З 90-х гадоў мінулага стагоддзя беларускія гісторыкі сталі актыўней уключаць, а дакладней вяртаць, у навуковае абарачэнне новыя разнавіднасці гістарычных крыніц, хаця не ўсё новае для айчыннай навукі не вядома замежным спецыялістам. Да ліку такіх крыніц можна аднесці інструкцыі павятовым паслам ад Вялікага Княства Літоўскага на соймы Рэчы Паспалітай, якія шырока выкарыстоўваліся і апрацоўваліся польскімі гісторыкамі, што абумоўлена знаходжаннем інструкцый пераважна ў польскіх архівах. Не гледзячы на выкарыстанне польскімі навукоўцамі адзначаных дакументаў, застаецца актуальнай праблема іх вывучэння ў кантэксце мясцовай гісторыі, у тым ліку гісторыі Рэчыцкага павета.
Інструкцыі паслам ад павятовай шляхты Рэчыцкага павета на соймы за першую палову XVII ст. не прадстаўлены вялікай колькасцю адзінак захоўвання. Польскія даследчыкі гэтага перыяду гісторыі ВКЛ абапіраюцца ў вывучэнні розных аспектаў гісторыі парламентарызму, за рэдкім выключэннем1, на захаваныя інструкцыі з іншых паветаў.
Дзве рэчыцкія інструкцыі часоў Жыгімонта ІІІ Вазы, якія будуць прааналізаваны ў дадзеным артыкуле, захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве ў фондзе князёў Радзівілаў2.
Першая рэчыцкая інструкцыя з Архіва Радзівілаў называецца ў перакладзе з арыгінала “Артыкулы Рэчыцкага павета”. Тэкставая частка дакумента размешчана на 3-х старонках. Канцавой даты “артыкулы” ня маюць, як і пазначэння месца іх напісання. Інструкцыя захоўваецца ў шэрагу іншых дакументаў, храналагічна прыпадаючых на час праўлення Жыгімонта ІІІ Вазы, і ў каталогу датуецца 1615 г., г. зн., была падрыхтавана напярэдадні звычайнага сойма 1615 г., які адбываўся з 12 лютага па 26 сакавіка3. Тое, што дадзеная інструкцыя была створана перад соймам 1615 г., пацвярджае наступны факт. У пункце 4 дакумента адзначалася, што рэчыцкая шляхта не ведала не толькі аб ухваленых падатках, але і аб самой Віленскай канвакацыі (асобны ад Кароны Польскай з’езд шляхты ВКЛ), якая папярэджвала сойм. Больш таго, у Рэчыцкі павет не трапіў пасол Яго Каралеўскай Мосці, і не прыходзілі адпаведныя пісьмовыя распараджэнні. Па гэтай прычыне не быў скліканы павятовы соймік, і на канвакацыю не выпраўляліся паслы. У сувязі з гэтым нельга не заўважыць, што сапраўды мела месца адсутнасць менавіта рэчыцкіх паслоў на Віленскай канвакацыі, якая адбывалася за пяць месяцаў да сойма – з 1 па 11 кастрычніка 1614 г.4 Наўрадці гэта проста супадзенне.
Форма прадстаўлення патрабаванняў у выглядзе артыкулаў адносна рэдка практыкавалася пад час перадсоймавых соймікаў і структурна адрознівалася ад тыповай інструкцыі адсутнасцю ўводнай часткі, дзе адзначалася ад каго дадзены распараджэнні і называліся імёны абраных паслоў, якім загадвалася прайсці традыцыйую працэдуру прывітання караля5. Такім чынам, інструкцыя на сойм 1615 г. утрымлівае толькі спіс патрабаванняў і не называе імёнаў паслоў на сойм.
Не гледзячы на абмежаваную колькасць пунктаў (11), якія ўвайшлі ў інструкцыю, шэраг з іх заслугоўвае пэўнай увагі.
У першую чаргу рэчыцкую шляхту турбавала праблема бяспекі з усходу. Менавіта таму яна патрабавала, каб Карона была зраўнаная з ВКЛ у падатках, якія былі прынятыя на канвакацыі ў кастрычніку 1614 г. Гэта досыць неардынарны пункт, бо рэчыцкія паслы самі, як высвятляецца, на канвакацыі не былі.
Дастаткова традыцыйнымі для інструкцый ад павятовай шляхты ВКЛ у першай палове XVII cт. былі два патрабаванні перад соймам 1615 г.: аб захаванні за ўрадамі ВКЛ усіх належных прэрагатыў і неабходнасці скасаваць правы і вольнасці Вільні, якія супярэчаць шляхецкім прывілеям.
Два пункты інструкцыі былі накіраваны на ўмацаванне памежных замкаў. Шляхта нагадвала каралю пра яго павіннасці забяспечваць баяздольнасць памежных замкаў і патрабавала, каб “дажывотнікі”, якія трымалі добра, належныя да “украінных” замкаў, выконвалі свае абавязкі на іх карысць.
Некаторыя пункты інструкцыі непасрэдна звязаны з лакальнымі праблемамі. Так, у адзінаццатым пункце рэчыцкая шляхта патрабавала, каб Троіцкія і Міхайлаўскія рокі (пасяджэнні земскага суда) адбываліся ў Рагачове, а Трыкрольскія – у Рэчыцы. Матывавалася гэта тым, што большая частка шляхты жыве далёка ад сталіцы павета, праезд да якой ускладнены з-за небяспечных шляхоў праз вялікія рэкі.
У цэлым інструкцыя 1615 г. была прысвечана праблемам вайны і абароны. Рэалізацыя гэтых “артыкулаў” рэчыцкай шляхты была складанай задачай для паслоў. Ажыццявіць нават асобныя прапановы не атрымалася, паколькі адзначаны сойм быў сарваны.
Другая з адшуканых рэчыцкіх інструкцый адносіцца да апошніх гадоў праўлення Жыгімонта ІІІ і была напісана напярэдадні варшаўскага сойма 1628 г., пачатак якога быў прызначаны на 27 чэрвеня. Дзень правядзення сойміка ў інструкцыі не пазначаны, але мяркуючы па часе, калі адбываліся іншыя перадсоймавыя соймікі, ён адбыўся 5 чэрвеня6. Тэкст самой інструкцыі займае 2 з 4 старонак дакумента, які з’яўляецца копіяй з арыгінала. Дакумент быў падрыхтаваны (напісан) у Рэчыцы, адсюль зразумела, дзе адбываўся павятовы соймік. Гэта аднак выразна супярэчыць выснове польскага гісторыка Анджэя Рахубы, які сцвярджае, што менавіта Рагачоў, а не Рэчыца, заўсёды быў месцам соймавання рэчыцкай шляхты7. З гэтага вынікае, што ў першай палове XVII ст. менавіта Рэчыца з’яўлялася тым горадам у павеце, дзе адбываліся шляхецкія соймікі.
Інструкцыя была дадзена абраным ад павета паслам – Адаму Аляксандру Зянкевічу і Вацлаву Аляксандру Младэцкаму. Асобы паслоў, відаць каталікоў па веравызнанні, малавядомыя. У земскай адміністрацыі Рэчыцкага павета ў другой палове XVI — першай палове XVII стст. прадстаўнікі рода Младэцкіх не выступаюць, а паводле гербоўніка К. Нясецкага, гэта прозвішча ўвогуле было вядома ў Сандамірскім ваяводстве Кароны Польскай8. Інакш выглядае становішча з Зянкевічамі. Знакаміты гісторык XVII ст. А. Віюк-Каяловіч адзначае факт распаўсюджанасці шляхты з такім прозвішчам па розных паветах ВКЛ і ў тым ліку ў Рэчыцкім9. К. Нясецкі ўдакладняе, што Зянкевічы і Зянковічы – гэта адзін род, які да таго ж мае прыдомак Ціхінскія, які паходзіць ад назвы добраў Ціхінца10. Дадзеныя гербоўнікаў пацвярджаюцца дакументамі з Метрыкі ВКЛ, паводле якіх Зянкевічы займалі высокія павятовыя ўрады (інфармацыя зычліва атрымана ад А. Радамана). Пасада харужага рэчыцкага ў другой палове XVI ст. належала спачатку Ізмайлу, а потым, з 1589 г. да 1606 г. – яго сыну Івану Зянкевічу11. Амаль тры дзесяцігоддзі, з 1592 г. па 1620 г., пасаду рэчыцкага земскага суддзі займаў Пётр Зянкевіч Ціхінскі12. Такім чынам, з’яўленне Адама Аляксандра Зянкевіча ў якасці пасла на сойм ад Рэчыцкага павета магчыма мела свае падставы ў пэўным уплыве рода Зянкевічаў у павеце ці было яго водгукам.
Як адзначаў Платон Жуковіч, вядомы даследчык гісторыі парламентарызму ў Рэчы Паспалітай часоў Жыгімонта ІІІ Вазы, экстраардынарны летні сойм 1628 г. быў скліканы выключна па абставінах польска-шведскай вайны (дакладней вайны польска-ліцьвінскай федэрацыі супраць шведаў)13. Гэтая акалічнасць паўплывала на змест інструкцыі ад Рэчыцкага павета, паколькі дакумент амаль цалкам прысвечаны вайсковай праблематыцы.
Цікава, што інструкцыя наказвала паслам ад Рэчыцкага павета разам з кароннымі пасламі прасіць караля прызначыць у Інфлянты для вядзення вайны не каго іншага, а менавіта польнага гетмана ВКЛ Крыштапа Радзівіла.
Не маючы вялікіх сумненняў адносна прычын склікання сойма 1628 г., рэчыцкая шляхта імкнулася прыцягнуць увагу караля да становішча ўласнага павета і ўстрымацца ад увядзення чарговых пабораў, якія, як адзначалася, сталі прычынай адыходу падданых у Северскія землі і, адпаведна, збяднення самой шляхты. Адначалася, што ў папярэднікаў Яго Каралеўскай Мосці былі і іншыя спосабы захоўваць адзінства Рэчы Паспалітай. Стомленасць шляхты ад падаткавага цяжару была вынікам незадаволенасці частым правядзеннем соймаў, на якіх прымалі новая павіннасці.
Рэчыцкім паслам інструкцыя рэкамендавала абмеркаваць разам з іншымі пасламі ад ВКЛ спосабы абароны Рэчы Паспалітай і не пагаджацца на большыя падаткі, чым гэта было ім вусна дазволена.
Некаторыя патрабаванні рэчыцкай шляхты, зафіксаваныя ў інструкцыі, як напрыклад, зварот да караля і гетмана аб забароне жаўнерам збіраць па паветах жыўнасць і іншае, знайшлі ўвасабленне ў прынятых пазней на сойме канстытуцыях14. Дарэчы, аналагічнае патрабаванне выказвала рэчыцкая шляхта і перад соймам 1615 г., толькі ў больш кампраміснай форме.
Апошнія пункты інструкцыі мелі непасрэдныя адносіны да асобы К. Радзівіла. Рэчыцкія паслы мусілі прасіць у караля, па-першае, знайсці сродкі на кампенсацыю выдаткаў гетмана на справы Рэчы Паспалітай, а па-другое, больш гэтай выплаты не адтэрміноўваць. На прыканцы ад Жыгімонта Вазы патрабавалася, каб ён забяспечыў людзьмі і амуніцыяй зруйнаваныя непрыяцелем радзівілаўскія Біржы, паколькі горад гэты ёсць “брама да дзяржавы Яго Каралеўскай Мосці Вялікага Княства Літоўскага”.
Дадзеная інструкцыя павінна была выяўляць найбольш актуальныя патрабаванні рэчыцкай шляхты на надзвычайны сойм, што абумовіла яе лаканічны характар. Кампрамісны змест інструкцыі адлюстраваўся ў дазволе паслам пры абмеркаванні іншых пытанняў (пунктаў), якія не трапілі ў тэкст дакумента, абмяркоўваць іх з сенатарамі, а таксама пасламі ВКЛ і Кароны.
Падсумоўваючы, адзначым, што працэс вывучэння традыцый парламентарызму на прыкладзе Рэчыцкага павета ў XVI-XVIIІ cтст. мае перспектывы. У прааналізаваных інструкцыях, на вялікі жаль, былі выказаны найбольш актуальныя для ўсёй шляхты праблемы, якія мелі дачыненне да агульнай палітычнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай. Лакальныя інтарэсы рэчыцкага павета як памежнага закрануты абмежавана, што можна патлумачыць усведамленнем сапраўдных мэтаў склікання соймаў складальнікамі дакументаў.
- Напр.: Filipczak-Kocur A. Problemy podatkowo-wojskowe na sejmie w roku 1628 // Zeszyty naukowe wyższej szkoły pedagogicznej im Powstańców śląskich w Opolu. — 1979.- 16 (Seria A). — S. 23-41.
- Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie, Archiwum Radziwiłłów, dział II, sygnatura №№ 273 (suplement) i 1004.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. — Мн., 2001. — С. 381.
- Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. — Warszawa, 2002. — 261.
- Такуютрадыцыйнуюструктурумае, напрыклад, неаналізуемаятутрэчыцкаяінструкцыя 1607 г. Захоўваецца: Biblioteka PAU i PAN w Krakowie, rkp. 360, s. 192-194.
- Напрыклад, 5 чэрвеня 1628 г. адбыўсягарадзенскісоймік: АВАК. Т. І. — Вильна, 1865. — С. 175.
- Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. — Warszawa, 2002.- 83.
- Niesiecki К. Herbarz Polski. T.VI. — Lipsk, 1841.- 427.
- Kojałowicz W. W. Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego tak zwany Compendium czyli o klejnotach albo herbach których familie stanu rycerskiego w prowincyach Wielkiego Xięstwa Litewskiego zażywają. Kraków, 1897. — 271.
- Niesiecki К. Herbarz Polski. T.Х. — Lipsk, 1845. — 169.
- НГАБ у Менску, КМФ-18, спр. 73, аа.677адв., спр. 74, аа. 534, спр. 86, аа. 635.
- НГАБ у Менску, КМФ-18, спр. 77, аа. 299адв. — 300, спр. 93, аа. 279-279адв.
- Жукович П. Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией. Вып. 5 (1625-1629гг.). — Спб., 1910. — С. 144.
- Volumina Legum. — Т.ІІІ. — Petersburg, 1859. — 279.
Аўтар: Віталь Галубовіч
Крыніца: Чацвёртыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні (г. Рэчыца, 18-19 верасня 2003 г.): У 2 ч. Ч. 2.: Рэчыца ў часе і прасторы: 790 год заснавання горада. – Гомель, 200. – С. 0-5.