Да гісторыі адной судовай справы кімбараўскіх манашак-цыстэрыянак

0
188
Судовая справа манашак-цыстэрыянак у Беларусі

Гісторыя цыстэрцыянцаў у Мазыры адлічваецца з пачатку XVIII ст. Прычым, у межах сучаснай Беларусі існавала толькі тры цыстэрцыянскія кляштары, два з іх размяшчаліся ў мазырскім прадмесці — Кімбараўцы ці Анёльскай даліне.

Мужчынскі прытулак быў заснаваны ў 1711 г. на сродкі навагрудскага кашталяна Антонія Аскеркі [1, с. 93], жаночы — у 1745 г. за кошт ахвяраванняў Казіміра Сапегі [2, арк. 7 адв.].

Кляштары валодалі значнымі зямельнымі ўладаннямі. Так, у 1717 г. кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II Моцны ахвяраваў кляштару цыстэрцыянцаў 50 валок зямлі, а Аўгуст III у 1742 г. яшчэ 20. У 1825 г. манахі мелі юрыдыку ў в. Кімбараўка з 18 дымоў, 24 валокі зямлі ворнай і пад лесам. Пры кляштары працавалі школа і бібліятэка на 850 тамоў [1, с. 93]. Цыстэркі, так называлі манашак у афіцыйных дзяржаўных дакументах Расійскай імперыі, таксама трымалі школу для дзяўчынак, дзе выкладалі арыфметыку, музыку, гігієну, французскую і лацінскую мовы [2, арк. 4].

Такім чынам, у XVIII ст. каталіцкае духавенства мела пэўную эканамічную самастойнасць і грамадскі ўплыў.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Мінску ў складзе фонда Канцылярыі Мінскага грамадзянскага губернатара захоўваецца цікавая справа “Аб грашовай прэтэнзіі Кімбараўскіх манашак-цыстэрак да жыхароў Мазыра” [3].

Сутнасць справы ў тым, што цыстэркі звярнуліся ў Мінскую палату грамадзянскага суда з просьбай спагнаць з гарадскога магістрата Мазыра пазыку ў суме 10 тысяч злотых, аб чым была складзена выпіска і даслана ў Мінскую казённую палату. Чыноўнікі палаты ў сваю чаргу паведамілі аб гэтым у лісце Мінскага грамадзянскага губернатара 22 ліпеня 1849 г., які 22 жніўня 1849 г. даслаў рапарт у “Правительственный Сенат”. Так, украсавіку 1850 г. справа трапіла ў Канцылярыю Віленскага ваеннага губернатара, генерал-губернатара Гродзенскага, Мінскага, Ковенскага [3, арк. 1-3].

У выніку дазнання было ўстаноўлена, што прэтэнзія цыстэрак заснавана на дакуменце ад 3 ліпеня 1797 г., у якім “24 человека мозырских обывателей заняли у монахинь сумму 10 тысяч злотых (1500 руб. серебром) и отдали в залог принадлежащий городу остров Нивицкий, называемый с правом пользоваться землей, лесом, пашенной землей, ловлею рыбы и рубкой леса на отопление монастыря”.

Пазыка сапраўды не выплачана, аднак горад мае ўзаемную прэтэнзію да кляштара, таму што “устроил на означенном острове переправу и отдавая оную в найм, получал дохода 1620 руб. серебром — о чем есть показания”. Мінская палата грамадзянскага суда па гэтай справе 5 лістапада 1849 г. вызначыла спагнаць з прыбыткаў горада азначаную суму, “так как переправа стоит по берегам рек, принадлежащим монастырю” [3, арк. 4- 4 адв.].

Далей з архіўнай справы вынікае, што пазыка ў 10 тыс. злотых не можа лічыцца доўгам горада па некалькіх прычынах. Па-першае, рашэннем “Правительственного Сената” ад 5 сакавіка 1841 г., “поступившего в Минское губернское правление”, паром, што угрымлівасі та кляштаром, павінен быць знішчаны як “устроенный на монастырской земле”, што супярэчыла расійскаму заканадаўству. Па-другое, сума пазычана цыстэрцыянкамі толькі 24 мяшчанам, якія не мелі даверанасці выступаць ад імя гарадской супольнасці, таму заклад павінен быць прызнаны несапраўдным. Акрамя таго, закладзены цыстэркам востраў складае гарадскую ўласнасць, а па расійскім заканадаўстве аддаваць у заклад можа той, хто мае права “отчуждения продажею”. Тым больш, што, згодна з артикулам 1401 Поўнага зводу грамадзянскіх законаў 1842 г. выдання, “церкви не могут отдавать капиталов под заклад”. Такім чынам, горад не павінен быць абкладзены выплатамі кляштару ў сувязі з тым, што грашовая здзелка паміж кімбараўскімі манашкамі з жыхарамі Мазыра адбылася без даверанасці і згоды вышэйшага кіраўніцтва [3, арк. 5].

Чыноўнікі Канцылярыі прапанавалі генерал-губернатару Гродзенскаму, Мінскаму, Ковенскаму “эту сумму, как и сумму, равную доходам, какие монастырь извлек из отданного ему острова взыскать с имущества лиц, сделавших заклад, если имущества будет недостаточно, то обратить взыскание на епархиальное начальство, которому принадлежит высший надзор за делами монастыря, как допустившего означенную сделку вопреки закону или в случае несостоятельности сего начальства с членов магистрата, принявших сей закладной документ” [3, арк. 5 адв.].

На гэтым разгляд справы не скончыўся. Далей архіўны дакумент утрымлівае даручэнне Міністра ўнутраных спраў Мінскаму грамадзянскаму губернатару правесці дадатковае дазнанне і вызначыць пэўныя акалічнасці судовай справы, менавіта дакладна адзначыць, ці мелі права 24 жыхары горада аддаваць у заклад гарадскую маёмасць, ці быў закладны дакумент “протестован и предъявлен ко взысканию на узаконенный срок и не потерял ли монастырь право на свой иск из-за несоблюдения формальностей и пропущением срока давности”, ці не будзе цяжарам для прыбыткаў Мазыра выплата доўга ў 10 тыс. злотых і прыбыткаў, атрыманых з пераправы [3, арк. 6 адв.].

На наступных старонках дакумента змешчаны рапарт чыноўніка асобных даручэнняў Сасноўскага начальніку Мінскай губерні “господину действительному статскому советнику и кавалеру” Фёдару Мікалаевічу Шклярэвічу ад 8 сакавіка 1851 г. аб ходзе даследавання справы за № 3555 [3, арк. 9].

А праз 5 дзён, 13 сакавіка, Мінскі грамадзянскі губернатар па даручэнні Міністра ўнутраных спраў атрымлівае ад генерал-ад’ютанта Бібікава патрабаванне “поспешить с доставлением сведений по делу”. Пасля чаго выдаецца прадпісанне вышэй згаданаму Сасноўскаму за № 4036 ад 14 сакавіка 1851 г. прадставіць адказы на азначаныя пытанні.

Далей чыноўнік асобных даручэнняў паведамляе, што 24 мазырскія мешчаніны не мелі права закладваць ад імя горада маёмасць па прычыне адсутнасці “обязательного акта на заём у цистерок денег и доверенности” (у горадзе ў 1797 г., на момант рэгістрацыі ў магістраце закладу, сярод мяшчан-хрысціян налічвалася 350 “домохозяев”). Акрамя таго, выдадзены манашкам дакумент “предъявлен к взысканию не был”. I, мабыць, самае галоўнае: для гарадской казны Мазыра выплата цыстэркам пазыкі ў 1500 руб. срэбрам “будет весьма ощутительна”, таму што штогодных прыбыткаў горада не хапає нават “для покрытия сметных расходов”. На сучасны момант Мазыр утрымлівае ў “Минском приказе общественного прозрения наличного капитала и процентов” 5289 руб. 91, 1/2 кап. срэбрам. Аднак, акрамя адзначаных 10 тыс. злотых, ёсць яшчэ асобны доўг у 200 руб. срэбрам. Тым больш, жаночы клянггар разам з мужчынскім “за самовольную через Прыпять переправу” атрымалі прыбытку 601 руб. 16,1/2 кап. срэбрам (сума крыху меншая, чым заявіў мазырскі магістрат) [3, арк. 13].

Справа заканчваецца ўказам “его императорского величества” ад 17 студзеня 1852 г., у якім пералічваюцца ўсе абставіны судовага іску і вызначаецца спагнанне пазыкі, як і прапаноўвалі чыноўнікі канцылярыі Мінскага губернскага праўлення, з маёмасці мяшчан, зрабіўшых заклад, калі гэтага будзе недастаткова, з епархіяльнага кіраўніцтва, якое дапусціла парушэнне расійскага заканадаўства, ці членаў магістрата, што прынялі закладны дакумент [3, арк. 15].

Гэты невялікі фрагмент мазырскай гісторыі дазваляе зрабіць некалькі грунтоўных высноў. Па-першае, каталіцкія ордэны страцілі права неўмяшання ў іх унутранае жыццё і царква ў цэлым паступова падпарадкоўваецца свецкай уладзе Расійскай імперыі. Па-другое, дзяржава актыўна ўмешваецца ў гаспадарчыя справы царквы ўвогуле (каталіцкай і праваслаўнай). Духавенства не мае права без дазволу начальства распараджацца капіталамі і маёмасцю.

У 30-60-я гг. XIX ст. працэс рэгламентацыі царкоўнага жыцця на беларускіх землях узмацняецца не толькі з-за грамадска-палітычнага руху шляхты, па-большасці каталіцкай, вынікам якога і былі паўстанні 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг., але і жадання цалкам падпарадкаваць каталіцкую царкву свецкай уладзе па прыкладзе праваслаўнай, іерархі і святарства якой пасля секулярызацыі маёмасці ў 1764 г. жылі за кошт бюджэтнага акладу.

Наступствамі такой палітыкі расійскага ўрада ў беларускіх губернях стала ліквідацыя эканамічнай самастойнасці касцёла і палітыка дыскрымінацыі каталіцкага духавенства. У расійскім заканадаўстве царкоўная маёмасць была прыраўнавана да казённай, а епархіяльныя кіраўнікі абавязаны былі прадстаўляць поўную інфармацыю аб кляштарах і храмах, колькасці сялян і маёмасці, якой валодалі. Нацыянальны гістарычны архіў у г. Мінску захаваў значную колькасць інвентароў і ведамасцяў за розныя гады з падрабязным апісаннем не толькі зямельных уладанняў, але і хатняй жывёлы, царкоўных рэчаў і гаспадарчых прыладаў [4; 5].

Дзяржава вырашае не толькі пытанні аб скасаванні кляштараў і перадачы іх маёмасці, але і дазваляе будаўніцтва ці рамонт храмаў, вызначае сумы грашовага ўтрымання духавенства, зацвярджае на пасады святарства ці звальняе і г.д.

Спачатку ў Мазыры ў 1832 г. зачыняецца бернардзінскі кляштар, будынак касцёла перадаецца пад праваслаўную царкву. Затым у 1864 г. быў скасаваны кляштар цыстэрцыянцаў. Цыстэркі пратрымаліся ў даліне Анёлаў да 1888 г., іх кляштар таксама быў перададзены праваслаўнаму ведамству.

Прававая рэгламентацыя дзейнасці каталіцкага духавенства ўзмацняецца ў другой палове 60-х гг. XIX ст. Так, згодна з цыркулярам Міністра ўнутраных спраў П.А. Валуева ад 15 кастрычніка 1867 г., кантролю падлягаюць любыя перамяшчэнні — “на паедзку ксяндза нават у межах павета неабходны дазвол грамадзянскіх уладаў” [6, арк. 78-78 адв.].

Духавенства незалежна ад канфесійнай прыналежнасці павінна было дакладваць аб колькасці прычту і парафіян, народжаных, памерлых, грамадскіх настроях, прыбытках і выдатках і г.д. Прычым падпісвалі гэтыя звесткі за кожны год настаяцель храма, святар, дыякан і псаломшчыкі. Так, акрамя агульных звестак за 1878 г., протаіерэй Антоній Савіч, настаяцель праваслаўнага Свята-Міхайлаўскага сабора (былога бернардзінскага касцёла Арханёла Міхаіла), паведамляе: “в г. Мозыре имеется …римско-католический приходской костел, отстоящий недалеко от Собора, но католиков из мещан очень мало — большей частью помещики, шляхтичи, живущие в хуторе, некоторые канцелярские служащие присутственных мест со своими семействами. В Кимборовке мужской католический монастырь правительством закрыт, а женский существует, но никакого влияния не имеет на православных прихожан” [7, арк. 7 адв.]. Па словах Савіча, “прихожане почти все древнеправославные и состоят в коллегии чиновников, военных, купцов, мещан и бывших помещичьих крестьян, но помещиков православных нет… магометан в приходе нет, но зато почти весь город состоит из еврейского населения, в руках коих заключается вся торговля и промышленность” [7, арк. 6 адв., 7].

Такім чынам, згаданая архіўная справа “Аб грашовай прэтэнзіі Кімбараўскіх манашак-цыстэрак да жыхароў Мазыра” сведчыць аб рэалізацыі канфесійнай палітыкі расійскімі ўладамі на беларускіх землях у XIX ст.

Літаратура

  1. Кулагін, А. П. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыкл. даведнік / А. П. Кулагін. — Мн.: БелЭН., 2001. — 216 с.
  2. Апісанне фундуша касцёла і кляштара паненак цыстэрцыянак кімбараўскіх Анельскай даліны, 1818 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). — Ф. 1781. — Воп. 27. — Спр. 360. — Арк. 4.
  3. Дело о денежной претензии Кимборовских монахинь цистерок к жителям Мозыря // НГАБ. — Ф. 295. — Оп. 1. — Д. 1012.
  4. Ведомость имуществ и капиталов, принадлежащих костелам по Мозырскому уезду, 1866 г. // НГАБ. — Ф.937. — Оп. 6. — Д. 104-105.
  5. Инвентари костелов Минского, Мозырского уездов Минской губернии за 1907-1914гг. // НГАБ. — Ф. 1781, — Оп. 26, — Д. 1498.
  6. Циркуляры Минского губернатора, Виленского военного губернатора, Ковенского, Гродненского, Минского генерал-губернатора о запрещении некоторых религиозных обрядов римско-католическому духовенству // НИАБ. — Фонд 295. — Опись 1. — Дело 1671.
  7. Книга записи сведений по истории церкви за 1879-1916 гг. // НГАБ — Ф. 735. — Оп. 1. — Д. 1.

Аўтар: А.Я. Барсук
Источник: Міжнародныя Шамякінскія чытанні «Пісьменнік — Асоба — Час»: матэрыялы III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 27 верасня 2013 г. / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна»; [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2013. — С. 168—171.