Дзяды ў Гомельскай вобласці

0
207
Дзяды ў Гомельскай вобласці

Сярод традыцыйных абрадаў Гомельшчыны важнае месца займаюць дні ўшанавання памяці продкаў. На тэрыторыі розных раенаў Гомельскай вобласці, як паказваюць зафіксаваныя ў палявых экспедыцыях фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, існавала некалькі памінальных дзен на год: «Дзяды бываюць Багародзічныя, Кузьміны, а потым Змітравы» [1, с. 169]; «После Стрэчання быў празнік Парфёна і Лукі. Эта ўжо дзяды. Успаміналі памёршых» [1, с. 168]; «У суботу перад Тройцаю спраўляюць траечныя Дзяды» (в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на); «Дзяды ў нас атмячаюць вясной (Радуніца) і восенню (Дзмітраўскія) як галоўныя» [1, с. 168]. Дарэчы, менавіта восеньскія Дзяды, як сведчаць прыклады, карысталіся сярод мясцовага насельніцтва вялікай пашанай. Асяніны не мелі строгай прымеркаванасці да пэўнага дня, адзначаліся ў розных рэгіёнах Беларусі з 26 кастрычніка па 2 лістапада і мелі даволі важнае значэнне (іх нават называлі Вялікія): «На трэцюю нядзелю пасля Пакрова (14 кастрычніка) адзначаліся Дзяды. Яны былі тры пятніцы падрад» [1, с. 169], «Восеньскіх (Дзмітраўскія) дзядоў у нас трое: первыя — Дзмітраўскія — праходзяць перад мучанікам Дзмітрыем; другія — Кузьма-Дзям’янаўскія — перад мучанікамі Кузьмой і Дзям’янам; трэція — Міхайлаўскія — перад архістрацігам Міхаілам» [1, с. 169].

Традыцыйна Дзяды складаюцца з падрыхтоўкі да свята («Раніцай хадзілі ў царкву. Пісалі бумажкі бацюшку з імёнамі памерлых, каб той памаліўся за ўпакой, свечкі ставілі. Верылі, што памерлыя продкі дапамагаюць жывым, а гэты дзень іх душы спускаюцца на зямлю, каб паглядзець, ці помняць іх і ці шануюць. Паэтаму да Дзядоў рыхтаваліся, прыбыралі ў двары і ў хаце чысценька, самі ў бані мыліся, каб чыстымі быць» (в. Стралкі Рагачоўскага р-на) і памінальнай вячэры («У нас называлі не Дзяды, а Радзіцелі. Ета ўжэ послі сталі Дзяды. На еты празнік маці гатовіла самыя смачныя блюды. На стале стаяла сем кушаній» (в. Хатоўня Рагачоўскага р-на)).

Важным абрадавым момантам, прымеркаваным да Дзядоў, як сведчаць прыклады, было наведванне лазні: «Перад Дзядамі чыста прыбіраліся, мыліся ў лазні, дзе пакідалі вядро чыстай вады і новы венік для душ продкаў, каб продкі дбалі пра жывых» (в. Отар Чачэрскага р-на); «Сначала памыцца, а тады і за стол. Наліеш чыстай вады, каб яны прышлі мыцца ў тазу, паложыш чысценькі венік, але не той, што сам мыўся….» (в. Отар Чачэрскага р-на). Парушэнне падобных правіл, паводле народных вераванняў, магло выклікаць незадавальненне з боку памерлых продкаў, якое выражаліся ў крыўдзе і «нежаданні» дапамагаць жывым: «Успаміналі памёршых, да так, штоб ані не абіжаліся патом» (г. Г омель).

Памінальная вячэра — неад’емная частка беларускіх Дзядоў. Адпаведна яна з’яўлялася своеасаблівай формай памінання памерлых і прадугледжвала абавязковую вячэру, якая ладзілася па закладзеных традыцыях. Так, для памінальнага стала рыхтавалі розныя стравы (сярод іх былі і абавязковыя для памінальнай вячэры), звычайна няцотнай колькасцю, каб ніхто не памёр у гэтым годзе: «Гатавалі многа разнай яды, а яшчэ гатавалі тую яду, якую любіў памёршы» [2, с. 163]; «Канун з мёдам дзелалі, узвар варылі ілі кісель, усякае скаромнае. Лажылі на кут канфеты, пранікі, коржыкі клалі» (г. Гомель); «Дзяды бываюць Багародзічныя, Кузьміны, а потым Змітравы. Яны толькі па пятніцах. Вараць вячэру. Абязацельна далжно быць гарачае: боршч, каша, ладкі» (в. Новыя Дзятлавічы Г омельскага р-на).

На Дзядах бытавала традыцыйнае патрабаванне — выпіць тры чаркі гарэлкі і паспрабаваць не меней за тры стравы. Дарэчы, паводле ўспамінаў жыхаркі в. Іпалітаўка Чачэрскага р-на Мужчынінай М.П., 1943 г.н., «калі бралі чарку ў руку, то казалі: «Памяні, божухна тых, хто ў яме, пакрапі іх дух, дапамажы нам».

Перад тым як садзіцца за памінальны стол, у хаце адчынялі дзверы, каб заходзілі памёрлы продкі, якія жылі тут раней, а гаспадар нават звяртаўся да іх з запрашэннем: «Гаспадар дома запальваў свечку, чытаў малітву і запрашаў усіх продкаў на вячэру» (в. Отар Чачэрскага р-на); «Дзяды ў нас атмячаюць вясной (Радуніца) і восенню (Дзмітраўскія) як галоўныя. Усе дзяды посныя. У пятніцу вечарам перад дзядамі ўся сям’я збіралася за сталом. Маці ставіць на стол яду, бацька падымаецца, хрэсціцца, усе за ім таксама хрэсцяцца і ён кажа: «Усе дзяды, чужыя і нашыя, хадзіце да нас вячэраць» (в. Гадзічава Гомельскага р-на); «За сталом збіралася ўся сям’я, пачынаў вячэру самы старэйшы са слоў: «Святыя бацькі, завем вас, хадземце да нас. Ёсць тут усё, што Бог даў, чым толькі хата багата. Просім вас — ідземце да нас! Каго бачылі і не бачылі, завіце з сабою» (в. Отар Чачэрскага р-на); «Праходзьце, мама і тата, і дзяцей вядзіце, а каторыя малыя — на руках нясіце», — так запрашалі дзядоў» (в. Якімавічы Калінкавіцкага р-на).

У беларусаў для продкаў ставілі асобна міску, клалі лыжку: Калі пачыналі вячэру, то частку стравы яе адкладалі на асобную талерку, прызначаную для дзядоў, а калі заканчвалі — не прыбіралі са стала «дзедаўскія стравы»: «Стаўляюць на стол усю вячэру зразу. Стаўляюць пустую тарэлку. Кожнае стравы кладуць патрохі дзядам на эту тарэлку. Чытаюць «Вотчэ наш», пяюць «Ты к нам не прыйдзеш, мы к табе прыйдзём». Кажды сваю сям’ю памінае, каждага па імені называе і «Отчэ наш» іспалняе. Павячэраўшы, са стала нічога не прыбіраецца, начуе да заўтрага. Яду дзядоў курам аддаюць потым» (в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага р-на); «А тое, што ад вячэры асталась, са стала не ўбіралі. На тарэлачку з канунам ставілі перавёрнутыя ложкі: сколькі ў доме ўмершых, столькі і ложак нада астаўляць» (г. Гомель); «Канчаюць есці кашай, хрэсцяцца і вылазяць з-за стала. Яду пакідаюць на сталу нечапанай да самага ранняга, а ўранні ўжо маці прыбірае з стала і выцірае яго. Ідуць у цэркву, адносяць туды для дзядоў: булку хлеба, сахар, канхветкі, яйцы. Калі ідуць назад з цэрквы, то раздаюць канхветкі на вуліцы ўсім, каго сустрэнуць» (в. Гадзічава Гомельскага р-на); «На Дзяды я пеку бліны. Самы першы я кладу на талерку святым бацькам, каб яны паелі. Колі ўпадзе блін на падлогу, то не падымаю, бо гэта дрэнная прыкмета» (г. Чачэрск). Адзначым, па-першае, нашы продкі верылі, што продкі ядуць ноччу: «Са стала не прыбіраюць, штоб памёршые прыйшлі і павячэралі тожэ (в. Пціч Петрыкаўскага р-на)» [3, с. 56]; па-другое, калі ежу аддавалі свойскай скаціне, то ніколі не аддавалі свінні: «першы блін адкладвалі і назаўтра давалі рана яго курам» (г. Чачэрск), «.кашу мы несем на вуліцу, каб яна дала дарогу мёртвым. Толькі нельга, каб свіння ела кашу, бо яна сімвалізуе нячысціка» (г. Чачэрск).

Сярод жыхароў Гомельшчыны таксама забаранялася падымаць усё, што падала з памінальнага стала: «Калі што падала са сталу, то гэта не падымалі, бо счыталі, што гэтым памёршыя карыстаюцца» (в. Рудня-Бурыцкая Лоеўскага р-на) [2, с. 163].

Памінальная вячэра доўжылася даволі доўга, усе паводзілі сябе стрымана. Пра памерлых ўспаміналі толькі добрае, каб продкі спрыялі жывым. Пасля вячэры з-за стала імкнуліся ўстаць адначасова або першым уставаў пажылы чалавек, таму што верылі, «хто ўстане першы на Дзяды, той і памрэ ў гэтым годзе» ( в. Отар Чачэрскага р-на). У канцы вячэры, як расказалі інфарматары з Чачэрскага р-на, казалі: «Святыя духі, бацькі мае! Елі, пілі — ідзіце да сябе» (в. Отар Чачэрскага р-на); «Не прымайце за дзіва, а прымайце за ласку. Чым былі багаты, тым і ўгашчалі!» (в. Іпалітаўка Чачэрскага р-на).

Вераванні, што менавіта ў гэты вечар можна пабачыцца са сваімі продкамі, у народзе даволі распаўсюджаны: «Каб пабачыць памерлага, трэ было пасціцца тры дні — нічога не есці, не размаўляць, тады можна пабачыцца з памерлым. Мы нават бачылі, як у такую хату, дзе пасціўся чалавек, уваходзілі продкі, як знаёмыя, так і незнаёмыя» (в. Іпалітаўка Чачэрскага р-на).

Дарэчы, па надвор’і на восеньскія Дзяды нашы продкі меркавалі і аб надвор’і ў іншыя каляндарныя святы. Так, напрыклад, жыхарка в. Іпалітаўка Чачэрскага р-на Мужчыніна М.П., 1943 г. н., прыгадала такую прыкмету: «Кажуць, якое надвор’е на Дзяды, такімі будуць Каляды і Вялікдзень».

Такім чынам, зробленыя запісы дазваляюць гаварыць як аб тыповым агульнабеларускім характары памінальных дней, так і аб спецыфічных лакальных праявах бытавання гэтай традыцыі.

Спіс літаратуры

  1. Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца і рэдагаванне В. С. Новак. — Гомель: ААТ «Полеспечать», 2007. — 457 с.
  2. Жыцця палескага бяздоннага глыбіні: народная духоўная культура Петрыкаўскага р-на: фалькл.-этнагр. зб. / пад агул. рэд. В. С. Новак. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2014. — 303 с.
  3. Прыкметы і павер’і Гомельшчыны / укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца, уступныя артыкулы В. С. Новак, А. А. Кастрыца — Гомель: Барк, 2007. — 224 с.

Аўтар: Т.В. Глякава
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей / редкол.: А.В. Бредихина [и др.]; Министерство образования Республики Беларусь, Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2016. — Вып. 9. С. 146-149.