Да гісторыі культурнай палітыкі нямецкіх акупацыйных улад на тэрыторыі Рэчыцы і раёна ў 1941-1943 гг.

0
1450
война, гитлер

У сваёй найноўшай гісторыі Рэчыцкая зямля зведала дзве нямецкія акупацыі падчас абодвух сусветных войнаў.

Аднак другая нямецкая акупацыя была не толькі значна больш працяглай па часе (з 23.08.1941 г. да 18.11.1943 г.), але і нашмат разбуральней па сваіх наступствах.

На жаль, у айчыннай і замежнай гістарыяграфіі заяўленая намі тэма вельмі мала даследавана, акрамя асобных эпіодаў і згадак. У вывучэнні дадзенай тэмы таксама бракуе крыніц у айчынных архівах, у тым ліку ў фондах Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці (Ф.1326 – Рэчыцкае гарадское ўпраўленне). Усё гэта абумоўлівае пэўныя цяжкасці для гістарычнай рэканструкцыі штодзённага жыцця рэчычанаў перыяду нацысцкай акупацыі. Тым не менш, паспрабуем акрэсліць некаторыя моманты з гісторыі Рэчыцы і раёна пад гітлераўскай акупацыяй, абапіраючыся на некаторыя дадзеныя архіўных, мемуарных крыніц і асобную гістарычную літаратуру.

Да вайны Рэчыца з насельніцтвам больш за 30 тыс. чалавек і яе прадмесці з амаль 57 тыс. жыхароў мелі даволі значную сетку культурна-асветных устаноў. Так, у самой Рэчыцы працавалі калгасна-саўгасны тэатр, 8  рабочых клубаў, Дом культуры, Дом тэхнікі, педвучылішча1, сярэдняя, 2 сямігадовыя, 6 пачатковых і звыш 20 вячэрніх школ, а ў раёне  – 38 пачатковых, 24 няпоўныя сярэднія і 7 сярэдніх школ2. Усяго навучаннем у райцэнтры было ахоплена больш як 10 тыс. чалавек3. Раённы калектыў педагогаў складалі 435 настаўнікаў. У пачатковых школах Рэчыцкага раёна вучыліся амаль 3000 хлопчыкаў і дзяўчынак, у няпоўных сярэдніх – больш за 6000 і ў сярэдніх – крыху болей за 3500 вучняў4.

Асаблівасцю гісторыі Рэчыччыны пад акупацыяй было тое, што горад і наваколле адміністрацыйна-тэрытарыяльна былі ўключаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў склад рэйхскамісарыята Украіна, дакладней яго генеральную акругу Жытомір. На практыцы гэта азначала, што на характар акупацыйнай палітыкі ў сацыяльна-культурнай галіне ў тагачасным Рэчыцкім гебітскамісарыяце ўплывала агульнапалітычная лінія для рэйхскамісарыята Украіны, якім кіраваў нацысцкі гаўляйтэр Эрых Кох.

Акупацыйныя ўлады ўводзілі ў Рэчыцы і раёне новыя святы замест ранейшых савецкіх, што ўскладалася на мясцовы дапаможны орган «самакіравання» – Рэчыцкае гарадское і павятовае ўпраўленне. Так, летам 1942 г. была зроблена спроба ўрачыста адзначыць у Рэчыцы гадавіну вайны супраць СССР. Аднак гэтаму перашкодзілі мясцовыя савецкія партызаны, якія, незаўважна прабраўшыся да дома гарадскога бургамістра Герхарда, 21 чэрвеня забілі яго і паранілі афіцэра  жандармерыі5. Па некаторых звестках, Герхард жыў у Рэчыцы з даваенных гадоў і быў фольксдойчэ, як нацысты называлі асоб нямецкага паходжання, што жылі ва Усходняй Еўропе і іншых рэгіёнах па-за межамі Германіі.

Больш паспяхова, відаць, прайшло святкаванне 24 жніўня таго ж 1942 г. ў рэчыцкім «старым парку над “Дняпром”» “Вялікай Гадавіны вызвалення гор. Рэчыцы і Рэчыцкага раёна ад жыдоўска-камуністычнага іга», дзе на адпаведным гадзінным мітынгу, паводле загада выконваючага абавязкі старасты рэчыцкага гарадскога і павятовага ўпраўлення, мусілі прысутнічаць «усе загадчыкі аддзелаў Упраўлення, устаноў, служачыя і вольныя ад працы рабочыя». Пры гэтым парк павінен быў забяспечыць музыкай загадчык кінатэатра, а пасля мітынгу тэатру і кінатэатру разам належала арганізаваць канцэртнае выступленне мясцовых артыстаў6.

З успамінаў удзельнікаў Рэчыцкага антыфашысцкага падполля вынікае, што ў горадзе фактычна з першых дзён акупацыі (недзе з канца жніўня 1941 г.) працаваў драматычны тэатр (відаць, на базе перадваеннага прафесійпага калгасна-саўгаснага тэатра – У. К), куды на спектаклі хадзілі і нямецкія вайскоўцы7. Паводле архіўных матэрыялаў, у Рэчыцы ў акупацыйны перыяд таксама меўся кінатэатр8.

У горадзе і раёне ў 1942-1943 гг. дзейнічалі і некаторыя школы (напрыклад, гарадская № 2, сельскія Балашоўская, Залеская, Янаўская). Педагагічны калектыў апошніх складаўся  пераважна з жанчын – загадчыцы школы і адной або дзвюх настаўніц. Норма тыднёвай вучэбнай нагрузкі на аднаго педагога была 26 гадзін, а месячны грашовы аклад за поўную нагрузку – 600 рублёў9 (для параўнання: больш, чым, напрыклад, у старасты Кузьмініцкай воласці – 500 рублёў10).  Уся школьная дзейнасць у Рэчыцы і акрузе знаходзілася пад наглядам Інспектарыята па народнай адукацыі (у архіўных дакументах за 1943 г. сустракаецца назва Інспектарыят школ Рэчыцкага раёна), утворанага паводле распараджэння абласнога камісара Орлічэка загадам па Рэчыцкаму гарадскому ўпраўленню ад 9 верасня 1942 г., у складзе інспектара народнай адукацыі (пазней інспектар школ), яго памочніка і сакратара11.

Праблема рэлігійнага жыцця ў Рэчыцы і  раёна пад акупацыяй патрабуе дадатковага спецыяльнага даследавання.

У цэлым вынікі «культурнай» палітыкі гітлераўцаў у Рэчыцы і раёне за два з лішнім гады акупацыі больш-менш вядомы: у раённым цэнтры былі разбураны 5 школ, а ў сельскай мясцовасці – 67 школ, адзін дом культуры, 13 клубаў12 і інш. Аднак пры гэтым у астатніх культурна-побьггавых установах Рэчыцы меліся толькі частковыя разбурэнні. Па іншых дадзеных, у райцэнтры немцы разрабавалі гарадскі кінатэатр, тры заводскія клубы (пры гэтым пераўтварылі ў стайню будынак клуба завода “Інтэрнацыянал”), расцягнулі з бібліятэк горада больш за 27 тысяч тамоў кніг (да вайны толькі ў раённай бібліятэцы было звыш 82 тысяч кніг), а ў цэлым па раёне разбурылі 74 клубы і хаты-чытальні, 8 школ13.

У далейшых даследчыцкіх пошуках па праблеме гісторыі Рэчыцкага краю пад гітлераўскай акупацыяй, магчыма, могуць аказацца карыснымі матэрыялы ўкраінскіх архіваў, у першую чаргу Дзяржаўнага архіва Жытомірскай вобласці.

  1. Умецкий Б. Речица:  Краткий историко-экономический очерк. – Мн., 1963. – С. 42.
  2. Памяць. Рэчыцкі раён: У 2 кн. Кн. І. – Мн., І998. – С. 134-135.
  3. Умецкий Б. Речица – С. 42.
  4. Памяць. Рэчыцкі раён. Кн. 1. – С. 135.
  5. Умецкий Б. Речица. С. 48-49.
  6. ДАГВ. – Ф. 1326. – Воп. 1. – Спр. 14. – Арк. 42 адв. – 43.
  7. Памяць. Рэчыцкі раён. – Кн. 1.- с. 252.
  8. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці (ДАГВ). – Ф. 1326. – Воп. – 1. – Спр. 14. – Арк. 43.
  9. Там жа. – Спр. 1. – Арк.. 64. 65. 66.
  10. Там жа. –  Арк. 70.
  11. Там жа. – Спр. 14. – Арк.. 45 адв.; Спр. 4. – Арк. 11.
  12. Памяць. Рэчыцкі раён.. – Кн. 2. – С. 215.
  13. Умецкий Б. Речиц. – С. 55.

Аўтар: Уладзімір Калаткоў (Мінск)

Крыніца: Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні (г. Рэчыца, 22-23 верасня 2005 г.) / Рэд. кал. В.М. Лебедзева (адк. рэд.) і інш. – Гомельск. дзярж ун-т імя Ф.Скарыны (Навук.-дасл. ін-т гісторыі і культуры усходнеславянскіх народаў), Рэчыцкі раённы выканаўчы камітэт – Гомель: Гомельск. дзярж. ун-т імя Ф.Скарыны, 2005.