Да пытання аб гербе г. Рэчыцы

0
1717
герб Рэчыцы

Апошнім часам разгарнулася дыскусія аб гістарычнай і геральдычнай абгрунтаванасці герба г.Рэчыцы. Апаненты існуючага гарадскога герба прапанавалі свае аргументы і новы варыянт сімвала ў выглядзе выявы на пячатцы Мінскага дваранскага сходу. У сувязі з гэтым нага­даем правілы гарадской геральдыкі, якія, на наш погляд, ігнаруюцца прыхільнікамі змены рэчыцкага герба.

Па-першае, пад час аналізу крыніцазнаўчай базы гарадской геральдыкі галоўнымі з’яўляюцца дакументы мескага самакіравання – гарадская пячатка ці герб горада, які зафіксаваны праз малюнак ці пісьмова у прывілеі на самакіраванне. Толькі яны з’яўляюцца бясспрэчнай крыніцай пры вырашэнні пытання.

Па-другое пры адсутнасні згаданых крыніц да разгляду прымаюцца іншыя матэрыялы, якія ўтрымліваюць ускосную інфармацыю па азначанай праблеме. Сярод апошніх першаснае значэнне маюць тыя, што непасрэдна сведчаць аб наяўнасці ці адсутнасці правоў на самакіраванне і атрыманне герба.

Па-трэцяе, дакументальная спадчына саслоўных устаноў, прычым магдэбургскіх (мяшчанскіх), можа адыгрываць толькі дапаможную, нават не другасную, а значна меньшую ролю.

Ініцыятары змены герба Рэчыцы пабудавалі свае прапановы на крыніцы менавіта апошняга кшталту. За аснову сваіх доказаў імі ўзята пячатка Мінскага дваранскага сходу, на якой рэчыцкі герб выкананы недасканала і не з’яўляецца дамінантай: ён выконвае чыста ілюстрацыйную ролю сярод іншых павятовых сімвалаў.

На сёння даследчыкам невядома ні пячатка магістрата Рэчыцы, ні яе адбіткі. Але па сведчаннях аўтараў яшчэ XIX ст., места Рэчыца карысталася правам на самакіраванне («магдэбургскімі правамі»), якое атрымана 31 лістапада 1511 г., канфірмавана (пацверджана) 26 жніўня 1561 г., а затым у 1596 г. Гэтыя звесткі дае «Slownik Geograficzny Krolewstwa Polskiego» (Warszawa.T.10. S.133). Месцазнаходжанне прывілеяў на наданне права самакіравання і герба Рэчыцы невя­дома, але згаданая літаратурная крыніца дастаткова аўтарытэтная, каб даверыцца ёй.

Пры распрацоўцы гербаў для Мінскай губерні, у адпаведнасці з тагачаснай практыкай, Дэпартамент герольдыі ў Пецярбургу рассылаў запыты аб тым, якім гербам карысталіся на месцах дагэтуль. Аб гэтым у нашым выпадку сведчыць запыт у Мінскі дваранскі дэпутацкі сход «от 30 декабря 1839 года» аб гербах гарадоў і паветаў Мінскай губерні. У адказе на гэты запыт, які ўяўляе сабой ілюстраваны сшытак і названы «Рапорт»1, на восьмым аркушы размешчаны малюнак герба г.Рэчыцы — перасечаны тарк, у горным полі якога выява двухгаловага расійскага арла (пазней знятая як фармальны элемент абазначэння тагачаснай дзяржаўнай прыналежнасці горада), а ў доль­ным — двухраговая харугва з выявай Пагоні. Пад малюнкам прыведзена апісанне герба.

У адрозненне ад іншых гербаў паветаў Мінскай губерні, звестка аб Рэчыцкім гербе надзвычай лаканічная, што вымусіла супрацоўнікаў Дэпартамента наверсе аркуша над малюнкам герба пазначыць: «Когда утвержден? Справиться в архивах». Як сведчаць дакументы таго ж дэпартамента, адказ на гэтае пытанне не быў знойдзены. Тым не менш

царскія ўлады не ўбачылі ў сімволіцы гэтага герба нічога падазронага ці крымінальнага, і таму ён быў «высочайше утвержден» – праект падпісаны ўласнаручна Мікалаем I 6 красавіка 1845 г.

Сенацкі указ аб гэтым гербе быў дадзены па «Высочайшему повеленію» і 9 чэрвеня таго ж года набыў сілу закона. Ён змяшчаўнаступнае апісанне рэчыцкага герба: «Щит разделен на две половины – в верхней половине помещен губернский герб, а в нижней, в белом поле – распущенное в левую сторону двухконечное знамя розового цвета, у котораго нижний конец несколько длиннее верхняго; на знамение виден всадник в латах, сидящий на коне, обращенном в правую сторону и в правой руке всадника обнаженный меч, а на левой руке надет круглый щит, на котором изображен двойной крест»2.

Трэба адзначыць, што ў 60-я гады XIX стагоддзя былі распрацаваны праекты новых гербаў для многіх гарадоў Расійскай імперыі, у тым ліку і для Рэчыцы. Але свайго зацвярджэння яны так і не дачакаліся. Такім чынам, геральдычна ці гістарычна, нават ідэалагічна абгрунтаваных аргументаў для змены існуючага гарадскога герба Рэчыцы, на наш погляд, не існуе.

1  Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у г.Пецярбургу, ф.1343, воп.1, спр.182, арк.1.

2  Полный збор законов Российской Империи. Собр.2. Т.20. С.449. № 19084.

Аўтар: Анатоль Цітоў (Мінск)