Даследаванне палеаантрапалагічных матэрыялаў Светлагорскага раёна

0
99
Даследаванне палеаантрапалагічных матэрыялаў Светлагорскага раёна

У палеаантрапалагічнай калекцыі аддзела антрапалогіі і экалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі знаходзіцца краніялагічная серыя XVIII-XIX стст., атрыманая з 5 могільнікаў розных рэгіёнаў Бела­русі. Раскопкі сельскіх могілак былі праведзены пад кіраўніцтвам І. І. Салівон у 1966-1969 гг. [1]. Серыя з Гомельскай вобласці прадстаўлена краніялагічным матэрыялам з в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Усяго 57 чарапоў (24 мужчынскія і 33 жаночыя). Пры супастаўленні 5 серый з могільнікаў XVIII-XIX ст. выяўлена іх значнае падабенства па ўсіх даследаваных прыкметах, асабліва паміж серыяй з Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці і 2 серыямі з заходніх раёнаў Мінскай вобласці. Адметнай асаблівасцю серыі з в. Губічы з’яўляецца выяўленая найменшая велічыня падоўжнага і папярочнага дыяметраў чэрапа. Суадносіны шырыні чэрапа да яго даўжыні, якія характарызуюць форму галавы, паказваюць, што насельніцтва в. Губічы адрозніваецца найбольшай брахікраннасцю (круглагаловасцю).

У дадзеным артыкуле прадстаўлены вынікі даследавання чэ­рапа, які паступіў з археалагічных раскопак каля сучаснай в. Каралеўская Слабада-2 Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Палеаантрапалагічны матэрыял вельмі нешматлікі, таму з’яўляецца важнай крыніцай гістарычнай і біялагічнай інфармацыі аб насельніцтве ранейшых эпох. Даследаваны чэрап знаходзіцца ў здавальняючым стане захаванасці. Тазавыя косці, крыж, косці кісцей і ступняў адсутнічаюць. Доўгія трубчастыя косці рук і ног у здавальняючым стане. Добрая захаванасць чэрапа дазволіла пры аналізе матэрыялу выкарыстаць як апісальны, так і вымяральны метады. Аналізуючы біялагічныя асаблівасці касцявых рэшткаў, кіраваліся ўніфікаванымі праграмамі і метадамі даследавання структурных асаблівасцей касцявога матэрыялу.

Вызначэнне полу праводзіцца на падставе марфалагічных асаблівасцей чарапоў у мужчын і жанчын. Да іх адносяцца такія прыкметы, як памер чэрапа, месцы прымацавання цягліц, надброўныя дугі, надпераноссе, соскападобныя адросткі, скулавыя дугі, лобныя і цемянныя бугры, лобна-насавы вугал, арбіты.

Невялікія памеры чэрапа, асабліва яго тваравага аддзела, не моцна развітыя месцы прымацавання цягліц, слабая выражанасць рэльефу надброўных дуг і надпераносся, тонкія скулавыя дугі, добра выражаныя цемянныя бугры, прамы лоб, плаўны пераход ад насавога адростка лобнай косці да насавых касцей, тонкія і вострыя верхнія краі арбіт, адносна вялікія памеры арбіт на фоне тваравага шкілета дазваляюць вызначыць яго як жаночы (малюнак 1).

Малюнак 1 - Выгляд чэрапа сперадуВызначэнне біялагічнага ўзросту праводзіцца на падставе тапаграфіі і ступені зарастания (аблітэрацыі) чарапных швоў, а таксама па стане зубной сістэмы (ступені сцёртасці зубоў). Па ступені аблітэрацыі швоў на чэрапе і па стане зубной сістэмы біялагічны ўзрост вызначаны як малады да 30 гадоў (adultus — да пачатку зара­стания чарапных швоў).

Яшчэ адным паказчыкам у вызначэнні біялагічнага ўзросту з’яўляецца зубная сістэма. Ступень сцёртасці зубоў у дарослым стане ацэньваюць па 7-бальнай шкале для кожнага зуба ў прыватнасці: бал 0 — сцірання няма; бал 1 — сцёртая эмаль; бал 2 — сцёртыя бугаркі (у разцоў і іклаў сцёртыя рэжучыя краі); бал 3 — закрануты дэнцін; бал 4 — закрануты нервовы канал; бал 5 — сціранне дасягнула поўнага ссячэння каронкі; бал 6 — каронка цалкам сцёртая. Затым па табліцы ступені зношанасці зубоў верхняй сківіцы, распрацаванай М.М. Герасімавым (1955), вызначаецца ўзрост (табліца 1).

Такім чынам, па стане зубной сістэмы былі атрыманы дадатковыя звесткі аб узросце індывіда (малюнак 2).

Табліца 1

Ступень зношанасці зубоў верхняй сківіцы ў балах

Разцы   Іклы   Перадкарэнныя   Першыя карэнныя   Другія карэнныя  
пр. лев. пр. лев. пр. лев. пр. лев. пр. лев.
-2 2-1 2 1 1-2 1-2 3 3 2 2

Іншыя звесткі аб зубной сістэме: форма прыкусу лабідадонтная (LB — верхнія і ніжнія разцы пры спакойным змыканні датыкаюцца сваімі рэжучымі краямі) (малюнак 4); лапатападобнасць разцоў (на першым разцы бал 1 — па баках зуба намечаны валікі, яго паверхня пакрыта палоскамі, на другім разцы бал 2 — з двух бакоў лінгвальнай паверхні разца прыкметныя валікі) (малюнак 2); бугарок Карабеллі адсутнічае (бал 0); міжкаранёвы зацёк эмалі (бал 1 — адсутнасць зацёка, выпукласць лініі эмалева-цэментавай мяжы звер­нута ў аклюзійны бок, г. зн. да жавальнай паверхні зуба). Частата гэтай прыкметы павышана ў прадстаўнікоў мангалоіднай расы. У еўрапеоідаў сустракаецца рэдка.

Малюнак 2 - Лапатападобнасць разцоў
Малюнак 2 – Лапатападобнасць разцоў

Форма чэрапа — пентаганоід (характарызуецца моцным развіццём і выступанием цемянных і лобных бугроў якія і вызначаюць пяцівугольную форму чарапной каробкі).

Соскападобныя адросткі невялікія — нешырокая аснова і невялікая вышыня (бал 1).

Форма ніжняга краю грушападобнай адтуліны антрапінная (antropina — вострыя бакавыя краі адтуліны непасрэдна пераходзяць у ніжнія). Такая форма грушападобнай адтуліны часцей сустрака­ецца ў еўрапеоідных групах (малюнак 1).

Вызначаны комплекс расава-дыягнастычных прыкмет. Назамалярны вугал, які характарызуе ступень выступання твару ў гарызантальнай плоскасці на ўзроўні арбіт, складає 146° (аб сплошчанасці твару сведчыць велічыня вугла, што перавышае 139°). Нашы дадзеныя сведчаць аб умеранай сплошчанасці твару ў верхнім аддзеле. Зігамаксілярны вугал, які характарызуе ступень выступання твару на ўзроўні скул, складає 131° (добрую прафіляванасць твару на гэтым узроўні характарызуе велічыня дадзенага вугла да 129°). У нашым выпадку варта адзначыць нязначную сплошчанасць твару ў ніжняй частцы. Гэтую выснову пацвярджае і невялікая глыбіня іклавых ямак (справа — 3,7, злева — 3,8).

Надброўныя дугі і надпераноссе выражаны слаба (бал 0-1). Адзначаецца невялікая сплошчанасць пераносся. Ступень выражанасці пярэдненасавога асцюка ацэнена 2 баламі, што сведчыць аб невялікім выступанні насавых касцей.

Сярод краніяскапічных прыкмет у асобную сістэму вылучаюцца неметрычныя прыкметы — анамаліі чэрапа, якія адлюстроўваюць анатамічныя варыяцыі ў будове чэрапа, якія можна падзяліць на некалькі асноўных груп: 1) дадатковыя ўстаўныя костачкі; 2) шоўныя, ці, ворміевы косці; 3) цемечкавыя косці; 4) дадатковыя адтуліны для крывяносных сасудаў і нервовых валокнаў; 5) нясталыя адросткі (або адтуліны); 6) валікі і бугаркі.

У антрапалагічнай літаратуры апісанне такіх прыкмет мож­на знайсці ў працах Т. I. Аляксеевай [2], А. А. Маўсесян, Н. I. Мамонавай, Ю. Г. Рычкова [3], A. А. Маўсесян [4]. Грунтоўнае вывучэнне краніяскапічных прыкмет у расавым плане даў А. Г. Козінцаў [5].

Даследчыкі мяркуюць, што некаторыя анамаліі чэрапа атрымліваюцца ў спадчыну і вар’іруюць па тыпе “ёсць-няма”, таму ўведзены тэрмін — дыскрэтна вар’іруючыя краніяскапічныя прыкме­ты. Многія з іх у сваёй зменлівасці звязаны з уздзеяннямі асяроддзя (харчаваннем, фізічнай нагрузкай, эпідэміялагічным становішчам і г. д.).

Выяўлена вялікая колькасць анамалій чэрапа.

  1. Прысутнічае даволі рэдка сустракаемая прыкмета — устаўныя костачкі ў вянковым шве, як з левага (3 костачкі), так і з правага (3 костачкі) боку. Костачкі рознага памеру, размешчаны ўздоўж шва (малюнак 3). У літаратурных даследаваннях адзначаецца, што гэта даволі рэдкая прыкмета. Яе найболыпая частата (да 0,09) выяўлена ў папуляцыях Усходняй Еўропы. У той жа час з даволі высокай частатой устаўныя костачкі ў вянечным шве сустракаюцца ў асобных тэрытарыяльных групах сярэдневяковых славян (у вяцічаў да 0,14, у севяран — да 0,10).
Малюнак 3
Малюнак 3 — Выгляд чэрапа з боку цемені

У стрэлападобным шве ўстаўных костачак няма. Маюцца шоўныя костачкі ў лямбдападобным шве (ворміевы костачкі). Кос­тачкі множныя, размешчаны па ўсёй даўжыні шва (малюнак 5). У даследаваннях па палеаантрапалогіі адзначаецца, што шоўныя ко­стачкі ў лямбдападобным шве сустракаюцца даволі часта. Памеры і размяшчэнне шоўных костачак у гэтай вобласці моцна вар’іруюць: ад маленькіх адзінкавых костачак да шматлікіх касцей, размешчаных па ўсёй даўжыні шва, як у нашым выпадку. Найболыпая частата ворміевых костачак у лямбдападобным шве выяўлена ва Усходняй Еўропе, найменшая — у мангалоідаў.

Малюнак 4
Малюнак 4 — Выгляд чэрапа збоку
  1. Форма латэральнага краю лобнага адростка скулавой косці з правага боку мае выступ (малюнак 4). Даследчыкі адзначаюць, што прырода гэтай прыкметы няясная. Гэтая прыкмета вельмі шырока вар’іруе ў межах рэгіёнаў і дасягае адносна высокіх частот амаль ва ўсіх расавых групах. Размах зменлівасці ў Еўропс досыць вялікі: ад 0,01 у эстонцаў да 0,29 у французаў.
  2. Фіксуецца Н-падобная форма птэрыёна як справа, так і злева. Як правіла, частата прыкметы ў еўрапеоідаў невысокая (ма­люнак 4).
  3. З абодвух бакоў прысутнічаюць уставачныя костачкі ў воб­ласці клінападобнага цемечка, так званыя эпіптэрныя ці міжскроневыя косці. Форма гэтых касцей поўная, г. зн. злучаюцца яны як з лобнай, так і са скроневай косцю (малюнак 4). Прыкмета выяўляе вельмі шырокі спектр зменлівасці ў межах вялікіх расавых груп.
  4. Маюцца сляды зародкавых швоў патылічнай косці, як з правага, так і з левага боку (малюнак 5). Частата прыкметы шыро­ка вар’іруе ў межах рэгіёнаў.
  5. Злева і справа выяўлена заднемышчалкавая адтуліна, якая злучаецца з вонкавым выхадам мышчалкавага канала. Як сведчаць літаратурныя дадзеныя, частата гэтай прыкметы вялікая ва ўсіх рэгіянальных групах і выразнага падзелу па рэгіёнах не дає (малю­нак 6).
  6. Фіксуецца прысутнасць падзелу пад’язычнага канала перамычкай на левым баку. Даследчыкі адзначаюць, што прыкмета выразна падзяляе еўрапеоідаў (да 0,36) і негроідаў (да 0,13). Мангалоідныя групы займаюць прамежкавае становішча (малюнак 6).
  7. Маецца падзел асцістай адтуліны перамычкай як з права­га, так і з левага боку (малюнак 6).
  8. Злева адзначаецца незамкнёная форма крылаасцістай адтуліны, праз якую праходзяць нервы і сасуды ўнутранага крылападобнага мускула. У літаратурных крыніцах маюцца звесткі, што выразных заканамернасцей у геаграфічным размеркаванні гэтай прыкметы не выяўлена (малюнак 6).
Малюнак 5 — Выгляд чэрапа ззаду
Малюнак 5 — Выгляд чэрапа ззаду
Малюнак 6 — Выгляд з боку аснавання чэрапа
Малюнак 6 — Выгляд з боку аснавання чэрапа

Затым, згодна прынятым у антрапалогіі традыцыйным метадам, на чэрапе былі праведзены вымярэнні. Вынікі занесены ў краніялагічны бланк.

Назапашаная інфармацыя аб разнастайнасці аблічча людзей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, з’яўляецца важнай крыніцай гістарычнай і біялагічнай інфармацыі аб насельніцтве мінулых эпох, якая дазволіць таксама правесці параўнанні з сучасным насельніцтвам.

Спіс літаратуры

  1. Саливон, И.И. Антропологическая характеристика населения Белорус­сии П тыс. н. э. по палеоантропологическим материалам / И.И. Саливон // Очерки по антропологии Белоруссии / И.И. Саливон [и др.]; под ред. В.П. Алексеева, Ю.Г. Рычкова. — Минск, 1976. — С. 18-101.
  2. Алексеева, Т.И. Этногенез восточных славян по данным антропологии / Т.И. Алексеева. — М.: Изд-во Московского ун-та, 1973. — 332 с.
  3. Мовсесян, А.А. Программа и методика исследований аномалий черепа / А.А. Мовсесян, Н.И. Мамонова, Ю.Г. Рычков // Вопросы антропологии. — 1975. — Вып. 51. — С. 127-150.
  4. Мовсесян, А.А. Фенетический анализ в палеоантропологии / А.А. Мов­сесян. — М.: Университетская книга, 2005. — 272 с.
  5. Козинцев, А.Г. Этническая краниоскопия. Расовая изменчивость швов черепа современного человека / А.Г. Козинцев. — Л: Наука, 1988. — 65 с.

Аўтар: В.У. Марфіна
Крыніца: Шацілкаўскія чытанні : Зборнік навуковых артыкулаў / Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей; уклад. Т. В. Маслюкоў — Выпуск 2. — Светлагорск, 2011. — 112 с., іл. Бібліяграф. у канцы артыкулаў. Рэз. на англ., руск. мовах. Імянны і геаграфічны паказальнікі. Ст. 27-35.