Дзейнасць Гомельскага педагагічнага музея i яго лёс

0
149
Дзейнасць Гомельскага педагагічнага музея i яго лёс

Дзейнасць Гомельскага педагагічнага музея магчыма прасачыць з верасня 1919 г. і да студзеня 1927 г. Пасля названага тэрміну ўсе экспанаты музея перададзены ў горад Бранск. Працягвалася традыцыя, заснаваная ў самадзяржаўнай Расіі. Сабраныя на працягу стагоддзяў культурныя каштоўнасці Беларусі рабаваліся Расіяй пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ў выніку канфіскацыі маёмасці польскай і беларускай шляхты, якая ўдзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху 1831 і 1863 гг. Царскія чыноўнікі прадавалі дакументы XVI-XVII стст. «на вагу», пудамі. Шляхі рабавання былі розныя. Галоўная яго прычына ў XV11I-XIX стст., як лічаць даследчыкі, была адна — каланіялісцкая палітыка расійскага ўрада, заснаваная на сцягванні ў метраполію ўсіх больш-менш вартых культурных і духоўна-рэлігійных каштоўнасцей з так званых «ускраін»1.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г. пачаўся новы этап у гісторыі Расіі, але названая вышэй традыцыя захавалася. У 1919 г. па загаду эмісара Пашуканіса ў Маскву з Гомельскага палаца князя Паскевіча было вывезена: каля 100 пудоў золата і сярэбраных манет, каштоўныя ўпрыгожанні, творы дакаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу і інш2. Гэты прыклад не адзіны3. Менавіта такі лёс напаткаў і каштоўнасці Го­мельскага педагагічнага музея.

У 1918 г. усе гомельскія гімназіі былі зачынены, а іх маёмасць звале­на ў падвалы. Пры такіх умовах захавання тысячы кніг і наглядных дапаможнікаў зрабіліся б праз кароткі час непрыдатнымі для выкарыстання… Настаўнікі і вучні школ горада мелі ў іх вялікую патрэбу, але школы туліліся ў песных, невялікіх памяшканнях. Усе лепшыя будынкі горада былі занятый лазарэтамі і вайсковымі часцямі. Летам 1919 г. група школьных работнікаў г. Гомеля, заклапочаная магчымай пагібеллю маёмасці былых гарадскіх гімназій, звярнулася ў аддзел народнай адукацыі з ініцыятывай. У іх узнікла ідэя аб канцэнтрацыі ўсіх наглядных дапаможнікаў у адным месцы і стварэнні цэнтральнага прыродазнаў-чагістарычнага кабінета, бо дапаможнікі былі галоўным чынам па прыродазнаўству. Кабінет павінен быў стаць падсобнай установай, забяспечваючай школы нагляднымі дапаможнікамі і адпаведнай літаратурай, па прыкладу раённых фізічных кабінетаў. Ініцыятыва настаўнікаў атрымала падтрымку работнікаў аддзела адукацыі, было выдзелена памяшканне. Паступова гэтая ідэя пераўтварылася ў ідэю стварэння цэнт­ральнага гарадскога перасовачнага музея наглядных дапаможнікаў або педагагічнага музея4.

Афіцыйна музей быў адчынены ў верасні 1919 г. На працягу 1919-1920 навучальнага года яго супрацоўнікі, настаўнікі і вучні школ горада збіралі кнігі, наглядныя дапаможнікі ў падвалах і кладоўках будынкаў, якія раней займалі гомельскія гімназіі і іншыя навучальныя установы. Было сабрана 5243 наглядных дапаможнікаў і кніг. З іх 1973 найменні — у былых гарадскіх школах і 3270 найменняў атрымана па развёрстцы:

— з Гомельскай мужчынскай гімназіі — 1020 найменняў;

— Гомельскай жаночай гімназіі — 880;

— Першага Вышэйшага пачатковага вучылішча — 212;

— Другога Вышэйшага пачатковага вучылішча — 72;

— прыватнай яўрэйскай мужчынскай гімназіі А. Е. Ратнера — 309;

— камерцыйнага вучылішча — 383;

— прыватнай жаночай гімназіі В. А. Копіш — 193;

— Прэабражэнскай гімназіі — 31;

— Трэцяга Вышэйшага пачатковага вучылішча — 71;

— Прыхадскога вучылішча — 99 найменняў5.

Пазней па каштарысу гарадскога бюджэта выдзялялася па 300 руб. у год для набыцця і рамонту дапаможнікаў, а таксама на посуд і рэактывы6.

Музей абслугоўваў толькі гарадскія школы. Супрацоўнікі музея дастаўлялі на ўрокі прыродазнаўчагістарычнага цыкла адпаведныя на­глядныя дапаможнікі. Перад гэтым настаўнікі вывучалі неабходную метадычную літературу, якая мелася ў музеі. Супрацоўнікі праводзілі кансультацыі аб правілах карыстання нагляднымі дапаможнікамі. 3 1922 г. пры музеі была арганізавана невялікая дзіцячая бібліятэка, якая забяспечвала кнігамі дзіцячыя дамы г. Гомеля. Кожны год, пачынаючы з 1922 г., музей арганізоўваў у Чонках (прыгарадны пасёлак, у 3 км на поўдзень ад ускраіны Гомеля — А. 3.) летнюю біястанцыю юных натуралістаў. 3 лета 1925 г. музей сумесна зТаварыствам распаўсюджвання прыродазнаўча-гістарычнай адукацыі арганізаваў педагогічную біястанцыю.

Такім чынам, асноўнымі напрамкамі дзейнасці музея былі:

— абслугоўванне школ горада нагляднымі дапаможнікамі;

— кансультаванне школьных работнікаў;

— падбор метадычнай літаратуры;

— сістэматычная арганізацыя і правядзенне перападрыхтоўкі га­радскіх настаўнікаў па цыклу прыродазнаўчагістарычных дысцыплін.

Існаванне ў Гомелі педагагічнага музея і тыя функцыі, якія ён выконваў, з’яўляліся важнейшым сродкам у забеспячэнні якаснага выкладання прыродазнаўчагістарычных вучэбных прадметаў у школах горада. Музей займаў значнае месца ў справе павышэння кваліфікацыі настаўнікаў па адпаведных дысцыплінах. З цягам часу паляпшалася становішча ў краіне, і супрацоўнікі музея спадзяваліся палепшыць яго матэрыяльную базу, пашырыць функцьгі. Планам не удалося здзейсніцца. З 1924 г. пачаўся працэс «узбуйнення» Беларусі за кошт вяртання яе ўсходніх губерній. Канчатковае фармаванне паўднёва-усходняй мяжы Беларусі адбылося пасля пасгановы Прэзідыума ЦБК РСФСР ад 6 снежня 1926 г. аб зліквідаванні Гомельскай губерніі і перадачы ў склад БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў.

Значная частка расійскіх прадстаўнікоў цэнтральнай і мясцовай улады лічыла, што ў аснове «узбуйнення» ляжаць толькі знешнепалітычныя матывы. Акт уз’яднання ўспрымаўся імі як падарунак Савецкай Padi, а не справядлівае вяртанне беларускіх зямель. Кіраўніцгва суседніх расійскіх губерній, Пскоўскай і Смаленскай (у якіх была моцная падтрымка ўрадаў СССР і РСФСР), началі выказваць тэрытарыяльныя і маёмасныя прэтэнзіі ўраду БССР. Пры гэтым яны абсалютна не ўлічвалі ні этнічны, ні нацыянальны моманты, не былі прыняты да ўвагі і меркаванні насельніцтва таго ці іншага павета. Асабліва выдзяляліся прадстаўнікі новаўтворанай Бранскай губерніі РСФСР. Калі яны атрымалі катэгарычны адказ прадстаўнікоў БССР аб правядзенні мяжы паміж Бранскай губерніямі Гомельскай па р. Сож(прыгэтым Бранская губер­нія атрымала б не толькі Добрушскі раён, але і Добрушскі папяровы камбінат), вырашылі прэтэндаваць на менш дарагую маёмасць. Адпаведна з пратаколам пагаджальнай камісіі ад 28 студзеня 1927 г. «Гомельскі педагагічны музей вырашана зберагчы без драблення і цалкам перадаць яго новаўтворанай Бранскай губерніі»7.

Калі аб гэтым рашэнні стала вядома ў Гомелі, пайшлі чароды лістоў ад настаўнікаў гарадскіх школ у аддзел народнай адукацыі. Настаўнікі выказвалі незадаволенасць «несправядаівым рашэннем» пагаджальнай камісіі, бо матэрыяльную базу музея складала маёмасць «выключна бы­лых гомельскіх школ і гімназій». Яны прасілі акруговы AHA і Наркамат асветы БССР «настойваць на неабходнасці пакінуць музей у Гомелі як установу мясцовага прызначэння»8. У сакавіку 1927 г. загадчык Гомель­скага АНА направіў у Наркамат асветы РСФСР дакладную запіску. У ей доказна абгрунтоўвалася неабходнасць адмяніць рашэнне аб пераносе Гомельскага педагагічнага музея ў Бранск. У запісцы AHA была пералічана ўся маёмасць музея і падкрэслівалася, што значная яго частка атрымана з былых гомельскіх школ і гімназій. Усяго на 1 студзеня 1928 г. у музеі налічвалася 8658 кніг — педагагічных, прыродазнаўчых, дзщячых 4157 наглядных дапаможнікаў9. У дакуменце таксама адзначалася, што новыя наглядныя дапаможнікі і кнігі набываліся за кошт сродкаў, выдзеленых з гарадскога бюджэту (толькі ў 1924-25 навучальным годзе педагагічны музей атрымаў невялікія сродкі з губернскага бюджэту). Заканчвалася запіска катэгарычнай заявай: «Калі не будуць прыняты тэрміновыя меры аб адмене пераноса Гомельскага педагагічнага музея ў Брянск, выкладанне прыродазнаўчагістарычных дысцыплін у школах горада будзе абсалютна немагчыма. Разам з тым планавая і сістэматычная перападрыхтоўка настаўнікаў горада будзе спынена»10.

21 сакавіка таго ж года з Масквы прыйшоў адказ на дакладную зат­еку AHA. Наркамат асветы РСФСР не лічыў магчымым абскардзіць рашэнне парытэтнай камісіі па пытанні аб перадачы Бранскай губерніі Гомельскага педагагічнага музея ў сувязі з тым, што гэта рашэнне ўжо зацверджана ЦВК СССР.

  1. Герасімаў В. Што рабіць? Або пра тое, дзе адказ на пытанне куды дзявалася кніжнае і рукапіснае багацце беларусаў? // БФК Вяртанне Зборнік артыкулаў і дакументаў — Мн, 1994. — С. 248
  2. Яніцкая Μ Стан музейнай справы ў БССР у 20-30-я гады // БФК Вяртанне Зборнік артыкулаў і дакументаў — С 36
  3. Вяртанне Зборнік артыкулаў і дакументаў — Мн., 1992, Вяртанне. Зборнік артыкулаў і дакументаў. — Мн , 1994 — С. 24
  4. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (далей — ДАГВ), ф. 633, воп. l, спp. 46, арк. 45 5. Тамсама
  5. Тамсама
  6. Цітоў А. «Узбуйненне» // Спадчына — 1991 — №5 — С. 22
  7. ДАГВ. ф 633, воп. l,cпp. 46, арк. 49
  8. Тамсама, арк. 46
  9. Тамсама, арк. 45.

Аўтар: Ала Зелянкова
Крыніца: Беларускі горад у часе і прасторы: 500 гадоў Полацкай магдэбургіі: Зборнік навуковых прац. — Наваполацк: ПДУ, 2001. — С. 219-223.