Да пытання аб далучэнні Гомельшчыны да Беларусі

0
134
Узбуйненне БССР і Гомель

Пытанне аб аб’яднанні беларускіх зямель у этнаграфічных межах упершыню было вызначана ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. У адпаведнасці з III Устаўной Граматай, прынятай радай БНР 25 сакавіка 1918 г., адзначалася, што ў склад Беларусі павінны быць уключаны Магілёўская, Мінская, Віцебская, беларускія часткі Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губерняў. Аднак у выніку складаных гістарычных абставін намер урада БНР у частцы аб’яднання этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі у дзяржаўную не мог ажыццявіцца.

Разам з тым, сярод беларускай інтэлігенцыі, якая адстойвала ідэю тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэта Беларусі, думка аб аб’яднанні беларускіх зямель не знікла. Яе падтрымлівала і частка беларускіх камуністаў, прыхільнікаў ідэі нацыянальнага адраджэння.

Так, у лютым 1921 г. група беларускіх камуністаў звярнулася з дакладной запіскай у Цэнтральнае Бюро КП(б)Б і ЦК РКПБ(б), у якой адзначалася:

«…зыходзячы з таго, што Савецкая Сацыялістычная рэспубліка Беларусь складаецца ў цяперашні час з 6 паветаў Мінскай губерні… неабходна расшырыць яе граніцы на ўсходзе за кошт зямель, якія сумесна з паветамі Мінскай губерні ўяўляюць адзіны вытворча-гаспадарчы комплекс і этнаграфічны арганізм, такім чынам, неабходна да Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь безумоўна дапучыць Віцебскую губерню, Гомельскую губерню і тыя паветы Магілёўскай губерні, якія далучаны да Смаленскай губерні»1.

У дакуменце таксама адзначалася неабходнасць пераводу ўсяго справаводства ў дзяржаўных установах на беларускую мову. Па даручэнні групы камуністаў запіску падпісаў і перадаў у ЦК РКП(б) Алесь Бурбіс.

У студзені 1924 г. ЦБ КП(б)Б накіравала ў ЦК РКП(б) новую дакладную па пытанні тэрытарыяльнага будыуніцтва Беларусі, у якой зноў падкрэслівалася неабходнасць узбуйнення рэспублікі.

У выніку разгляду пытання ў Маскве пастановай УЦВК СССР ад 4 лютага 1924 г. Гомельская губерня ўвайшла ўсклад Беларусі, але не ўся, а толькі паветы Быхаўскі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чэрыкаўскі, Чавускі і шэраг валасцей Рэчыцкага павета.

Аднак частковасць вырашэння гэтага пытання не магла задаволіць беларускі бок, бо ў складзе РСФСР былі пакінуты паветы Гомельскай губерні з абсалютнай перавагай беларускага насельніцтва. Аб гэтым сведчылі вынікі лерапісаў насельніцтва 1897, 1917г. г. Значныя разыходжанні з імі з’явіліся толькі пры правядзенні перапісу 1920 г.2:

Паветы Працэнт беларусаў  
  1897 1917 1920
Гомельскі 74 95 22
Рэчыцкі 82 85 43

Па валасцях адрозненні былі яшчэ большымі3:

 

Воласці

Працэнт беларусаў

 

1917 1920

Гомельскага павета:

Уваравіцкая

94 37
Чачэрская 87 0,2
Красна-Будская 99 0
Веткаўская 94 9

Рэчыцкага павета: Холмецкая

98 3
Лоеўская 97 0
Васілевіцкая 80

86

Такія істотныя разыходжанні выкарыстоўваліся як аргумент супраць далучэння паветаў да Беларусі. Калі партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва БССР настойвала на ўключэнні ўсёй тэрыторыі Гомельшчыны, то кіраўнікі Смаленскай губерні імкнуліся да ства­рэння эканамічна-адміністратыўнага аб’яднання ў складзе РСФСР. Пазіцыю Смаленскага губкама падтрымлівала і частка кіраўнікоў у Маскве, у першую чаргу старшыня УЦВК М. Калінін. Вельмі непаслядоўна і супярэчліва выглядала пазіцыя Гомельскага губкама, які мяняў свой погляд на пытанне некалькі разоў: ад поўнай падтрымкі да катэгарычнай адмовы.

Тут неабходна высветліць прычыны рэзкага «знікнення» беларусаў па перапісе 1920 г. Тлумачэнне дало заключэнне ЦК КП(б)Б па рэзалюцыі Гомельскага губкама па пытанню далучэння Гомельшчыны да БССР.

У запісцы адзначаецца, што ў Гомелі зусім не палічыліся з існай рэчаіснасцю — вынікамі перапісаў 1897 і 1917 гг. Перапіс жа 1920 г. праводзіўся неўзабаве пасля вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі, калі перамовы з Польшчай аб міры не закон­чыліся, тэрыторыя і межы Беларусі вызначаны не былі. Сярод на­сельніцтва шырыліся чуткі аб магчымым утварэнні Беларусі пад пратэктаратам Польшчы. У сувязі з гэтым, многія імкнуліся змяніць нацыянальнасць на рускую, каб не апынуцца пад уладай Польшчы.

Улічваючы складанасць пытання, ЦК УКП(б) 16 верасня 1926 г. вырашыў «камандзіраваць у Гомельскую губерню камісію з мэтай збірання матэрыяла аб нацыянальным складзе, эканамічным стане і настроі мясцовага насельніцтва»4. Узначаліў камісію Я. Петэрс, увайшлі ў яе А. Паўлюкевіч ад БССР і І. Белабародаў ад РСФСР.

Камісія амаль месяц займалася абследаваннем Гомельскага і  Рэчыцкага паветаў як найбольш спрэчных па нацыянальным складзе. У выніку былі зроблены наступныя высновы:

  1. Большасць насельніцтва ў абследаваных паветах па паходжанні, безумоўна, беларусы.
  2. Гутарковая мова насельніцтва змешаная: беларускія, рускія словы.
  3. Цалкам адсутнічае нацыянальная беларуская свядомасць і цягненне да беларускай мовы.
  4. Адносіны да беларусізацыі з боку насельніцтва адмоўныя, але настаўнікі вясковых школ, якія пабывалі на курсах у Беларусі, i адзіночкі з сялян ставяцца да беларусізацыі станоўча5.

Прадстаўнік ад БССР А. Паўлюкевіч выклаў i свой асабісты пункт гледжання: «…лічу неабходным выказаць асабістае мерка — па пытанню азначэння мовы большасці насельніцтва. У дакладзе ў другім пункце вынікаў мова насельніцтва названая «змешанай». Між тым, ва ўсіх актах, якія тычацца валасцей, i складзеных камісіяй на месцы, мова большасці насельніцтва называецца «беларускай». З нагоды гагага, другі пункт вынікаў прапаноўваю сфармуляваць такім чынам:

«Гутарковая мова большасці насельніцтва беларуская з вялікай колькасцю расійскіх слоў, на поўдні сустракаюцца украінскія словы»6.

Азнаёміўшыся з вынікамі працы камісіі Я. Петэрса, ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК УКП(б) запіску, дзе звярнуў увагу на шэраг спрэчных момантаў у яе рабоце і заключным дакуменце. Заўвага

тычыліся і пазіцыі Гомельскага губкама, дзейнасць якога не садзейнічала паспяховаму правядзенню беларусізацыі ў паветах Гомельскай губерні, наадварот, работнікі партыйнага і дзяржаўнага апарата, органаў народнай адукацыі чынілі ёй супраціў. У запісцы таксама адзначалася, што вынікі значнай русіфікатарскай палітыкі на Гомельшчыне, якая не спынілася да гэтага часу (г.зн. да 1926 г.), патрабуюць ад партыйнага i дзяржаўнага апарата асцярожнага падыходу ў правядзенні работы па вяртанню Гомельшчыны да Беларусі.

Запіска ЦК КП(б)Б стала яшчэ адным аргументам у канчатковым вырашэнні лёсу Гомельшчыны на карысць Беларусі.

Літаратура

  1. НАРБ. Ф.4. Воп.1. Спр.814. Арк.1.
  2. Там жа. Ф.4. Воп.21. Спр.99. Арк. 157.
  3. Там жа.
  4. Там жа. Спр. 102. Арк. 122.
  5. Там жа. Спр.99. Арк. 150.
  6. Там жа. Арк. 173.

 

Аўтар: А.Ф. Вялікі
Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельшчына – старонкі мінулага” (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ. Ст. 129-133.