Пасля заканчэння грамадзянскай вайны Савецкая Расія апынулася ў крызісным становішчы. У знешнепалітычным аспекце гэта праявілася ў міжнароднай ізаляцыі. Таму на эканамічную дапамогу з боку замежных краін разлічваць бальшавіцкаму ураду не прыходзілася. Унутранае становішча дзяржавы таксама характарызавалася абвастрыўшыміся сур’ёзнымі палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі праблемамі. Пераход да НЭПа суправаджаўся цяжкімі выпрабаваннямі, узнікшымі ў сувязі з катастрафічнай засухай і голадам, ахапіўшымі Паволжа, Паўднёвы Урал, Паўночны Каўказ і частку Украіны. Колькасць людзей, што апынуліся ў цяжкім становішчы і меўшых патрэбу ў неадкладнай дапамозе, як адзначалася на IX Усеукраінскім з’ездзе Саветаў у снежні 1921 г., складала звыш 22 млн. чалавек. Маштабы катастрофы былі велізарнымі і патрабавалі тэрміновых мер па яе пераадоленню.
Летам 1921 г. быў утвораны усерасійскі Цэнтральны камітэт дапамогі галадаючым пры УЦВК РСФСР (ЦК Дапгал). У адпаведнасці з пастановай УЦВК на месцах ствараліся камісіі па аказанні дапамогі. Рашэннем пленума Гомельскага губвыканкама ад 26 ліпеня 1921 г. была ўтворана губернская камісія дапамогі (губкамдапгал). На пасяджэнні 29 ліпеня 1921 г. губернская камісія прыняла рашэнне аб утварэнні адпаведных камісій у паветах, воласцях, на прадпрыемствах і ва установах. На вёсцы спецыяльныя камісіі не ствараліся, а арганізацыйная праца па аказанні дапамогі была ўскладзена на сельскія саветы. На прадпрыемствах і ва установах ствараліся падкамісіі дапамогі галадаючым. [1, с.55]
УЦВК РСФСР прыняў рашэнне аб замацаванні губерняў, ахопленых голадам, за іншымі рэгіёнамі краіны, якія павінны былі аказаць пацярпеўшым рэальную дапамогу. За Гомельскай губерняй замацоўвалася вобласць немцаў Паволжа. Для надання дапамозе галадаючым найбольш арганізаваны характар у Нямецкую камуну былі накіраваны прадстаўнікі з Палесся. Акрамя таго прадстаўнікі з Паволжа прыехалі ў г. Гомель і ў кожны павет губерні, каб расказаць мясцовым жыхарам аб маштабах трагедыі, каб вызначыцца з формамі і памерамі рэальнай дапамогі пацярпеўшым ад засухі раёнам Паволжа.
З самага пачатку кампанії па аказанню дапамогі важнае значэнне надавалася агітацыйнай працы сярод насельніцтва губерні. Былі выдадзены звароты, заклікі і плакаты. У газетах была ўведзена рубрыка “На дапамогу”, быў зроблены спецыяльны выпуск газеты “Палессе — Паволжу”. У населеных пунктах, на фабрыках, заводах і ўстановах адбыліся сходы, на якіх абмяркоўваліся пытанні аб аказанні дапамогі галадаючым. [1, с.55-56] Паўсюдна арганізоўваліся суботнікі і нядзельнікі, звышурочныя работы, заробленыя на якіх сродкі накіроўваліся ў фонд дапамогі. Праведзеная агітацыйная кампанія выразна выявіла адносіны беларускага насельніцтва да чужой бяды: актывізаваліся дабраахвотныя ахвяраванні і зборы прадуктаў харчавання, рабіліся грашовыя адлічэнні з заробку. Напрыклад, у жніўні 1921 г. у Рагачове быў наладжаны дабрачынны фестываль, на якім было сабрана каля 2 млн.руб. [2, с.104] Калектыў Веткаўскага канатна-вяровачнага завода пералічыў 47100 руб., а насельніцтва Веткаўскай воласці перадала ў фонд галадаючых больш 5210 тыс.руб. і 310 пудоў збожжа. [З, с.126] Рабочыя тэкстыльных прадпрыемстваў Гомельскага ГСНГ у нерабочи час вырабілі для насельніцтва Паволжа 4085 аршынаў сукна, 430 аршынаў баваўняных тканін і іншай прадукцыі. Было сабрана звыш 100 пудоў збожжа. [4, с.244]
Але дабраахвотныя ахвяраванні не маглі задаволіць сапраўдную патрэбу галадаючых у неабходным. Таму трэба было кіраўніцтву губерні адшукваць іншыя магчымасці для аказання сістэматычнай дапамогі. Губернскі і павятовыя з’езды саветаў прынялі рашэнне абкласці кожнага селяніна 8 фунтамі жыта ў фонд дапамогі. Толькі з Рагачова ў жніўні 1921 г. на адрас Сімбірскага губземаддзела было адпраўлена 5 вагонаў насеннага жыта для сяўбы азімых. [2, с. 104]
УЦВК РСФСР у лютым 1922 г. выдаў дэкрэт аб увядзенні агульнаграмадзянскага падатку. З улікам плацежаздольнасці насельніцтва стаўка гэтага падатку для горада была вызначана ў 450 руб., для сельскай мясцовасці — у 150. Спагнанне падатку ў Гомельскай губерні бьшо праведзена ўдарнымі тэмпамі ў рамках абвешчанага двухтыднёвіка ў гарадах праз фінансавых інспектараў, а на вёсцы — праз сельскія саветы і вапасныя выканкамы. Сабраны агульнаграмадзянскі падатак у губерні склаў суму ў 71,5 млн.руб. [1, с.58]
У збор сродкаў у фонд дапамогі ўключылася і царква. Збор ахвяраванняў адбываўся ў час нядзельных і святочных набажэнстваў пры абвяшчэнні зварота патрыярха Ціхана аб аказанні прыхаджанамі дапамогі пацярпелым. Аднак савецкае кіраўніцтва такая дапамога з боку царквы не задавальняла. У лютым 1922 г. УЦВК прыняў дэкрэт “Аб парадку канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей, якія знаходзіліся ў карыстанні груп веруючых”. Ён прадугледжваў канфіскацыю ўсіх каштоўных прадметаў з золата, серабра і каштоўных камянёў. Сярод жыхароў населеных пунктаў была праведзена агітацыйная работа з тым, каб пазбегнуць супраціву з боку вернікаў. У кампанію па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей былі прыцягнуты ўсе адказныя работнікі губерні. У Рагачоўскім павеце канфіскацыю скончылі ў маі 1922 г. Было канфіскавана каля 2,5 пуда серабра, 154 руб20 кап. сярэбраных манет і 10 руб. залатых манет [2, с.105]. А ўсяго ў губерні канфіскацыі падвергліся 986 культавых устаноў, у тым ліку 834 праваслаўных цэркваў, 135 сінагог і 17 касцёлаў. Было канфіскавана больш 200 пудоў 36 фунтаў сярэбраных і звыш 4 фунтаў залатых рэчаў, 50 залатых руб., 1267 руб. серабром і іншых каштоўнасцей. [1, с.66] Усё гэта было адпраўлена ў Маскву ў дзяржаўнае сховішча, замест таго, каб накіраваць у фонд дапамогі.
У сакрэтным цыркуляры УЦВК ад 28 красавіка 1922 г. прама ўказвалася: “Каштоўнасці, адабраныя з закрытых цэркваў, павінны ўлічвацца і накіроўвацца асобна ў асобай графе, таму што яны паступаюць не ў ЦК Дапгал, а павінны накіроўвацца ў дзяржаўны фонд…” [5, c.5і]
Па прапанове ЦК Дапгала была праведзена ўсерасійская латэрэя. У Гомельскай губерні сярод насельніцтва было распаўсюджана 25 тысяч білетаў на суму 1250 тыс.руб., якія былі пералічаны ў Маскву на рахунак ЦК дапамогі галадаючым [1, с.59].
У справе дапамогі пацярпелым найбольш важнай задачай было выратаванне дзяцей ад галоднай смерці. У верасні 1921 г. у Гомель прыбыў першы санітарны цягнік з 530 эвакуіраванымі дзецьмі з розных губерняў Паволжа: Вяцкай, Казанскай, Самарскай, Саратаўскай і інш. У кастрычніку 1922 г. у Гомельскай губерні знаходзілася больш 6800 дзяцей, з якіх 2360 было размеркавана ў дзейнічаючыя і ў зноў спецыяльна адкрытыя дзіцячыя дамы. Недахоп жылых памяшканняў і неабходных сродкаў не дазволілі камітэтам дапамогі поўнасцю забяспечыць эвакуіраваных дзяцей месцамі ў дзіцячых дамах. Таму было прынята рашэнне аб размеркаванні іх у сем’і гарадскіх і сельскіх жыхароў. Больш за ўсё дзяцей у свае сем’і прынялі жыхары Клінцоўскага (672 з 1045 прыбыўшых), Старадубскага (556 з 600), Гомельскага (470 з 1345) і Рагачоўскага паветаў (240 з 594). Многія дзеці былі знясіленымі і хворымі. Уладамі было прынята рашэнне аб выкарыстанні 5-й дзіцячай бальніцы г. Гомеля для лячэння толькі дзяцей з Паволжа. З верасня 1921 г. па верасень 1922 г. у ёй атрымалі лячэнне і паправіліся 419 дзяцей з 549 паступіўшых у бальніцу, астатніх выратаваць не ўдалося. [1, С.61, 65]
У сувязі з адкрыццём у губерні дадаткова 57 дзіцячых дамоў узнікла надзвычай цяжкае становішча з забеспячэннем іх неабходнымі прадуктамі харчавання і вопраткай. Складанасць сітуацыі прымушала адміністрацыю дзіцячых устаноў звяртацца за дапамогай у прадстаўніцтва Амерыканскай арганізацыі дапамогі (АРА) у Гомелі, якое было адкрыта вясной 1922 г. За лістапад-снежань 1922 г. і студзень 1923 г. у Гомель па лініі АРА паступіла звыш 42 тыс. пудоў прадуктаў. Гэта дазволіла забяспечыць прадуктамі харчавання звыш 100 дзіцячых устаноў губерні. [6, с.108-110] Ужо ў жніўні 1921 г. на Палессе сталі прыбываць бежанцы з пацярпелых рэгіёнаў. На вузлавой станцыі Унеча ў спецыяльна створаным размеркавальным пункце праводзілася іх санапрацоўка, з фонда губернскай камісіі дапамогі ім выдавлася ежа, бялізна і вопратка, аказвалася першая медыцынская дапамога. Затым бежанцы размяркоўваліся па паветах. Са жніўня 1921 г. па верасень 1922 г. у Гомельскую губерню прыбыло звыш 11830 бежанцаў, для патрэб якіх было выдзелена больш 1,5 тыс. пудоў хлеба і іншых прадуктаў, 362,5 тыс. руб. Для таго, каб аблегчыць матэрыяльнае становішча беспрацоўных бежанцаў мясцовыя ўлады вырашылі выкарыстаць іх працу на грамадскіх работах. Для разліку з імі выдзялялася 5 тыс. пудоў хлеба. [1, с. 61-62, 267]
Значныя сродкі былі затрачаны на рээвакуацыю бежанцаў, якая пачалася з сакавіка 1922 г. у сувязі з пачаткам палявых работ у пацярпелых раёнах. На гэтыя мэты па стану на 1.10.1922 г. было выкарыстана звыш 1,5 млн. руб. [1, с. 64] Акрамя таго за час кампаніі дапамогі ў Паволжа было адпраўлена 1562 тыс. пудоў насеннага збожжа з Гомельскай і Віцебскай губерняў. [4, с. 245] Пасля ўборкі новага ўраджаю ў 1922 г. харчовая дапамога ў Паволжа паступова змяншалася. На ўтрыманні губернскага камігэта дапамогі заставаліся яшчэ некаторы час толькі дзіцячыя дамы. За час праведзенай кампаніі ў фонд дапамогі галадаючым Паволжа ад насельніцтва Гомельскай губерні паступіла 256460 пудоў прадуктаў харчавання і сабрана звыш 12 млн. руб. [1, с. 63] Нягледзячы на складаныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы насельніцтва Палескага рагіёну, само меўшае вострую патрэбу ў прадуктах харчавання, прадметах хатняга ўжытку, актыўна ўдзельнічала ў аказанні гуманітарнай дапамогі галадаючым Паволжа, праявіўшы спагаду і клопат аб гэтых людзях.
- Отчет Гомельского губернского исполнительного комитета VI губернскому съезду’ Советов рабочих, крестьянских и солдатских депутатов (декабрь 1921 — ноябрь 1922 гг.). Гомель, 1922.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Рагачоўскага раёна. Мн., 1994.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Веткаўскага раёна. У 2-х кн. Кн. 1. Мн., 1997.
- Гісторыя Беларускай ССР. У 5-ці т. Т. 3. Мн., 1973.
- Беларуская мінуўшчына. 1993. № 5-6.
- Гомельшчына: старонкі мінулага. Нарысы. II выпуск. Гомель, 1996.
Аўтар: М.Н. Мурашка
Крыніца: Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 20-21 мая 2004 г.): У 2-х ч.ч. Ч 1./ Гал. рэдактар А.А. Станкевіч. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. — 272 с. Ст. 111-115.