Ельская аперацыя 1943 г.

0
1496
Ельская аперацыя 1943 г.

Ельская аперацыя 1943 г., баі 37-й Ельскай партызанскай брыгады ва ўзаемадзеянні з часткамі Чырвонай Арміі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў 27-29 лістапада за вызваленне Ельска. Камандаваннямі 37-й Ельскай партызанскай брыгады і 12-га гвардзейскага стралковага палка 1-га Украінскага фронту быў распрацаваны план сумеснага ўзяцця Ельска, гарнізон якога налічваў каля 600 гітлераўцаў. Вылучаныя для ўдзелу ў аперацыі стралковы полк і артдывізіён партызаны схавана правялі да вёсак Вішанкі і Камуна.

У ноч на 27 лістапада пасля артпадрыхтоўкі партызаны з поўдня, савецкія войскі з захаду і паўднёва-захаду уварваліся ў Ельск і за некалькі гадзін авалодалі ім. Рэшткі разбітага гарнізона праціўніка былі адкінуты да чыгуначную станцыю Ельск. Тры дні гітлераўцы без поспеху контратакавалі, а вечарам 29 лістапада пачалі наступ пры падтрымцы танкаў і самаходных гармат. Партызаны і савецкія войскі вымушаны былі адысці.

Аўтар: Яўген Габец
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 349.