«Дрэва шукаюць, як жонку». Фінансавы аналітык зь Менску адраджае бортніцтва на Гомельшчыне

0
197
Іван Осіпаў адраджае бортніцтва на Гомельшчыне

Пачуць песьню пчол і ўпэўніцца, што ў лесе завёўся мядзьведзь, — дзьве мары менчука Івана Осіпава. Ён захварэў на бортніцтва каля дзясятка год таму. Цяпер лазіць на 11-мэтровую вышыню даглядаць калоды, якія важаць пад 100 кіляграмаў. Дзелячы час між Лоеўскім раёнам і сталіцай, ён падкрэсьлівае: бортнік можа застацца бязь мёду, бортніцтва — лад жыцьця.

«Апошні ў вёсцы бортнік загінуў у 30-х»

Іван Осіпаў — стылёвы мужчына 33 год, які працуе эканамістам у кансалтынгавай кампаніі. Ён праводзіць аналіз рынкаў і рыхтуе дакумэнты для беларускіх бізнэсаў і замежных інвэстараў. У той жа час Іван Осіпаў — бортнік, нашчадак традыцыі, якая зьнікае, і цэлай філязофіі стасункаў з прыродай.

Гісторыя пачалася ў дзяцінстве, калі дзед і бацька вучылі слухаць лес і разумець яго мову.

«Вока сочыць за кожнай зьменай — гэта ў мяне засталося ад вёскі: ляціць голуб у горадзе — я адхіснуся ад яго. Паляцела незнаёмая птушка — і ты ловіш яе ў небе, пабегла вавёрка — і вока ўжо там… Бо і ў лесе ты слухаеш усё, ловіш кожны трэск», — кажа ён.

Пра бортніцтва Іван даведаўся, калі падлеткам запісваў у роднай вёсцы прыказкі, прымаўкі і паданьні, вывучаў кожны лапік зямлі. Расказвалі і пра бортнікаў, а ён шукаў у сваёй і вакольных вёсках іх сьляды.

Іван Осіпаў адраджае бортніцтва ў Гомельскай вобласці«Я заўважыў, што хоць вакол ёсьць лес і дзікія пчолы, але калодаў там не захавалася, — кажа Іван. — Аказалася, што я іх не застаў: апошні ў нашай вёсцы спадчынны традыцыйны бортнік загінуў у 30-х гадах. Апошнія дзьве калоды спалілі 2–3 гады таму».

Цяпер у лесе зьявіліся новыя — іх павесіў ужо сам Іван. Рамяство займае амаль увесь вольны час: ці ён выдзёўбвае калоды, ці пляце лязіва — прыладу для мацаваньня на дрэве, ці ходзіць па лесе, шукаючы добрае месца для пчол. Рэгулярна езьдзіць за 300 кілямэтраў — у вёсцы ў Лоеўскім раёне дзедава сядзіба.

Ужо 12 гадоў, са студэнцтва, Іван Осіпаў вядзе этнаграфічныя дасьледаваньні.

«Я не адзін год раблю публікацыі, знаходжу здымкі і відэафільмы — напрыклад, фільм 1939 году, зьняты польскімі навукоўцамі ля Гарадзенскай пушчы. Ён адзін такі, называецца «Бортніцтва», — кажа Іван Осіпаў.

У рамястве яго найбольш захапляе праца пчалы і азарт «дамовіцца» зь ёй і пасяліць у калодзе. А найвялікшая мара — пачуць песьню пчол, якую, згодна з гісторыкамі бортніцтва, матка сьпявае ўвечары сваім пчолам, калі яны не вяртаюцца.

Пчала і кветкаКаб шырыць рамяство, Осіпаў заснаваў «Братэрства босых бортнікаў», ён і сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Музыку слухае — ад нэафолку да традыцыйных сьпеваў і мэталу, часам глядзіць фільмы. Але гэта рэдка.

Каб мёду зьесьці, трэба залезьці разоў дзьвесьце

Бортніцтвам не зарабляюць — вось галоўнае, што трэба ведаць. Гэты традыцыйны занятак забірае ўвесь час, які яму аддаюць, але бортнік можа застацца бязь мёду. Найперш ён не зьбірае мёд, а даглядае пчол.

«Людзі кажуць: „Я таго мёду ня ем. Вазьму, калі пчолы дадуць лішкі“, — пераказвае Іван здабыткі этнаграфічных экспэдыцый. Бортнік мусіць абараняць калоды і пчол ад шкоднікаў, папраўляць іх на дрэве, сачыць, каб калода не прагніла і ня лопнула.

Іван Осіпаў на дрэве і адраджае бортніцтва„Кажуць: каб мёду есьці, трэба залезьці разоў дзьвесьце і зьлезьці разоў дзьвесьце. Падняцца, паглядзець, вярнуцца па патрэбныя прылады, залезьці назад. За дзень пасьпееш дагледзець да 6 калод, калі хто спрактыкаваны — 10. А іх у бортніка можа быць і 40, і нават 80, зь іх заселеныя 10–20, — кажа Іван. — Бывае, залазіш і бачыш: можна ўзяць 30 грамаў — і пакідаеш іх пчале. Таму традыцыйных бортнікаў часам завуць дзівакамі. Але я б сказаў, што гэта ганаровы занятак, цэлы стыль жыцьця“.

Першую калоду засялілі павукі і восы

Для вырабу борцяў існуе адмысловая тэхналёгія, але важна найперш пераадолець свой пэрфэкцыянізм і набрацца цярпеньня.

„Рабіць калоду складана, бо працуеш як сапёр — ты ня можаш прапусьціць лішнюю дзірку ці трэшчыну. Спрабуючы зрабіць усё ідэальна, я 5 гадоў ня мог узяцца. Але потым трапіў у экспэдыцыю і пачаў навучацца ў спадчыннага бортніка“, — кажа Осіпаў. — У выніку маю першую калоду зрабіў ня я, а прырода. Знайшлася сасна, сарцавіна якой была гнілая і выпала. Я толькі зрабіў дошкі зьверху ды зьнізу і павесіў».

Калоду вешалі чатыры чалавекі: падымалі вагу каля 100 кіляграмаў на вышыню 5 мэтраў. Побач акурат жылі дзікія пчолы. Ім хатка не спадабалася, і ў выніку калоду засялілі восы ды павукі. Увосень тую калоду будуць скідаць.

Бортніцтва — працэс, у якім чалавек не ўплывае амаль ні на што, хіба знойдзе добрае дрэва.

«Правільнае дрэва шукаюць, як жонку: яно павінна вылучацца сярод іншых. Таварная драўніна, роўнае дрэва ў парку не падыдуць. Падыходзіць кучаравае, няроўнае, зь вялікімі галінамі. Падыдзе толькі той лес, дзе ёсьць дрэвы з натуральным дуплом, дзе дрэвам і па 50, і па 100 год», — кажа Іван.

Паводле яго, моналес, у якім адна сасна, для нашых мясьцін ненатуральны і ня так пасуе для пчол.

«Нешта вырасла, струхнела, упала — гэта было б лепш. У натуральным лесе больш расьлін, у тым ліку меданосаў».

Іван Осіпаў і бортніцтваНайбольш бортнікаў — на Палесьсі

Бортніцтва — вядомы з V—VІ стагоддзяў промысел, які ў Беларусі зьнікае. Раней гэтым займаліся ледзь ня ў кожнай вёсцы, але вайна і ўрбанізацыя скарацілі колькасьць бортнікаў.

«Традыцыйныя ўменьні і веды звычайна перадаюцца сыну альбо ўнуку ад дзеда. Часам сын кажа, што яму нецікава, што ён зьяжджае ў горад», — заўважае Іван Осіпаў.

Але ў некаторых вёсках маладыя застаюцца і навучаюцца з 12–13 гадоў. У экспэдыцыях, дажыўшы гадоў да 40, яны кажуць: «Як быў малады, мне было гэта нецікава». Бортнікаў можна сустрэць на Браславах ці Віцебшчыне, у Горадзенскім краі ды іншых рэгіёнах, але не па ўсёй Беларусі. Найлепш рамяство захавалася на Палесьсі: там гэтым займаюцца цэлыя вёскі.

Іван Осіпаў нясе інструменты для бортніцтва«На вёску ў 4000 чалавек можна быць і 20–30 бортнікаў, і 100 — цэлыя сем’і. А ёсьць вёскі на 15 чалавек — і займаюцца ўсе, нават бязногія», — кажа Осіпаў.

На Палесьсі ад дзядоў ці нават прадзедаў да сучасных бортнікаў перайшлі нават інструмэнты. Лязіва, ці жэнь, — прылада са скуры ці вяроўкі з драўлянай часткай. Ёй бортнік фіксуе сябе, калі залазіць на дрэва, і там жа вісіць, гайдаючыся, як на арэлях. Такія прылады шчыльна даглядаюць, чысьцяць і прамазваюць дзёгцем.

Звычаёвае права захавалася з часоў ВКЛ

«Я б сказаў, што традыцыя жывая і захоўваецца, хоць не па ўсёй Беларусі. Але амаль зьнікла супольнасьць — а гэта цэлы сьвет. У ёй існуе, напрыклад, звычаёвае права, якое было прапісана яшчэ ў статуце ВКЛ, але засталося між людзей», — кажа суразмоўца.

Бортнік не павінен браць чужога: нават калі стары памёр і не перадаў нікому калоду, то іншы яе не кране, калода ўпадзе і згніе. Нішчыцеля пчол — пчаладзёра — лічылі такім злодзеем, нібы ён забіў чалавека, а пчалу называлі Богавай істотай.

«Яшчэ адзін са звычаяў — частаваць таго, каго сустрэў па дарозе зь лесу зь мёдам. Кажуць: „Гэта ня я сабраў, а сабрала пчала, я забраў у яе і мушу падзяліцца. Гэта належыць усім“. Мінак, у сваю чаргу, ня можа адмовіцца», — расказвае бортнік.

Звычаёвае права, лічыць Осіпаў, мае сваё месца ў сучасным сьвеце. Гэта як унутраны кодэкс чалавека, што абавязвае быць працавітым, сьмелым і не рабіць шкоды: ня кідаць сьмецьце і зьбіраць асобна паперу і плястык.

«Звычаёвае права нам не перадавалі такім — у дзядоў не было плястыку — але яны навучылі нас паводзіць сябе».

У чым сучасны сэнс бортніцтва

Самае складанае пытаньне — пра месца бортніцтва ў сучасным сьвеце. Адраджэньнем і вывучэньнем промыслу займаюцца маладыя палякі, ва Ўкраіне і Башкірыі ёсьць спадчынныя бортнікі, у башкірскім заказьніку «Шульган Таш» яны нават атрымліваюць грошы за гэта. Бортніцтва ўсё яшчэ лясны промысел, але ўжо ня форма дзейнасьці супольнасьці, як 100 год таму.

У час, калі 70–80% людзей жыве ў гарадах, бортніцтва набывае рысы экалягічнага занятку, больш зьвязанага з падтрымкай біяразнастайнасьці, чым атрыманьнем прадукту.

Мёд і соты«Бортнікі ў свой час засялілі Палескі запаведнік чорнымі бусламі. Як? Дах іхніх калодаў птушкі выкарыстоўвалі для сваіх гнёздаў. Другі прыклад — пчала павышае прадукцыйнасьць лесу на 10–15%, бо яна там галоўны апыляльнік і фармуе больш трывалае насеньне, яна дапамагае лесу», — тлумачыць Іван Осіпаў.

Адна з мараў пчаляра зьвязаная зь біяразнастайнасьцю: у лесе павінен зьявіцца мядзьведзь — ён галоўны гаспадар.

«Гэта і будзе пунктам, калі можна сказаць, што ёсьць гармонія», — кажа мужчына.

Другая важная функцыя бортніцтва — дапамагаць людзям шукаць тую гармонію. Жыць прыроднымі працэсамі, зьвяртаць увагу на ўзаемадачыненьні расьлін і жывёл.

Каб падкрэсьліць каштоўнасьць бортніцтва, у 2017 годзе яго прызналі элемэнтам нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, сёньня ідзе праца па ўключэньні ляснога бортніцтва ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Калі прымуць станоўчае рашэньне, то гэта будзе вялікі крок наперад для захаваньня традыцый бортніцтва — у гэтым Іван упэўнены.