|
Рэканструкцыя абраду “Жаніцьба Коміна” (адаптацыя паводле архіваў ГМКГА“Талака” і ЦНТ) Па розных звычаях Жаніцьба Коміна праводзіцца з 1 па 14 верасня. Найбольш распаўсюджаныя варыянты: 1 верасня – в. Пагост, Жыткавіцкі раён, 14 верасня (св. Сымон) – в. Дзяржынск, Лельчыцкі раён. Сам абрад спраўляецца для таго, каб ушанаваць хатні дух, агонь-багач. А калі прагматычна, то Жаніцьба Коміна завяршае сезон палявых (дачных) работ і распачынае час вячорак. Комін, альбо посвет, – гэта хатняе святло, старажытны ліхтар. Рабіўся ён пераважна з металу альбо з плятня (лазы), які аблеплівалі глінай і мазалі мелам. На пярэдадні свята комін упрыгожваюць кветкамі, хмелем і рушнікамі. Жэняць яго ў хаце нябеднага гаспадара, каб той быў здольны і накарміць гасцей, і гарэлкі наліць. - Добры вечар вам! Дазвольце ажаніць вашага Коміна. - Калі ласка, - адказвае гаспадар. Госці становяцца тварам да заходу сонца. Гаспадар (гаспадыня) абсыпаюць комін гарбузянымі і сланечнікавымі бубкамі: Каміночку ты наш, спагадай, Буры, ветры, грозы праганяй. Зарадзі, Божа, жыта, пшаніцу I ўсякую пожніцу. (в. Бяланавічы, Петрыкаўскі раён) Зерне імкнуцца падабраць жанкі і дзеткі, а нахапаўшы, глядзяць: у каго жменька большая – той багацейшы будзе. Калі запальваецца агонь, дзеўкі ды хлапцы заводзяць карагод: першая дзеўка вядзе ланцуг па сонцу, трымаючы ў руках гарбуз з утыркнутай у яго запаленай свечкай: Ой, прышлі ж ночэнькі доўгенькі Ой, прышлі ж ночэнькі доўгенькі, Пасвяці нам, коміну беленькі. Мы ж цябе кветкамі ўбіралі, І барвеночком нараджалі. Праца-дзеўка наша гарненька, Палюбіць коміна радзенька. Мы ж цебе будомо жэніці, Жэніці, квас, мёд, піво піць. Ты свеці ж, комінку, ясненька, Пабуджай чэлядку раненько. Шыці, прасці, ткаці маладым, А порадок даваць нам, старым. (в. Дзяржынск, Лельчыцкі раён) Госці ходзяць са свечкай і цалуюцца з гаспадыняй. Затым гаспадары частуюць гасцей: даюць гарбузу і місачку мёду, па чарцы гарэлкі, семячкі, яблыкі. Госці зычаць гаспадару дабра: - Дай ,божа не апошню ў вашай хаце піць! - Каб ў вашай хаце, заўжды было,што даці! Затым госці сядаюць за стол і спяваюць песні, пераважна жніўныя і вясельныя. Дзеля смеху ў час абраду робяць ляльку: напіхваюць салому ў мужчынскія штаны і сарочку. Тушаць святло, і падчас танца кідаюць гэтую ляльку на каго-небудзь з дзяўчат. Пасля гэтага запальвюць свет і глядзяць, каму дастаўся слаўны жаніх – тая павінна з ім станцаваць. Паступова святкаванне пераходзіць у фармат звычайных вячорак: спевы, танцы пад дуду, гульні, цікавыя аповеды.
|