Некалькі стагоддзяў таму ўсё гэта здарылася. У тыя часы кіравала Расійскай імперыяй, а беларускія землі ўваходзілі ў яе склад, імператрыца Кацярына II. I вырашыла яна праехацца па сваёй дзяржаве ад мора да мора — ад Балтыйскага да Чорнага, паглядзець, як людзі жывуць, як выконваюцца яе загады, ці не парушае хто парадкаў. Загадала браць самыя дарагія карэты, запрагаць самых лепшых коней, ахову прыставіць шматлікую і з найлепшых палкоў.
— Будзе выканана, ваша вялікасць.
— А яшчэ. Папярэдзьце маіх сябровак ды фрэйлін, каб таксама збіраліся.
Крутнуліся найгалоўнейшыя міністры і паджгалі загады ніжэйшым слугам аддаваць, а што і выконваць, бо імператрыца магла раззлавацца, і тады некаму не знасіць галавы.
Час хутка ляцеў. Насіліся па слаўнаму Пецярбургу вершнікі ды ганцы ўсялякія, папярэджвалі асоб, якія павінны былі тэрмінова ў падарожжа збірацца:
— Глядзіце, каб не спазніліся! Па-першае, чакаць ніхто не будзе, а па-другое, пакаранне самае страшнае чакае!
Нарэшце настаў той дзень, калі царэўна выбіралася са сталіцы ў працяглае падарожжа. Што тут рабілася! Іграла музыка, маршыравалі салдаты, плакалі і спявалі, крычалі і абдымаліся. Гвалт быў, што падчас сусветнага патопу. Кацярына II выйшла з палаца і падалася, не спяшаючыся, да залачонай карэты. Народ радасна вітаў яе, а яна памахала рукой і ўселася на высокія падушкі. Потым пачуўся яе ўладны голас:
— Кранаемся!
З месца панесліся карэты, запрэжаныя сытымі, здаровымі коньмі, загучалі вайсковыя каманды, і ахова ды ганаровая варта таксама рушылі наперад.
Весела праходзіла падарожжа. Ведама ж, ехала не абыякая асоба, а сама імператрыца, таму ёй усюды наладжвалі пышныя ды ўрачыстыя сустрэчы і віншаванні, усюды прымалі як самага дарагога госця. Надакучыла гэта Кацярыне II, і яна выслала наперад вершнікаў сачыць за тым, каб ніхто не папярэджваў аб тым, што яна едзе да Чорнага мора.
Стала цішэй. Ніхто не чакаў, што царэўна прыедзе. Прымчыцца бясконцы поезд экіпажаў у горад ці ў мястэчка, а там улады п’юць, гуляюць, нікога не баючыся, нават не здагадваючыся, што іхняя ці то смерць, ці то ўзнагарода зусім побач стаіць. Як раззлуецца Кацярына II, як пачне загады суровыя аддаваць, то самі міністры ажно з перапуду зубамі ляскочуць, а пра астатніх ужо і гаварыць няма чаго. Толькі і прасіліся:
— Даруйце, ваша светласць. Д’ябал паблытаў.
— Не будзем болей.
— Не будзеце?
— Не, слёзна клянёмся!
— З клятвы вашай мала толку, я па-свойму зраблю. Гэй, слугі мае верныя!
— Мы тут!
— Дайце ім бізуноў па пяцьдзесят, ды такіх, каб вішчалі не сваімі галасамі!
Галасілі, вылі паны, круціліся пад бізунамі, але ўсё роўна радаваліся, што жыццё ім даравана.
Ехалі далей, і Кацярына II хмурнела:
— Нешта ціха надзвычай.
— Баяцца вас.
— То ніхто ж не ведае, што мы едзем?
— I то праўда.
— Даведайцеся і мне скажаце!
— Зараз зробім!
Рушылі ў розныя бакі верныя слугі, панеслі іх хуткія, нібы маланкі, коні. Сама валадарыня нецярпліва чакала. Нарэшце паказаліся коннікі.
— Ну?
— Аказваецца, тут такая штука…
— Якая?
— Ды ў іх ва ўсіх паселішчах амаль мужчын няма.
— А дзе ж яны?
— Людзі кажуць, што паны ўсіх у салдаты пааддавалі, а назад адтуль амаль ніхто не вяртаецца.
— А чаму ўсіх? Я ж так не загадвала?!
— Памешчыкі самі так рабілі.
— Дык тут, значыцца, Удоўск стаў?
— Так, ваша светласць.
З таго часу і пайшло паселішча Удоўск, а потым стала крыху іначай называцца — Доўск.
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А.М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 321-323.