Духоўная культура ўсходніх славян як адна з крыніц фарміравання тапаніміі Гомельшчыны

0
1108
Духоўная культура ўсходніх славян як адна з крыніц фарміравання тапаніміі Гомельшчыны

Паняцце «духоўная культура» ўключае адносіны, звязаныя з унутраным, псіхічным жыццём чалавека, і рэлігіяй, царквой. Гэта прадукт гістарычнага развіцця грамадства, што фіксуе асаблівасці канкрэтных форм жыццядзейнасці чалавецтва на розных этапах яго развіцця, арганічна звязана з матэрыяльнай і сацыяльнай культурамі. У розных народаў яна мае свае адметныя рысы, прадстаўлена ідэямі, устаноўкамі, каштоўнасцямі, традыцыямі, спосабамі паводзін, сістэмай сацыяльных норм і служыць сродкам забеспячэння нармальнага функцыянавання грамадства. Духоўная культура адлюстравана і ва ўтваральных асновах тапонімаў — уласных назвах геаграфічных аб’ектаў. На прыкладзе гідронімаў (назваў водных аб’ектаў) і айконімаў (назваў населеных пунктаў) Гомельшчыны мы прасочым асноўныя звесткі з духоўнай культуры ўсходніх славян. Па часе ўзнікнення такія тапонімы розныя: старажытныя, якія склаліся на працягу некалькіх стагоддзяў, і савецкага перыяду.

Усходнія славяне да прыняцця хрысціянства былі язычнікамі (ад царк. — слав. языцы ‘народы, чужаземцы’). Яны пакланяліся некалькім багам, што складалі язычніцкі пантэон і ад якіх, па ўяўленнях нашых продкаў, залежалі жыццё і побыт, будучы ўраджай. Археалагічныя адкрыцці пацвердзілі існаванне язычніцкіх культавых збудаванняў — капішчаў, дзе адбываліся старажытныя абрады, ахвярапрынашэнні. У багаслоўі і ўмоўна ў гістарычнай літаратуры язычнікаў называлі паганцамі (ад лац. paganus ‘язычнік’). Гэты факт знайшоў адлюстраванне ў назве вёскі Паганцы, якая згадваецца ў гаспадарчым інвентары 1639 г. Бабруйскага стараства Рэчы Паспалітай як сяло, у якім было 34 дымы (двары). У пачатку XX ст. — 30 двароў і 243 жыхары (усе яўрэі) [1, с. 40]. Верагодна, назву пазней палічылі немілагучнай і замянілі на Пагонцы. На сённяшні дзень вёска ўваходзіць у Казлоўскі с/с Светлагорскага раёна [2, с. 719]. Аднак апошняе найменне мае іншую матывацыю: за аснову ўзята лексема «пагон», значэнне яе рознае: ‘дарога, па якой ганяюць статак’, ‘месца адпачынку жывёлы ў полі або лесе’, ‘лужок паміж двума балотамі’ [3, с. 259; 4, с. 124]. Не выключана магчымасць утварэння і ад дыялектнай лексемы «погоня» ‘нізіна, балоцістая даліна’ [4, с. 82]. Пагонцы, такім чынам, людзі, што заснавалі сваё паселішча каля пагона ці пагоні.

У аснову назвы вёсак Валосавічы (Акцябрскі, Рагачоўскі, Чачэрскі р-ны), хутчэй за ўсё, пакладзена імя язычніцкага бога жывёлагадоўлі, урадлівасці, пазней і гандлю Вялеса (Валоса). Наша меркаванне аб старажытнасці оніма пацвярджаюць мясцовыя даныя. У канцы 1950-х гадоў падчас пракладкі трасы аўтамабільнай шашы паміж Азарычамі і Акцябрскім паблізу вёскі Валосавічы былі выяўлены незвычайныя старажытныя пахаванні, якія не згадваліся ў архіўных дакументах. Труны ў іх былі зроблены з дубу і не замацаваны цвікамі [6, с. 465]. Аналогіі ў тапаніміі існуюць і на іншых тэрыторыях Беларусі: возера Волас (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), вёскі Валосавічы (Кіраўскі і Шклоўскі р-ны Магілёўскай вобл.), хутар да 1972 г. Валасані (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.), в. Валасачы’ (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.).

Язычнікі пакланяліся не толькі дахрысціянскім багам, але і асобным прадметам, у тым ліку і валунам. У беларусаў захавалася шмат легенд і паданняў пра іх [7]. Нават у цэнтры Мінска на вуліцы Лодачнай, каля Свіслачы, знайшлі старажытны камень (яго назвалі Дзед, ці Стары), каля якога было выяўлена язычніцкае капішча — малельня, што праіснавала да пачатку Японскай вайны [8, с. 45]. Падобнае капішча адкрыта на Гомельшчыне непадалёку ад вёскі Xодасавічы Рагачоўскага раёна. У даследаваным рэгіёне зафіксаваны дзве назвы (вёска Камень, Мазырскі р-на; пасёлак Камень, Рагачоўскі р-н), якія, мы мяркуем, маюць адносіны да язычніцтва, хоць не выключана магчымасць указання на характар навакольнай глебы (камяністая).

Старажытная па часе ўзнікнення група найменняў Гомельшчыны звязана па паходжанні з рэлігіяй, царквой, матывавана назвамі :

а) асобных культавых збудаванняў — «капліца» ‘невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара; малельня’ [10, с. 631]; «скіт» (у праваслаўных манастырах ‘жыллё для манахаў-пустэльнікаў, размешчанае аддалена ад манастырскага будынка; стараверскі манастыр або пасёлак манастырскага тыпу ў глухой пустэльнай мясцовасці’ [11, ч. 1, с. 169]), «царква»: вёскі Ка’плічы (Калінкавіцкі р-н), Скіток, Царкоўе (Гомельскі р-н); возера Цэрковішчэ (Нараўлянскі р-н), балоты Царковішча (Калінкавіцкі р-н), Хрысці’шча — месца, дзе хрысцілі (Петрыкаўскі р-н);

б) царкоўных пасад — «абат» ‘ігумен каталіцкага мужчынскага манастыра’ [9, с. 36] (балота АбаЦкае, Нараўлянскі р-н); «дзяк» ‘ніжэйшы царкоўны служыцель у праваслаўнай царкве; псаломшчык’ [10, с. 179] (в. Дзякавічы, балотыы Дзя Кова Града‘ (Дзя Кі), Жыткавіцкі р-н; Дзя ‘коў Рог, Калінкавіцкі р-н, Дзя Ковыя пакосы, Петрыкаўскі р-н); «ксёндз» ‘польская назва каталіцкага свяшчэнніка’ [10, с. 747] (балоты Ксяндзоў Востраў, Акцябрскі р-н; Ксёндзава Канава, Калінкавіцкі р-н); «поп» ‘свяшчэннік’ (в. Папоўцы, Рэчыцкі р-н; балоты Папова Дуброва, Папоў Рог, Калінкавіцкі р-н; Папова (Папіха), Петрыкаўскі р-н); «рэвут» ‘званар’ (в. Рэвут, Кармянскі р-н, магчыма і антрапанімічнае паходжанне). Назва вёскі Чэрнічы ў Жыткавіцкім раёне (раней Черницы, ад уст. «чарніца» ‘манахіня’) таксама сведчыць аб духоўнай культуры тагачаснага насельніцтва. Вёска ўзнікла на манастыршчыне старажытнага Турава-Варварынскага дзявочага манастыра. Гэта быў першы жаночы манастыр у Літве, сучасны св. Кірыла і, мяркуецца, ім жа заснаваны [12, с. 116];

в) прадметаў абрадавага культу — «вошчанка» ‘залітае воскам яйка, якое выкарыстоўвалася пры гульні ў біткі на Вялікдзень’; «праскурня» ‘печыва, часта змочанае ў віне, што ўжываецца ў абрадах праваслаўнага набажэнства, просвіра; месца, дзе рабілі просвіркі’; «свечка» (вёскі Вашча‘нкі, Кармянскі р-н; ПраскурніСвятое (такія найменні звязаны з легендамі, цудадзейнымі абразамі), Жлобінскі р-н; Свяча‘ возера Святое (Святэ ), Нараўлянскі р-н); «хрэст» ‘крыж’ (возера Болікаў Хрэст, балота За Хрэст, Жыткавіцкі р-н);

г) праваслаўных свят — Пакровы (в. Новапакроўск, Xойніцкі р-н; пасёлкі Пакроўск, Кармянскі р-н; Пакроўскі, Добрушскі, Чачэрскі р-ны); Вялікдзень (балота Велікодны, Акцябрскі р-н).

Ва ўтваральнай базе тапонімаў рэгіёна адлюстраваліся таксама і месцы пахаванняў: «курган» ‘высокі старадаўні магільны насып’ [10, с. 758], «кладбішча» (пасёлкі Курга н, Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі р-ны; Курга нне, Кармянскі р-н; Курга ‘ны, Гомельскі р-н; вёскі Курга ‘ніца, Кармянскі р-н; Курга нне, Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі, Рагачоўскі р-ны); балота Конскае Кладбішча, Ельскі р-н).

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі палітычная платформа Камуністычнай партыі і савецкай улады патрабавала абнаўлення жыцця, сцвярджэння новай сацыялістычнай рэвалюцыі, рамантычнай узнёсласці, дзеля чаго ва ўсіх сферах сацыяльна-эканамічнага і палітычнага існавання маладой дзяржавы шукаліся новыя формы, прыёмы, сродкі, якія не заўсёды былі дасканалымі. У айканіміі, напрыклад, для новых пасяленняў прызначаліся іншыя назвы, якія адлюстроўвалі савецкія рэаліі і адмаўлялі папярэднюю традыцыю. Асабліва актыўна перайменоўваліся населеныя пункты ў 20-я, 30-я і асабліва 60-я гады XX ст., адзначаныя як «масавы крыжовы паход на беларускую тапанімію» [13, с. 56].

Працэс перайменаванняў не абмінуў і тапанімію Гомельшчыны. Першая іх хваля ў рэгіёне пачалася адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1920-я гады. Спачатку ў полі зроку прадстаўнікоў мясцовых улад апынуліся найменні населеных пунктаў, звязаныя з рэлігійнай тэматыкай. Так, былі скасаваны тры найменні рэлігійнага характару, утваральная аснова якіх называла пасаду людзей праваслаўнага культу — «поп» (свяшчэннік^: вёскі Папоўка, цяпер Леніна (Добрушскі р-н), Папоўская Рудня, цяпер Рудня Каменева (Лоеўскі р-н), пасёлак ПапоўкаАкцябр Хойніцкі р-н, цяпер не існуе).

У 30-я гады XX ст.перайменаванне назваў гэтага тыпу атрымала працяг: вёска Папкі стала Акцябром (Жлобінскі р-н), ПапоўкаПершамайскам (Лоеўскі р-н), пасёлак ПапоўкіПалессем (Рэчыцкі р-н), вёскі СвятоеКірава (Жлобінскі р-н) і Першамайскам (Рэчыцкі р-н), СвятоцкДзяржынскам (Нараўлянскі р-н).

У 60-я гады XX ст. тэматычнае кола скасавання назваў рэлігійнага характару пашыраецца. Так, ліквідуюцца онімы, у аснове якіх знаходзяцца тыпы культавых збудаванняў, устаноў: вёска КапліцаГорная (Мазырскі р-н), пасёлак Крыжовы ЛогЧырвоны Лог (Добрушскі р-н), вёскі МанастырСаснавец (Петрыкаўскі р-н), ЦаркоўеСаўгасная (Буда-Кашалёўскі р-н).

У 70-я гады XX ст. зафіксаваны адзіны выпадак перайменавання назваў вызначанай тэматыкі: вёска Багуславец стала Грачыхіна ^ойніцю р-н). Дзявятага кастрычніка праваслаўныя святкуюць з’яўленне Сергію Раданежскаму Божай Маці ў суправаджэнні апосталаў Пятра і Іаана Багаслова (у народзе — свята Багуслаў). Мы ж мяркуем, найменне, хутчэй за ўсё, адантрапанімічнага паходжання, ад славянскага імя Багуслаў (‘слава Богу’), суфікс -ец мае памяншальнае значэнне (невялікае па памерах).

Але такія онімы не былі ліквідаваны цалкам. І па сённяшні дзень у тапаніміі Гомельшчыны жывуць айконімы Дзякавічы, Папоўцы (Рэчыцкі р-н), Святое (Жлобінскі р-н), Скіток (Гомельскі р-н). Xваля перайменаванняў амаль не закранула назвы, у аснове якіх знаходзіцца лексема «курган» (захавалася чатыры найменні, што абслугоўваюць 8 аб’ектаў): пасёлкі. Курган (Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі р-ны), Курганне (Кармянскі р-н), Курганы (Гомельскі р-н), вёскі Курганіца (Кармянскі р-н), Курганне (Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі, Рагачоўскі р-ны).

Айконімы савецкага перыяду складаюць даволі значную групу (толькі сярод аднаслоўных 110 найменняў абслугоўваюць 162 аб’екты). Яны фіксуюць:

— рэвалюцыйную ідэалогію і настрой свайго часу — пасёлкі. Арол (Лоеўскі, Рэчыцкі р-ны), Бадзёры, БаявыСве ‘тлы, Вольны (Буда-Кашалёўскі р-н), Барэц (Гомельскі, Веткаўскі, Жлобінскі, Лоеўскі, Рэчыцкі р-ны), Бодры, Сме ‘лы (Лоеўскі р-н), Бра Цкі (Брагінскі р-н), Вясёлы (Жлобінскі, Рэчыцкі р-ны), Сокал, Хра бры (Рэчыцкі р-н), вёскі Дру Жба (Мазырскі р-н), Дру Жбічы, Ю ‘ны (Чачэрскі р-н), Мі рнае (Лельчыцкі р-н) і іншыя;

— першыя этапы індустрыялізацыі і калектывізацыі: вёскі Будаўнік Хойніцкі р-н), Новакузне ‘чная (Лоеўскі р-н), Рэкорд (Лоеўскі, Петрыкаўскі р-ны), Саўга ‘сная (Буда-Кашалёўскі р-н), Уда рнае (Лельчыцкі р-н); пасёлак Перадаві к (Чачэрскі р-н);

— савецкія святы — вёскі Акцябр (Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі, Чачэрскі р-ны), пасёлкі Акця бр (Рэчыцкі, Xойніцкі р-ны), вёскі Кастры ‘чнік (Светлагорскі р-н), Май (Рэчыцкі р-н), Майскае (Жлобінскі р-н), Першама й (Петрыкаўскі р-н), Першама ‘йскі (Лельчыцкі, Лоеўскі, Рэчыцкі р-ны), Пабе днае (Лельчыцкі р-н), пасёлкі Майск (Лоеўскі р-н), Пабе да (Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Рагачоўскі р-ны), Перамога — у дадзеным выпадку сімвал перамогі Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне (Буда-Кашалёўскі, Гомельскі, Нараўлянскі р-ны);

— перамогу новага ладу над старым — вёскі Перамога (да 1937 г. Шалухоўка, Веткаўскі р-н), Прагрэс (Чачэрскі р-н), пасёлкі Прагрэс (Лоеўскі, Мазырскі р-ны), Ра йскі (Лоеўскі р-н);

— атрыбутыку свайго часу — вёскі Зна ‘мя (Добрушскі р-н), Молат, Серп (Петрыкаўскі р-н).

Большасць адзначаных назваў была дадзена новым населеным пунктам, што ўзніклі падчас ссялення хутароў, узбуйнення вёсак, некаторыя з’явіліся як вынік перайменаванняў. Іх характэрная асаблівасць — выкарыстанне маркіраванай, нетрадыцыйнай для айканіміі дарэвалюцыйнага перыяду лексікі. Гэта словы з ідэалагічнай нагрузкай (словы-сімвалы, словы-гегемоны, словы-ідэалы). Многія найменні ўтвораны на базе рускай лексікі, яны не падпарадкоўваюцца граматычным законам беларускай мовы і вызначаюцца паўтаральнасцю: вёскі і пасёлкі Акцябр (5), пасёлкі Адча‘янны, Луч (Буда-Кашалёўскі), Пабядзіцель (Буда-Кашалёўскі, Лоеўскі р-ны), Уютны (Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі р-ны), вёскі Рассвет (Акцябрскі, Добрушскі, Рэчыцкі р-ны), Труд (Кармянскі р-н).

Аналіз матэрыялаў Гомельскага рэгіёна дазваляе зрабіць наступныя высновы. Тапанімічная лексіка ўвабрала ў сябе гістарычныя факты з духоўнага жыцця насельнікаў краю і павінна з’яўляцца іх надзейнай захавальніцай для нашчадкаў, быць непарушнай, паколькі ўяўляе сабой каштоўны матэрыял для выхавання маладых пакаленняў. Традыцыйныя тапанімічныя найменні — «своеасаблівыя масткі, якія звязваюць сучаснае з мінулым, бо кожны такі разбураны масток — гэта дзірка, калі не прорва ў нашай гістарычнай памяці» [13, с. 4]. Беспадстаўнае разбаўленне беларускай тапаніміі русіфікаванымі назвамі прынесла значную шкоду нашай духоўнай спадчыне, у выніку чаго згублена нацыянальная спецыфіка, рэліктавыя найменні. У сусветнай жа практыцы лічыцца, што чым больш старажытная паводле часу ўзнікнення назва населенага пункта, тым яна даражэйшая.

Перайменаванні не закранулі пласт гідронімаў і мікрагідронімаў рэгіёна.

Літаратура

  1. Памяць. Светлагорск і Светлагорскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2 кн. / уклад. П. П. Рабянок; рэдкал. У. Д. Бурачонак [і інш.]. — Мінск: Беларусь, 2000. — Кн. 1. — 511 с.
  2. Памяць. Светлагорск і Светлагорскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2 кн. / уклад. П. П. Рабянок; рэдкал. У. Д. Бурачонак [і інш.]. — Мінск: Беларусь, 2003. — Кн. 2. — 750 с.
  3. Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды / В. П. Лемцюгова. — Мінск: Літаратура і мастацтва, 2008. — 416 с.
  4. Яшкін, І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія / І. Я. Яшкін. — Мінск: Навука і тэхніка, 1971. — 256 с.
  5. Тураўскі слоўнік: у 5 т. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; склад. А. А. Крывіцкі [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1985. — Т. 4. П — Р. — 360 с.
  6. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна / рэдкал.: У. І. Лемяшонак (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелТА, 1997. — 478 с.
  7. Прокопчик, Л. Камень/Село. Воложинский район / Л. Прокопчик // Сельская газета. — 1975. — 7 чэрвеня.
  8. Ляўкоў, Э. А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны / Э. А. Ляўкоў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — 207 с.
  9. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5  т. / пад агул. рэд. К.К. Атраховіча. — Мінск: БелСЭ, 1977. — Т. 1. А — В / рэд. М. П. Лобан. — 608 с.
  10. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / па агул. рэд. К. К. Атраховіча. — Мінск: БелСЭ, 1978. — Т. 2. Г — К / рэд. А. Я. Баханькоў. — 765 с.
  11. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К.К. Атраховіча. — Мінск: БелСЭ, 1983. — Т. 5, кн. 1. С — У / рэд. М. Р. Суднік. — 663 с.
  12. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Жыткавіцкага раёна / рэд.-уклад. В. Ф. Феранц. — Мінск: Ураджай, 1994. — 767 с.
  13. Лыч, Л. М. Назвы зямлі беларускай / Л. М. Лыч. — Мінск: Універсітэцкае, 1994. — 126 с.

Аўтар: Н.А. Багамольнікава
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 24 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2018. — 448 с. С. 229-234.