У савецкай дзяржаве антырэлігійная прапаганда з’яўлялася адной з галоўнейшых форм барацьбы за сацыялістычнае пераўтварэнне грамадства. Асноўная яе мэта заключалася ў выкрыцці класавай сутнасці рэлігіі, распаўсюджванні атэістычнага светапогляду. Так, з сярэдзіны 1920-х гг. заўважную ролю ў грамадскім жыцці стаў адыгрываць Саюз Бязбожнікаў, які ствараўся як шырокая антырэлігійная арганізацыя, аснову якой складалі мясцовыя антырэлігійныя секцыі і гурткі.
Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца разгляд дзейнасці Саюза Бязбожнікаў ў 1920-х гг. на тэрыторыі Гомельшчыны. Пры даследаванні дадзенай праблематыкі былі выкарыстаны архіўныя матэрыялы з Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельская вобласці і з Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці [3-9].
Працэс фарміравання “бязбожнай” арганізацыі быў распачаты яшчэ ў пачатку 1920-х гг., калі з’явілася сетка антырэлігійных гурткоў па ўсёй Савецкай дзяржаве. З канца 1922 г. пачатку 1923 г. з’яўляюцца цэнтральныя друкаваныя антырэлігійныя органы “Бязбожнік” і “Бязбожнік у станка”. Вакол часопіса “Бязбожнік у станка” згрупаваліся галоўным чынам маскоўскія гурткі бязбожнікаў, а вакол газеты “Бязбожнік” правінцыяльныя, якія аб’ядналіся ў “Таварыства сяброў газеты «Бязбожнік»”(ТСГБ) [1, с. 164]. Падобнага роду таварыства дзейнічалі і натэрыторыі Гомельшчыны. Так, з 1924 г. есть дадзеныя аб дзейнасці таварыства “Бязбожнік” 2 Гомельскай чыгуначнай школы II ступені імя Калініна. У дадзенай арганізацыі быў свой статут, у якім былі вызначаны мэты і задачы таварыства: “аб’яднаць пад знаменамі атэізму ўсіх праціўнікаў рэлігіі для арганізацыі актыўнай барацьбы за духоўнае распрыгоньванне працоўных; садзейнічаць укараненню новага побыту на аснове новай сацыялістычнай абраднасці; распаўсюджванне антырэлігійнай літаратуры” [3, арк. 55]. Аднак, ужо с 1925 г. пачынаецца працэс афіцыйнага афармлення Саюза Бязбожнікаў. Тэта адбылося на I з’ездзе ТСГБ, які праходзіў у Маскве 19-26 красавіка 1925 г. З’ездам быў прыняты статут таварыства, абраны цэнтральны савет, што складаўся з 40 чалавек. Пленум ЦС ТСГБ абраў выканаўчае бюро ў саставе 10 чалавек ва главе з Ем. Яраслаўскім. 5 чэрвеня 1925 г. прэзідыум выканаўчага бюро ЦС ТСГБ прыняў рашэнне аб перайменаванні таварыства ў “Саюз Бязбожнікаў СССР” [1, с. 165]. Па тэрытарыяльнай прыкмеце структурная арганізацыя была наступнай: галоўным органам быў Цэнтральны савет Саюза Бязбожнікаў, ніжэй Губернскі (абласны) савет, якому быў падначалены Павятовы (акружны) савет Саюза, а самай малой структурнай адзінкай з’яўлялася мясцовая ячэйка. Ячэйкі СБ ствараліся ў гарадах на прадпрыемствах, пры навучальных установах, а таксама ў вёсках пры калгасах, пры хатах-чытальнях. Яны валодалі правамі юрыдычнай асобы, малі статут, штамп і пячатку [2, с. 90].
Членам Саюза Бязбожнікаў мог быць кожны грамадзянін СССР, які валодаў выбарнымі правамі, не прытрымліваўся ніякага рэлігійнага культу [2, с. 90]. Пры ўступленні ў Саюз неабходна было заплаціць уступныя. Так, уступны ўзнос усталёўваўся ў вёсцы ад 2 кап., а членскія ўзносы ад 1-й кап. да 5-ці кап.; у горадзе ўступны ўзнос складаў 4 капейкі, а членскія ўзносы 5 кап. Што да матэрыяльнай базы ячэек, то асноўным сродкам атрымання грошай з’яўляліся працэнтныя адлічэнні ад членкіх узносаў. Так, 50% ячэйка пакідала для асабістых патрэб, а 50% адсылала ў вышэйстаячыя структуры СБ [4, арк. 1].
Для ўсіх ячэек былі распрацаваны і разасланы на месцы прыкладныя планы работы. Так, напрыклад, згодна з планам Мазырскага СБ асноўным зместам працы з’яўлялася: арганізацыя і афармленне ячэек у горадзе пры клубах і ў вёсцы пры хаце-чытальні; распрацаваць праграмы антырэлігійнай працы ў клубах, хатахчытальнях; паставіць пытанне перад Белдзяржкіно аб забеспячэнні рабочых клубаў антырэлігійнымі фільмамі; дабіцца выпіскі школамі антырэлігійнай літаратуры і т. п. [5, арк. 4].
Трэба адзначыць, што праводзіліся Акруговыя з’езды “Бязбожнікаў”, на якія запрашаліся члены раённых саветаў СБ, прадстаўнікі бязбожнай арганізацыі з вёскі. Дэлегаваліся яны пасродкам выбараў праз мясцовыя ячэйкі. На такія з’езды запрашаліся прадстаўнікі цэнтральных саветаў Саюза Бязбожнікаў БССР і СССР [6, арк. 1-3]. Праводзіліся і раённыя канферэнцыі “Бязбожнікаў” на якіх падводзіліся вынікі антырэлігійнай працы за акрэслены перыяд, прымаўся план антырэлігійнай працы на наступны, праводзіліся выбары ў раённы Савет Саюза, распрацоўваўся план арганізацыі новых ячэек СБ. Справаздачу аб праведзенай канферэнцыі неабходна было даслаць у Акрсавет СБ [7, арк. 5].
Асноўнай формай антырэлігійнай працы Саюза Бязбожнікаў на месцах з’яўлялася арганізацыя прыродазнаўча-навуковых гурткоў, правядзенне мастацкіх вечароў, ілюстраваных дакладаў, тэатральных пастановак, правядзення лекцый па антырэлігійных пытаннях. У вёсках, пры хатах-чытальнях праводзілася гучная чытка газеты “Бязбожнік”, стваралі куток “Бязбожніка”. Шырокая антырэлігійная праца праводзілася і пад час рэлігійных святаў [8, арк. 74-78].
Для падрыхтоўкі антырэлігійных кадраў ствараліся спецыяльныя гурткі пры ячэйках Бязбожнікаў [9, арк. 4] Так сама падрыхтоўка антырэлігійных кадраў праводзілася і пасродкам так званага завочнага семінарыя. Так, па ячэйкам СБ дасылаецца праграма і спіс літаратуры для семінарыя па падрыхтоўцы прапагандыстаў-антырэлігіознікаў разлічаная на 20 тыдняў. Па кожнай тэме праводзілася кантрольная пісьмовая работа, якую ўдзельнікі завочнага семінарыя надсылалі ў Акрсавет [6, арк. 2].
Трэба адзначыць, што сетка бязбожных арганізацый разрасталася. Так, з кружка “Таварыства сяброў газеты «Бязбожнік»” вырасла масавая арганізацыя на чале з Ем. Яраслаўскім, якая разгарнула сваю дзейнасць па ўсей краіне. Аднак, недастатковасць і дранная падрыхтоўка антырэлігійных кадраў, недахоп антырэлігійнай літаратуры, наглядных сродкаў агітацыі не вырашылі задач, якія ставіла перад сабой антырэлігійная арганізацыя Саюз Бязбожнікаў. Насельніцтва так і не стала масава бязбожным. Ужо на На II з’ездзе Саюзу Бязбожнікаў СССР, які праходзіў у Маскве 11-15 чэрвеня 1929 г., прыйшлі да адзінай думкі аб перайменаванні арганізацыі ў Саюз Ваяўнічых бязбожнікаў, падкрэсліўшы тым самым неабходнасць баявога, наступальнага ідэйнага змагання з рэлігіяй.
Літаратура
- Стрелец, Н.Ю. Возникновение и деятельность Союза воинствующих безбожников / Н.Ю. Стрелец // ВЕСТНИК ОГУ. 2012. № 7(143). С. 164-170.
- Черкасов, АЛ. Устав Союза Безбожников СССР / А.А. Черкасов // РУССКИЙ АРХИВ. 2013. № 2. С. 89-92.
- Устав общества Безбожников 2-й Гомельской железнодорожной школы II ступени им. Калинина // Государственный архив Гомельской области (ГАГО). Ф. 9. Оп. 1.Д. 155. Л. 55.
- Переписка по антирелигиозной пропаганде // Государственный архив общественных объединений Гомельской области (ГАООГО). Ф. 253. Оп. За. Д. 21. Л. 1.
- Плян работы Мазырскага Савета Саюза Бязбожнікаў на сакавік-май 1928 г. // ГАГООГО. Ф. 253. Оп.За. Д .21. Л. 4.
- Протокол заседания Президиума Окрсовета “Безбожников” от 14. 03. 1929 г. // (ГАООГО). Ф. 253. Оп. За. Д. 20. Л. 1-3.
- Письмо для райсоветов Союза Безбожников // ГАООГО. Ф. 253. Оп. За. Д. 20. Л. 5.
- Протакол Совещания по вопросам антирелигиозной пропаганды при АПО Губкома от 23 января 1926 г. // ГАООГО. Ф. 2. Оп. 1. Д. 818. С. 74-78.
- Для райсовета общества Безбожников по антирелигиозной работе // ГАГООГО. Ф. 253. Оп.За. Д. 21. Л. 4.
Аўтар: Настасся Казлова
Крыніца: Религия и общество 11 : сборник научных статей / под общ. ред. В. В. Старостенко, О. В. Дьяченко. Могилев : МГУ имени А. А. Кулешова, 2017. 380 с.