Дзякуючы просьбам гомельцаў у Лялечным тэатры з’явіўся новы спектакль па-беларуску

0
1133
Спектакль на беларускай мове пакажуць у Лялечным тэатры ў Гомелі

У Гомелі пасля трох месяцаў перапынку з’явіўся спектакль на беларускай мове. Гэтаму пасадзейнічалі жыхары абласнога цэнтра.

Напярэдадні Гомельскі тэатр лялек у сацсетцы „УКантакце” правёў апытанне наконт павелічэння беларускамоўнага рэпертуару. Каля 60% удзельнікаў апытанкі выступілі за тое, каб спектакляў на роднай мове паболела. Дырэктар „Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек” Дзмітрый Гарэлік гаворыць, што ў рэпертуары тэатра каля 10 спектакляў на беларускай мове.

— Гомель усё ж такі збольшага – рускамоўны горад. Хаця тыя спектаклі на беларускай мове, якія мы паказваем у нашым тэатры (гэта блізу 10 спектакляў па-беларуску), ідуць нармальна, іх глядзяць. Праблема заключаецца ў драматургах, каб яны пастаўлялі добры драматургічны матэрыял. Мы адзін год рабілі калядкі, спектакль, цалкам ранішнік на беларускай мове. Камусьці вельмі спадабалася. Хтосьці быў незадаволены, казаў, што дзеці не разумеюць. 

На старонцы «УКантакце» Гомельскага тэатра лялек пазначана, што спектакль на беларускай мове адбудзецца па шматлікіх просьбах. 11 лютага на сцэне ўстановы пакажуць пастаноўку «Чарадзейны заплечнік».