У Гомелі ўсё яшчэ мала неардынарных і цікавых скульптур ды аб’ектаў, якія б былі звязаныя з гарадской гісторыяй. Яшчэ меньш тых, з якімі можна было б неяк паўзаемадзейнічаць, хай нават і ў выглядзе таго ж самага сэлфі. Урбаністычная ініцыятыва “Smart Homel” спрабуе змяніць гэта і прадстаўляе ідэю ўсталявання ў горадзе мадэляў ветлівай рысі.
— Мы натхніліся прыкладам вядомага нямецкага мядзведзя-братана (buddy bear) у Берліне, — тлумачыць кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel” Яўген Меркіс. — Там сімвал горада ў відзе скульптурнай кампазіцыі ўсталявалі ў розных кутках горада і далі магчымасць мясцовым мастакам ды ініцыятывам размалёўваць яго ў самых розных стылях. Такім чынам у горадзе ў хуткім часе з’яўлілся адметныя, але заўжды пазнавальныя аб’екты, што сталі турыстычным магнітам і лакальнай знакамітасцю. Таму мы падумалі, што было б выдатна каб і ў Гомелі з’явілася нешта падобнае.
Ідэя абраць рысь для гомельскага арт-аб’екта прыйшла самым натуральным шляхам, бо яна змешчана на гербе горада.
— Мы перакананыя, што сімвал горада можна і варта інтэрпрэтаваць па-новаму. Менавіта такім шляхам мы створым нешта унікальнае, захоўваючы сувязь з мінулым, — адзначае аўтарка эскіза арт-аб’екта Юлія Мішчанка.
Па словах стваральнікаў спачатку меркавалася стварыць эскіз аб’ёмнай скульптуры і ў Гомелі, але гэта зацягнула б працэс візуалізацыі гэтай ідэі на доўгі час. Да таго ж у горадзе зараз відавочна не так шмат фінансавых сродкаў, каб дазволіць сабе стварэнне і выраб адразу некалькіх аб’ёмных фігур. Таму было вырашана спыніцца на дзвюхмернай мадэлі. Паводле задумкі зрабіць яе можна было б са шкловалакна або любога іншага цвёрдага матэрыяла. Пры гэтым гатовую мадэль, як адзначаюць сябры “Smart Homel”, можна прадставіць у самых розных стылях: рысь-выпускніца, зімовая ці касмічная рысь, арт-аб’ект у нацыянальных матывах і шмат іншых.
Аўтары перакананыя, што мадэль рысі можна пры жаданні аддаць для размалёўвання і адаптацыі пад самыя розныя гарадскія лакацыі гомельскім мастакам.
— Мы не сцвярждаем, што менавіта гэтую візуалізацыю рысі неабходна ўсталяваць на вуліцах нашага горада. Канешне яе можна перарабіць або і наогул вярнуцца да ідэі трохмернай мадэлі. Але мы перакананыя, што пры рэалізацыі гэтай ідэі можна стварыць у горадзе адметны арт-аб’ект, які можа адначасова быць і тыповым, і ў кожным асобным выпадку непаўторным. Ён дакладна будзе карыстацца папулярнасцю сярод гомельцаў і гасцей абласнога цэнтра, — адзначае Юлія Мішчанка.
Актывісты ўрбаністычнай ініцыятывы “Smart Homel” маюць намер не толькі прэзентаваць свае ідэі грамадскасці, але і прасоўваць іх сярод кіраўніцтва горада і яго раёнаў.
“Мы ўжо падалі некаторыя свае ідэі, сярод якіх быў і дадзены арт-аб’ект, на конкурс “Лепшых ідэй і дызайн-праектаў па добраўпарадкаванні” Цэнтральнага раёна нашага горада. Акрамя таго прапанову аб увасабленні ў жыццё гэтага арт-аб’екта мы перадалі на асабістым прыёме С.Я. Андрэеву — намесніку старшыні Гомельскага гарвыканкама”, — адзначыў Яўген Меркіс
У бліжэйшы час актывісты плануюць працягнуць дыялог з гарадскімі чыноўнікамі з мэтай зрабіць горад з дапамогай некаторых ідэй больш разнастайным, актыўным, а таксама цікавым для месцічаў ды турыстаў.