Дайвер падняў са дна Прыпяці старадаўні якар

0
1504
Старый якорь висит

Старадаўні якар са дна Прыпяці падняў мазыранін Сяргей Галавацкі. Незвычайная знаходка пакуль упрыгожвае складское памяшканне, але на думку Сяргея павінна стаць гарадской славутасцю.

Сяргей Галавацкі — чалавек апантаны. Больш за 15 год таму яго жарсцю стаў дайвінг. Пры гэтым замест марскіх глыбіняў ён аддаў перавагу мутнай вадзе Прыпяці. Кажа, што менавіта рачная вада стварае тую таямніцу, якую так хочацца разгадаць. У адзін з летніх дзён, падводнае паляванне прынесла нечаканы вынік. На глыбіні ў некалькі метраў ён наткнуўся на жалезнае кальцо, якое немагчыма было зрушыць.

Карабельнае грузіла вышынёй у 1,5 метра выцягнуць было даволі складана. Увесь працэс здымалі на відэа. Каштоўнасць знаходкі атрымалася вызначыць толькі праз 2 месяцы. Добра пасядзеўшы ў інтэрнэце і углыбіўшыся ў гісторыю кавальскай справы, Сяргей прыйшоў да высновы, што якар яшчэ царскіх часоў: канца 18 – пачатку 19 стагоддзя. Рачная вада захавала і таўро каваля, і старадаўнюю маркіроўку па вазе. Вось толькі ўявіць сабе памеры судна, які страціў такі якар, было складана.

Вядома, гэта толькі здагадкі захопленага чалавека. Гісторыю якара маглі б растлумачыць спецыялісты. Але пакуль масіўны антыкварыят зацікавіў толькі аматараў даўніны. Аднак прадаваць сваю знаходку Сяргей не збіраецца. З глыбіні стагоддзяў і глыбінь Прыпяці — у сучасны Мазыр. Гістарычная знаходка, на думку Сяргея Галавацкага, павінна стаць здабыткам мазыран.