“Дурные предзнаменования” і выпадковыя ўзнагароды: прыдумкі ці прыўкрасы гомельскага побыту Мікалая Першага

0
673
Мікалай Першы і яго візіт у Гомель

Калі я вучыўся ў пачатковай школе (сярэдзіна 1980-х гг.), у класе над дошкай абавязкова вісеў партрэт Леніна, а сам Уладзімір Ільіч гэткім суперменам паўставаў у шматлікіх апавяданняў класнага і пазакласнага чытання. Помніцца, найбольш мяне ўразіла гісторыя пра тое, як дзядуля Ленін вадзіў за нос царскіх жандараў, паглынаючы чарніліцы. Ведаеце яе? там пра тое, як ланцуговыя сабакі самадзяржаўя кінулі Ільіча за краты, а ён там, каб не губляць час дарма, чытаў шмат кніг, якія з волі перадавалі яму паплечнікі. Чытаць яму дазвалялася, а вось пісаць было строга забаронена. І вось хадзіў па турэмным калідоры наглядчык ды зазіраў праз спецыяльныя адтулінкі ў камеры, каб пабачыць, што жа там зняволеныя робяць. Неаднакроць наглядчык засякаў, што Ленін нешта крэмзаў, але пакуль дзверы камеры расчыняліся, той паспяваў закінуць чарніліцу ў рот і з’есці, зводзячы гэтым паліцыянтаў з глузду. Так яны і не даведаліся, што кемлівы Ільіч ляпіў чарніліцы з хлеба, што пісаў між радкоў кніг малаком, што праяўлялася напісанае на паперы толькі пасля таго, як аркуш трымалі над гарачым.

І гэта толькі адна з многіх гісторый, якія павінны былі прышчапляць дзецям культ асобы Леніна. Па яе ўплывам я нават спрабаваў тады пісаць малаком, але нічога з не атрымалася – малако расплывалася, а на паперы, якую трымаў над гарачым, у лепшым разе праяўляліся няпэўныя плямкі. Прыходзіла расчараванне. Але гэта было расчараванне выключна ўласным досведам, бо ў досведзе Уладзіміра Ільіча расчароўвацца ніяк не выпадала. Тады не магло быць і намёку на тое, што падобнага кшталту гісторыі – чыстае вады прыдумкі ці прыўкрасы. І ўжо ніяк нельга было ўявіць, што nihil novi sub luna, і блізкімі па духу прыдумкамі і прыўкрасамі грашылі і лютыя ворагі Ільіча – прыдворныя шчаўкапёры расійскіх імператараў, выстаўляючы апошніх і бэтманамі, і стэтхэмамі, і царамі саламонамі свайго часу.

Адным з такіх імператараў быў Мікалай І. Ён жа – Мікалай Паўлавіч Раманаў, а з лёгкай рукі Льва Талстога – Мікалай Палкін.  Гэта ён расправіўся з дзекабрыстамі, падавіў шляхецкае паўстанне 1830-1831 гг., закрыў Віленскі ўніверсітэт, цалкам адмяніў дзеянне трэцяга Статута ВКЛ на нашых землях, скасаваў афіцыйны статус назваў “Литва” і “Белоруссия”, прайграў Крымскую вайну, часцяком бываў у Гомелі. Пра апошняе, між іншым, згадваецца ў кнізе Ф.Жудро, І.Сербава і Дз.Даўгялы (1911): “Благодаря частым приездам фельдмаршала и пребыванию в нем корпусного командования, местечко Гомель сделалось как бы главной военной квартирой, и сюда приезжал император Николай Павлович с наследником цесаревичем производить смотр войскам”. З яго наведванняў Гомеля паўсталі прынамсі дзве гісторыі, рэальнасць якіх пад вялікім пытаннем.

У верасні 1852 г. Мікалай Паўлавіч паехаў “на смотр в Чугуев” (сёння – горад у Харкаўскай вобласці Ўкраіны). Паехаў не адзін, пра што ўспамінаў сакратар французскага пасольства граф Рэйзет: “Его сопровождали министр двора граф Адлерберг и австрийский посланник граф Менсдорф, который находился от государя неотлучно”. Але наіўна было б меркаваць, што яны падарожнічалі ўтрох, папераменна выконваючы функцыі возніка. Хутчэй за ўсё, пры іх была дастатковая колькасць слуг і аховы – па дарозе між Пецярбургам і Чугуевым магло здарыцца ўсё што заўгодна. І адно такое заўгодна ўсё-ткі здарылася недалёка ад нашага горада, размяшчэнне якога Рэйзет, відаць, уяўляў з цяжкасцю: “Путешествие началось при самых дурных предзнаменованиях. Близ Гомеля сломалась ось экипажа, в котором ехал государь, и ему пришлось пройти 14 верст пешком, а затем пробыть в этом городе два дня, пока чинили карету”. Як бачым, ці француз аблудна лічыў Гомель ледзьве не прадмесцем Піцера, ці “добранькі царок” вандраваў не са сталіцы імперыі, а аднекуль з больш блізкіх да нашага горада мясцін.

Калі дапусціць, што Мікалай Паўлавіч “изволили ехать” з боку Магілёва, то яго карэта магла зламацца недзе ў раёне Сямёнаўкі (сёння – Калініна) ці Касцюкоўкі (сёння – частка Гомеля). Няўжо ні там, ні там не знайшлося павозкі, на якой ён мог бы дабрацца да Гомеля? Ці царская фанабэрыя не дазволіла яму сядаць у прастацкую “каретишку” і таму цар вырашыў прайсціся пешкі? “Во многих подобных случаях государь не стеснялся, оставив на месте происшествия экипаж, пройти пешком до ближайшего города или селения, совершенно не обращая внимания ни на то расстояние, которое предстояло измерить шагами, ни на время года или дня”, – пра гэта як пра звычку Мікалая І паведамляецца ў кнізе “Столетие Военного министерства” (1908 г.) і аздабляецца акурат гомельскім прыкладам 1852 г.

Уявім сабе, што гэта адбылося ў вераснёўскую ноч: “холодный ветер с дождем усилился стократно”, але непарушны ў сваёй рашучасці Мікалай Паўлавіч, адмовіўшыся хаця б ад варыянту ехаць на коні верхам, няўрымсліва шыбуе праз апраметную цемру напрасткі да Гомеля, а следам за ім цягнуцца пакінутыя з двукоссямі “министр двора граф Адлерберг и австрийский посланник граф Менсдорф”, да таго ж апошні ўвесь час азіраецца і пытае: “Was wollen wir trinken?”, на што хтосьці з ахоўнікаў, якіх амаль нябачна з-за дажджу і змроку, раз-пораз запэўнівае: “После дождичка в четверг”. Безумоўна, я ўтрырую і дазваляю сабе жартачкі, але ж пешая прагулянка Мікалая Паўлавіча Раманава і сапраўды магла быць нечым накшталт працэсіі. Як бы там ні было, цікава, што за думкі віравалі ў галаве расійскага манарха, пакуль ён праставаў чатырнаццаць вёрст да Гомеля. Ці думаў ён пра паломку, лічачы яе, як той Рэзет, “дурным предзнаменованием” (будучай Крымскай вайны, якую Мікалай І не перажыве) або на працягу ўсёй адлегласці толькі “чеканил шаг”, прыпамінаючы якісь з варыянтаў прыпеўкі пра населены пункт, куды ён ехаў “на смотр”: “По реке плывет топор из села Чугуева…”.

З якім настроем цар прыйшоў тады ў Гомель і што рабіў там цэлых два дні, крыніцы не паведамляюць. Клаўдзія Лукашэвіч у зборніку “Школьный праздник в честь трехсотлетия царствования Дома Романовых” (1913 г.), апавядаючы пра нейкі іншы візіт Мікалая І ў Гомель, адзначала, што ён “по обыкновению своему совершал утренние прогулки, избирая для этого не только парк замка, но и окрестности города”, выстаўляла яго аматарам “загородных одиноких прогулок”. Я не школьнік пачатку ХХ ст. і паверыць у тое, што імператар разгульваў па гомельскіх наваколлях без суправаджэння, не магу. Але прыкінуся, што ўсё-ткі веру, і павяду вас следам за логікай расказанай спадарыняй Клаўдзіяй гісторыі.

А логіка ў ёй такая. Мікалай Паўлавіч, блукаючы ў наваколлях Гомеля сустрэў “опрятно одетого еврея”, які палічыў цара “за обыкновенного офицера”, пагатоў “на императоре был надет плащ с пелериной”. Пасля абмену вітаннямі, яўрэй адрэкамендаваўся шклоўскім рабінам, які “нарочно приехал сюда, чтобы иметь случай видеть нашего государя императора”, каб потым расказаць пра гэта сваім вучнях, які ён навучаў штодзённым малітвам за цара. Апошні гэтую сітуацыю ўспрыняў з “благосклонной улыбкой”, але раскрываць сваё інкогніта не стаў.

– Позвольте узнать, ваше высокоблагородие, кто вы будете: верно майор или полковник? – пацікавіўся яўрэй.
– Нет, выше, – адказаў Мікалай І.
– Бригадный генерал?
– Выше…
– Дивизионный генерал?
– Нет, постарше.
– Корпусный? – выгукнуў рабін з подзівам і адвесіў нізкі паклон.
– Старше, старше, – смеючыся, сказаў цар, кіўнуў галавою і працягнуў сваю прагулянку.

Рабін палічыў гэта жартам сустрэчнага афіцэра – ведаў, што “под Гомелем было собрано много войск, что там было много генералов, и все же старше корпусного командира был только один Паскевич, которого он встречал и видел”. Імператар жа тым часам загадаў свайму памочніку праверыць, ці сапраўды ў Гомелі знаходзіўся шклоўскі рабін і калі так, то даведацца, як ён спраўляе свае службы. Прысутнасць рабіна ў Гомелі пацвердзілася, а “о службе его начальство отозвалось очень похвально”. У дзень ад’езду імператара перад гомельскім палацам сабраліся запрошаныя прадстаўнікі саслоўяў. Між іншых быў запрошаны і шклоўскі рабін. Цар падзякаваў яго за “за усердную службу” і ўручыў “большую медаль”, ажно ўзнагароджаны “онемел от удивления, испуга и радости” і “только кланялся до земли, не находя слов для выражения волновавших его чувств”.

Як па мне, дык ад гэтай гісторыі за вярсту (а можа і за ўсе чатырнаццаць вёрст) патыхае ходкім са старажытных часоў сюжэтам пра пераапранутага ўладара, які ідзе ў народ, каб даведацца сёе-тое пра стаўленне падданых да сябе і сваёй палітыкі. Але з улікам спецыфікі Расійскай імперыі яна перакулена на ўласны капыл і пададзена ў безнадзейна вясёлкавых вернападданніцкіх фарбах: “добранькі царок” з гумарам ўзнагароджвае рабіна, за тое, што ён настаўляе сваіх вучняў штодня маліцца за ўвасабленне ўлады, якая трымае яўрэяў у абцугах мяжы аселасці. Vejx gebet, ober hart cu šlofn (Мякка сцеле, ды мулка спаць)! Да таго ж наўмысная неканкрэтнасць узнагароды (“большая медаль”) толькі дадае сумневу ў рэальнасці апісаных падзей. Нават калі факт гэтага ўзнагароджання зафіксаваны ў афіцыйных дакументах (і не малаком з хлебных чарніліц), яго сапраўдная падаплёка, хутчэй за ўсё, выглядала неяк інакш. Прынамсі, не так анекдатычна. Спадзяюся, калісь выпадзе магчымасць гэта праверыць.

Сяргей Балахонаў