Вырашэнне пытанняў развіцця каляндарна-абрадавай традыцыі звязана з аглядам лёсу каляндарных песень і абрадаў, з развіццём і аховай традыцыйнай спадчыны народа, яго духоўнага патэнцыялу. Каб прасачыць тэндэнцыю традыцыі будзем разглядаць яе зараджэнне, гістарычнае развіццё, згасанне, адраджэнне і перспектывы бытавання. Зробім гэта на прыкладзе асобнага абраду.
На пачатку звернемся да «Юраўскага карагода» («Тураўскі карагод», «Карагодак»). Гэта веснавы абрад, які ладзіўся ў наваколлі Турава на свята Юр’я, 6 мая па новым стылі. Удзел у ім называюць словамі “карагодзіць” або “вясну гукаць”. З’яўляючыся жывой формай аднаго з аўтэнтычных абрадаў веснавога цыкла і адметнай характэрнай для палескага рэгіёну традыцыяй, абрад мае ў сваім складзе ўзоры старажытных карагодаў і песень, а таксама такіх матэрыяльных праяў рэгіянальнай культуры, як народны касцюм і абрадавы хлеб. Асноўныя моманты традыцыі: 1) выпяканне абрадавага абшчыннага хлеба-карагода; 2) збор дзяўчат у хаце, дзе выпякаўся хлеб- карагод і ўрачыстае яго ўпрыгожванне са спяваннем абрадавых песень («Карагод, карагод, мы цябе нараджаем…»); 3) служба ў царкве, асвячэнне поля святаром; 4) святочная ўрачыстасць ваджэння карагода на полі; 5) абыход вёскі ўдзельнікамі, не мінаючы кожнага гаспадарчага двара, і выкананне песні: «Ідзе, ідзе карагод…».
Думаецца, што зарадзіцца ён мог ў той перыяд, калі святу Юр’я надавалася вялікая ўвага і, магчыма, калі яно адлюстроўвала каляндарны стыль, гэта значыць – станавілася адным з асноўных святаў у годзе – святам Новага года/лета. Гэта тлумачыцца тым, па меркаванню даследчыка А.Ю. Лозкі, што «.важнай асаблівасцю навагодніх святкаванняў з’яўляюцца віншавальныя абходы (калядоўшчыкаў, валачобнікаў) вясковых хат ці гаспадарчых двароў» [1, с. 85]. Аўтар таксама адзначае, што «.асноўныя сведчанні Навалецця знаходзяцца ў даволі багатай юраўскай паэзіі і валачобных песнях, што не наглядаецца так пераканаўча ў іншых народаў. Дарэчы, шматлікія паралелі з еўрапейскім і азіяцкім фальклорам толькі пацвярджаюць думку пра велічнасць свята і яго верагодную прыналежнасць у пэўны перыяд гісторыі беларусаў да Навалецця. » [1, с. 93]. Натуральна, што ўнікальнай рэгіянальнай з’явай на Тураўшчыне, дзе няма валачобніцтва, з’яўляецца падобны валачобнаму юраўскі абход гаспадарак і поля. Магчыма, гэта было ўжо ў пару хрысціянства, калі пачатак года быў вясной. Тое, што абрад мог адлюстроўваць асноўныя святы Навалецця, гаворыць і яго падабенства з каляднымі абрадамі, дзе таксама хадзілі па хатах, жадалі дабрабыту. Даследчык лічыць, што «розныя варыянты травеньскага стылю, якія праяўляюцца ў беларускіх веснавых песнях, гавораць пра пошукі нашых далёкіх продкаў аптымальных сродкаў летазлічэння ў тыя часы, калі чалавек адыходзіў ад месяцавага календара разам з развіццём сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі, узгадняючы свае назіранні са зменамі пораў года, сонечнымі цыкламі і сялянскай паўсядзённай працай. Юраўскі стыль летазлічэння – своеасаблівая і фенаменальная з’ява ў гісторыі календара Еўропы» [1, с. 86].
Мала існуе дакументаў па гэтым свяце і можна толькі па ўскосных фактарах здагадацца, як развіваўся абрад. Больш звестак мы маем па ХІХ ст., у якім пачаліся запісы фальклору. У гэты час абрад быў зафіскаваны памешчыцай Кавалеўскай з в. Буразі (каля Турава), прыкладна ў пачатку верасня 1886 г., калі Тураўшчыну наведаў П. В. Шэйн, у 1897 г. М. Ф. Крывашапкіным, матэрыялы якога знаходзяцца ў Архіве Геаграфічнага таварыства (АГТ) у Петраградзе, а таксама кароткую інфармацыю пра абрад (1914 г.) падаў К. Машынскі ў кнізе «Усходняе Палессе» [2, с. 108]. Гэта перыяд бытавання абрада, калі ўжо быў студзеньскі стыль і развіваліся іншыя адпаведныя традыцыі.
Бытаванне абраду зафіксавана і ў ХХ ст. Зроблена нямала запісаў, «напрыклад, у такіх населеных пунктах, як Верасніца, Тураў, Любавічы, Беражцы Жыткавіцкага, Рубель Столінскага, Тонеж і Слабада Лельчыцкага раёнаў і інш.» [2, с. 108]. Існуюць запісы ў работах Н. С. Гілевіча, А. Ю. Лозкі, Г. А. Барташэвіч і інш. З ўсяго можна зрабіць вывад, што абрад, несумненна, бытаваў як з’ява аўтэнтычная. Аднак некаторае ўгасанне традыцыі было ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў савецкі перыяд, калі народныя святы лічыліся рэлігійнымі і правядзенне іх не ўхвалялася.
Абрадавыя дзеянні і звычаі на свята Юр’я на Тураўшчыне назіраліся ў вёсках Пагост, Запясочча, Старажоўцы, Чэрнічы, Хільчыцы. Але сучасны стан бытавання абрада характарызуецца згасаннем традыцыі. Не ва ўсіх названых вёсках ён бытуе. Аўтэнтычная традыцыя захавалася ў Пагосце. З мэтай захавання ўнікальнай традыцыі ў 2004 г. абраду на свята Юр’я, які ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна захоўваецца ў жывой традыцыі, першаму ў нашай краіне нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Абрад працягвае сваё жыццё, але з элементамі навізны: ладзіцца выстава майстроў народнай творчасці вёскі і выстава дзіцячага малюнка «Юраўскі карагод вачыма дзяцей», дзіцячая выстава гуртка дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва «Умелыя ручкі», гульнёва-пазнавальная праграма для дзяцей, выступаюць калектывы мастацкай самадзейнасці, праводзіцца вечар адпачынку «Гульні нашых продкаў» (гульні «Запляці пляцень», «Боты» і інш.). Шмат намаганняў прыкладваюць ўдзельнікі абраду в. Пагост старэйшага ўзросту дзеля захавання традыцыі сваіх продкаў і перадачы іх сваім нашчадкам, праводзяцца інфармацыйныя часы ў клубе, школе. Але, разам з гэтым, у сучасных умовах назіраюцца ў правядзенні абраду змяненні і нават страчваюцца некаторыя яго элементы. Напрыклад, зараз наогул адсутнічае этап першага выгану кароў на пашу, таму што статка ўжо няма ні ў адным падвор’і в. Пагост. Таксама раней на Юр’еву расу хадзілі ў поле, дзе было пасеяна азімае жыта. Цяпер у вёсцы сеюць пераважна пшаніцу.
Бытуюць ў вёсках і іншыя абрады: «Жаніцьба коміна», «Каб не ішла бяда», «Выкліканне дажджу», «Саракі», «Прымеранне сарочак», «Гуканне вясны» і інш. Абрад «Жаніцьба коміна» праводзіцца восенню, калі заканчваюцца работы ў полі. Са слоў уражэнкі в. Пагост Панчэні Кацярыны: «Для таго, шоб ажаніць коміна, жонкі збіраліся з кудзелямі для попрадак, дзеўкі спявалі песні». Ён застаўся ў памяці людзей і быў перыяд, калі рабіліся спробы яго адрадзіць, выкарыстоўваючы ранейшыя запісы. Абрад «Саракі» спраўляла амаль кожная сям’я, таму што ўсе чакалі прылёту птушак. Кожная гаспадыня з цеста выпякала сорак птушачак, якія асвячалі ў царкве. У абрадавых дзеяннях на «Гуканне вясны» жанчыны адпраўлялі дзяцей, завязваючы кожнаму ў вузельчык спечаную булачку, яйка, масла, сыр, каб затым з высокага месца (стога) гукаць вясну.
Разглядаючы абрадавую традыцыю беларускага Палесся, адчуваем, што ў наш час яна не з’яўляецца той аўтэнтычнай, жывой з’явай, якой была для нашых продкаў. Так сталася, што многія абрады пераходзяць у разрад фалькларызму, таму што выконваюцца рознымі самадзейнымі і маладзежнымі калектывамі на сцэне і правядзенне іх не заўсёды адпавядае пэўнай даце календара.
У дынаміцы развіцця каляндарна-абрадавай традыцыі вылучаюцца наступныя этапы:
— зараджэнне традыцыі;
— развіццё і актыўнае бытаванне;
— згасанне аўтэнтычнай традыцыі;
— пераход у разрад фалькларызму (сцэнічнае выкананне).
Сучасны стан характарызуецца трансфармацыйнымі працэсамі. Традыцыі губляюць ранейшыя абрадавыя функцыі, калі людзі верылі ў магічны патэнцыял сваіх слоў, дзеянняў. Менавіта таму абрады пераходзяць у разрад тэатралізацыі і гульняў.
Літаратура:
- Лозка, А. Феномен Новага года ў беларускім фальклоры: манаграфія / А. Ю. Лозка. – Мінск : БДПУ, 2004. – 165 с.
- Лозка, А. Веснавы «Карагодак» на Тураўшчыне / А. Ю. Лозка // Беларуская літаратура: Рэсп. міжвед. зб. Вып. 17 / рэдкал.: І. Штэйнер [ і інш.]. – Мінск : Універсітэцкае, 1989. – С. 107-112.
Аўтар: І.М. Укражэнко
Крыніца: Эстэтычная адукацыя: традыцыi i сучаснасць : матэрыялы III міжфак. студ. навук.-практ. канф., 2015 г.