Чырвоны бераг. Назва паводле легендаў і паданняў

0
1668
Чырвоны бераг

Некалі ў нас тут вялізнае возера было, не тое, што зараз. З аднаго берага на другі двое-трое сутак дабіраліся. Пра возера благога не гаварылі, бо яно ў многім выручала. Уявіце сабе — няма чаго есці, то ішлі, закідвалі невад — вось і ежа.

Радаваліся людзі, песні спявалі, але не забываліся частку рыбы і назад выкінуць ды пры гэтым абавязкова прамовіць:

— Дзякуй табе, возера, вазьмі і сабе на вячэру.

Каму аддавалі канкрэтна — не ведалі, але так некалі рабілі іхнія продкі, таму і сучасныя рыбакі так здзяйснялі, каб нічога не парушыць у адвечнай традыцыі.

Аднаго разу здарылася трагедыя, якая і дала назву нашаму паселішчу. Мала гэтага, мноства жыццяў тады забрала раззлаванае возера. Адбылося вось што.

Вырашылі жыхары тутэйшага паселішча паехаць на рыбалку летам. Якраз такая часіна выпала, калі працы ў полі не было, а на луг яшчэ рана было падавацца. Таму і згаварыліся:

— Давайце возьмем вялікі невад і рыбы паловім.
— А чаму б і не? Калі пачнецца праца ў полі, то не да рыбы будзе. А зараз назапасім.
— То збіраемся? А хто за старшага будзе?
— Зараз і выберам. Іначай жа нельга. Калі рыбу агулам ловяць, то трэба, каб нехта камандаваў.
— То давайце старога Сымона?
— Згода, лепей за яго возера ніхто не ведае. Пайшлі да яго і папросім, каб не адмовіўся з намі на возера выехаць.

Мужчыны бойка падаліся да Сымона. Той быў якраз дома. Выслухаў, чаго прыйшлі да яго на падворак людзі, і стрымана прамовіў:

— Дзякуй за гонар. Калі яго мне аказваеце, то я згодны.
— Вось і добра.
— Але ў мяне ўмова ёсць.
— Якая?
— Каб выконвалі ўсе мае загады, не аспрэчвалі іх.
— Будзе зроблена, —
у адзін голас паабяцалі вяскоўцы.

Дамовіліся, што паедуць раніцай. Сымон загадаў праверыць невады, чаўны, сабраць неабходнае прычындалле і сказаў на развітанне:

— Не спазняйцеся, бо хто спозніцца, таго чакаць не станем. Такі звычай у рыбакоў.
— Ведаем.

Сымон доўга не клаўся спаць, усё думаў, каб нічога не ўпусціць, нічога не забыць, бо позна будзе на возеры выпраўляць.

Яшчэ сонца не ўзышло, а стары рыбак ужо шыбаваў да месца, дзе стаялі чаўны. Прыйшоў і весела ўсміхнуўся: усе былі тут. Аглянуўся і прамовіў ціха:

Што, адплываем ці крыху пасядзім?
— Як скажаце, дзядзька, вы ў нас за старшага.
— То давайце, хлопцы, збірацца. Паплывём далей ад берага. Там ёсць мясціны, якія людзі ніколі невадамі не акідвалі.
— Вось добра. Рыбы многа наловім,
 — узрадаваліся маладзейшыя з сялян.

Сымон прыкрыкнуў на іх:

— Пра гэта зараз гаманіць не трэба, бо можам усю рыбалку сапсаваць. Калі наловім, то тады і радавацца будзем, а зараз пра што іншае гаварыце.

Рыбакі прыціхлі і ўзяліся дружна адпіхваць чаўны ад берага.

Ну, з Богам, — урачыста прамовіў Сымон.

За ім перажагнуліся астатнія і наляглі на вёслы. Калі дабраліся да месца, дзе павінны былі лавіць, то сонца ўжо паказвала на полудзень. Але як закінулі невады ды як выцягнулі іх, то ўсю стому як рукой зняло — гэтулькі рыбы ад самага нараджэння не бачылі.

— Вось гэта налавілі! — усё ж не ўтрываўся нехта з рыбакоў.

Астатнія глядзелі на Сымона, што той скажа. Стары адчуў настрой людзей, таму падтрымаў:

— Улоў і сапраўды багаты, але не кожны раз, хлопцы, такое ўдаецца.
— Мы ж ведалі, каго за старшага абраць.

Зарагаталі. Тады Сымон загадаў:

— Што, будзем паціху да берага падавацца? Перакусім па дарозе. Парусы паставім. Вецер зараз павінен дыхнуць, усё нам на руку.
— Камандуйце, дзядзька,
 — яшчэ з большай павагай звярнуліся да яго вяскоўцы.
— Глядзіце, родненькія, толькі ні пра што благое зараз не думайце, дрэнных слоў не кажыце, бо сапсаваць усё можам.

I што ж вы думаеце? Нехта, не падумаўшы, плюнуў на ваду сярдзіта і гукнуў: «Каб цябе чорт забраў!»

Што тут пачалося! Вада ўсхадзілася, усё навокал загулозавыла! Людзі жагналіся, прасіліся, ды нішто не дапамагала: чаўны адзін за адным ішлі на дно, а разам з імі і сяляне. Цэлыя суткі лютавала непагода. З рыбакоў выратаваліся толькі Сымон і адзін малады хлапчына. Іх прыбіла да берага. Яны, знясіленыя, не змаглі і ўстаць, толькі і здолеў маладзейшы прашаптаць:

— Ой, які чырвоны бераг…

Пазней паселішча, якое ўзнікла на беразе некалі вялізнага возера, назвалі Чырвоным Берагам, нібыта ад нявіннай крыві тых рыбакоў.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 149-152.