. Яны складаюць надзейную базу для даследавання. Аднак да сённяшняга дня не ўсе аспекты міжкультурнага ўзаемадзеяння ў касцюме на тэрыторыі памежжа вывучаны дастаткова. Больш звестак аб ім захавалася па паўднёва-ўсходнім і найменш — па паўночна-ўсходнім памежжы.
Этнаграфічныя даследаванні сведчаць аб тым, што комплексы традыцыйнага касцюма на памежжы былі свайго роду стандартам, якога прытрымліваліся тыя, хто жыў у пэўным рэгіёне. Аднак, існавала і варыятыўнасць, якая праяўлялася ў колькасці прадметаў, манеры нашэння, каляровай гаме, асаблівасцях арнаменту, дэталях крою і была абумоўлена разнастайнасцю прыродных умоў, асаблівасцямі гістарычных лёсаў і інтэнсіўнасцю кантактаў з іншымі народамі.
Г.С. Маслава, якая займалася вывучэннем касцюма гэтага рэгіёну адзначала, што вызначальным прадметам жаночага сялянскага касцюма рускіх Смаленшчыны з’яўляўся касаклінны сарафан, які быў распаўсюджаны ў розных варыянтах і на іншых тэрыторыях Расіі і насіўся з сарочкай з доўгімі рукавамі, што звужваліся ўнізе. [8, с. 749]. У беларусаў базавай была спадніца з паліковай сарочкай, фартухом, галаўным уборам — наметкай, якая завівалася на лямец ці тканку і павязаны зверху чапец. Дапаўнялі комплекс лапці, у свята — чаравікі ці боцікі.
Агульнай рысай было пашырэнне на памежжы панёўнага і саяннага комплексаў. Распашная «панёва» рускіх шылася са спецыяльна вырабленых тканін (галоўным чынам клятчастых) і замацоўвалася на лініі таліі з дапамогай шнура ці тасьмы [14, с. 323, 333, 340]. Панёвы насілі і жанчыны, і дзяўчаты. В.Ф. Мілер, які зафіксаваў яе ў адной з вёсак Гомельскага павета, пісаў, што панёва ўяўляла сабой чатыры кускі грубай шарсцяной даматканай тканіны даўжынёй 1 % аршына і шырынёй % аршына, якія прышываліся да пояса і насілі замест андарака [9, с. 147.]. Сялянка з в. Следзюкі Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці адзначала: «Маці гаварыла, што панёву раней (у XIX ст. — аўт.) шылі на матузе ў 4 палы. Па баках не сшывалі, так і хадзілі з крыллямі» [3, л. 181]. У пачатку ХХ ст. «панёвай» тут звалася звычайная спадніца-андарак даўжынёй да пят з сукна ў 4-5 полак, з рознакаляровымі палосамі, пашытая на поясе («каўняры») з разрэзам («воратам») збоку [3, л. 181].
Ва ўсходняй і паўднёвай частцы ў адзенні насельніцтва Смаленшчыны такі від паяснога адзення як панёвы, панёвы-плахты, запаскі захоўваўся даўжэй, чым на поўначы, дзе раней яны былі заменены спадніцай [8, с. 749]. Трэба адзначыць, што гэты старажытны від паяснога адзення вядомы з часоў старажытнарускай дзяржавы бытавай у асяродку сялян да пачатку XX ст., а ў вёсцы Неглюбка на Гомельшчыне — да 1960-х гадоў. Добра вядомая неглюбская панёва, па сведчанні інфарматараў, уяўляла сабой прамакутнік тканіны (каля 2 м даўжыні) і складалася з 2-х полак, сшытых да паловы даўжыні. Шоў і краі апрацоўваліся шарсцянымі ніткамі чырвонага і зялёнага колеру. Ззаду панёвы звісаў трохвугольны канец («хвост»). Яе выкарыстоўвалі ў абрадзе пераходу, калі ўпершыню дзяўчына апранала панёву як знак уваходжання ў шлюбны ўзрост [7, с. 74]. Для панёвы пры тканні выкарыстоўвалі шарсцяныя ніткі чорнага ці сіняга, чырвонага, жоўтага, аранжавага колераў, а таксама ільняныя ці канапляныя белыя ніткі. Існавалі панёвы і без выкарыстання чырвонага колеру. Тэхніка выканання панёўнага палатна была даволі складанай: клеткі (ад 2 да 8 см) запаўняліся геаметрычным арнаментам, што патрабавала асобых навыкаў [13, с. 62].
Бытаванне панёвы з хатняга шарсцянога тоўстага палатна ў XIX ст. у палескім рэгіёне адзначаў А. Кіркор. Ён пісаў, што яна вельмі падыходзіць маладым дзяўчатам і жанчынам, абвіваючы стан, з-пад якой бачна прыгожа вышытая сарочка [5, с. 349]. На Тураўшчыне і Мазыршчыне бытавала нясшытае адзенне «запаска», якое ўяўляла сабой два фартукі, якія падвязваліся ззаду і спераду. У комплекс уваходзіў і адметны галаўны ўбор «галава». Г.С. Маслава ў сваёй працы «Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в.» — адзначала, што тэрмін «панёва», у адносінах да нясшытага паяснога адзення старажытнарускага насельніцтва ўзгадваецца яшчэ ў крыніцах XI ст. [8, с. 621].
На Віцебшчыне, у Парэчскім павеце, які ўваходзіў таксама ў склад беларускай Смаленшчыны, жанчыны насілі панёву тыпу плахты ў сінія клеткі, зверху якой павязвалі «хвартух», у халоднае надвор’е надзявалі белую шарсцяную безрукаўку і зверху — жупан ці жупіцу з шэрага домаробленага сукна або насоў — у больш цёплае. На галаву зверху лямца ці тканкі жанчыны завівалі наметку ўперад кісцямі з чырвонай шэрсці [8, с. 749]. Старыя жанчыны ў XIX — пачатку XX стст. яшчэ даношвалі нясшытыя спадніцы — панёвы. У аддаленых ад гарадоў вёсках наглядалася адначасовае бытаванне элементаў адзення розных перыядаў. На Браншчыне (вв. Вшчыж, Дзядзькавічы і інш.) на панёвах маладых дзяўчат былі распаўсюджаны ромба-кропкавыя кампазіцыі ў квадраце, характэрныя таксама для ўзораў іншых відаў адзення, рушнікоў, наметак беларусаў, якія звязаны з магіяй плоднасці зямлі ўвогуле, а таксама з будучай плоднасцю нявесты. У Ельнінскім і Рослаўскім раёнах бытавалі старажытныя віды нясшытых панёў з 4-х даматканых сініх палотнішчаў у буйную клетку, сабраных уверсе на плецены гашнік, які трымаў панёвы ніжэй таліі, на бёдрах, і якія ў другой палове XIX ст. замянілі спадніцы-андаракі. Доўгая сарочка пры гэтым выцягвалася са спадніцы і ўтварала вялікі напуск («пазуху»). Такі спосаб нашэння сарочкі, які меў назву «з падшморгам», вядомы сярод жаночага насельніцтва Гомельшчыны.
Панёва атрымала пашырэнне ў Неглюбскім строі ў комплексе з паліковай кашуляй, аднаполкавым фартуком-«запаскай» з узорыстай крамнай ці даматканай тканіны, павойнікам і саматканай хусткай [12, с. 367] і як рэліктавая форма паяснога адзення дайшла да сярэдзіны XX стагоддзя. Апошнюю ў большасці месцаў у пачатку XX ст. замянілі спадніца, андарак.
Характэрнай асаблівасцю адзення беларусаў Смаленшчыны быў комплекс з прамым сарафанам-саянам («парцяным» ці суконным) з 5-6 прамых палотнішчаў, у якім спадніца (з 5-6 полак) сазборана на паясніцы і наглуха прышыта да безрукаўкі (кабата). Андарак з прышытым кабатам у асобных месцах называўся панёва з кабатам, або «кабат». У залежнасці ад пары года жанчыны насілі кабаты, прышытыя да палатнянай (вясенне-летні) або да шарсцяной ці паўшарсцяной спадніцы (восеньска-зімовы). Трэба адзначыць, што такі від адзення быў пашыраны і ў асобных раёнах Магілёўшчыны і Гомельшчыны (Касцюковіцкім, Чавускім, Хоцімскім, Крычаўскім, Чэрыкаўскім, Чачэрскім і інш.), якое М.Ф. Раманюк адносіў да Краснапольскага строю [11, с. 271]. Прышыўны ліф, як правіла, шыўся з больш тонкай пакупной тканіны (сітцу, саціну і інш.) з малюнкам у дробныя кветкі на палатнянай падкладцы, з разрэзам з левага боку да таліі і зашпількай на кручкі [1, л. 24].
На паўднёвым усходзе Беларусі падобны тып адзення называўся «саян». Так, у вёсцы Валасовічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, напрыклад, інфарматары абазначалі «саян» як шырокую спадніцу, як андарак, да якога прышываецца безрукаўка, як закрыты сарафан [4, с. 937]. Саян шыўся з аднатоннай ці ў клетку пакупной шарсцяной даматканай тканіны і быў прызначаны выключна да свята, а таму багата ўпрыгожваўся стужкамі, карункамі, пазументам. На Віцебшчыне (Ушацкі, Міёрскі, Лёзненскі, Сенненскі і інш.) падобны від вопраткі інфарматары называлі «ці «сарахван» [2, л. 6, 8], а насельніцтва вёскі Хралова Міёрскага раёна, дзе яго насілі, называлі «сарафанікамі» [2, л.7]. У адрозненне ад сапраўднага рускага сарафаннага комплексу — касакліннага трапецападобнага (з расшыраючыміся да нізу клінамі) паўночнай-усходняй часткі губерніі, «беларускі» «саян» ці «сарахван» меў звонападобны выгляд, у якім два пярэднія прамыя палотнішчы збіраліся высока на грудзях пад планку ці змацоўваліся палоскай — нашыўкай тканіны, а бакавыя і заднія моцна прызборваліся крыху вышэй таліі пад вузкі (10-12 см) ліф, які пераходзіў у маленькую спінку — «вілачку» і вузкія лямкі. Пашыты такі сарафан быў часцей з клятчастай ільняной («парцяной») ці паўшарсцяной даматканіны для лета ці з шарсцяной («суконнік») або паўшарсцяной — для зімы. У спалучэнні з белай вышытай сарочкай і наметкай ён выглядаў вельмі прыгожа і святочна. Дзякуючы сваёй зручнасці, практычнасці, універсальнасці, такі сарафан у жаночым гардэробе бытаваў да 1930-х гг. Трэба дадаць, што саяны вядомы былі таксама літоўцам і іншым народам.

Пакрой саяна нагадвае рускі сарафан і, на наш погляд, з’явіўся пад непасрэдным уплывам рускага касцюма, аб чым сведчыць і арэал яго распаўсюджання на Беларусі ўздож расійскай мяжы. Старажытная спадніца з прышыўным кабатам, тыпу «саяна», нагадвала сарафан на лямках і бытавала нароўні з андараком і палатнянай спадніцай, а таксама нясшытай панёвай.

Як адзначала русская даследчыца Л. Козікава, у складзе касцюмных комплексаў беларусаў Смаленшчыны, якія захоўваюцца ў ліку іншых экспанатаў у Смаленску ў музеі М.К. Ценішавай, абявязковым атрыбутам быў фартух з 1,5 полак ільнянога палотнішча, прызбораны і сабраны ў «зборы» на паясніцы пад пояс-завязку і багата ўпрыгожаны чырвонымі бардзюрамі пераборнага ткацтва, а таксама чапец і завітая ў выглядзе чалмы па ім наметка даўжынёй да 3 м.
Верхняй вопраткай сялян служылі курты, безрукаўкі, сярмягі, шубы. На нагах насілі лапці («кавярзні», «пахлапні» і інш.) рознай тэхнікі пляцення з анучамі і пяньковымі аборамі або скураныя боты, сапожкі, валёнкі. У канцы XIX — пачатку XX стст. у быт сялян уваходзіць адзенне з фабрычных тканін, сшытае на гарадскі манер. Аднак у заходніх «беларускіх» раёнах Смаленшчыны традыцыйнае адзенне захоўвалася даўжэй, а новае часцей шылася па старых узорах [6].
Такім чынам, «беларускі» сарафанны комплекс касцюма, які займаў цэнтральную і заходнюю частку Смаленшчыны, з’яўляецца прыкладам узаемадзеяння рускіх і беларусаў у касцюме. Пры гэтым паўсямеснае распаўсюджанне меў базавы комплекс беларускіх сялянак са спадніцай-андараком, з панёвай і кабатам — вузкалакальнае, а яго арэал абмяжоўваўся ўсходнімі раёнамі Віцебшчыны, Магілёўчыны і Гомельшчыны, якія ўваходзілі ў склад Беларускай Смаленшчыны. Комплекс са спадніцай-андараком з 5 палотнішчаў даматканіны (дамінаваў чырвоны колер), сабраных у дробныя складкі пад пояс-абшэўку, меў пашырэнне ў сярэдняй і паўднёвай частцы Смаленшчыны, доўгія андаракі насілі і сялянкі Веліжскага павета. Часам побач з імі бытаваў і комплекс з прамым сарафанам.
Трэба адзначыць, што эвалюцыя адзення на Беларускай Смаленшчыне ішла больш павольна, чым у іншых, прамысловых раёнах, што ў пэўнай ступені звязана кансерватыўнасцю беларусаў і іх прыхільнасцю да традыцый. Тым не менш, на рубяжы XIX-XX стст. у рэгіёне пачалося актыўнае ўкараненне ў традыцыйны касцюм фабрычных тканін, гарадскіх прадметаў побыту і элементаў гарадской моды. Пад уплывам апошняй у маладых з’яўляюцца валаны, якія прышываюцца да сарафана-саяна, скроеныя па касой, мяняецца і крой андарака з кабатам, спадніца якога складаецца з двух ярусаў, размешчаных упоперак, моцна сазбораных, і дапоўненай часам па нізе стужкай («хвальбоўнік»).
Даследаванне сведчыць, што сацыякультурная адаптацыя этнасаў, сумесна пражываючых на тэрыторыі Беларусі, прывяла да ўзаемапранікнення элементаў русскага і беларускага касцюмаў і праявілася ў культурнай дыфузіі — запазычванні і распаўсюджванні розных элементаў культурнага вопыту ў спосабах апрацоўкі матэрыялу, афармленні асобных частак, ва ўпрыгажэннях, а таксама ў вышыўцы і ткацтве. Вядома, што характар, ступень і эфектыўнасць запазычванняў залежыць ад інтэнсіўнасці кантактаў, умоў і здольнасці запазычвання іншаэтнічных элементаў культуры, якія мелі пераважна станоўчыя сацыяльныя вынікі для этнаса. Узаемаўплывы культурных узораў адзення розных народаў вялі да наступных трансфармацый касцюма. На руска-беларускім памежжы адзенне насельніцтва мела адзнакі беларускага касцюма, хаця і дапаўнялася элементамі рускага касцюма. Шчодра дзяліцца каштоўнасцямі культуры, запазычваць іншанацыянальныя, апрабіраваныя ў іншых культурах, з’яўляецца важным паказчыкам жыццяздольнасці нацыянальнай культуры гэтых народаў, гарманізацыі міжэтнічных сувязяў.
Літаратура
- АІМЭФ НАН Б, ф. 6, воп. 13, адз. зах. 70, л. 24. Матэрыялы Віцебска-Мінска-Магілёўскай этнаграфічнай экспедыцыі аўтара 1995 года.
- АІМЭФ НАНБ. Матэрыялы Віцебскай этнаграфічнай экспедыцыі 1969 года, ф. 6, воп. 11, спр. 1097, л. 7.
- АІМЭФ НАНБ. Матэрыялы Цэнтральна-беларускай этнаграфічнай экспедыцыі 1958 года. ф. 7, воп. 2, спр. 8, л. 181.
- Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Мінск, 1963. С. 937.
- Киркор, А. Долина Припяти // Живописная Россия. Литовское и Белорусское Полесье. Репр.воспр. изд. 1882 года. 2-е изд. — Минск: БелСЭ, 1994. — С. 349.
- Козикова, Л. Традиционный женский крестьянский костюм Смоленской губернии XIX — начала XX века Ж. “Любимая Россия”, № 2(3), 2006 г.).
- Лявонцьева, С., Нячаева Г. Манускрыпт і этнаграфія. Лёс архэтыпаў //Навуковывя запіскі Веткаўскага музея народнай творчасці. Гомель, 2004. С. 74.
- Маслова, Г. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. / Восточнославянский этнографический сборник. Очерки материальной культуры русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. — М.: Изд-во АН СССР. 1956. — 757 с.
- Миллер, В. Систематическое описание коллекций Дашковского этнографического музея. Вып. 1. СПб., 1867. С. 147.
- Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в.» / Восточнославянский этнографический сборник. — М., 1956, с. 621.
- Раманюк, М. Краснапольскі строй / Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мн.: БелСЭ. С. 271;
- Раманюк, М. Неглюбскі строй / Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мн.: БелСЭ, с. С. 367.
- Чижова, И. Поясная одежда народов Восточной Европы. Неглюбский строй /Краеведение — основа духовного и нравственного возрождения общества. Мат. Междунар. научн-практ.конф. Гомель, 10-11 дек. 1997 г. С. 62.
- Шмелева, М. Русская одежда / Русские. М.: Наука, 1997. С. 323, 333, 340.
Аўтар: Л.В. Ракава
Крыніца: Зборнік дакладаў i тэзісаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (Мінск, Беларусь, 19-20 лістапада 2015 года) /гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск : Права і эканоміка, 2016. — С. 617-621.