“Добрая раніца настане…”Да 118-годдзя славутага беларуса Сяргея Палуяна

0
341
Партрэт Сяргея Палуяна

3 студзеня 2008 года спаўнілася 118 год з Дня нараджэньня знакамітага публіцыста Беларусі Сяргея Епіфанавіча Палуяна. Лёс гэтага чалавека вельмі трагічны і такі кароткі. Сяргей Палуян пражыў усяго 20 год, але яго вершы, роздумы сталі прароцкімі.

Кажуць, калі зьнікае вера, то сэрца ня здоляе перашкодзіць моцнай душэўнай болі, а што бывае, калі чэзьне надзея? Чэзьне надзея? Як можа памарнець надзея? Надзея – гэта вечны агеньчык у сэрцы кожнага чалавека, які вядзе, цягне чалавека ў цяжкую хвіліну на перад і  дае веру, што ў будучым ўсё будзе добра. Шмат каму яна выратавала лёс, паставіла на новы шлях жыцьця. Многія сьцвярджаюць, што надзея, як нейкая крынічанька халоднай абуджальнай вады, якая цячэ ў душы кожнага чалавека. Надзея як сэрца, бо жыць безь яго нельга, як і нельга жыць безь яе, такой неабходнай, як сонечны промень у ліпеньскую раніцу, як цёплы веснавы дождж. З надзеяй жыць – надзейна, а з праўдай, свабодай, каханьнем і гонарам за Радзіму — яшчэ надзейней. Выходзіць, чалавек без надзеі, як бяз сэрца і таму надзея ёсьць заўжды, толькі патрэбна прыслухоўвацца да сэрца.

Надзея была і ў Сяргея Палуяна ад першага дня нараджэньня.

Брагін, 3 студзеня 1890 года. На сьвет зьявіўся сын зямлі Беларускай — Сяргей Палуян. Жыцьцё, як імгненьне, шчасьце як хвіліна, гора як стагодзьдзе і неразуменьне сярод грамадзтва, і самае галоўнае сярод бацькоў.

Цікавасьць да кнігаў на роднай мове, забароненых уладаю, прага да вывучэньня краязнаўства і культуры роднай старонкі, першыя вершы на роднай мове – гэта апошнія перадпасылы шчасьця ў жыцьці хлопца. Цяжка ўявіць такое шчасьце, але разумеў гэта беларускі хлопчык … разумеў. Так званы  “шкляны” шляхціц,  яго бацька ламаў язык размаўляючы і адносячы сябе  да пануючай на той час «рускай нацыі». Ён выступіў жорсткім крытыкам захапленьням свайго роднага сына. Сшыткі зь вершамі і кнігі ў пекле печкі, ахрыплы крык бацькі вымусіў хлопца адказаць яму, які ён выбраў жыцьцёвы шлях.

У 15 гадоў Сяргей быў самаадукаваны, прачытаў на той час усе знакамітыя апавяданьні забароненых пісьменьнікаў. Лёс хлопца не жартаваў зь ім. Аднойчы бацька напісаў заяву і адмовіўся ад свайго сына — Сяргея Палуяна. Удар быў моцны, але хлопец быў здольны прыняць яго, бо ведаў, што ў хуткім часе гэта павінна было адбыцца.

Лёгкі дождж, цёплы вецер, які нібы шаптаў хлопцу : “Ты правільна робіш, правільна”. Але боль напаўняў сэрца, калі ён бачыў у вакне маладую, але пасівеўшую маці, якая сваімі блакітнымі, бліскучымі вачыма разьвітвалася з сынам. Бацька зачыніў яе ў хаце. Бацька выгнаў яго з хаты! Сяргей сабраў свае рэчы і трымаў шлях на Менск.

Новы, здавалася сьветлы шлях адчыняўся перад ужо таленавітым «нашаніўскім» публіцыстам, якому было ўсяго 17 год.

Ужо ў 18 год (1908г.) яго назвалі празаікам, літаратуразнаўцам, публіцыстам, крытыкам. Раны, на жаль, не загойваліся, наадварот, яны палымнелі полымем  хваляваньняў за народ і родную сям’ю, якую ня бачыў год. Творы Сяргея Палуяна зьмяшчаюць столькі болю, гора і адначасова гонару, шчасьця… Якое яно, шчасьце, пра якое шчасьце мог пісаць чалавек з такім лёсам, які так трагічна пачаўся?! Не! Яно было ў жыцьці Сяргея Палуяна … Было тое шчасьце.

Апошнія два гады зь ім побач была верная яму каханая Натальля, якая нарадзіла яму сына. Яна грэла Сяргея Палуяна сваёю цеплынёю, стварала нейкую казку, каб хоць неяк  падсаладзіць гэтае жыцьцё.

У 1908 годзе Сяргей Палуян увайшоў у кіруючы орган БСГ, стаў вядомым журналістам “Нашай Нівы”.

Апошні месяц у яго жыцьці прайшоў у Кіеве. Супрацоўнічаў з украінскімі газэтамі, але больш друкаваліся яго творы ў “Нашай Ніве”, якія ён перадаваў праз свайго кур’ера.

Кастрычнік 1910 года, Кіеў, на 20 годзе жыцьця Сяргей Палуян скончыў жыцьцё самагубствам. Гэта, канешне, афіцыйная вэрсія…

P.S. Пасьля ягонай сьмерці Янка Купала прысьвеціць яму жэмчужыну сваёй паэзіі – паэму “Курган” і верш, Максім Багдановіч – свой першы і апошні прыжыцьцёвы зборнік твораў “ Вянок” і некалькі вершаў. Справа ў тым, што Янка Купала і Максім Багдановіч – гэта тыя людзі, якія былі побач з Сяргеям Палуянам у яго жыцьцёвым горы …

Аўтар: Зміцер Кісель