Відаць, амаль кожны з нас (калі не кожны) мае свой абярэг: ці то нацельны крыжык, ці то нейкі спецыфічны, толькі яму вядомы прадмет, ці то святую веру ў існаванне нечага звышістотнага. Паняцце пра засцерагальную функцыю, якую можна ўгледзець у рэчах, было закладзена нашымі продкамі яшчэ ў часы далёкай старажытнасці. Прычым у прадметы прафаннага, што значыць рэальнага, паўсядзённага, свету ўкладвалася сакральная, свяшчэнная, звязаная з “вышэйшым” светам сімволіка.
Возьмем да прыкладу ляльку. Лялька – заўсёды актуальны і запатрабаваны атрыбут хатняга, сямейнага побыту. Аднак у старажытнасці нашыя дзяды ўспрымалі лялькі інакш. Яны былі асноўнымі абярэгамі, кожная з іх выконвала свае функцыі. Пра адну з такіх лялек – ляльку Багацьку – даведаліся і навучыліся яе непасрэдна вырабляць ўдзельнікі майстар-класу, які быў наладжаны Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыяй “Талака” 28 верасня ў філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава.
Так Марыся Тульжанкова – намеснік старшыні ГМКГА “Талака” распавяла пра адносіны нашых продкаў да лялек увогуле. Большасць з іх атаясамліваліся з выявай жаночых бостваў. Лялька Багацька – адна з найбольш шануемых. Яна забяспечвала нябеднае жыццё і дастатак у хаце. Цалка Пятро – супрацоўнік музея – у сваю чаргу наглядна, этап за этапам, прадэманстраваў, як лялька выраблялася, дапаўняючы свае дзеянні каментарамі.
Удзельнікі майстар-класу з энтузіязмам бяруцца за справу. Прычым справа гэта таксама патрабуе пэўных заўваг.
Па-першае, пры вырабе лялек нельга карыстацца прадметамі, што колюць, рэжуць і да т.п. (нажніцы, нажы і інш.), каб “жыццё не “калола”, не “рэзала”, каб у хаце ўсё было ціха і мірна”, – тлумачыць Пятро.
Па-другое, ляльку абавязкова павінна была рабіць жанчына, паколькі менавіта жанчына ўвасабляе плоднасць, працяг роду, памяць сям’і непасрэдна. І, нарэшце, падчас вырабу лялькі думаць трэба толькі пра станоўчае, надзяляць ляльку станоўчай энергіяй і эмоцыямі, не дазваляючы негатыву апасля праяўляцца ў рэальнасці. Па той жа прычыне не малявалі твар ляльцы, бо ўсялякага роду нечысць у адваротным выпадку мела магчымасць праз твар знайсці ў ляльцы прытулак і так ці інакш шкодзіць яе гаспадарам.
Даюць старт – і дзейства пачынаецца. На драўляны аскепак намотваецца грубы матэрыял, колькасць якога фіксуецца самім вырабніком: стандарты прыгажосці, “дабра”, так сказаць, у кожнага свае – нехта і “селядцу” рады, а нехта бачыць дастатак, багацце і плоднасць толькі ў “дабрэнных” фігурах! На атрыманы корпус намотваецца і фіксуецца ніткамі белы матэрыял – цела лялькі. Пераглядваюцца ўдзельнікі паміж сабой, усміхаюцца: дзіва што – цікава.
Далей! А далей – выраб названых так самімі “тварцамі” “галаварук”. На адным з канцоў падрыхтаванага цела замацоўваецца кавалак матэрыі такім чынам, каб шматкі матэрыі, што застануцца, былі раўнамерна размеркаваны на правы і на левы бок, паколькі менавіта з іх, раздзяліўшы на тры кавалкі і прадэмастраваўшы ўменне пляцення касы, робяцца рукі лялькі, якія пасля ніткамі фіксуюцца да цела ў выглядзе літары “Ф”.
За вырабам рук ідзе выраб грудзей. Два кавалачкі матэрыі (таксама на погляд вырабніка) напаўняюцца змесцівам і прымацоўваюцца да цела. Асобна паверх грудзей пускаецца яшчэ адзін кавалак матэрыі, што з’яўляецца ліфам у адзенні лялькі. Калі ліф зроблены, то не варта адкладаць і выраб спадніцы. Цікавы спосаб яе прымайстравання: той кавалак матэрыі, што і будзе спадніцай, прыкладваецца да лялькі ад пояса і вышэй (як вядома, спадніцы раней бабы апраналі праз галовы), а пасля пад самымі грудзямі фіксуецца ніткай. Такі своеасаблівы парасон, што атрымаўся, шматфункцыянальны: яшчэ ён дапамагае ляльцы стаяць. Дапаўняе адзенне нашай прыгажуні хусцінка.
Справа засталася за галоўным: багаццем. Паколькі Багацька асацыірывалася з жаночай плоднасцю, то галоўным атрыбутам яе ў такім разе павінны стаць, безумоўна, дзеці. Менавіта яны ў выглядзе кулёчкаў навешваюцца, бы гірлянда, ад адной да другой рукі лялькі. Вось, цяпер – іншая справа! Ды яшчэ калі ўлічыць тое, што Пятро ў гэты момант дастае натканыя ім самім да дадзенага мерапрыемства фартушкі для лялек. Прыгажуні атрымаліся, што і казаць! “Толькі стаўце ляльку высока, так і раней рабілі, каб іншыя жанчыны не маглі да яе дакрануцца, інакш у такім выпадку яны будуць скрадваць вашую плоднасць”, – папярэджвае Пятро.
Што казаць: век звекаваць – усяго спазнаць! Ніхто з удзельнікаў ні на хвіліну не пашкадаваў, што наведаў майстар-клас. Акрамя таго, што з цікавымі і цікаўнымі людзьмі час пабавілі, дык яшчэ ж і з лялькай дахаты прыйшлі. Будзе сакральная ніша і ў маёй хаце.
P.S. А як глядзелі людзі ў тралейбусе на дарослую дзяўчыну, якая трымала ў руках ляльку (!) ды яшчэ і ад людзей адхілялася, каб аніхто хаця туды сваёй негатыўнай энергіі не паназапускаў! Вар’ятка, ці што? Хай і так. Затое шчаслівая.
Аўтар: Марына Маркевіч
Фатаздымкі: Марыся Тульжанкова
Фотаагляд: