Дзве загадкі старажытнага Сожа

0
2132
Рака Сож у Гомелі

Быў час, калі людзі бачылі ў рацэ жывую істоту. I чым іншым, як не гэтай таямнічай істотай, магла здавацца старажытнаму чалавеку рака, якая заўсёды кудысьці імкнулася, бегла, зіхацела на сонцы сваёй паверхняй і халодным змрокам палохала ў глыбіні; рака, здольная то разліцца, як мора, то звузіцца да невялікага ручая. Яна давала рыбу і дапамагала ў падарожжы да суседзяў, а ў гневе шкодзіла, губіла гандлёвыя чоўны, захоплівала ў свае віры няўважлівага плыўца. А яшчэ рака, як і ўсё, што існуе навокал, мела свой жыццёвы пачатак, і людзі павінны былі ведаць пра гэта.

…Сярод глухіх пушчаў, цёмных бароў стаяў калісьці стары палац вялікага валадара, сівавалосага старога Рыдана. З канца ў канец зямлі быў славуты гэты чалавек сваім багаццем незлічоным, асабліва славілася залатая карона. Зіхацелі дарагія камяні на царскай кароне так, што, калі на зямлі была ноч, яна днём станавілася. І вось здарылася — укралі гэту карону. Паслаў тады стары валадар да сваіх сыноў — Дняпра і Сожа. Даў наказ Дняпру бегчы наўздагон садамі і лугамі аж да скалістых гор. А праз некаторы час паслаў Сожа бегчы імхамі, балотамі на падмогу Дняпру, бо ён адзін, як здавалася Рыдану, не можа прабіцца праз скалістыя горы. Доўга чакаў стары бацька, не дачакаўся сваіх сыноў. А яны за доўгія гады блуканняў па зямлі ператварыліся ў рэкі. Плыве Дняпро садамі ды лугамі, а Сож — імхамі ды балотамі.

У гэтым паданні ёсць верагодныя факты, бо кожнае паданне заўсёды абапіраецца на рэальнасць. Перш за ўсё, імя старога Рыдана вельмі нагадвае назву ракі Эрыдан, якая выкарыстоўвалася грэчаскімі і рымскімі географамі і гісторыкамі для назвы то Рэйна, то Заходняй Дзвіны, а часцей за ўсё для абазначэння нейкай загадкавай ракі, якая цячэ на далёкай поўначы і адкуль бяруць пачатак усе астатнія рэкі, што ўпадаюць і ў паўночныя, і ў паўднёвыя моры і акіяны.

Вядома, што Сож цячэ паміж пакатых берагоў, пераважна па лясной мясцовасці, нярэдка сярод балоцістых месцаў, парослых хмызняком. У парэччы Сожа, асабліва ў яго нізоўях, налічваецца больш як дзвесце азёр, многія з якіх злучаны з ракой. Безліч заток і старыц, багатыя для палявання мясціны прыцягвалі людзей у гэты край. Сож лічыўся зручным водным шляхам з Дняпра ў Волжскую сістэму. Шлях гэты называўся “на радзімічы”. Нездарма па археалагічных матэрыялах вызначаюцца кантакты верхнедняпроўскіх плямён з жыхарамі Падзясення, Падзвіння і Паволжа. М. В. Доўнар-Запольскі1, які вывучаў старажытныя водныя шляхі, лічыць, што па Сожы было больш зручна плысці да Смаленска і далей на ўсход, чым па Дняпры, які рабіў значную дугу. Шлях па Сожы скарачаў час, таму ім і карысталіся часцей за ўсё.

Сувязі паміж Падзясеннем, Пасожжам і Паволжам з’явіліся прычынай існавання аднолькавых рачных назваў у гэтым арэале. Слова Сож раней вымаўлялася як Сожа. Аб гэтым сведчаць старыя пісьмовыя крыніцы. У басейне Дзясны і Сейма ёсць дзве рэчкі Усожа, на мяжы Смаленскай і Маскоўскай абласцей, і ў Калужскай вобласці цякуць рэчкі пад назвай Сежа. Як бачым, назва беларускай ракі Сож у розных гукавых варыянтах сустракаецца ў многіх мясцовасцях. Гэта і з’яўляецца адной з загадак, звязаных з Сожам, бо распаўсюджанне аднолькавых назваў заўсёды мае важнае значэнне ў гістарычным плане.

Пакуль цяжка дакладна адказаць на пытанне, што азначае назва Сож. Ёсць некаторыя падставы лічыць, што слова, якое ляжыць у яе аснове, мела значэнне “балоцісты”. Аднак гэтае слова знікла з мовы, і пацвердзіць такую думку можна толькі з дапамогай народнага падання, якое сведчыць аб тым, што Сож цячэ балотамі і імхамі.

Зрэшты, ёсць яшчэ адна магчымасць для абгрунтавання адзначанай версіі. Трэба звярнуць увагу на тое, што роднасныя (прынамсі, аднолькавыя па гучанню) слову Сож рачныя імёны сустракаюцца менавіта ў басейне Сейма (Усожа, варыянты наймення — Усож, Усожь, Сожа), а не дзе-небудзь у іншым месцы. Цячэнне Сейма геаграфічна прымыкае да арэалаў шматлікіх рэчак з цікавай назвай Сазан і Сазон, якая не толькі напамінае нам назву больш буйнага Сожа, але і тлумачыцца на аснове іранскага тэрміна саедзаен — балоцісты.

Безумоўна, сучасны Сож зусім не напамінае балоцістую раку. Але пры вывучэнні тапонімаў трэба мець на ўвазе, што рачныя назвы першапачаткова ўзнікалі ў якім-небудзь адным месцы і затым паступова распаўсюджваліся на ўсю раку. Відаць, так было і ў выпадку з Сожам. На старажытнай карце XVI ст. наша рака па-лацінску называлася Nereia flumen (“Нерея флюмэн”), гэта значыць “цячэнне, рака Нярэя”. Мы ўжо тлумачылі гэтае цікавае і загадкавае найменне (гл. раздзел “Ад Гаміюка да Гомеля”). Напомнім чытачу, што, на нашу думку, яно ўзыходзіць да геаграфічных тэрмінаў балцкіх моў: літоўскага nerija і латышскага nerija ў значэннях “вузкая доўгая пясчаная паласа, водмель у моры ўздоўж берага”. Само значэнне рэтых слоў сведчыць, што ўзнікненне геаграфічнай назвы Нярэя, рака Нярэя магло адбыцца сапраўды у якім-небудзь адным месцы. Такім месцам, хутчэй за ўсё, з’яўлялася тэрыторыя вакол най­больш значнага пасялення, размешчанага на сожскім беразе, якое выконвала ролю гандлёвага цэнтра. Такім цэнтрам на Сожы, як мы бачылі, з даўніх часоў быў Гомель (Гомій). А паколькі найменне Нярэя ўпамінаецца ў кнізе Ф. А. Жудро, І. А. Сербава, Д. І. Даўгялы “Горад Гомель” (Вильна, 1911), то, як мы мяркуем, у аўтараў былі падставы, каб паведамляць аб загадкавым і забытым найменні XVI ст. менавіта ў сувязі з Гомелем.

І яшчэ мы адзначылі, што насупраць таго месца, дзе пачынаўся старажытны Гомій, пасярэдзіне ракі ў мінулым былі вялікія пясчаныя водмелі (нездарма ўзнікла паданне, згодна з якім слова Гомель паходзіць ад спалучэння слоў “Го! Мель!“). А калі ўсё гэта менавіта так, а не інакш, то атрымліваецца, што лінгвістычныя (тапанімічныя), гістарычныя і геаграфічныя фак­ты ўзаемна пацвярджаюць адзін аднаго.

Такім чынам, існуюць вельмі важкія падставы, каб лічыць, што тапонім Нярэя флюмэн, рака Нярэя ўзнік у раёне Гомеля. Адбылося гэта не ў XVI ст., калі ён,тапонім (випадкова?), быў адзначаны на нейкай карце, а ў значна раннія часы, на заранку дзяржаўнасці на ўсходнеславянскіх землях. I яшчэ: тапонім Нярэя — балцкага паходжання. Гэта значыць, што ён узнік у мове носьбітаў балцкіх гаворак, якія насялялі Пасожжа ў перыяд да прыходу туды радзімічаў (да VIII ст.).

Радзімічы, несумненна, перанялі балцкі тапонім, як і шэраг іншых найменняў у Пасожжы. Але, як гэта часта здараецца на землях, дзе суіснуюць нейкі час розныя народы, разам з запазычаннем чужога наймення радзімічы таксама “пераклалі” яго на сваю мову, гэта значыць адшукалі для балцкага тапоніма славянскі эквівалент-сінонім. Такім “перакладам” была назва Сож (Сожа).

Напісанне гэтай назвы цераз “ж” (Сож, Сожа) не перашкаджае магчымаму супастаўленню яе з такімі найменнямі, як Сота, Сошынка, Усошня, Сошня, Сошыца, якія існуюць, на­прыклад, у басейне Акі, на ніжнім цячэнні Днястра і ў іншых землях. Чаргаванне ж/ш у рачных іменах з’ява распаўсюджаная, якая ілюструецца шматлікімі прыкладамі: БежанкаБешанка, ВішанкаВежанка, МурмажМурмаиі, ВожанкаВошанка, ІнабежкаІнабешка, УшаУжніца, ВаложынкаВалошына, Шаня, Шанка, ШанькаЖанін, МялежаМялешка, ВажаВаша і іншыя (басейны Дняпра, Бярэзіны, Акі, Дзясны). Найменні ж тыпу Соша, Сошынка маюць той жа корань, што і слова суша, толькі з іншай ступенню чаргавання галосных. Такім чынам, Сож (Сожа) — літаральна “рака, якая маа“сухія” месцы, гэта значыць водмелі, пясчаныя наносы”. У такім сэнсе тапонімы Сож і Нярэя сапраўды будуць сінонімамі.

Прапаноўваемае тлумачэнне рачнога імені Сож супярэчыць таму, аб якім мы расказвалі трохі вышэй. Аднак існаванне розных версій, тлумачэнняў не перашкаджае, а, наадварот, дапамагае высвятленню складанай тапанімічнай загадкі, якой з’яўляецца слова Сож.

У Сожа ёсць яшчэ адна таямніца, якая носіць ужо больш гісторыка-геаграфічны аспект, аднак, як мы ўбачым далей, яна таксама звязана з першай таямніцай (тапанімічнай) і амаль ці не з’яўляецца яе працягам.

Назіральны чалавек мог заўважыць, што зона адпачынку на левым беразе Сожа насупраць парку ўяўляе сабой паўвостраў. Рака робіць значную дугу, каб абагнуць невялікую пясчаную тэрыторыю, дзе растуць толькі вербы. У час паводкі яна затапляецца.

А чаму б рацэ не цячы праз гэтую хмызняковую нізіну? У мінулым так і было: Сож не рабіў ніякіх паваротаў, у межах горада яго цячэнне было прамым. Пра гэта сведчаць рэшткі невялікіх азёр-старыц у зарэчнай зоне, якія раскіданы не абыяк, а ўтвараюць ланцужок, які знаходзіць сваё заканчэнне ў вядомым гамяльчанам рачным заліве. Гэтая старыца, што якраз насупраць Гамяюка — паркавага возера, лепш за ўсё захавала контуры былога рачнога фарватэру. Сож змяніў сваё цячэнне. Чаму і калі? Аб прычынах змянення рэчышча, відаць, павінны разважаць спецыялісты — геолагі і географы. Што ж датычыць часу, калі гэта адбылося, то, на наш погляд, яшчэ ў X ст. Сож працякаў так, як мы мяркуем, а на тым месцы, дзе цяпер пралягае рэчышча, існавалі вялікія пясчаныя наносы. Утваралі іх на працягу стагоддзяў тыя рэчкі Гаміюкі, якія веерам выцякалі з адзінага цэнтра і накіроўваліся да Сожа, вымываючы пры гэтым на адхонах высокага правага берага вялікай ракі велізарныя яры (гл. раздзел “Ад Гаміюка да Гомеля”). Чаму мы з такой упэўненасцю называем час — X ст.? Каб зразумець гэта, лепш звярнуцца да летапісу “Повести временных лет”:

“У лета 984. Пайшоў Уладзімір на радзімічаў. Быў у яго ваявода Воўчы Хвост. I паслаў Уладзімір Воўчага Хваста ўперад сябе, і сустрэй той радзімічаў на рацэ Пішчане, і перамог радзімічаў Воўчы Хвост. Таму і дразняць рускія радзімічаў, кажучы: “Пішчанцы воўчага хваста бегаюць”.

Цікавая інфармацыя для роздуму вынікае з гэтага паведамлення. Перш за ўсё, летапіс даносіць да нашага часу зусім забыты этнонім пішчанцы, які выкарыстоўваўся для абазначэння той часткі радзімічаў, якая жыла на берагах рэчкі Пішчаны. Калі вялікі кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч накіраваў увесь свой удар менавіта па пішчанцах, то, відаць, яны (гэтыя пішчаны) і з’яўляліся рэальнай пагрозай для здзяйснення задумы вярхоўнага правіцеля Русі. Можна меркаваць, што летапіснымі пішчанцамі была тая групоўка радзімічаў, якая пражывала вакол найбольш значнага племяннога цэнтра. Інакш навошта ваяваць з насельніцтвам, якое не валодала ні палітычнай, ні вайскавой сілай?

Самым значным племянным цэнтрам радзімічаў быў Гомель (Гомій), захоп якога гарантаваў Уладзіміру Святаславічу атрыманне пастаяннай даніны з гэтага племені. Вось мы і лічым, што пад пішчанцамі летапісец разумеў менавіта гомельскіх радзімічаў, а бітва на Пішчане адбылася якраз на подступах да старажытнага Гомія.

Назву рэчкі Пішчана, на наш погляд, трэба разумець як “Пясчана”, “Пясчаная рака”. Тут, дарэчы, будуць нашы разважанні наконт паходжання назваў Сож (Сожа) і Нярэя, а таксама інфармацыя з галіны гістарычнай геаграфіі аб утварэнні пясчаных наносаў у раёне Гомеля. Пішчанай, верагодна, называлася адна з тых рэчак, якія мы мелі на ўвазе, калі разважалі аб назве Гомель (гл. раздзел “Ад Гаміюка да Гомеля”).

Неабходна агаварыць і вось яшчэ што. У гістарычных даследаваннях часта пры каменціраванні нагаданага летапіснага паведамлення ўказваюць на рэчку Пішчану, што ўпадае ў Сож паблізу горада Слаўгарада Магілёўскай вобласці. Аднак пры такім вырашэнні пытання, як нам здаецца, арыентуюцца больш на супадзенне гучання імя летапіснай рэчкі, з найменнем су­часнага воднага аб’екта, чым на факты. Па-першае, у Верхнім Падняпроўі можна адшукаць шмат рачулак з назвамі тыпу Пясчана, Пясочна, Пескаватка, Пясчанка. Па-другое, невядома, каб на гэтых рачулках размяшчаліся радзіміцкія цэнтры. Нарэшце, этнічнае найменне пішчанцы магло ўзнікнуць толькі на тэрыторыі з высокай шчыльнасцю насельніцтва, у наваколлі буйнага племяннога цэнтра. Пры іншых умовах этнічныя най­менні не ўзнікаюць.

І тым не менш мы далёкія ад таго, каб настойваць на канчатковым вырашэнні пытання. Версія ёсць версія. І далейшыя даследаванні пацвердзяць або абвергнуць зробленыя тут меркаванні.

  1. Доўнар-Запольскі М. В. Нарыс гісторыі крывіцкай і дрыгавіцкай зямель да канца дванаццатага стагоддзя. Кіев, 1891.


Аўтар:
А.Ф. Рогалеў
Крыніца: Рогалеў А.Ф. Сцежкі ў даўніну: Геагр. назвы Беларус. Палесся. Мн.: Полымя, 1992. — 159 с. Ст. 143-147.