Дзейнасць гомельскай гарадской думы 1917 года

0
1183
Гарадская дума ў Гомелі і яе гісторыя

Дзейнасць органаў гарадскога самакіравання ў 1917 г. дагэтуль застаецца недаследаванай і невядомай шырокім колам грамад­ства. Гарадское самакіраванне ў Гомелі існуе з XVI-XVII стагоддзяў. Але да ліпеня 1917 г. яно не адлюстроўвала інтарэсаў усяго гарадскага насельніцтва, таму што заўсёды фармавалася на цэнзавай аснове. I толькі пасля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі Часовы ўрад адмяніў абмежаванні. 12 ліпеня 1917 г. у Гомелі ўпершыню адбыліся сапраўды дэмакратычныя і свабодныя выбары ў гарадскую думу на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасавання. У іх удзельнічалі прадстаўнікі больш 20 партый і груповак, аб’яднаных у 16 спісаў. Усяго быў абраны 101 гласны гарадской думы, у тым ліку: аб’яднаны сацыялістычны блок (сацыял-дэмакраты, эсэры, Бунд, Польскае сацыялістычнае аб’яднанне) – 48 гласных; яўрэйскі сацыялістычны блок — 12; сіяністы — 7; спіс 11 (магчыма, кадэты?) — 7; бальшавікі — 5; саюз настаўнікаў — 5; польскі беспартыйны блок – 4; яўрэйская нацыянальна-рэлігійная партыя — 4; група бес­партыйных гласных — 2; іншыя 6 спісаў — 7 гласных.

Два сацыялістычныя блокі, такім чынам, разам мелі амаль 60% гласных.

26 ліпеня 1917 г. ў будынку тэатра “Художеств” на рагу вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая) і Мясніцкай (цяпер Камунараў) у палове дзевятай гадзіны вечара ў прысутнасці 96 гласных пачалося першае пасяджэнне Гомельскай гарадской думы. Яго адкрыў кароткай прывітальнай прамовай гарадскі галава Фен-Раеўскі. Большасцю галасоў было адразу ж вырашана, што пасада старшыні думы не аплочваецца. Старшынёй думы па прапанове большасці быў абраны прапаршчык Багданаў Пётр Аляксеевіч. Ён выказаў падзяку і прачытаў заяву грамадзяніна г. Гомеля Шапіра Г.М. з прапановай адкрыць падпіску на пабудову народнай гімназіі імя Першай дэмакратычнай думы з прыкладаннем чэка на 5000 рублёў у якасці першага ўзносу, што знайшло аднадушнае адабрэнне думы. Затым думу віталі ад імя Гомель­скага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў яго старшыня прапаршчык П.М. Сеўрук, прадстаўнікі палітычных партый. Дума прыняла пастанову аб абранні свайго выканаўчага органа – управы з 7 асоб і праўлення гарадскага грамадскага банка з З асоб. Большасцю галасоў была таксама прынята прапанова гласнага Л. Эвентава (Яўрэйскі сацыялістычны блок) аб прызнанні думай прынцыпу прапарцыянальнасці пры выбарах ва ўсе яе органы. 31 ліпеня пачалося фармаванне пастаянных камісій, якое працягвалася, пакуль дзейнічала дума ў 1917 годзе. Былі створаны камісіі па харчовай справе, жыллёвым пытанні, паліве, школьная, фінансавая, медыка-санітарная і па нарыхтоўцы дроў.

Гарадская дума з’яўлялася пастаянным органам гарадскога самакіравання і праводзіла пасяджэнні 1-3 разы ў тыдзень. На іх абмяркоўваліся надзённыя пытанні гарадскага жыцця, галоўным сярод якіх было харчовае. Яно моцна абвастрылася ў сувязі з вайной, разрухай і спекуляцыяй прадметамі першай неабходнасці. У гэтых умовах дума прыняла рад рашучых і эфектыўных мер да паляпшэння справы. Так, Гомель быў падзелены на 10 раёнаў, кожны з якіх разбіваўся на участкі не болей 50 сем’яў у кожным, на чале з апекунамі. Прадстаўнікі кожнага раёна, а таксама прафсаюзаў, кааператываў і Саветаў сумесна з 5 гласнымі складалі гарадскі харчовы камітэт, які быў падсправаздачны агульнаму сходу участковых апекуноў. Дума прызнала, што “карэннае вырашэнне харчовага пытання цесна звязана звырашэннем пытання аб заканчэнні вайны”. Тым не менш, яна намеціла шэраг мер пa барацьбе са спекуляцыяй, сярод якіх: устанавіць максімум запасаў для кожнага грамадзяніна і крымінальную адказнасць за ўтойванне запасаў звыш нормы, даць харчоваму камітэту права рэквізаваць выяўленыя лішкі запасаў, наладзіць грамадскія сталовыя і чайныя. Міліцыі было даручана прыняць строгія меры да скупшчыкаў і спекулянтаў. Быў таксама абраны новы склад харчовага камітэта на чале з членамі ўправы Паповым і Райскім. 10 верасня ў сувязі з надзвычай цяжкім становішчам з харчаваннем у Гомелі дума даручыла ўправе апублікаваць адозву да насельніцтва з заклікам да спакою і пастанавіла звярнуцца да гарнізона з прапановай ахвяраваць частку свайго хлебнага пайка беднаму насельніцтву. Праз чатыры дні яна камандыруе ў Петраград за дапамогай свайго старшыню П. Багданава, члена ўправы А. Шустава i гласнага А. Макагонава. У выніку да канца месяца становішча палепшылася. Дума выказала давер i падзяку гарадскому харчоваму камітэту за яго дзейнасць. З мэтай даць апошняму больш ініцыятывы i зменшыць яго залежнасць ад павета была прынята пастанова хадайнічаць перад губернскім харчовым камітэтам аб вылучэнні Гомеля ў асобную харчовую адзінку.

Важнае месца ў дзейнасці думы займала барацьба са злачыннасцю. 27 верасня ў сувязі з тым, што пачасціліся грабяжы, яна пастанавіла неадкладна ўвесці ваенную ахову горада І паставіла пытанне аб рэформе міліцыі. Напрацягу кастрычніка — снежня былі прыняты рашэнні аб закрыцці дамоў цярпімасці i распрацоўцы мер для барацьбы з прастытуцыяй, абраны старшыні прымірыцельных камер, квартальныя апекуны і міравыя суддзі. Па прапанове ўправы была прынята пастанова аб арганізацыі самааховы, у якую ўключаліся ўсе мужчыны ва ўзросце ад 18 да 50 гадоў, за выключэннем хворых і працаўнікоў прадпрыемстваў з начной зменай, а таксама духоўных асоб усіх веравызнанняў. Таксама думе даводзілася вырашаць пытанні рэгулявання працоўных адносін: павышэння зарплаты, арганізацыі біржы працы. А 15 лістапада дума ўзяла пад свой кантроль усе мясцовыя навучальныя ўстановы.

Праблемы, звязаныя з рэгуляваннем нацыянальных адносін, знаходзіліся ў полi зроку думы на працягу ўсяго перыяду яе дзейнасці. Ужо 3 жніўня па прапанове гласнага сацыяліста-сіяніста Н. Уфрыхціга, падтрыманай усімі фракцыямі, было аднагалосна прынята рашэнне аб прызнанні правоў нацыянальных меншасцяў, якое абавязвала публікаваць усе пастановы думы не толькі на афіцыйнай, але і на роднай мове нацыянальнасці, якая складае не менш 10 % насельніцтва. Гэта рашэнне стала вялікім дасягненнем гомельскай дэмакратыі. Аднак яго не змагла выкарыстаць якраз большая частка насельніцтва горада — беларусы, таму што ў той час не было іх уліку як асобнай нацыянальнасці, іх афіцыйна залічвалі ў вялікаросы. Думай таксама рабіліся спробы арганізацыі ўсяго культурнага жыцця насельніцтва горада з улікам яго нацыянальных асаблівасцей. Напрыклад, разглядаўся праект Бунда аб стварэнні школьных саветаў, падтрыманы сацыял-дэмакратамі і польскімі сацыялістамі. Ён прадугледжваў, каб кіраўніцтва культурным жыццём кожнай нацыянальнай групы насельніцтва Гомеля перадавалася нацыянальным школьным саветам. Для каардынацыі дзейнасці і загадвання агульнымі для ўсіх нацый культурнымі ўстановамі ствараўся агульнагарадскі школьны савет.

Вырашаючы пытанні гарадскога жыцця, дума не была абыякавай i да палітычных праблем. 30 жніўня яна прыняла пастанову, якая асудзіла карнілаўскі мяцеж, i выбрала двух сваіх прадстаўнікоў — сацыяліста С. Гельфера і сацыяліста-сіяніста Д. Левіна — у Камітэт рэвалюцыйнай аховы. 6 верасня дума аднагалосна выказала гэтаму камітэту падзяку за яго энергічныя дзеянні пры ліквідацыі мяцяжу. Яна выступіла ў падтрымку Усерасійскай Дэмакратычнай нарады, за стварэнне ёю моцнай аднароднай рэвалюцыйна-дэмакратычнай улады, выбрала сваімі дэлегатамі на яе старшыню П. Багданава і гласнага А. Макагонава, якія зрабілі пасля вяртання падрабязныя даклады. У прынятай 4 кастрычніка пастанове дума выказалася за скліканне Ўстаноўчага сходу ў прызначаны час, хутчэйшае заключэнне міру і правядзенне рэформаў у арміі. У ноч на 26 кастрычніка ў Гомелі былі атрыманы весткі аб перавароце ў Петраградзе. 20 кастрычніка дума сабралася на сваё экстраннае пасяджэнне. Прысутнічала 49 гласных. Бальшавікі не з’явіліся. Старшыня паведаміў аб падзеях у Петраградзе і аб рэзалюцыі, прынятай 27 кастрычніка мясцовым Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, якая вітала бальшавіцкі пераварот і абяцала поўную падтрымку новаўтворанаму ўраду. У ходзе дыскусіі гласны Сяўрук выказаў нязгоду Выканкама з пазіцыяй свайго Савета. Па яго прапанове большасцю галасоў была прынята рэзалюцыя, якая ўскладала надзеі на кампраміс з бальшавікамі і ўтварэнне моцнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай улады. Прапаноўвалася ў мэтах згуртавання ўсіх сіл рэвалюцыйнай дэмакратыі на месцах аб’явіць Камітэт рэвалюцыйнай аховы Камітэтам выратавання рэвалюцыі ў якасці адзінага органа ўлады ў горадзе. У тым жа духу вытрымана i рэзалюцыя абласнога з’езда гарадскіх дум Заходняга краю, які адбыўся 10 лістапада ў Гомелі. Аднак наступныя падзеі паказалі беспадстаўнасць надзей на кампраміс з бальшавікамі. Таму 22 лістапада 1917 г. гарадскі галава паведаміў аб спыненні дзейнасці Камітэта выратавання рэвалюцыі і аб пераходзе яго функцый да выканкама Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. А 29 лістапада дума прыняла наступную рэзалюцыю:

”С тех пор, как власть в Петрограде была захвачена партией большевиков, ими стала практиковаться система разнузданного террора, возвращающая нас к худшим временам низвергнутого самодержавия, причем нарушены и уничтожены в корне все завоеванные народом свободы, задушено свободное независимое слово, уничтожена неприкосновенность личности, разогнаны городские самоуправле­ния, избранные на основе самого совершенного демократичес­кого избирательного права, арестована Всероссийская комиссия по выборам в Учредительное собрание, единственного власте­лина русской земли. Протестуй против контреволюционной антинародной и антипролетарской политики партии больше­виков, городская дума все свои надежды на спасение революции и страны возлагает на Учредительное собрание, явля­ющееся единственным полномочным источником власти. Вся власть Учредительному собранию!”.

З снежня дума выбрала гарадскога галаву І. Бабарыкіна сваім дэлегатам на Ўсебеларускі з’езд у Мінску. Як вядома, надзеі на Ўстаноўчы сход не спраўдзілася. Ён быў бязлітасна разагнаны бальшавікамі, гэтак жа, як і Ўсебеларускі з’езд. Тым не менш, Гомельская гарадская дума існавала яшчэ да канца 1918 г., бо Савецкая ўлада не змагла адразу ж прыняць на сябе ўсё кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай i таму не паспела распусціць думу да пачатку нямецкай акупацыі.

Літаратура

  1. Тут i далей выкарыстаны матэрыялы НАРБ Ф.2912. Воп.1. Спр.28,29.


Аўтар:
І.Г. Валкавіцкі
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 88-93.