У сістэме персанажаў ніжэйшай міфалогіі беларусаў важнае месца займае дамавік, вобраз якога шырока прадстаўлены ў шматлікіх варыянтах былічак, бывальшчын, апавяданняў. Засяродзім увагу на характарыстыцы гэтага персанажа ніжэйшай міфалогіі, выкарыстоўваючы фактычны матэрыял, запісаны ў розных раёнах Гомельскай вобласці. Аналізаваць звесткі пра дамавіка будзем, абапіраючыся на асноўныя моманты характарыстыкі гэтага персанажа: знешні выгляд, месцазнаходжанне, функцыянальнасць, засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння.
Што да знешняга выгляду, то гэты персанаж часцей за ўсё выступаў у антрапаморфным выглядзе, як «маленькі чалавечак. Ён стары і пахожы на дзеда» (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на) [1, с. 7]; «Дамавік жыве ў хаце. Гэта маленькі старэнькі дзядок” (г. Рэчыца) [1, с. 15]; «Дамавы, ета маленькі чалавечак, які жыве ў хаце і памагае людзям» (в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на) [1, с. 26]; «Дамавік жыве ў шкафчыках. Ён стары і маленькі ростам» (в. Сяменча Жыткавіцкага р-на) [1, с. 37].
Рэдкімі з‘яўляюцца сведчанні інфарматараў аб тым, што дамавік мог выступаць у выглядзе чорта: «Прыйшлі тыя хлопцы красівыя, ваенныя. Селі, разгаварываюць. А ў адной дзеўкі ўпала верацяно. Яна сагнулася яго падняць, глядзіць, а ў тых хлопцаў з-пад шынеляў хвасты і капыты тырчаць. Вот ета і былі дамавыя» (п. Рэпішча Чачэрскага р-на) [1, с. 32].
Існавалі вераванні, паводле якіх дамавік мог набываць рознае аблічча. Сустракаюцца прыклады павер‘яў, згодна з якімі дамавік набываў выгляд ката або сабакі: «Дамавік быў мяне ў выглядзе ката. Быў красівы, бальшы, сераватага цвету. Як выйдзеш з хаты, то ён на вакне паявіцца і сядзіць, а як зойдзеш у хату, то ката няма» (г. Буда-Кашалёва) [2, с. 124]; «Найчасцей дамавы паяўляецца пахожым на серага ката, які любіць уночы пагуляцца з валасамі хазяйкі хаты» (в. Перавалока Рэчыцкага р-на) [1, с. 14]; «Вось, напрыклад, каля адной хаты якая-та сабака пасялілася. І доўга яна туды хадзіла і спала ноччу там. Гаспадарам гэтага не трэба было, яны пачалі сабаку гнаць ад вара. І ў іх захварэла баба. Праз час да іх прыехала ўнучка. Яна пачала карміць сабаку, гуляць з ёй. А баба тая выправілася. Калі ўнучка ўехала, то гаспадары пачалі зноў пхаць сабаку, і зноў стала дрэнна са здароўем. Яны падмецілі гэта і паспрабавалі карміць сабаку. Тады стала ўсім хораша. І гаспадарка палепшылася іхняя. Усёй вёскай вырашылі, што гэта дамавік быў» (в. Гадзічава Гомельскага р-на) [1, с. 30].
Зрэдку дамавіка ўяўлялі ў выглядзе павука: «Дамавік у мяне жыве – гэта павук. Ён жыве ў хаце, у вуглу і пляце павуціну. Яго нельзя ўбіваць, бо ён нічога плахога не дзелае чалавеку. Сядзіць сабе на павуціне і наблюдае за намі. Я з ім інагда разгаварваю» (г. Васілевічы Рэчыцкага р-на) [2, с. 142]. Вышэйпрыведзеныя прыклады сведчаць пра зааморфны воблік дамавіка. У в. Дуброва Ельскага р-на запісаны звесткі, зыходзячы з якіх можна меркаваць, што жыхары ўяўлялі дамавіка то ў выглядзе чалавека, то ў выглядзе ката: «Дамавік – гэта такі мужычок або кот, толькі з хітрым розумам. … Ён быстра бегае, як кот, на чатырох лапах, і як чалавек» [2, с. 135].
У пераважнай колькасці запісаў звестак пра дамавіка гаворыцца пра яго як пра антрапаморфную істоту: дамавік «уяўляўся ў выглядзе чалавека, часта на адзін твар з гаспадаром дома, або як невялікі стары з тварам, зарослым белымі валасамі» [3, с. 169]. Як адзначыла даследчыца Н. А. Крынічная, «хоць дамавік і мае некаторыя заа- або фітаморфныя прыметы, у позняй традыцыі гэта ўсё ж антрапаморфны персанаж, у рэдкіх выпадках жаночы» [4, с. 132].
У міфалагічных апавяданнях пра месцазнаходжанне дамавіка гаворыцца, што жыў ён звычайна ў розных месцах у хаце: гэта печ, калідор, венік, падлога, «швейная машынка», столь, шафа і інш.: «дамавік жыве ў хаці пад печчу» (в. Бабічы Чачэрскага р-на) [1, с. 36]; «Абычна жыве за печкай» (в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на) [1, с. 32]; «Жыве ён за печчу, а калі печы няма, дык у калідоры» (в. Міхалькі Гомельскага р-на) [1, с. 33;] «Дамавы можа жыць на печы, пад венікам» (в. Капань Рэчыцкага р-на) [1, с. 22]; «дамавой у нас дзе-та за швейнай машынкай. Ноччу я часта слышу, будта хто-та шьёт» (г. Жлобін) [1, с. 11]; «жыве ў доме, пад полам. Можа пад печчу» (в. Пракісель Рэчыцкага р-на) [1, с. 15]; «дамавік жыве на паталке, таксама ў веніку і ў кутку, дзе венік стаіць» (в. Агародня-Гомельская Добрушскага р-на) [1, с. 21]; —дамавік жыве ў шкафчыках” (в.Сяменча Жыткавіцкага р-на) [1, с. 37].
Функцыянальнасць дамавіка звязана як са станоўчым, так і з адмоўным уздзеяннем гэтай істоты. Паводле сведчанняў інфармантаў, ён «бывае злы і добры» (в. Матнявічы Чачэрскага р-на) [1, с. 25]. Прывядзем прыклады з міфалагічных апавяданняў, дзе гаворыцца пра дапамогу дамавіка: «Калі сям‘ю ждуць няшчасці, то ён прадупраждае аб гэтым: стукае каструлямі, ложкамі на кухні ці яшчэ чым-небудзь» (в. Людзвінаўка Светлагорскага р-на) [1, с. 23]; «прадчувае бяду. Тады он ноччу стукае ў сцены хаты або іздае няясныя звукі» (в. Бабоўка Жлобінскага р-на) [1, с. 18]; «аднажды леглі мы усе спаць, а печку не закрылі і как-та агонь, ну, лучына вывалілась з печкі, і начала гарэць бумага, не то там ляжала, а мы гэтага, значыць, не чуем нічога – спім. Ну і начало мяне нешта душыць, дыхаць цяжка стала, бацька мой пакойны прыснуўся мне, і я прачнулася. Адчуваю палёны запах, ну, я хутчэй на кухню, аж бачу, гарыць бумага на печке. Разбудзіла ўсіх. Патушылі агонь. Вось такі ў нас дамавы добры» (г. Пінск Брэсцкай вобл. (раней пражывала ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл.)) [2, с. 121].
Звычайна дамавік дапамагае таму гаспадару, які яму падабаецца: «Калі яму нравіцца хазяін, то ён будзе дапамагаць яму, абараняць хату, парадак і пакой» (в. Бальшавік Гомельскага р-на) [1, с. 20]; «калі хазяева нравяцца, тады памагае ім: пачэша кароўку, каб была чыстая, пеўня пужае, каб той усіх будзіў працаваць» (в. Шырокае Буда-Кашалёўскага р-на) [2, с.126]; «у каждага чалавека свой дамавёнак або ў каждай сям‘і свой дамавёнак. Он любіць добрых, харошых людзей. Любіць парадак каб у доме быў, чыстату, асобенна на кухні, не дай, Бог, штоб пасуда была гразная. Не любіць, калі хазяева ругаюцца» (в. Балотня Рагачоўскага р-на) [1, с. 27]. Як бачна, дамавік у найбольшай ступені дагаджае тым гаспадарам, у якіх добрая сям‘я: «Найбольш дагаджае хатнік у тых гасподах, дзе жыве моцная, трывалая сям‘я, дзе гадуюць жывёлу яго ўлюбёнай масці, падтрымліваецца чысціня і парадак, і пільнуюцца дзедаўскіх звычаяў. Крыўду ж і помслівасць дамавіка выклікаюць сямейныя сваркі, п‘янства, брыдкаслоўе, неахайнасць у вядзенні гаспадаркі» [5, с. 497].
Дамавік можа нашкодзіць гаспадарцы і людзям. Паводле народных вераванняў, гэту істоту нельга крыўдзіць і злаваць: «Ну, а еслі разазліць дамавога, то ён стучыць па начах, жэншчыне другой раз можа каўтун у валасах запутаць» (в. Брылёва Гомельскага р-на) [1, с. 19]; «калі яго абідзіш, ён можа разгневацца. Ён можа абідзіцца і прынясці бяду ў дом» (в. Неглюбка Веткаўскага р-на) [2, с. 127]; «калі ў хаце гразна, дамавікі наказуюць хазяінаў, і калі людзі сварацца. Можна што-небудзь схаваць і покуль не задобрыш яго, найдзеш» (в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на) [1, с. 33]; «калі ён раззлуецца, то будзе шкодзіць – біць посуд, перастаўляць хатнія рэчы» (в. Ударнае Лельчыцкага р-на) [1, с.22]; «Калі хазяева плоха зрабілі работу, то ён мог уйці ілі навредзіць хазяйке. Ён мог пабіць пасуду, рассыпаць муку» (в. Насовічы Добрушскага р-на) [2, с. 135]; «а ежалі дамавіка пакрыўдзіць, то ён будзе жорстка помсціць. Можа не толькі хваробу ці няшчасце наслаць, але і смерць. Толькі такое ўжо рэдка бывае» (в. Старыя Грамыкі Веткаўскага р-на) [2, с. 128].
У якасці засцярогі ад шкодных дзеянняў дамавіка выкарыстоўвалі люстэрка, нож, крыж, святую ваду і інш.: «Дамавы баіцца святой вады» (в. Капань Рэчыцкага р-на) [1, с. 22]; «не любіць, каб у хаце віселі люстэркі, выступае супраць вясёлых гульняў, зборышчаў у хаце» (в. Ударнае Лельчыцкага р-на) [1, с. 22]; «баіцца іконы, краста, святой вады» (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага р-на) [1, с. 20]; «каб на стале ляжалі соль і нож» (в. Целяшы Гомельскага р-на) [1, с. 8]; «ён не любіць, каб на стале соль у салонцы стаяла, нажы ляжалі» (в. Бабоўка Жлобінскага р-на) [1, с. 18]. Таксама —дамавік не любіць казлоў і тых, хто спіць ля парога ці пад парогам» (г. П. Бальшавік Гомельскага р-на, г. Гомель) [1, с. 28]; «дамавы не любіць, штоб у хаце ругаліся і біліся, ён тады ноччу робіць шкоду, усё ламае, разбівае» (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага р-на) [1, с. 20]; «яму ня нравіцца, калі на парогу ляжыць кошка, ці яшчэ хто-небудзь» (в. Малая Людзвінаўка Светлагорскага р-на) [1, с. 23]; «дамавік не любя дзёгцю і пакідае хлеў» (в. Скепня Жлобінскага р-на) [1, с. 36].
Сярод найбольш пашыраных сродкаў, пры дапамозе якіх засцерагаліся ад шкодных дзеянняў дамавіка, вылучаюцца пасвечаная вада, крыж і абраз. Пералічаныя вышэй спосабы засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння дамавіка як нячыстай сілы дэманструюць багацце рэгіянальна-лакальных асаблівасцей павер‘яў, звязаных з гэтым персанажам.
Такім чынам, паўната характарыстыкі персанажа залежыць ад звестак пра знешні выгляд і месцазнаходжанне, амбівалентны характар яго дзеянняў, спосабы засцярогі. Асэнсаваныя фактычныя матэрыялы пераконваюць, наколькі высокім паэтычным талентам і дзівоснай фантастычнасцю светапогляду вызначаліся нашы продкі,
Спіс літаратуры
- Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. — 320 с.
- Беларуская міфалогія. Хрэстаматыя: вучэб. дапаможнік / уклад. В. С. Новак. — Мінск: РІВШ, 2013. — 394 с.: іл.
- Славянская мифология: Энциклопедический словарь. — М.: Эллис Лак, 1995. — 416 с.
- Криничная, Н.А. Русская мифология: Мир образов фольклора. — М.: Академический проект; Гаудеамус, 2004. — 1008 с.
- Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўн. / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.
Аўтар: Ю.А. Арэшка
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей. Вып. 11 / редкол.: А.В. Бредихина (гл. ред.) [и др.]; Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2018. — С. 141-145.