Духавенства Гомельшчыны ў кадравай палітыцы маскоўскага патрыярхату (другая палова 1940-х — пачатак 1950-х гг.)

0
875
Духавенства Гомельшчыны ў кадравай палітыцы Маскоўскага патрыярхата

Пэўная лібералізацыя дзяржаўна-канфесійных адносін і аднаўленне царкоўна-прыходскага жыцця ў СССР пасля Вялікай Айчыннай вайны вымагалі ад Маскоўскага патрыярхату не толькі дбання аб узнаўленні храмаў і спрыяння працэсам гуртавання абшчын вернікаў, але і вырашэння складанай праблемы забеспячэння прыходаў кадрамі свяшчэннаслужыцеляў. Ва ўсіх прыходах катастарафічна не хапала святароў і жадаючах прыняць духоўны сан, што было натуральнай з’явай у атэістычнай краіне пасля жорсткіх рэпрэсій даваеннага часу. На Гомельшчыне, як і паўсюль на Беларусі, сітуацыя ўскладнялася яшчэ і наяўнасцю кадравых дэфармацый, адэкватных кантэксту даваенных пераўтварэнняў і наступстваў нямецкай акупацыі.

Сярод перадумоў, істотна паўплываўшых на фармаванне складу мясцовага духавенства ў пасляваенны час, неабходна адзначыць наступныя. Так, менавіта ў БССР ў 1930-я гг. знішчэнне духавенства як сацыяльнай і прафесійнай групы, прадстаўнікі якой паводле савецкай дзяржаўнай ідэалагічнай дактрыны лічыліся “класава варожымі элементамі”, реалізоўвалася найбольш актыўна і мэтанакіравана. Як вынік — да пачатку 1939 года ў рэспубліцы фактычна ўсё духавенства было альбо рэпрэсавана, альбо, не вытрымаўшы моцнага ўціску, эмігрыравала ці “мімікрыравала” дзеля самазахавання.

Але ўжо ў верасні таго ж году моцны ўдар па гэткай штучнай манапалярнасці нанесла ўключэнне ў склад БССР Заходняй Беларусі, на тэрыторыі якой усе канфесіі, у тым ліку і праваслаўная, не зважаючы на прыярытэтнае стаўленне польскіх улад да каталіцызму, знаходзіліся ў добрым арганізацыйным стане. Падрыхтоўка праваслаўных святароў тут вялася на тэалагічным факультэце Варшаўскага універсітэта і ў двух духоўных семінарыях — у Вільне і ў Крамянцы. Такім чынам, Маскоўскі патрыярхат аднамаментна атрымаў на Беларусі ў падпарадкаванне 542 дзеючых храма і 606 святароў [1; С.320], прычым святароў не малаадукаваных і маральна прыніжаных, а дасведчаных і перакананых. За два гады да пачатку Вялікай Айчыннай вайны савецкія карныя органы паспелі арыштаваць i выслаць за межы БССР толькі 53 святароў-“заходнікаў” [2; С.96].

З пачаткам нямецкай акупацыі прызначэнне духавенства ў беларускіх епархіях выйшла з-пад кантролю іерархаў Рускай праваслаўнай царквы i набыло летам 1941 г. статусную і арганізацыйную трохвектарнасць. Святароў пачалі прызначаць з аднога боку — былы асабісты сакратар архіепіскапа Віленскага Феадосія (Феадосьева) іераманах Уладзімір (Фінькоўскі), які прыбыў у Мінск разам з акупацыйнымі войскамі; з другога — архіепіскап Калінінскі Васіль (Ратміраў), які па загаду НКУС пад выглядам святароў засылаў на акупаваную немцамі тэрыторыю чэкістаў. Трэцюю групу місіянераў складалі архімандтрыт Серафім (Шахмуць) і айцец Рыгор (Кударанка), якія па благаславенню архіепіскапа Гродзенскага Панцеляймона (Ражноўскага), будучага мітрапаліта Мінскага і ўсея Беларусі, павінны былі спрыяць аднаўленню царкоўна-прыходскага жыцця на месцах [2; С. 103-106,124, 3; С.13].

Мітрапаліт Панцеляймон, пасля афіцыйнага прызнання яго нямецкімі ўладамі главой Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, дамогся пераводу айца Уладзіміра (Фінькоўскага) з Беларусі [2; С.106], але поўнасцю кантраляваць прызначэнне духавенства ва ўмовах ваеннага часу ён не меў магчымасці.

За гады акупацыі ва Усходняй Беларусі ў сан святара было ўзведзена 213 чалавек [2; С.121], і, як бачна на прыюіадзе складу духавенства Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці, большасць з іх былі мясцовымі жыхарамі, знаходзіліся ў сваіх прыходах весь перыяд акупацыі і засталіся выконваць рэлігійныя абрады пасля вызвалення Беларусі [4; С.235]. Усе яны ў другой палове 1940-х — пачатку 1950-х гг. перайшлі пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхата і ва ўмовах складвання ў СССР новай сістэмы дзяржаўна-канфесійных адносін павінны былі не толькі атрымаць прызначэнне ад мітрапаліта, але і прайсці рэгістрацыю ў дзяржаўных органах.

Трэба адзначыць, што ў першыя пасляваенныя гады дзяржаўная рэгістрацыя духавенства праводзілася без перашкод, нягледзячы на тое, што святары, якія сумленна абралі шлях царкоўнага служэння ва ўмовах нямецка-фашысцкай акупацыі лічыліся недастаткова лаяльнымі і некаторыя з іх пазней былі асуджаны па абвінавачаннях у супрацоўніцтве з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Пры гэтым сярод арыштаваных святароў аказаліся нават і тыя, хто дапамагаў партызанам у іх барацьбе з акупантамі [1; С.320, 2; С.123].

Сапраўднай прычынай праведзення арыштаў была актыўная пазіцыя святароў пры наладжванні прыходскага жыцця ў пасляваеннай Беларусі, у той час як ад духавенства найперш патрабавалася абавязковасць падтрымання status quo ва ўзаемаадносінах з дзяржаўнымі структурамі, падначаленне ўстаноўленаму парадку, арганізаванасць і ўзгодненасць дзеянняў святароў як ва ўнутрыцаркоўным, так і ў знешнім жыцці. Таму летам 1946 г., калі па Гомельшчыне пракацілася хваля масавага “абнаўлення” абразоў (40 выпадкаў за 10 дзён), якая выклікала рост рэлігійных настрояў сярод насельніцтва, адпаведныя меры з боку савецкіх улад былі прыняты неадкладна. За падтрымку несанкцыяванага і залішне масавага рэлігійнага руху Гомельскі благачынны протаіерэй М.П. Крот атрымаў царкоўна-адміністрацыйнае спагнанне і быў выдалены за межы горада, а святар Валодзька з Чачэрскага раёну — заўвагу епархіяльнай камісіі. Увогуле камісія, каб адвесці абвінавачанні ад прыходскага духавенства, зацвердзіла, што ініцыятарамі гэтай “антыдзяржаўнай і антыцаркоўнай справы” хутчэй за ўсё былі “духоўныя” асобы, якія не прызнаюць іерархіі Рускай праваслаўнай царквы і апазіцыйна да яе адносяцца [5; Л.22-25 зв.].

Выкрыццё і забарона дзейнасці незарэгістраваных святароў ў другой палове 1940-х — пачатку 1950-х гг. ажыццяўляліся сумеснымі намаганнямі савецкіх і царкоўных улад, галоўным чынам дзеля спынення выпадкаў ўхілення асобных прадстаўнікоў духавенства ад падаткаў. Па дадзеных упаўнаважанага Савета па справах РПЦ у 1949 г. ў Гомельскай вобласці незаконна адпраўлялі рэлігійныя абрады і атрымоўвалі за гэта грошы 8 чалавек: манашка Ганна ў в. Буда Стрэшінскага раёна, Дзям’ян у в. Прыбутак, Кручкоў П.С. у в. Папаратнае, Васільцова I. і Грыцкова Д. ва Ўваравічах, Ягор Невідушчы ў в.Стаўбун Свяцілавічскага раёна, невядомая манашка ў в. Неглюбка і заштатны святар Камнеў з Гомеля [5; Л.6].

Замена “несумленных” і “неблаганадзейных” святароў не магла адбыцца без адкрыцця духоўных навучальных устаноў у СССР, таму яшчэ ў 1945 г., у адпаведнасці з пастановай СНК СССР № 511-1471С, Маскоўскай патрыярхіі было дазволена арганізаваць у Жыровіцах багаслоўскія курсы з двухгадовым тэрмінам навучання для 25-40 чалавек. Праўда, арганізацыю духоўнай школы царкоўныя ўлады даручылі не зусім благанадзейнаму чалавеку — выпускніку Віленскай духоўнай семінарыі, “заходніку” Віталю Баравому. Але яго місія не была ажыццяўлена ў поўным аб’ёме — для першага набору знайшлося толькі 12 чалавек і тыя ўсе сталага ўзросту. У 1947 годзе курсы былі рэарганізаваны ў семінарыю з чатырохгадовым тэрмінам навучання, адначасова была ліквідавана Віленская духоўная семінарыя, а 20 яе выхаванцаў пераведзены ў Жыровіцы. У 1947 г. у семінарыю было набрана 67 чалавек, у наступныя гады набіралі ў сярэднім па 40 навучэнцаў, але да выпуска кожны год даходзіла прыкладна па 25 чалавек [6; С. 146-147].

Зразумела, што дадзеныя тэмпы падрыхтоўкі не маглі задаволіць патрэбу ў сотнях прыходскіх святароў, якіх не хапала па ўсёй Беларусі. У 1948 г. на 1050 цэркваў і малітоўных дамоў прыходзілася толькі 778 святароў і каб папоўніць кадры духавенства, архіепіскап Мінскі і ўсея Беларусі Піцірым быў вымушаны ўзводзіць у святарскі сан асоб, якія не мелі багаслоўскай адукацыі. Таму сярод 255 чалавек, якія атрымалі сан святара ў 1945-1953 гг., толькі 72 былі выпускнікамі Жыровіцкай семінарыі. Па стану на 1949 г. толькі адзін з іх служыў у прыходзе на тэрыторыі Гомельскай вобласці [8; С.237-238, 7;Л.З].

Адсутнасць у прыходзе на працягу года свяшчэннаслужыцеля лічылася падставай для зняцця царкоўнай абшчыны з рэгістрацыі. Па гэтай прычыне ў перыяд з 1948 па 1953 гады ў БССР было закрыта 87 цэркваў, з іх 53 — ва ўсходніх раёнах, у тым ліку 16 — на Гомелынчыне [8; С.238. 5; Л.10, 9; Л.134]. Нярэдка ліквідацыя рэлігійных кропак, як, напрыклад, закрыццё малітоўнага дома ў с. Артукі Рэчыцкага раёна ў красавіку 1949 г., суправаджалася накіраваннем святарамі і вернікамі шматлікіх прашэнняў і скаргаў на імя патрыярха і ў Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы пры Савеце міністраў СССР [10; Л.6,7-11,19-29]. У адказ Савет накіроўваў ўпаўнаважанаму сустрэчныя патрабаванні як мага хутчэй выканаць рашэнні аб ліквідацыі вызначаных малітоўных дамоў. Афіцыйна ж зняцце абшчын з рэгістрацыі тлумачылася непрыязнымі адносінамі насельніцтва да духавенства і нежаданнем арэндаваць памяшканні пад малітоўныя будынкі [11; Л.9].

Вялікая цякучасць кадраў духавенства ў першую чаргу сталася вынікам штогадовых перамяшчэнняў святароў з прыхода ў прыход. Напрыклад, у Свята-Троіцкую царкву в. Заспа Рэчыцкага раёна ў 1945 г. настаяцелем быў прызначаны Мекчанка А.І., у 1946 г. — Калеснікаў І.Н., у 1947 г. — Быбаў М., у 1948 г. — Пазняк Г., у 1949 г. — Барсук Л.М., у 1950 г. — Басякоў А. [12; Л.4,5,8,9,22,23,26]. Пры гэтым Быбаў М. у 1947 г. да Заспы так i не даехаў і ў прыход быў вернуты Калеснікаў І.Н., які ў сваю чаргу не даехаў да месца свайго новага прызначэння ў с. Дуброўка Церахоўскага раёна. У рэшце рэшт Дубровенская царква так i засталася без святара i была знята з рэгістрацыі ў 1949 г. як не дзеючая [12; Л.7,9, 5; Л.4]. Вынікам перавядзення архіепіскапам у 1949 г. святара Барсука Л.М. з прыхода ў в. Свірыдавічы ў Заспенскі прыход, стала закрыццё ў 1950 г. савецкімі органамі Свірыдавічскай царквы з-за адсутнасці ў ёй багаслужэнняў [13; Л. 16]. Падобнымі ратацыямі епархіяльнае кіраўніцтва вырашала дзве задачы: па-першае, мацнейшыя прыходы выратоўваліся за кошт слабейшых; па-другое, значная частка прыходскага духавенства захоўвала ў адносінах з вернікамі дыстанцыю “настаяцель-прыхаджанін”, не паспяваючы завесці сталыя адносіны з мясцовым насельніцтвам.

З 1948 г. пачаўся энергічны працэс канфіскацыі культавых будынкаў, занятых вернікамі падчас акупацыі, і іх пераабсталяванне пад школы, клубы і гаспадарчыя памяшканні. Што датычыцца духавенства, то па дадзеным упаўнаважанага за першы квартал 1949 г., у яго складзе працягвалі пераважаць тыя, хто быў пасвечаны ў сан святара з 1941 па 1945 гг. (23 чалавекі з 56), а найменыную колькасць складалі пасвечаныя ў сан пасля 1945 г. (2 чалавекі). Па ўзросту пераважалі асобы, старэйшыя за 55 гадоў (48 чалавек), па адукацыі — тыя, хто скончыў толькі пачатковую школу (31 чалавек). За другі квартал 1949 году істотных якасных змен у складзе духавенства Гомельшчыны не адбылося, але колькасць храмаў скарацілася з 61 да 55 (у першым квартале 1950 г. — да 50), колькасць духавенства — з 56 да 50 чалавек. Прычынай скарачэння колькасці святароў названы ўнутрыцаркоўныя кадравыя перастаноўкі [5; Л. 10,11,15,17,18, 7; Л.1]. У справаздачы за 1949 г. упаўнаважаным адзначалася, што ў шэрагу прыходах святары зняты з працы архіепіскапам, а новыя на іх месцы так i не прызначаны [14; Л. 1].

Матывуючы перамяшчэнне духавенства недахопам кадраў, кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы пачало прызначаць ва ўсходнебеларускія прыходы, у тым ліку і ў прыходы на Гомельшчыне, святароў з заходніх раёнаў Беларусі. У пачатку 1949 г. на терыторыі Гомельскай вобласці вялі багаслужэнні 5 святароў, якія атрымалі багаслоўскую адукацыю ў Польшчы [5; Л.5]. Але ў 1953 г. дзяржаўныя органы безапеляцыйна запатрабавалі забароны гэткіх кадравых перастановак. У далейшым скарачэнне праваслаўных храмаў на Гомельшчыне адбывалася таксама і па прычыне нерэгістрацыі ў прыходах святароў-“заходнікаў” [8; С.239-241].

Такім чынам, духавенства на Гомельшчыне ў другой палове 1940-х — пачатку 1950-х гг. з’яўлялася неаднароднай i мясцовазарыентаванай канфесійнай групай. Перамяшчэнні святароў у гэты час адбываліся ў асноўным у межах аднаго благачыння i не мелі татальнага характару. Маскоўскі патрыярхат нават не імкнуўся да кардынальных замен у яго складзе, не маючы для гэтага дастатковых кадравых рэсурсаў. Мясцовыя святары свае функцыі выконвалі, а дзейнасць духавенства, якая не ўкладвалася ў вызначаныя дзяржавай рамкі і павінна была абмяжоўвацца царкоўнымі ўладамі, каралася, каб не выклікаць рэпрэсіўных мер з боку савецкіх органаў, але не жорстка. Напрыклад, протаіерэй М.П. Крот згодна з пастановай епархіяльнай камісіі па справе аб “абнаўленні” абразоў у 1948 г. быў перамешчаны з Гомеля на службу ў Рэчыцу, але ў канцы 1949 г. зноў вернуты ў Гомель, дзе распачаў яшчэ больш актыўную арганізацыйную працу, нават спрабуючы скарэктаваць у патрэбным накірунку работу ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ па Гомельскай вобласці [10; Л.18, 14; Л.3]. Не столькі царкоўныя ўлады, як палітыка партыі, кантралюючая дзейнасць органаў МУС і ўпаўнаважанага вызначалі дынаміку колькасці духавенства і ўплывалі на яго склад.

Літаратура

  1. Галенчанка, Г. Духавенства / Г. Галенчанка, В. Грыгор’ева, А. Філатава, Т. Процька // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Т. 3 / Беларус.энцыкл.; Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 315-321.
  2. Кривонос, Феодор (священник). Белорусская Православная церковь в XX столетии : спецкурс лекций для Минской Духовной Семинарии / священник Феодор Кривонос. — Мн. : ВРАТА, 2008. — 255 с.
  3. Грыцкевіч, А. Праваслаўная царква ў Беларусі ў гады Вялікай Айчынная вайны / А. Грыцкевіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 2006. — №5.-С. 12-17.
  4. Савчик, Е. Конфессиональная жизнь Речицкого региона в первые послевоенные годы (по официальным документам) / Е. Савчик // Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (14-15 лістапада 2007 г., Рэчыца) : у 2 ч. Ч. 2 : Рэчыца ў часе і прасторы : 795 год заснавання горада / В. М. Лебедзева (адк. рэд.) [і інш.]. -Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. — С. 230 — 238.
  5. Інфармацыйныя справаздачы аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы пры Савеце міністраў СССР па Гомельскай вобласці 21.01.1949 — 30.11.1949 // Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднаняў Гомельскай вобласці (далей — ДАГАГВ). — Ф.144. — Воп. 60. — Спр.8.
  6. Пальчевский, А. И. Первое возрождение Минской духовной семинарии в послевоенные годы (1945-1963 гг.) / А. И. Пальчевский // Беларусь: государство, религия, общество : материалы Междунар. науч.-практ. конф. (Минск-Жировичи, 7.06.2007 г.) / Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории, Минск, духовн. академ. им. Святителя Кирилла Туровского ; редкол. : протоиерей В. Антоник [и др.]. — Мн. : Белорус, наука, 2008. — С.146-150.
  7. Інфармацыйныя справаздачы аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы 31.03.1950 — 30.10.1950 // ДАГАГВ. — Ф. 144. — Воп. 60. — Спр. 14.
  8. Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.) / В. Грыгор’ева, У. М. Завальнюк, У. I. Навіцкі, А. М. Філатава; Навук. рэд. У. I. Навіцкі. — Мн.: ВП “Экаперспектыва”, 1998. — 340 с.
  9. Інфармацыйныя справаздачы аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы за 1953 г. // ДАГАГВ. — Ф. 144. — Воп. 60. — Спр. 77.
  10. Регістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны ў с.Артукі Рэчыцкага раёна // Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (далей — ДАГВ).— Ф. 3441. — Воп. 3. — Спр. 8.
  11. Даведка ўпаўнаважанага Савета па справах Рускай праваслаўнай царквы 20.10.1949 г. // ДАГАГВ. — Ф. 144. — Воп. 60. — Спр. 7.
  12. Регістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны Свята-Троіцкай царквы в.Заспа Рэчыцкага раёна // ДАГВ. — Ф. 3441. — Воп. 3. — Спр. 25.
  13. Регістрацыйная справа рэлігійнай абшчыны Свята-Успенскай царквы в.Свірыдавічы Рэчыцкага раёна // ДАГВ. — Ф. 3441. — Воп. 3. — Спр. 9.
  14. Інфармацыйная справаздача аб рабоце ўпаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы за 1949 г. // ДАГАГВ. — Ф. 144. — Воп. 34. — Спр. 47.


Аўтар:
К.В. Саўчык
Крыніца:
Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы: материалы II международной научной конференции (Гомель, 9-10 октября 2008 г.): Гомельский гос. ун-т; редкол.: Г.Г. Лазько (гл. ред.) [и др.]. Гомель: ГГУ имени Ф. Скорины, 2008. Ст. 316-322