«Ехала Каляда калядуючы», — гомельскія талакоўцы адрадзілі абрад для вяскоўцаў

0
2337
Каляда і гомельская

Рэпартаж з вёскі Міхалькі Гомельскага раёну, дзе ўдзельнікі моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака», найстарэйшай няўрадавай арганізацыі ў Беларусі, наладзілі традыцыйнае калядаванне.

Галоўныя персанажы — Каза, Мядзведзь ды Павадыр

Марозны вечар ахутвае вёску. А ў бабулінай хаце адной з талаковак паўтара дзясятка хлопцаў, дзяўчат ды маладзіц зь дзецьмі, паспытаўшы куцці й самаробнага квасу, прыбіраюцца ў строі святочных персанажаў.

Маршалак «Талакі» Пятро Цалка нацягвае кажух, шапку-аблавух, падпяразваецца тканым поясам — ён павадыр Казы. Ягоны зычны голас, жарты-прымаўкі прымушаюць варушыцца ўсіх астатніх.

Каза на Каляды
«Каза» — Марыя Ганькіна

Маску Казы прымярае невысокага росту маладзіца Марыя Ганькіна. На ёй таксама кажух, вывернуты светлай воўнай наверх. Зміцер Якаўцоў, апрануўшы доўгае жаночае футра і адпаведную маску, пераўвасабляецца ў Мядзведзя. Дзяўчаты завязваюць дадаткова вялікія хусткі-шаліноўкі — так квяцісцей й значна цяплей.

Праз колькі хвілінаў у гурце з’яўляюцца Зорканоша, Нячысцік, Механоша, Рахункавод — і талакоўцы з абагрэтай вясковай хаты высыпаюць на вуліцу.

Калядоўшчыкі з гомельскай "Талакі"
Уздоўж вуліцы ідуць талакоўцы на Каляды

Паехала Каляда дый гуляючы

Рыпіць пад нагамі снег, марознае паветра студзіць твар. Але каляднага настрою талакоўцам пазычаць не трэба. Вухкае бубянец, вызвоньваюць пад ягоным вобадам латунныя талерачкі. Шматгалосы спеў разрывае марозны вечар:

Паехала Каляда калядуючы,
Паехала Каляда дый гуляючы.

Калядоўшчыкі зайшлі ў хату
Калядоўшчыкі найлепшыя госці

Калі на шляху ў хаце святло, талакоўцы грукаюць у веснічкі. Зычны голас Павадыра абуджае прыціхлы двор:

«Пані гаспадыня, дазвольце калядаваць ці так каляду даць!»

Хтосці з вяскоўцаў выходзіць на падворак, хтосці наагул не рэагуе на заклікі, але бальшыня запрашае ў хату: у цяпле не на марозе — і падзівіцца на калядоўшчыкаў лацвей, і паслухаць.

Прыйшла Каляда ўвечары,
Прынясла пірагі ў рэшаце.

Павадыр, атрымаўшы дазвол, запрашае Казу:

«Ой, заходзь, козачка, нас тут вітаюць ды сустракаюць!»

Тая, прытанцоўваючы, выходзіць наперад. Гурт хорам пяе:

Го-го-го, каза, го-го-го, шэра!

Каза, вядома, багата дзе хадзіла, стамілася: брык — і ляжыць пасярод хаты. Павадыр падае перад ёй на калені, прыгаворваючы:

«Вой, што ж з маёй козачкай стала? Вой, здохла-прапала! Казе маёй шмат ня трэба — тры боханы хлеба, кавалачак сала, каб каза ўстала. Ды тры аладкі, каб бакі былі гладкі. І яшчэ піражочкі казе на ражочкі».

Пакуль маладзіца з сынам імкнуцца дапамагчы казе, гаспадыня падрыхтавала ўжо пачастунак.

«Козачка падымаецца, а мяшок напаўняецца», — абвяшчае Павадыр. Гурт тым часам сьпявае:

Устала каза, устала шэра.
Ну-ка, козачка, расхадзіся,
Гаспадару з гаспадыняй пакланіся.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
Дзе каза бывае —
Там шчасце вітае.

Грамада весела высыпае з хаты, кіруецца ў двухпавярховікі на вуліцы Новай. А павесялелая гаспадыня, якая назвалася Любоўю Пятроўнай, расчулена заўважае:

«Малайцы, проста малайцы! Спадабалася. Цяпер у жыцці радасці не так шмат, а тут нібы сонца засвяціла».

Сяды-тады калядоўшчыкі выклікаюць наперад Мядзведзя, нахвальваючы яго: «Мядзведзь наш вучоны, у Смаргоні мядзведжую акадэмію скончыў!»

Касалапы з гучным рыкам таксама пачынае танчыць, перавальвацца з нагі на нагу. Бачачы высокую касматую постаць, малыя дзеці, бывае, туляцца да мацярок.

«То давайце ўжо мядзведзя ў лес адпусцім, хай там калядуе», — улагоджвае сітуацыю Павадыр, і Мядзведзь адступае ў заднія шэрагі.

Гаспадарам усе гуртам зычаць шчасця, дабрабыту, жадаюць і ў новую зіму здаровымі й вясёлымі сустракаць Каляды.

Час эмацыйнага ўздыму

Калі калядаваць, залежыць ад рэгіёну. Павадыр Казы, маршалак «Талакі», а ў штодзённым жыцці супрацоўнік гомельскага філіялу Веткаўскага музэю стараабрадніцтва й беларускіх традыцыяў Пётра Цалка заўважае, што ў Лельчыцкім раёне, адкуль ён родам, а таксама у суседнім Жыткавіцкім, найчасцей калядуюць 7 студзеня. Бывае, праўда, і 13 студзеня, але не так часта. У Падняпроўі, Пасожжы гэта робіцца пераважна ў Шчодры вечар, на Багатую куццю, гэта значыць з 13 на 14 студзеня. У традыцыі беларусаў калядаваць да 19 студзеня, ад Першай куцці да Вадзяной, да Вадохрышча.

Каляды ў хаце
Поўная хата

«У Беларусі Каляды — гэта такі шырокі пэрыяд святаў, — дадае Цалка. — Нельга было працаваць. Народ мусіў эмацыйна ўзняцца. Людзі ўспрымалі гэты час як звышнатуральны. Што ў цябе на стале, тое ўродзіць і на полі. Што калядоўшчыкі пажадаюць, тое й будзе цэлы год. Таму песні ды зычэнні ў большасці звязаныя з добрым ураджаем, сям’ёй, дзеткамі, а цяпер — і з грашыма. Наагул, гэта светлы час для беларуса, калі трэба святкаваць, хадзіць у госці, дзяліцца шчасцем».

Нездарма ж у народнай песьні пяецца:

«Дзе каза не бывае, там шчасце мінае».