Восень 1964 г., Гомель, аўтобус “з цэнтра” каціць у р-н Аэрадрома (тады ён яшчэ не быў мікрараёнам “Стары Аэрадром”). Насупраць таго Аэрадрома калісь стаяў пасёлак, які называўся “Красны Акцябр” (менавіта так).
На задняй пляцоўцы – прыгожая цяжарная беларуска і немаладая яўрэйка інтэлігентнага экстэр’еру. Усе месцы занятыя. На сядзячцы “на траіх” – двое яўрэяў базарна-хабёльскага выгляду, прытым адзінае вольнае месца займае грувасткая валіза, якая стаіць проста паміж хабламі. Інтэлігентная яўрэйка інтэлігентна просіць: калі ласка, саступіце месца цяжарнай! Яўрэі-хаблы абурана сіпяць: а-ёй, а што, мы павінны валізу на брудную падлогу ставіць?! А потым яе мыць? Пастаіць брухатая! Вось мы ў яе ўзросце! Прытым сіпяць на ідыш, які тады яшчэ можна было пачуць у Гомелі…
Што вы думаеце, зрабіла тая інтэлігентка? Стала абурацца, скінула валізу, вырашыла апеляваць да грамадскасці аўтобуса? Не! Яна пачала голасна і артыкулятыўна, на ўвесь аўтобус, перакладаць непісьменны ідыш тых хаблоў на класічны ідыш Ізі Харыка і Хаіма Бялыка.
Што, на вашу думку, зрабілі хаблы-яўрэі? Абурыліся? Скінулі валізу на падлогу?
Не. Яны проста сыйшлі на бліжэйшым прыпынку разам са сваёй паганай валізай. Спадзяюся, ім проста стала сорамна…
…Беларуска, з-за каторай распачалася гэтая філалагічная спрэчка, была мая маці, і цяжарная яна была мною. А вынаходлівую інтэлігентку звалі Фіра Маісееўна. Гэта была сяброўка маёй бабулі яшчэ “здарэвалюцыі”, і яе ўважалі лепшым педыятрам Гомеля.
Такім быў першы ўрок дбайнага стаўлення да Слова, які я атрымаў яшчэ да нараджэння.
Аўтар: Уладзіслаў Ахроменка