“Dziennik Wileński” (1918 г.): Весткі з Гомеля

0
141
Dziennik Wilenski ў 1918 з Гомеля

Колькі дзён у горадзе нашым [1] бавіўся кс. пробашч Гінят (Giniatt), які прыбыў з Гомеля дзеля спрыяння вяртання бежанцаў-літоўцаў (Litwinom), якія знаходзяцца ў Гомелі і наваколлях.

Па нашай просьбе кс. Гінят ласкава падзяліўся шэрагам звестак, якія падаём ніжэй.

Першы рэвалюцыйны пераварот у Расіі [2] не выклікаў у Гомелі, як і пераважна ўсюды ў правінцыі, ніякіх асаблівых ўзбурэнняў. Былі толькі скасаваны і высланы на фронт ранейшая паліцыя і жандармерыя, на месцы якіх гарадская рада (rada miejska) арганізавала міліцыю. Сышлі таксама некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі – найбольш яскравыя прыхільнікі ранейшага ладу, і на тым канец.

Толькі бальшавіцкі мяцеж (rewolta) [3] аддаў і ў Гомелі паўнату ўлады ў рукі мясцовага “совету” (рады салдацкіх і рабочых дэпутатаў), пад кіраваннем якога становішча пачало змяняцца да штораз большай анархіі.

Найперш гэта адбілася на вёсцы.

У Гомельскім павеце сядзібы (dwory obywatelskie), незалежна ад нацыянальнасці іх уладальнікаў, былі абрабаваны і зруйнаваны.

У самім горадзе таксама небяспека для жыцця ўзрасла надзвычай, вечарамі пастаянна здараліся напады і разбой з вулічнай стралянінай. Салдацкая форма забяспечыла рабаўнікам поўную бескараннасць тады, як “совет” і не надаваў таму належнае ўвагі, і не рабіў захадаў, каб заспакоіць сваіх “дужа старанных” прыхільнікаў. Асабліва апошнія дні перад заняццем Гомеля нямецкім войскам назаўсёды застануцца ў памяці жыхароў гэтага горада.

Прывказальная плошча ў Гомелі (1918 г.)

Пад маркай рэвізіі разнастайныя марадзёры з бальшавіцкай арміі урываліся ў кватэры, прыкладамі разбівалі замкнёныя дзверы складоў (magazynów), спусташаючы іх змесціва. У бой з гэтымі бандытамі ў форме ўступіла самаабарона, арганізаваная мясцовай грамадскасцю і ўзброеная нараўне з бальшавікамі вінтоўкамі. Самаабарона, што праўда, цаною колькіх ахвяр, усё ж здолела выправадзіць бальшавікоў з цэнтра горада да чыгуначнага вакзала. Урэшце вечарам 1 чысла гэтага месяца (I bm.) у Гомелі паказаўся першы нямецкі атрад, сустрэты народам з пачуццём палёгкі. Нямецкія атрады ў большасці сваёй хутка маршыравалі далей, і дзень падпісання мірнае дамовы [4] заспелі за якія 50 кіламетраў на ўсход ад Гомеля, каля Навазыбкава.

Насельніцтва Гомеля за час вайны вырасла ці не ўдвая і складала на апошні момант блізу 150 тыс. Бежанцаў, зарэгістраваных агулам у Гомелі і яго павеце налічваецца 32 тыс.

Бежанцамі-палякамі, агульнай колькасцю 16 тыс., апякуюцца: у горадзе (6 тыс.) польскае Таварыства дапамогі ахвярам вайны, на вёсцы ж, дзе ў колькасці 10 тыс. згуртаваліся сяляне з Каралеўства – Цэнтральны грамадзянскі камітэт.

Кс. Гінят як дэлегат літоўскага Таварыства дапамогі ахвярам вайны меў у ліку зарэгістраваных 1200 бежанцаў-літоўцаў.

Бежанцаў-яўрэяў налічваецца 5700. Рэшту вышэй пададзенай лічбы бежанцаў складаюць беларусы і рускія [5].

Жаданне бежанцаў, асабліва ў палякаў і літоўцаў, вярнуцца на радзіму надзвычайна моцнае. Абедзве польскія арганізацыі, апякуючыся бежанцамі ў Гомелі, прыкладалі намаганні па адпраўцы дэлегатаў у справе паскарэння і палягчэння гэтага вяртання.

Старая фотография бывшей городской думы в Гомеле
Здание городской думы в Гомеле

Між эвакуяваных у свой час з Вільні расійскіх урадавых установаў у Гомелі было ўпраўленне Палескіх чыгунак, якое (за выняткам колькіх дзясяткаў службоўцаў) не пакінула Гомель, нягледзячы на набліжэнне нямецкіх войскаў, падобна, як і завод Варшаўскай акругі шляхоў зносін (warszawski okręg komunikacyjny).

Пасля заняцца Гомеля нямецкім войскам да ўлады вярнулася гарадская рада [6], выбраная недзе ўвосень паводле выбарчага права,  заснаванага на шасці прынцыпах (sześcioprzymitnikowego prawa wyborczego) [7], што, аднак, выглядала надта рэакцыйным для мясцовага “совету”.

У Гомелі сёння выходзяць тры рускія газеты.

Дарогаю з Гомеля кс. Гінят адбыў на Лунінец і Баранавічы, прычым да Лунінца чыгуначная служба, як таксама і вагоны, старыя расійскія, адно што станцыі знаходзяцца пад нямецкай ваеннай аховай.

Старое фото с солдатами около памятника Понятовскому в Гомеле
Нямецкія жаўнеры каля помніка Юзэфу Панятоўскаму ў Гомелі ў 1918 г.

На пытанне адносна лёсу помніка кн. Юзафу Панятоўскаму [8], што, як вядома, знаходзіцца там “на выгнанні” у парку кн. Паскевічаў, мы даведаліся, што яму пашчасціла вытрываць шалёную буру гісторыі вакол сябе, і ў часе касцюшкаўскіх урачыстасцяў ён быў сведкам скіраванага да яго нацыянальнага параду.

Крыніца: Dziennik Wileński. 1918. 29 marca.

Пераклад з польскай і падбор ілюстрацый – Сяргей Балахонаў

Заўвагі перакладчыка

[1] Вільня.

[2] Лютаўская рэвалюцыя 1917 г.

[3] Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.

[4] Брэсцкі мір 3 сакавіка 1918 г.

[5] Польская і літоўская бежанскія камісіі рэгістравалі многіх уцекачоў з заходняй і цэнтральнай Беларусі як палякаў і літоўцаў. “Беларуская бежанская камісія ў Гомелі” была створана ў маі 1918 г. высілкамі прадстаўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Няцецкага.

[6] Маецца на ўвазе гомельская гарадская дума на чале з Іосіфам Хрысанфавічам Бабарыкіным.

[7] Усеагульнае роўнае тайнае прамое прапарцыйнае галасаванне без розніцы полу.

[8] Помнік, які пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. быў вывезены з Варшавы спачатку ў Модлінскую (Новагеоргіеўскую) крэпасць, а потым – у гомельскую рэзідэнцыю фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча.