Дыялектныя назвы асобных захворванняў ва ўсходнепалескіх гаворках

0
1242
Дыялектныя назвы асобных захворванняў ва ўсходнепалескіх гаворках

Любое захворванне ці недамаганне — натуральная жыццёвая праява, уласцівая жывым істотам. Стаўленне людзей да хвароб, тлумачэнне прычын іх узнікнення, наяўныя спосабы і прыёмы лячэння абумоўлены беларускай народнай культурай, паколькі народная медыцына фарміравалася пад уплывам разнастайных сацыяльных і гісторыка-этнаграфічных фактараў на працягу многіх стагоддзяў, ашчадна захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне, а таму ў поўнай меры адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку беларускага народа.

У лексічным складзе беларускіх народных гаворак лексіка народнай медыцыны займае адметнае месца. Назвы захворванняў, недамаганняў — састаўная і значная частка акрэсленай лексічнай сістэмы. Варта адзначыць, што тэрмін “назвы хвароб” ужываецца некалькі ўмоўна ў адносінах да значнай колькасці найменняў, таму што ў народнай медыцыне вылучаюцца не толькі хваробы ў традыцыйным разуменні гэтага слова, але і сімптомы, недамаганні, якія маюць пэўныя знешнія праяўленні і суб’ектыўныя адчуванні.

Прадметам аналізу ў дадзенай рабоце з’явіліся дыялектныя назвы асобных дзіцячых хвароб і недамаганняў, засведчаныя ў гаворках Усходняга Палесся.

Найменнем золотуха абазначаецца дзіцячае захворванне, якое характарызуецца высыпкай, нарывамі на целе і агульным змарнелым выглядам: У Васіка мойго калісь золотуха була (Мялешкавічы, Мазырскі). У заходняй частцы ўсходнепалескай дыялектнай зоны ўжываецца рэгіянальнае ўтварэнне солодуха, якое мае выразна акрэсленую семантыку: мяркуюць, што пазначанае захворванне выклікае празмернае ўжыванне цукру і салодкай ежы ўвогуле: Солодуха, то пузыркі вускакаюць на ногах, руках, на ўсём целі, отрываюцца вушы, росколваюцца (Запясочча, Жыткавіцкі). Фанетычныя варыянты тыпу залатуха, зылатуха засведчаны гаворкамі іншых дыялектных масіваў Беларусі [1, 202], [2, т. 2, с. 224], [3, 104]. Намінатыўная адзінка залатуха фіксуецца нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы як размоўнае [4, т. 2, с. 336].

Запаленне дзясен у дзіцяці, асабліва ў немаўлят, называецца зубішчэм (вытворнае ад слова зуб): Конозіцца дзіцятко, мо то зубішчэ (Макарычы, Петрыкаўскі). Фанетычна мадыфікаваныя варыянты акрэсленага наймення давялося засведчыць і ў народна-дыялектнай мове жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі [1, 124], [5, т. 1, с. 168]. Дарэчы, гэта намінатыўная адзінка з пазначаным значэннем не ўваходзіць у слоўнікавы састаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Сып на целе ў дзіцяці, выкліканы перагрэвам, абазначаецца словам потніца (< пот): Дзіцяці боліць, як потніца (Ліпляны, Лельчыцкі). Названы лексічны сродак даволі актыўна функцыянуе ва ўсходнепалескіх гаворках. У мове жыхароў Петрыкаўскага раёна з тоесным значэннем выкарыстоўваецца слова нежыт (< прасл. ziveti — 6, т. 7, с. 308-309): Укрыла рэбёнка богато і запарыла нежыт (Бобрыкі, Петрыкаўскі). Толькі ў сярэднебеларускіх народных гаворках давялося засведчыць варыянт нежык са значэннем ‘сып у дзіцяці ад купання ў і гарачай вадзе’ [3, 176]. У сучаснай беларускай літаратурнай мове пазначаныя лексічныя сродкі адсутнічаюць.

Словам молочніца (< малако — 6, т. 6, с. 202) абазначаецца грыбковае захворванне слізістай абалонкі поласці рота ў грудных дзяцей: Молочніцу неяк самі жонкі лечылі (Юравічы, Калінкавіцкі). Найменне функцыянуе ва ўсіх гаворках Усходняга Палесся. У форме малочніца фіксуецца нарматыўнымі слоўнікамі сучаснай беларускай мовы [9, 331]. У сярэднебеларускіх народных гаворках назва пазначанага захворвання прадстаўлена найменнямі тыпу грыбок, жабка, малачай, падбела [2, т. 1, с. 103, 131, 258], [3, 154]. Слова ж малочніца, аднак са значэннем ‘мастыт’, засведчана толькі ў гродзенска-баранавіцкай групе гаворак [7, 11].

Начінатыўная адзінка супОрышчэ выкарыстоўваецца для абазначэння задышкі з хрыпам у малога дзіцяці: Увесь сіні і чуць сопе, то супорышчэ (Запясочча, Жыткавіцкі). Верагодна, слова ўтворана ад прыслоўя супОр ‘супраць’, якое такім чынам характарызуе парушэнне працэсу дыхання. Намінатыўная адзінка не засведчана іншымі беларускімі народнымі гаворкамі і беларускай літаратурнай мовай, таму яе можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае дыялектнае ўтварэнне.

Асобныя дзіцячыя захворванні маюць інфекцыйны характар узнікнення. Так, напрыклад, для абазначэння заразнай, пераважна дзіцячай хваробы, якая суправаджаецца высыпкай, запаленнем дыхальных шляхоў і гарачкай, ужываецца назоўнік одзёр (< дзерці — 6, т. 1, с. 83): Таке малэ дзіця, ды одзёр напаў (Жахавічы, Мазырскі). Дастаткова распаўсюджаным з’яўляецца і фанетычны варыянт дзёр: Поклалі ў больніцу, а ў ёго дзёр (М. Аўцюкі, Калінкавіцкі). Слова адзёр сінанімізуецца з намінацыяй водра (< прасл. оЬгїьга — 6, т. 2, с. 181-182) і семантычным русізмам кор: Дзевачка занедужала на водру (Паташня, Хойніцкі); Кор лечыцца не хутко (Прудок, Мазырскі). Прааналізаваныя варыянты сустракаюцца ў гаворках ўсіх дыялектных зон Беларусі [2, т. 1, с. 59, 322], [2, т. 2, с. 503], [2, т. 3, с. 257], [5, т. 1, с. 62], [3, 11]. Найменне адзёр уваходзіць у слоўнікавы састаў беларускай літаратурнай мовы [4, т. 1, с. 135].

Свінка — віруснае, пераважна дзіцячае захворванне — запаленне калявушных залоз: От свінкі шыя пухне (Загорыны Мазырскі). Этымолагі сведчаць, што назва хваробы паходзіць ад слова свіння, што звязваюць са знешнім праяўленнем хваробы [10, т. 3, с. 578]. Найменне фіксуецца гаворкамі паўночна-ўсходняга дыялектнага масіву, уваходзіць у слоўнікавы састаў беларускай літаратурнай мовы [8, 300], [2, т. 4, c. 392], [9, 591]. Асобнымі гаворкамі Усходняга Палесся засведчаны ва ўжыванні і сінанімічны разгледжанаму вышэй семантычны рэгіяналізм абкладка, паходжанне якога можна таксама звязаць са знешнім праяўленнем захворвання (< абкласці): У мене хлопчык буў сем гадоў, да абкладка задушыла (Дзяражычы, Лоеўскі), які ў беларускай літаратурнай мове валодае іншым дыяпазонам значэнняў — ‘пакласці, палажыць што-небудзь вакол каго-небудзь, чаго-небудзь’, ‘тое, чым абкладзена што-небудзь’ [9, 16].

Для наймення хваробы, якая суправаджаецца з’яўленнем пухіркоў на скуры, ва ўсходнепалескіх гаворках выкарыстоўваецца слова ветранка (< руск. ветрянка — 6, т. 2, с. 332): У два годы хворэў ветранкой (М. Аўцюкі, Калінкавіцкі). Аб устойлівым становішчы гэтага слова ў мове палешукоў сведчыць і наяўны ад яго дэрыват ветраніца (< прасл. vettrnica — 6, т. 2, с. 104-105), а таксама двухкампанентная назва ветрэная вусыпка: После ветраніцы застаюцца следочкі (Валаўск, Ельскі); I ў велікіх ветрэная вусыпка бувае (Пагост, Жыткавіцкі). Сярэднебеларускім гаворкам, гаворкам паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектных масіваў уласцівы ўтварэнні тыпу ахват, ветрыца, вятранка, вятруха, крапіўка [2, т. 1, с. 303], [2, т. 2, с. 516], [5, т. 1, с. 81], [7, 44]. У якасці нарматыўнай беларускай мовай сведчыцца двухкампанентная назва ветраная воспа [4, т. 1, с. 506].

Назоўнікам кОхаль абазначаецца інфекцыйная хвароба, якая выражаецца ў прыступах сутаргавага кашлю: Однэ мучэнне, калі ў дзіцяці кохаль (Пагост, Жыткавіцкі). Этымолагі мяркуюць, што слова з’яўляецца гукапераймальным утварэннем (параўнайце, кох-кох) [6, т. 5, с. 106]. Доволі пашырана ва ўжыванні і слова кОхлік — словаўтваральны варыянт назоўніка кохаль з памяншальнай суфіксацыяй: Стане жонка даваць параное молоко, то сціхне гэты кохлік (Маркоўскае, Лельчыцкі) [12, 84]. Утварэнні кохлік, хОхлюш распаўсюджаны практычна ва ўсіх групоўках беларускіх народных гаворак, словаўтваральны варыянт кохлюк набыў пашырэнне ў палескай групе гаворак [1, 231], [8, 165], [2, т. 2, с. 509], [2, т. 5, с. 318], [5, т. 1, с. 198]. Нарматыўныя слоўнікі сучаснай беларускай мовы фіксуюць два назоўнікі — коклюш і кохлік, апошні з іх падаецца з паметай размоўнае [9, 296-298].

Намінатыўная адзінка кроснуха выкарыстоўваецца для абазначэння заразнай дзіцячай хваробы, якая суправаджаецца чырванаватай высыпкай на целе: Оберні дзіця чым-небудзь красным, коб кроснуха хучэй сышла (Міхедавічы, Петрыкаўскі). Відавочна, што слова семантычна звязана з колераабазначэннем красный (з рускай мовы) ‘чырвоны’. У існуючых дыялектных слоўніках гэты лексічны сродак не фіксуецца, аднак ён узуальна пашыраны за межамі даследуемага рэгіёна. У форме краснуха лексема замацавалася ў сучаснай беларускай літаратурнай мове [4, т. 2, с. 725].

Да інфекцыйных захворванняў адносіцца і вострая заразная хвароба, якая характарызуецца агульнай інтаксікацыяй арганізма і суправаджаецца болем у горле і чырванаватай высыпкай на целе — шкарлат (шкарлят): Шкарлат напаў на дзецей (Дарашэвічы, Петрыкаўскі); Седзі ў хаці, бо шкарлят шчэ схопіш (Прудок, Калінкавіцкі). Паралельна з акрэсленым у гаворках Мазырскага Палесся выкарыстоўваюцца і аднакарэнныя ўтварэнні тыпу шкарля, шкарляціна: Коб цебе шкарля з’ела (Сямурадцы, Жыткавіцкі); Шкарляціна — цяжкая хвороба, вельмо цяжкая (Загорыны, Мазырскі). Разнастайныя фанетычныя і словаўтваральныя варыянтныя адзінкі шырока распаўсюджаны па-за межамі дашедуемай дыялектнай зоны [8, 351], [2, т. 5, с. 478], [3, 310], супадаючы ў форме шкарлятына з лексічнай нормай сучаснай беларускай мовы [4, т. 5, ч. 2, с. 365].

Важна адзначыць той факт, што сярод захворванняў і недамаганняў вылучаюцца і такія, узнікненне якіх, на думку беларусаў-палешукоў, мае звышнатуральны характар, г. зн. крыніцай асобных хвароб лічацца прыродныя з’явы, усяленне ў арганізм злых духаў, уздзеянне прыродных стыхій, нядобрага чалавека і г. д. Так, для наймення хваробы, якая праяўляецца ў перыядычных прыпадках немаўлят, у гаворках Усходняга Палесся выкарыстоўваецца найменне дзецінец, суадноснае з назоўнікам дзіця [10, т. 1, с. 50]: Дзецінец заговорвуюць (Асавец, Мазырскі). Паралельна з аділачанай намінатыўнай адзінкай досыць актыўна функцыянуе і двухкампанентная назва дзецкая хвороба: Дзецкая хвороба — то прыпадкі (Засінцы, Ельскі). Пазначаная аднаслоўная намінатыўная адзінка ў форме дзяцінец бытуе ў гаворках паўночна-ўсходняга дыялектнага масіву Беларусі [1, 154], [8, 143], замацавалася ў беларускай літаратурнай мове — дзяцінец — паралельна са словам радзімец [9, 180].

Лексемай крыксы, утворанай ад дзеяслова крычаць, абазначаецца хваравіты стан дзіцяці, пры якім яно ноччу не спіць: Малое не спіць, крычыць, мо, крыксы трэ полечыць (Міхедавічы, Петрыкаўскі). Акрамя акрэсленага наймення, у даследуемым моўным рэгіёне атрымалі пашырэнне сінанімічныя ўтварэнні тыпу ночніца, плаксы, якія таксама характарызуюцца празрыстай семантыкай і выразна адлюстроўваюць асноўную прыкмету недамагання: Калі дзіця не спіць, то ето ночніцы нападаюць (Барыскавічы, Мазырскі); Крыксы і плаксы — тое само, іх вулечваюць (Ліпляны, Лельчыцкі). Словы крыксы, начніцы распаўсюджаны ва ўсіх беларускіх народных гаворках [8, 205], [5, т. 1, с. 245], [3, 142], [3, 174]. Зафіксаваны яны і нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы, аднак з іншымі лексічнымі значэннямі: начніца — ‘лятучая мыш’, ‘той (тая), хто доўга не кладзецца спаць, бадзяецца начамі’, плакса — ‘той, хто многа і часта плача’, ‘той, хто любіць скардзіцца, наракаць’ [9, 382], [9, 478].

Дзіцячае захворванне, калі “выварочвае” косці, суставы, абязначаецца словам потайнік. Яно ўтворана прэфіксальна-суфіксальным спосабам ад назоўніка тайна, што падкрэслівае невядомы характар узнікнення акрэсленага недамагання: Потайнік нападзе на дзіця, і не можно рады даць (Галубіца, Петрыкаўскі). Пазначаная лексема сведчыцца нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы [11, 549], набыла шшырэнне ў сярэднебеларускіх народных гаворках і гаворках паўночна-ўсходняй дыялектнай зоны Беларусі, аднак са значэннямі ‘параліч’, ‘эпілепсія’ [8, 232], [2, т. 3, с. 442], што дазваляе кваліфікаваць слова потайнік як семантычнае рэгіянальнае ўтварэнне.

У выніку выпадковай сус трэчы двух немаўлят, на думку палешукоў, узнікае недамаганне, што мае назву ўзн0сы. Відавочна, базай для ўтварэння слова паслужыў дзеяслоў несці (з далучэннем прыстаўкі уз-): Пока зубоў нема ў роце, дзіця з дзіця не страчаліся, бо ўзносы будуць (М. Малешава, Жыткавіцкі). Слова ўяўляе сабой вузкарэгіянальнае дыялектнае ўтварэнне, паколькі не засведчана яго фіксацыя ў іншых беларускіх народных гаворках і ў беларускай літаратурнай мове.

Прааналізаваны матэрыял сведчыць не толькі пра лексічныя адметнасці ўходнепалескіх гаворак, але і дазваляе выявіць закладзеную ў ім спецыфічную этнакультуралагічную інфармацыю. Разнастайныя праяўленні некаторых хвароб, недамаганняў, імкненне да іх дэталёвага апісання, а таксама пазначэння сімптомаў, знешніх праяўленняў і інш. спрыялі ўзнікненню шматлікіх матываваных намінатыўных адзінак.

Асобныя народна-дыялектныя назвы пэўных захворванняў утвараюць сінанімічныя рады, дзе фіксуюцца іх лексічныя сінонімы, а таксама фанетычныя (словаўтаваральныя) варыянты адпаведнікаў, засведчаных у іншых беларускіх народных гаворках і сучаснай беларускай нарматыўнай мове.

Літаратура

  1. Бялькевіч, І. К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны / І. К. Бялькевіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1970. — 512 с.
  2. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: у 5 т. рэдкал.: Ю. Ф. Мацкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1979-1986. — Т. 1 2, 3, 5.
  3. Шатэрнік, М. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны / М. Шатэрнік. — Мінск, 1929. — 320 с.
  4. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К. К. Атраховіч; (К. Крапівы). — Мінск: БелСЭ, 1977-1984. — Т. 1, 2, 5.
  5. Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі: у 2 т. / пад рэд. Е. С. Мя цельскай. — Мінск: Універсітэцкае, 1990. — Т. 1. — 287 с.
  6. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы: у 11 т. — Мінск: Навука і тэхніка 1978-2006. — Т. 2, 5, 7.
  7. Сцяшковіч, Т. Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці / Т. Ф. Сцяшковіч. — Мінск Навука і тэхніка, 1983. — 671 с.
  8. Каспяровіч, М. І. Віцебскі краёвы слоўнік / М. І. Каспяровіч. — Віцебск, 1927. — 390 с.
  9. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. М. Р. Судніка М. Н. Крыўко. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 1999. — 784 с.
  10. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4 т. / М. Фасмер. — М.: Прогресс, 1986-1987. — Т. 1. — 576 с.
  11. Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Слова змяненне / Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР; пад рэд. М. В. Бірылы. — Мінск БелСЭ, 1987. — 903 с.
  12. Кучук, І. М. Палескі слоўнік: Лельчыцкі раён / І. М. Кучук, А. К. Малюк. Мазыр: МазДПІ імя Н. К. Крупскай, 2000. — 156 с.

Аўтар: Л.М. Мазуркевіч
Крыніца: Слово. Текст. Социум: сб. науч. тр. преподавателей филол. фак. / редкол.: Л. В. Исмайлова (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь: УО МГПУ им. И.П. Шамякина, 2011. — 252 с. С. 101-106.