“Ці ты гэта, рысь?”, або Незаўважаная загадка гомельскага герба

0
1328
рысь на гербе Гомеля и история герба

У 1772 г., у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай, Гомель апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Ці меў ён на той момант уласны герб? Адказ на гэтае пытанне застаецца дыскусійным. З прывілея вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста ад 21 сакавіка 1560 г. вядома, што “мещане места Гомейского” атрымалі “печать местьскую з гербом крыжа”. Аднак арыгінальнай выявы гэтага герба нікому дагэтуль знайсці не пашчасціла – або кепска шукалі, або гомельскія мяшчане пакарысталіся ім непрацяглы час, пасля чаго ўвогуле забылі пра яго існаванне. Зрэшты, нават калі герб з крыжам усё-ткі дацягнуў як гарадскі сімвал да канца XVIII ст., не факт, што расійская адміністрацыя сустрэла яго з адкрытымі абдымкамі.

У Мсціслава на момант далучэння да Расіі таксама быў свой герб – “збройная рука з мячом”, што нічуць не перашкодзіла новым гаспадарам зацвердзіць у якасці геральдычнага сімвала чысты плён фантазіі “господ” з Геральдмайстарскай канторы – “в серебряном поле, бегущая красная лисица, каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют” (1781 г.). Верагодна, падобная доля чакала тады і Гомель, калі б пасля адмовы апошняга гомельскага старосты Міхала Фрэдэрыка Чартарыйскага прысягаць на вернасць Кацярыне ІІ, наш горад не быў падараваны генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву-Задунайскаму (1775 г.).

Пазбаўлены статусу павятовага цэнтра (адміністрацыю перавялі ў Беліцу, потым у пабудаваную Новую Беліцу), ператвораны ў прыватнаўласніцкае мястэчка, Гомель свайго герба не меў (калі не лічыць такім фамільны герб Румянцавых). Можна, аднак, дапусціць, што герб, які ў 1781 г. атрымала Новая Беліца, першапачаткова рыхтаваўся для Гомеля. Яго абгрунтаванне да болю перагукаецца з тлумачэннем мсціслаўскага: “лежащая спокойно рысь, в голубом поле; ибо таковых зверей в окрестностях сего города весьма много”. Мушу зазначыць, што ў выпадку і Мсціслава, і Новай Беліцы прыўнесеныя расійскімі геральдыстамі сімвалы спалучаліся з выявай палавінкі двухгаловага арла, размешчанай у верхняй частцы геральдычнага шчыта.

Герб роду Румянцавых. Выява з "Общего гербовника дворянских родов Всероссийской Империи" (1799).
Герб роду Румянцавых. Выява з “Общего гербовника дворянских родов Всероссийской Империи” (1799).

Філолаг Аляксандр Рогалеў, задаючыся пытаннем, чаму Новай Беліцы за геральдычны сімвал дасталася менавіта рысь, тлумачыў гэта “определённой долей фантазии и шаблона” стваральнікаў герба, а таксама іх жаданнем дагадзіць Румянцаву, са становішчам якога не маглі стасавацца ні заяц, ні лісіца. Разам з тым даследчык іранічна заўважыў, што да выявы льва ці барса на гарадскім гербе статус фельдмаршала са сваім радаводам не дацягваў. Пры гэтым Рогалеў чамусь забыў прыгадаць, што на гербе роду Румянцавых леў і барс выконвалі ролю шчытатрымальнікаў. З іншага боку ўзнікае пытанне: а да чаго тут увогуле асоба Румянцава, калі гаворка пра герб, які быў зацверджаны для Новай Беліцы? Я перакананы, што Геральдмайстарская кантора напартачыла яго без аглядкі на каго б там ні было. І мяне цікавіць не “Чаму менавіта рысь?”, а “Ці рысь гэта ўвогуле?”.

 

Герб Новай Беліцы 1871 г. З гербоўніка Паўла фон Вінклера (1899). Пераблытаць назву горада? Проста!
Герб Новай Беліцы 1871 г. З гербоўніка Паўла фон Вінклера (1899). Пераблытаць назву горада? Проста!

Вось што паведамляў пра рысь “Словарь Академии Российской” (1794 г.): “Животное хищное, окладом с кошкою сходное, но гораздо оной больше; длина его от затылка до хвоста около 2 ½ футов составляет, глаза у него сверкающие, быстрые; на концах острых ушков находятся по пучку весьма длинных волосов, хвост короткой, при конце черной; цвет шерсти перепелесый; иные рыси имеют в верхней части шерсть рыжеватую с черными пятнышками, с изподи – пепельную с черными же пятнами, но которые гораздо бледнее; а обыкновенных главной цвет из желта серой. Водится в гористых и лесистых местах Европы, Азии и Америки; мех ее прочен и дорогим причисляется”. З тых параметраў, якія можна адрозніць, звер на гербе Новай Беліцы 1781 г. на рысь непадобны: вушы без пучкоў валасоў на кончыках, а хвост занадта доўгі.

Герб Гомеля 1855 г. З гербоўніка Паўла фон Вінклера (1899).
Герб Гомеля 1855 г. З гербоўніка Паўла фон Вінклера (1899).

У 1852 г. Гомелю быў вернуты статус павятовага цэнтру, а ў снежні 1855 г. “высочайше утвержден” яго герб, па сутнасці, пераробка герба Новай Беліцы: пад палавінкай той самай птушкі – “на лазуревом поле, лежащая рысь”. Гэтая рысь, хоць і адрозніваецца ад навабеліцкай сваёй укормленасцю, але вызначальных прыкмет таксама не мае – усё тыя ж вушы без валасяных кутасікаў і яўна не кароткі хвост. Больш за ўсё гэты звер нагадвае мармуровага ката – дзікую жывёлу паўднёва-ўсходняй Азіі. Невядома, хто стварыў узоры аднаго і другога гербаў і адкуль стваральнікі чэрпалі натхненне, малюючы рысь такой, якой яна не бывае.

Дык вось ты які, мармуровы кот!
Дык вось ты які, мармуровы кот!

Мімаходзь хачу заўважыць, што ў геральдыцы Расійскай імперыі ХІХ ст. ёсць прыклад казусу з блытаннем звера на гербе. Гаворка пра геральдычны сімвал горада Іркуцка – “бегущий тигр, а в роту у него соболь”. У часы чарговага зацвярджэння герба ў Санкт-Пецярбургскую герольдыю з Іркуцка даслалі тое ж апісанне, але замест слова “тигр” выкарысталі ягоны сінонім “на сибирском наречии” – “бабр”. У Пецярбурзе ж з такімі моўнымі нюансамі разбірацца не сталі, выправілі літару “а” на “о”, у выніку чаго іркуцкі герб, зацверджаны ў 1878 г., закрасаваў феерычнай выявай бабра, які трымаў у зубах сабаліную тушку. На якім этапе адбылася памылка з навабеліцкай рыссю і чаму памылку не выправілі пазней, ужо ў гомельскім варыянце, застаецца незразумелым.

Гомельскі герб на вокладцы кнігі Льва Вінаградава (1900 г.).
Гомельскі герб на вокладцы кнігі Льва Вінаградава (1900 г.).

Між тым неадпаведнасць намаляванага на гербе Гомеля звера слушным апісанням рысі, відаць, заўважалася некаторымі яшчэ ў той час. Прынамсі, на вокладцы кнігі Льва Вінаградава “Гомель. Его прошлое и настоящее” (1900 г.) герб пададзены з выяваю звера, больш падобнага на рысь. Зрэшты, калі выпрабаваць гэты малюнак на недасведчаных людзях, то ёсць рызыка пачуць, што на гербе паказаны сабака.

Герб Гомеля з бонаў 10 рублёў Гомельскага самакіравання і 5 рублёў Гомельскага земства (1918 г.). Бачыш рысей? А яны тут ёсць!
Герб Гомеля з бонаў 10 рублёў Гомельскага самакіравання і 5 рублёў Гомельскага земства (1918). Бачыш рысей? А яны тут ёсць!

Цікава, што на гомельскім гербе мадыфікацыі 1917-1918 гг., якая сустракаецца, напрыклад, на бонах гомельскага самакіравання, арол быў зменены на некаранаванага, а звер так і не атрымаў рысы рысі. А вось на пяці рублях гомельскага земства ён увогуле нагадвае вавёрку. І толькі сучасны афіцыйны геральдычны сімвал Гомеля, зацверджаны ў 1997 г., найбольш адпавядае сапраўднаму выгляду рысі. Але і на яго конт часам даводзіцца чуць нараканні, маўляў сваёй паставай рысь на ім прыпадабняецца лебедзю. Што ж? Традыцыя абавязвае.

Сяргей Балахонаў