“Ведаеш, што ёсць добрае ў пустыні?
Дзесьці тут прыхаваны крыніцы”
А. дэ Сэнт-Экзюперы
Шумныя вуліцы, цесныя гарады, паветра, прасмаленае дымам… Так, менавіта гэтакім чынам малюецца пейзаж горада.
Ці павінна заставацца месца ў гэтым пейзажы для старога горада? Ці могуць прэтэндаваць старыя хаты стаяць побач з шматпавярховымі дамамі новага ўзору? Пытанням падобнага кшталту былі прысвечаны чарговыя “Аксамітныя чытанні”, што ладзіліся 21 кастрычніка ў Музеі гісторыі горада Гомеля.
“Аксамітныя чытанні” – традыцыйныя творчыя чытанні, якія ўжо больш за 10 гадоў ладзіць у Гомелі кампанія вольных мастакоў “Магілка” і рэдакцыя газеты “Аксамітны жах”. Гэты раз у межах тэмы “Структура горада” было разгледзена пытанне “Творчасць у горадзе, горад у творчасці”. Нездарма і выбар месца для чытанняў прыпаў на Музей гісторыі горада Гомеля, паколькі, па словах навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава Андрэя Валер’евіча Скідана, дадзены музей з’яўляецца не толькі плошчай для экспанавання, але і цэнтрам канцэнтрацыі творчых сіл горада.
Уласна кажучы, з чаго ж усё пачыналася? Супрацоўніца музея правяла невялічкі экскурс па сусветнай гісторыі. Своеасаблівую эвалюцыю, як аказалася, перажылі ўяўленні аб горадзе ў старажытным Рыме. Спачатку жыхароў гарадоў вылучалі з раду іншых, надаючы ім статус цывілізаваных. Пасля горад становіцца месцам, дзе дазваляецца дыхаць, далейшае развіццё ўмоў пражывання акрамя таго дазволіла жыхарам жыць камфортна і разам з тым цікава.
Як заўважыў Андрэй Валер’евіч Скідан, “горад – не толькі прастора для камфортнага жыцця, гэта яшчэ і пытанне ментальнасці, духоўнага стану. Горад – істота, спараджэнне нашага розуму і існасці. Тым не менш горад у адначассе можа перастаць быць утульным і пачаць дыктаваць свае ўмовы, хаця мы і маніпуліруем ім, прымаючы за жывы арганізм”.
Станоўчай рысай пустыні з’яўляюцца крыніцы, што там непасрэдна і прыхаваліся. Своеасаблівым аазісам горада з’яўляюцца кварталы так называемага старога горада, старога месца. Як паказвае распачатая ў газеце “Гомельская праўда” і працягнутая ў абсягах інтэрнэту дыскусія пра вартасць захавання старога горада, пытанне гэта надзвычай вострае, кваліфікуецца нават як цэнтральны нерв.
Гісторык архітэктуры Яўген Раманавіч Малікаў заўважыў, што захаванне старога месца ў горадзе – гэта толькі знешні бок справы. У сапраўднасці пытанне стаіць аб захаванні душы, менталітэту жыхароў. Так, бо менавіта “даследаванне горада – даследаванне самога сябе. Больш таго, каб даказаць неабходнасць захавання старога месца, патрэбна прывесці навуковыя доказы, якія з’яўляюцца больш пераканаўчымі за звычайныя эмоцыі і, такім чынам, пераўтвараюцца ў своеасаблівую разынку”. Але, як запэўнівае Яўген Раманавіч, гадоў праз 20 у Гомелі будзе стары драўляны горад у стылі 1950-1960-х гадоў.
Ледзь не першаступенную ролю займае нашае ўласнае адчуванне горада: наколькі мы ўкараняемся ў горад, настолькі з’яўляюцца актуальнымі нашы традыцыі адносна самога горада. “Няблага было б мець музей пад адкрытым небам (ды і горад майстроў не пашкодзіла б), што непасрэдна і ўвасобілася б у драўляным горадзе”, – выказвае прапанову Яўген Меркіс, старшыня Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыі “Талака”.
Чаму так важна захаванне старога горада? Па словах Андрэя Валер’евіча, “мы адбіваемся ў творчасці, і творчасць адбіваецца на тым, што мы робім”, г.зн. як мы ствараем шэдэўры, укладваючы туды саміх сябе непасрэдна, так і тое, чым мы займаемся, адбіваецца на нас. Горад таксама знаходзіцца ў ліку створаных намі шэдэўраў.
Да таго ж пытанне ўзуса закранае ў сваёй творчасці Вольга Раўчанка, паэт, перакладчык з раманскіх моў (іспанская, італьянская); прадставіў спробу рэфлексацыі пад назвай “Людзі на вуліцах” А.В. Скідан. Насамрэч, “як горад фарміруе чалавека, так і чалавек фарміруе горад, выварочваючы яго на свой капыл”. Як бачым, многае ў такім разе залежыць ад нас, у тым ліку і тое, што знаходзіцца побач. Будзем асцярожней. Памятаем: Дзяўчыне-эльфу лягчэй пырхаць у старым горадзе.
😉
Дзякуй арганізатарам за цікавую сустрэчу!
Аўтар: Марына Маркевіч