Духоўная культура ўсходніх славян у айканіміі Гомельшчыны

0
1347
духоўная культура и арнамент Беларусь

Крыніцы паходжання айканіміі Гомельшчыны, як сведчыць фактычны матэрыял, самыя разнастайныя. Паводле семантыкі ўтваральных асноў вылучана больш за 20 падгруп. На ўзнікненне найменняў населеных пунктаў аказалі ўплыў у першую чаргу прыродна-геаграфічны ландшафт і тапаграфія рэгіёна, грамадска-палітычныя ўмовы, асаблівасці побыту і гаспадарчай дзейнасці тагачаснага мясцовага насельніцтва. Каштоўнай і надзейнай крыніцай онімаў з’яўляюцца антрапонімы, гідронімы, самі айконімы, этнонімы. Такім чынам, у якасці ўтваральных асноў выкарыстана апелятыўная і анамастычная лексіка.

Некаторыя падфупы, як, напрыклад, матываваныя фізіка-геаграфічнай тэрміналогіяй, у параўнанні з астатнімі, дамінуюць, але адзначаны і нешматлікія ў колькасных адносінах назвы.

Аб’ектам нашага разгляду паслужылі найменні населеных пунктаў, утваральныя асновы якіх адлюстроўваюць духоўную культуру насельніцтва. Па часе ўзнікнення яны розныя: старажытныя, якія склаліся на працягу некалькіх стагоддзяў, і савецкага часу.

Апошнія складаюць даволі значную групу (толькі сярод аднаслоўных 110 найменняў абслугоўваюць 162 аб’екты). Яны фіксуюць:

  • рэвалюцыйную ідэалогію і настрой свайго часу: п. Бадзёры (Б.-К.), п.п Барэц (Гом., Ветк., Жл., Л., Рэч.), п Бодры (Л.), п *Брацкі (Браг.), п. Вольны (Б.-К.), п.п. Вясёлы (Жл., Рэч.), п. Дружба (Маз.), в. Дружбічы (Чач.), в. Мірнае (Лельч.) і інш.;
  • першыя этапы індустрыялізацыі і капектывізацыі: в,*Будаўнік (X.), в. Новакузнечная (Л.), п. Перадавік (Чач), в.в. Рэкорд (Л., Петр), в. Саўгасная (Б,-К.), в..Ударнае (Лельч.);
  • назвы ў гонар савецкіх свят: в.в. Акцябр (Б.-К, Жл., Чач.), п.п. Акцябр (Рэч., X.), в Кастрычнік (Св.), в.Май (Рэч.), п. Майск (Л.), в. Майскае (Жл.), в.Першамай (Петр.), в.в. Першамайскі (Лельч., Л., Рэч.), п.п. Победа (Б.-К., Ветк., Раг.), в Пабеднае (Лельч.), п.п Перамога (Б.-К., Гом., Нар.) (сімвал перамогі Савецкага Саюзаў Вялікай Айчыннай вайне);
  • перамогу новага ладу над старым: в. Перамога, да 1937 г. Шалухоўка (Ветк), п.п.Прагрэс (Л., Маз.), в.Прагрэс (Чач.), п Райскі (Л.);
  • атрыбутыку свайго часу: в. Знамя (Добр.), в. Молат, в. Серп (Петр.).

Большасць такіх назваў была дадзена новым населеным пунктам, што ўзніклі падчас ссялення хутароў, узбуйнення вёсак. Некаторыя з’явіліся як вынікі перайменаванняў. Характэрнай асаблівасцю іх адзначаецца выкарыстанне маркіраванай, нетрадыцыйнай для айканіміі дарэвалюцыйнага перыяду лексікі. Гэта словы з ідэалагічнай нагрузкай (словы-сімвалы, словы-гегемоны, словы-ідэалы). Для беларускай мовы многія найменні чужыя, утвораныя на базе рускай лексікі, яны не падпарадкоўваюцца граматычным законам нашай мовы і вызначаюцца паўтаральнасцю: в. і п Акцябр (5), в Барба (Ветк.), пЛуч (Б.-К.), п.п.Пабядзіцель (Б.-К., Л.), п.п. Пахар (Раг. – 2), в.в Рассвет (Акц., Добр.), Рэч), в.*Труд (Карм.), п.п.Уютны (Б.-К., Ветк.).

Аднак асаблівую цікавасць выклікае першая група найменняў. Асобныя айконімы захоўваюць сляды язычніцтва, ці паганства (ад лац. paganus ’язычнік’), якое існавала, як вядома, да пашырэння хрысціянства, адной з “вышэйшых” рэлігій. У іх зафіксаваны старадаўнія вераванні і культы язычніцтва, што ва ўсходніх славян мела складаную сістэму рэлігійных уяўленняў, абагатварала і пакланялася сілам прыроды.

У аснове назвы в.в. Валосавічы (Акц., Раг., Чач.) знаходзіцца імя паганскага бога жывёлагадоўлі, урадлівасці, пазней і гандлю Вяяеса (Волоса). Наша меркаванне аб даўнасці оніма пацвярджаюць мясцовыя дадзеныя. У канцы 50-ых гадоў падчас пракладкі трасы аўтамабільнай шашы паміж Азарычамі і Акцябрскім паблізу в. Валосавічы былі выяўлены незвычайныя старажытныя пахаванні, якія не ўпаміналіся ў архіўных дакументах. Труны ў іх былі зроблены з дубу і не замацаваны цвікамі, людзі іх ці не мелі, ці мелі такі звычай пахавання [5, с. 465]. Аналогіі ў тапаніміі мы знаходзім і на іншых тэрыторыях: воз. Волас (Браслаўскі р-н Віцебскай. вобл.), в.в.Валосавічы (Кіраўскі і Шклоўскі р-ны Магілёўскай вобл.), хутар да 1972 г. Валасані (Іванкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), в. Валасачы (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.).

Паходжанне назвы в *Мокіш (X.) дакладна невядома, маюцца толькі версіі. Згодна адной з іх веска названа ў гонар жонкі Перуна, апошняй язычніцкай славянскай багіні прадзіва Мокаш (Макош). Параўн.: уроч. Макушын Верх у Чэхіі, уроч. Пярынь ( жонка Перуна) паблізу Ноўгарада Ў Расіі, Мокішава (Мокшава) болота на Беларусі ( анапаг багіні Мокаш – святая Параскева-Пятніца) [ 2, с. 326]. Такой думкі прытрымліваюцца не толькі аўтары энцыклапедычнага слоўніка “Беларуская міфалогія”, а і археолагі [6, с. 25]. Мы ж больш схільны лічыць, што ў аснове наймення вьіразна прасочваецца сувязь з характарыстыкай мясцовасці -мокрае, пераўвільготненае месца. Падобныя назвы выяўлены ў гідраніміі даследуемага рэгіёна: б-ты Мачкоўка, Мачкоўскае (Жытк.), Мачулы, воз. Мачулец (К.), Мачулішча (Лельч., X.), Мачульскае (Нар.) (месца, дзе мачылі лён, каноплі, палатно). У Хойніцкім раёне існує в. Маклішча. Розныя варыянты лексемы мокры рэлізаваны і ў айканіміі астатніх абласцей рэспублікі: в.в. Мачулішча, Мачуль, Мачульнікі (цяпер не існує), Мачульскія, Мокрае, Мокрая Дуброва (Брэсцкая вобл.), хут. Мачулы (2), в.в. Мачульна, Мокрави (Гродзенская вобл.), в.в Мачулкі, Мокрадзь, Мокрае I (Магілёўская вобл.), в. Мачулішча (4), в. Мачулішчы, хут. Мачулы (цяпер не існує), в.в. Мокрадзь, Мокрыца (Мінская вобл.).

Язычнікі пакланяліся не толькі дахрысціянскім багам, але і асобным прадметам, у тым ліку і валунам. У беларусаў пра іх захавапася шмат легендаў і паданняў. Нават у цэнтры Мінска на вуліцы Лодачнай, каля Свіслачы, знайшлі старажытны камень – яго назвалі Дзед, ці Стары, – каля якога было выяўлена язычніцкае капішча -малельня, што праіснавала да пачатку Японскай вайны [4, с.45]. Падобнае капішча адкрыта на Гомельшчыне непадалёку ад в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на. У даследуемым рэгіёне зафіксаваны дзве назвы: в. Камень (Маз.) і пламень (Раг.), якія, мы мяркуем, маюць адносіны да язычніцтва, хаця не выключана магчымасць указания на характар навакольнай глебы (камяністая).

Але большасць айконімаў 1-ай групы звязана па паходжанні з рэлігіяй, царквой. Яны матываваны назвамі:

а) асобных культавых збудаванняў: капліца ‘невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара; малельня’ [7, т.2, с.631], скіт ( у праваслаўных манастырах ‘ жыллё для манахаў пустэльнікаў, размешчанае аддалена ад манастырскага будынка; стараверскі манастыр або пасёлак манастырскага тыпу ў глухой пустэльнай мясцовасці ‘ ) [7, т.5, ч.І, с. 169], царква: в Каплічы (Кал.), в. Скіток, в. Царкоўе (Гом.);

б) царкоўных пасад: дзяк ‘ніжэйшы царкоўны служыцель у праваслаўнай царкве; псаломшчык’ [7, т.2, с. 179. ], поп ‘свяшчэннік’, рэвут ‘званар’: в. Дзякавічы (Жытк.), в. Папоўцы (Рэч.), в Рэвут (Карм.);

в) месц пахаванняў: курган ‘высокі старадаўні магільны насып’ [ 7, т.2, с.758.] (4-ы найменні абслугоўваюць 8 аб’ектаў): п.п. Курган (Б.-К., Жл.), в. Курганіца (Карм.), в.в. Курганне (Б.-К., Жл., Раг.), п. Курганне (Карм.), п. Курганы (Гом.);

г) прадметаў абрадавага культу: вошчанка ‘залітає воскам яйка, якое выкарыстоўвалася пры гульні ў біткі на Вялікдзень’; праскурня ‘печыва, часта змочанае ў віне, што ўжываецца ў абрадах праваслаўнага набажэнства, просвіра; месца, дзе рабілі просвіркі’; свечка: в.Вашчанкі (Карм.), в .Праскурні (Жл.), в .Святое ( такія найменні звязаны з легендамі, цудадзейнымі абразамі) (Жл.), в.Свяча (Нар.);

д) праваслаўных свят: Пакровы: в.Новапакроўск (X.), п.Пакроўск (Карм.), п.п. Пакроўскі (Добр., Чач.) (святкуецца 14-га кастрычніка).

На жаль, некаторыя онімы рэлігійнай тэматыкі былі перайменаваны. Першая хваля перайменаванняў на Гомельшчыне пачалася адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 20-ыя гады. Гэта быў крок у падтрымку курсу новай Савецкай дзяржавы -выкараніць з памяці людзей усё, што звязана з Богам (успомнім зруйнаванне храмаў, цэркваў, манастыроў) і выхаваць новае пакаленне атэістамі. У гэты час на Гомельшчыне былі скасаваны толькі тры найменні рэлігійнага характару, у якіх зафіксавана пасада людзей праваслаўнага культу поп : в Папоўка, цяпер Леніна (Добр.), в. Цапоўсная Рудня, цяпер Рудня-Каменева (Л.), п. Папоўка (Акцябр, цяпер яе існує) (Хойн.).

У 30-ыя гады такая ўстаноўка атрымала працяг: в. Папкі імянуецца Акцябром (Жл ), в. Папоўка -Першамайскам (Л.), п. Папоўкі – Палессем (Рэч.), в.в. Святое – Кірава (Жл.) і Першамайскам (Рэч.), в. Святоцк – Дзяржынскам (Нар.).

У 60-ыя гады 20 ст. тэматычнае кола вынішчэння назваў рэлігійнага характару пашыраецца. Так, ліквідуюцца і онімы, у аснове якіх знаходзяцца прозвішчы хрысціянскіх святых: п. Аўрамаўскі называецца в. Хвойная Поляна, в. Аўрамаўская -Партызанскай (Хойн.); тып культавых збудаванняў, месц захавання людзей: в. Кагийца – Горная (Маз.), п.Крыжовы Лог -* Чырвоны Лог (Добр.), в. Манастыр – Саснавец (Петр.), в. Царкоўе – Саўгасная (Б.-К.).

У 70-ыя гады адзначаны адзіны выпадак перайменавання назваў указанай тэматыкі: в.Багуславец стала Грачыхіна (Хойн.). 9-га кастрычніка праваслаўныя святкуюць з’яўленне Сергію Раданежскаму Божай Маці ў суправаджэнні апосталаў Пятра і Іаана Багаслова ( у народзе -свята Багуслаў). Аднак найменне хутчэй за ўсё атрапанімічнага паходжання, ад слав, імя Багуслаў ‘слава Богу’, суфікс -ец мае значэнне прыналежнасці.

Але пайсці на поўнае вынішчэнне такіх онімаў мясцовыя ўлады не адважыліся. Відаць, толькі дзякуючы гэтаму факту і па сённяшні дзень у тапаніміі Гомельшчыны жывуць айконімы рэлігійнага зместу. Настаў час вярнуць і страчаныя найкаштоўныя моўныя гістарычныя помнікі роднай зямлі.

Спіс умоўных скарачэнняў

Акц. – Акцябрскі раён, бал. – балота, Бр. – Брагінскі раён, Б.-К. – Буда- Кашалёўскі раён, в- веска, Ветк. – Веткаўскі раен. воз. – возера, Гом. – Гомельскі раен, Добр. – Добрушскі раён, Е. – Ельскі раён, Жл. -Жлобінскі раён, Жыгк. – Жыткавіцкі раён, К. – Калінкавіцкі раён, Карм. -Кармянскі раён, Лельч. – Лельчыцкі раён, Л. – Лоеўскі раён, Маз. – Мазырскі раён, Нар. – Нараўлянскі раён, п. – пасёлак, Петр. Петрыкаўскі раён, Раг. – Рагачоўскі раён, Рэч. – Рэчыцкі раён, Св. – Светлагорскі раён, X. – Хойніцкі раён, Чач. – Чачэрскі раён.

Літаратура

  1. Багамольнікава НА., Станкевіч А.А. Айканімія Гомельшчыны: Слоўнік / Н.А.Багамольнікава, А А.Станкевіч. Навук. Рэд. В.П.Лемцюгова. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2003
  2. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік (С.Санько, Т Валодзіна, У.Васілевіч і інш.) – Мн : Беларусь, 2004
  3. Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белорусии – Мн.: Издательство БГУ им. В.И.Ленина, 1974.
  4. Ляўкоў Э.А. Маўклівых сведкі мінуўшчыны. – Мн.: Навука і тэхніка, 1992. .
  5. Памяць Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 1997
  6. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна / БелЭн; Рэдкал.: М А Ткачоў (гал. рэд.) і інш – Мн.:БелЭн, 1993.
  7. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-і т./ Пад гал. рэд. К.К.Атраховіча 1 (Кандрата Крапівы). – Мн.: Г ал. рэд. БелСЭ, 1977 – Т.2, І982 – Т.5. Кн. 1.


Аўтар:
Н.А. Багамольнікава
Крыніца: Тураўскія чытанні: Матэрыялы Рэспублікаскай навукова-практычнай канферэнцыі (Гомель, 4 верасня 2004 г.) / Адк. рэд. У.І. Коваль. – Гомель: УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны», 2005. – 249 с. Ст. 52-56.