Эмацыянальная стрыманасць як адметная рыса менталітэту беларусаў-палешукоў

0
1585
менталітэт беларусаў і палешукоў

На тэрыторыі сучаснай Беларусі вылучаецца шэсць гісторыка-этнаграфічных рэгіенаў, у тым ліку і Усходняе Палессе, дзе існуюць больш дробныя адзінкі — Мазырскае (Петрыкаўскі, Жыткавіцкі, Брагінскі, Мазырскі, Калінкавіцкі, Хойніцкі, Лельчыцкі, Нараўлянскі і Ельскі раены), Тураўскае і Прыпяцкае Палессе. Палешукі — найменне карэнных жыхароў Палесся, якое ў гістарычных крыніцах упамінаецца ў 1613 г. у адносінах да насельнікаў узбярэжжа Прыпяці [5, с. 378].

Кансерватызм, насцярожаныя адносіны да ўсяго новага, невядомага вылучаюць карэнных насельнікаў Палесся сярод суседзяў. I.А. Сербаў пісаў: «Все свое родное хо­рошо и красиво, а все чужое худо и безобразно — представляет характерную черту полешука. Он скорее позаимствует для себя что-нибудь новое у далеких чужих, нежели у близких своих. Таким образом, люди веками живут бок-о-бок друг с другом и все-таки не сливаются в одну общую массу, все еще делятся на мелкие общины с резко выра­женным самобытным житейским укладом» [4, с. 15-16].

Даследчыкі адзначаюць сціпласць, сарамлівасць, эмацыянальную стрыманасць мясцовых жыхароў: «Дакапацца да глыбіні душы палешука, да яго псіхічных перажыванняў неймаверна цяжка. Нягледзячы на тое, што па сваей натуры паляшук гаварлівы, парою амаль як дзіця, аднак перад староннімі адкрываецца неахвотна альбо пагружаецца ва ўпартае маўчанне, якое нялегка пераламаць» [3, с. 526].

Для беларусаў-палешукоў характэрны недаверлівасць да малазнаемых, асцярожнасць у выказваннях, што тлумачыцца і абасобленасцю краю, і ментальнымі адметнасцямі, і гістарычнымі падзеямі савецкага перыяду (калектывізацыя, палітычныя рэпрэсіі, нямецкая акупацыя).

Пры гэтым палешукі ў болыпасці людзі гаваркія, кемлівыя, разважлівыя, зацікаўленыя і ўважлівыя слухачы. Пры сустрэчы з незнаемымі яны актыўна цікавяцца навінамі, па-майстэрску пераводзячы размову на справы субяседніка або штодзенныя, нязначныя клопаты. Асабістыя ж перажыванні, як правіла, глыбока схаваны ў душы беларуса-палешука: «Кожнае асцярожнае звяртанне на нешта такое, што не мае практычнага прымянення ў штодзенным жыцці, лічыцца гультайствам, непаваротлівасцю і нетактоўнасцю» [3, с. 526-527].

Адзначаныя ментальныя асаблівасці знаходзяць праяўленне ў сямейным жыцці, адносінах да дзяцей, вызначаюць адметнасць мясцовых выхаваўчых традыцый.

Для народнай педагогікі Мазырскага Палесся характэрна арыентацыя на стрыманасць пачуццяў, строгасць і некаторую сапраўдную або і паказную суровасць, імкненне не дапусціць празмернага пеставання дзяцей.

Адпаведна мясцовым звычаям, пяшчоту да дзіцяці магла публічна выказваць толькі маці і то гадоў да шасці, не болып. Паўсямесна лічылася, што дзеці мусяць слухацца бацькоў, дзяцей няможна «распускаць».

Такія адносіны характэрны і для іншых народаў, прадстаўнікоў традыцыйных культур. Г.Н. Волкаў, пачынальнік этнапедагогікі, адзначаў: «В специфике общения проявляется национальный характер. Чуваши, например, очень сдержаны в проявлении чувств. Поцелуев никто не видит. Мать, кормя младенца, целует макушку, начнет ребенок ходить — самая нежная ласка — гладить по голове, старше станет — по спинке нежно похлопает (чаще это делает бабушка, нежели мать). Есть пословица: «Чуваш целует дважды: в колыбельке и в гробу» [1, с. 140].

Па народных уяўленнях, любоў да дзіцяці, увага да яго духоўных і матэрыяльных патрэб павінна быць разумнай (абмяжоўваць бацькоўскія пачуцці розумам), спалучацца з высокай патрабавальнасцю: «Любі дзіця, як душу, а калаці як грушу» [2, с. 134], «Няшчасныя тыя дзіцяткі, якіх не жураць ні бацькі, ні маткі» [2, с. 134].

Падобныя адносіны ў сям’і адабраліся і заахвочваліся грамадскай думкай: «Таму малады хлопец, які нядаўна быў звязаны з нарачонаю як роўны з роўнаю і нават праяўляў у нейкай меры свае рыцарства, стаўшы яе мужам, робіцца грубым. Расказваюць, што адзін маладажон, застаўшыся як малодшы сын на бацькаўшчыне, адкроіўшы падчас абеду дзве танюсенькія лустачкі хлеба, падае іх бацькам са словамі: — Мама альбо тата, баржджэй бяры, бо зломіцца! А затым, адваліўшы тоўстую скібу, кінуў яе жонцы, буркнуўшы: — На, удавіся! Таўшчыня лусты пераконвае, што сын болып дбае пра жонку, чым пра бацькоў, але звычай вымушае замаскаваць добры намер варварскім выкрыкам» [3, с. 528].

Даследчыкамі традыцыйнай культуры Мазырскага Палесся і настаўнікамі, якія прыязджалі працаваць у гэтыя мясціны, заўважана, што патрабаванні да дзяцей на Мазырскім Палессі вызначаліся строгасцю, асабліва пры незнаемых, каб не падумалі, што дзеці дрэнна выхаваныя, што бацькі ім патураюць.

У прысутнасці чужых людзей дзецям забаранялася перашкаджаць дарослым («лезці ў вочы», «блутацца пад рукамі»), таму яны звычайна знаходзіліся на печы, за печчу або на вуліцы. У выніку дапытлівасць і адкрытасць, уласцівыя дзецям, спалучаліся са сціпласцю і сарамлівасцю, стрыманасцю ў гаворцы, недаверлівасцю і насцярожанасцю да малазнаемых. Гэтыя рысы выхоўваліся мэтанакіравана ў штодзенных зносінах і на прыкладзе старэйшых.

Выхаванне асобы ў народнай педагогіцы Мазырскага Палесся адбывалася на аснове высокай маральнай адказнасці, таму ў паводзінах дзяцей, асабліва падлеткаў, адзначалася пераважна негатыўнае, а не станоўчае, часцей выказвалася асуджэнне, а не пахвала.

У сваю чаргу, такія адносіны ў традыцыйнай сям’і тлумачацца кансерватызмам палешукоў, імкненнем да падтрымання звычаяў, парадку. Лічыцца што, калі дзеці не будуць слухацца і паважаць бацькоў, выконваць іх патрабаванні, то парушыцца спрадвечны лад жыцця. Адсюль строгасць, патрабавальнасць да дзяцей і асабліва падлеткаў, якія наўмысна або ненаўмысна могуць нанесці шкоду сабе і сваей сям’і.

Адзначаныя асаблівасці менталітэту і нацыянальнага характару сфарміраваліся ў складаных прыродных і сацыяльна-гістарычных умовах і абапіраліся на дастаткова аскетычныя рэлігійныя патрабаванні. Яны блакіравалі новаўвядзенні, гарантавалі пераемнасць выхавання як у межах канкрэтнага пакалення, так і на працягу гістарычнага шляху этнічнай супольнасці.

Літаратура

  1. Волков, Г. Н. Этнопедагогика: учеб. для студентов сред, и высш. пед. учеб. заведений / Г. Н. Волков. — М.: Академия, 2000. — 176 с.
  2. Касько, У. К. Палескі дзівасіл: бел. нар. прыказкі, прымаўкі, выслоўі : са скарбніцы А. К. Сержпутоўскага / У. К. Касько. — Мінск: Выш. шк., 2005. — 383 с.
  3. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе /Ч. Пяткевіч; уклад. У. Васілевіч [і інш.]. — Мінск: Бел. кнігазбор, 2004. — 672 с.
  4. Сербовъ, И. А. Белоруссы-сакуны: краткий этнографический очеркъ / И. А. Сербов. — Петроградъ: Тип. император. Акад. наукъ, 1915. — 180 с.
  5. Этнаграфія Беларусі : энцыкл. / рэдкал.: I. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 575 с.

Аўтар: І.С. Сычова
Крыніца: Менталитет славян и интеграционные процессы: история, современность, перспективы: материалы VIII Междунар. науч. конф., Гомель, 23–24 мая 2013 г. / М-во образования Респ. Беларусь [и др.]; под общ. ред. В. В. Кириенко. – Гомель: ГГТУ им. П. О. Сухого, 2013. – 442 с. Ст. 357-359.