На думку Н.А. Бярдзяева, быццё нацыі не вызначаецца і не вычэрпваецца ні мовай, ні рэлігіяй, ні тэрыторыяй, ні дзяржаўным суверэнітэтам, хоць гэтыя прыкметы з’яўляюцца істотнымі для нацыянальнага быцця. Галоўнае ж, што вызначае нацыю — адзінства гістарычнага лёсу. Усведамленне гэтага адзінства і ёсць нацыянальная свядомасць. З Бярдзяевым пагаджаўся і аўстрыйскі вучоны канца XIX і пачатку XX ст. О. Бауэр, які лічыў, што нацыя — гэта ўся сукупнаць людзей, якія звязаны агульнасцю характару на глебе агульнасці лёсу, а нацыянальны характар ёсць ні што іншае, як асадак гісторыі нацыі. Яны звярталі ўвагу на біялагічны фактар у нацыі (кроў), які не толькі дзейнічае ў гістарычных утварэннях, але і адыгрывае часам вызначальную ролю56. Сучасныя беларускія філосафы лічаць, што ў дачыненні да беларусаў традыцыйнымі фактарамі самаідэнтыфікацыі з’яўляліся менавіта паходжанне (“кроў”) і тэрыторыя пражывання (“зямля”)57.
На працягу некалькіх стагоддзяў частка сучаснай Гомельскай вобласці некалькі разоў пераходзіла ад BKЛ да Расіі і наадварот. Пазней яна разам з іншымі беларускімі землямі была далучана да Расійскай імперыі, і ўсё ж такі па дадзеных перапісу 1897 г. значная большасць насельніцтва Магілёўскай губерні, у склад якой да 1919 г. уваходзіла Гомельшчына, лічыла сябе па паходжанню беларусамі — 82,6%58.
Адным з працэсаў, што адбываліся ў Савецкай дзяржаве ў 20-х гадах, было нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва. Працягвалася ранейшая традыцыя, калі лёс беларускіх земляў вырашаўся Расіяй, зыходзячы з яе асабістых ваенна-палітычных інтарэсаў. У пачатку 1919 г. значная частка ўсходніх беларускіх земляў былі перададзены РСФСР. У 1924, 1926-м гг. адбылося ўзбуйненне БССР за кошт вяртання ў яе склад зямель, дзе пераважала беларускае насельніцтва. Названыя моманты адмоўна паўплывалі на фарміраванне нацыянальнай свядомасці насельніцтва ўсходніх беларускіх губерняў, у т.л. і Гомельскай. Адмоўнае стаўленне да разгортвання работы па стварэнню беларускіх школ, культурных устаноў з боку русіфікаванага губернскага партыйнага і савецкага кіраўніцтва таксама тармазілі гэты працэс. Ініцыятывы прыхільнікаў беларускага руху — адкрыццё школ, пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, хат-чытальняў, працуючых на беларускай мове, насельніцтва сустракала пасіўна. Жыхары катэгарычна не адмаўляліся ад арганізацыі культурных устаноў на роднай мове ў іх мясцовасці. Калі ж павятовыя ўлады пачыналі агітаваць супраць, аргументуючы тым, што беларуская мова “мужыцкая”, “ненатуральная”, “так нідзе не кажуць”, мясцовыя жыхары пагаджаліся і адмаўляліся адпраўляць сваіх дзяцей у беларускую школу. Беларуская секцыя, якая была створана пры Гомельскім губАНА і падтрымлівала сувязь з урадам БССР, пачынае весці паступовую, асцярожную работу сярод беларускага насельніцтва. Спачатку ў дзейнасць па прапагандзе беларускай мовы, культуры прыцягваюцца настаўнікі, моладзь. У 1921 г. ствараецца беларускі гурток пры Гомельскім педтэхнікуме і Рэчыцкі маладзёжны гурток “Гай”, пазней у губерні арганізавана яшчэ пяць беларускіх гурткоў моладзі. У’ 1922 — 23-м навучальным годзе пачынаюць работу шэсць беларускіх школ. Работнікі белсекцыі сістэматычна вядуць тлумачальную работу сярод насельніцтва. На агульных сходах сялян настаўнікі знаёмяць іх з нацыянальнай палітыкай савецкай улады, чытаюць беларускамоўную прэсу. І, як вынік гэтай дзейнасці, па дакументах прасочваюцца паступовыя змены ў свядомасці насельніцтва. Так, за 1921 г. выяўлены адзін дакумент, калі жыхары Дудзічскай вол. Гомельскага павета выступаюць з ініцыятывай адкрыцця беларускай школы ў іх мясцовасці59. Пачынаючы з канца 1922 г., маецца шэраг дакументаў (пратаколы агульных сходаў грамадзян, лісты ў белсекцыю губАНА). Насельніцтва выказваецца за арганізацыю беларускіх школ і іншых культурных устаноў. Уважлівае вывучэнне названых дакументаў, аналіз мовы (уключаючы фразеалогію і тэрміналогію) адкрывае шырокія магчымасці для ўсведамлення “духоўнай аснасткі” людзей. Возьмем для прыкладу вытрымку з аднаго ліста ў беларускую секцыю губАНА: “Беларускай мове патрэбна даць ганаровае месца ў клубах, прэсе, культурна-асветных установах, партыйных і савецкіх… Толькі праз здаровы, творчы нацыяналізм чалавецтва прыйдзе да гуманнасці, дзе нацыянальныя культуры будуць прыгожымі гукамі ў магутным акордзе інтэрнацыянага і агульначалавечай культуры”60.
Дакументы сведчаць, што гэты працэс усё ж такі не быў масавай з’явай. Беларускае насельніцтва Гомельскай губерні ў асноўным абыякава ставілася да арганізацыі школ, культурна-асветных устаноў, якія б працавалі на роднай мове. Прычым, сяляне мелі права выбару адкрываць рускую або беларускую школу ў сваёй мясцовасці, таму што, пачынаючы з 1922 г., значная частка школ знаходзілася на іх утрыманні (т.зв. дагаварныя школы). Толькі ў той мясцовасці, дзе ў разгортванні беларускай работы былі зацікаўлены настаўнікі, работнікі культурна-асветных устаноў, вялася тлумачальная дзейнасць; насельніцтва пачынае схіляцца да пазіцыі аб неабходнасці правядзення такой работы. Асабліва спрыяльны ўплыў на рост нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва Гомелыпчыны аказала аб’яднанне часткі губерні ў 1924 г. з БССР. У выніку на тэрыторыі той часткі губерні, якая не ўвайшла пасля першага ўзбуйнення БССР у яе склад, колькасць беларускіх школ хутка павялічваецца да 35. Адкрываюцца 3 хаты-чытальні і 5 пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці для абслугоўвання беларускага насельніцтва на роднай мове61.
Насельніцтва Гомельскага і Рэчыцкага паветаў станоўча ўспрынялі аб’яднанне дадзенага рэгіёна з БССР у 1926 г. На пасяджэнні першага Гомельскага акруговага з”езда жанчын-членаў Савета, які адбыўся ў 1927 г., адзначалася, што калі ў вёсны пачалі весці работу на беларускай мове, узнялася вялікая актыўнасць сярод жанчын. Зараз ім усё зразумела, таму што беларуская мова — родная мова жанчын і дзяцей, яны заўсёды ёй карысталіся62.
Нягледзячы на тое, што шматлікія сучасныя даследчыкі лічаць адзінства менталітэту ўсходніх славян відавочным, беларусы маюць асаблівасці гэтай крыніцы мыслення, ідэалогіі, веры і пачуццяў, і не павінны забываць пра гэта. Кожны народ перадае сваім нашчадкам не толькі матэрыяльныя здабыткі, а і спрадвечную гісторыю, духоўныя багацці, свае імкненні, тэмперамент.
57 Гл. Новое время. — 1992 — №5. — С.59; Русское зарубежье. — Л., 1991. — С. 74-90.
58 Гл. Культура беларускага пагранічча: Тэматычны зборнік навуковых прац. — Кн.6. — Горкі-Брэст, 1999. — С. 67-71.
59 Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. — Менск,1924. — С.3.
60 Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф.500. — Воп.1. — Спр.299. — Арк.15.
61 Там жа. Ф.60. — Воп.1. — Спр.1547. — Арк.53.
62 Отчет Гомельского губисполкома 9-му губсьезду Советов. Гомель, 1926. С.43.
63 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф.34. Boп 1. Спр 746. Арк.415.
Аўтар: А.I. Зелянкова
Крыніца: Менталитет восточных славян: история, современность, перспективы.: Материалы международной научной конференции (27-28 октября 1999 г., г. Гомель) /Под ред. K.C.H., доцента В.В. Кириенко — Гомель: ГГТУ им. П.О. Сухого, 1999. — 220 с. Ст. 142-144.