Чацвёрты, чацверты. Пра варыянты лічэбніка

0
718
Чацвёрты, чацверты

Побач з агульнаўжывальным парадкавым лічэбнікам чацвёрты зрэдку можна напаткаць, пераважна ў вусным маўленні, варыянт чацвер­ты.

Падаём прыклады з тэкстаў перадач радыё “Свабода”, якія прагучалі ў канцы 2011 — пачатку 2012 г.

Ад дваццаць другой да дваццаць чацвертай гадзіны нашы перадачы слухайце на хвалі… (10.12.2011). Акцыя [у Маскве] працягваецца чацверты дзень (8.12.2011). У кастрычніку дзве тысячы чацвертага года ў Празе прайшоў фо­рум… (18.12.2011). Слухайце гэтую перадачу дваццаць чацвертага снежня (23.12.2011). У тысяча дзевяцьсот сорак чацвертым годзе нарадзіўся Міхась Раманюк (Я. Максімюк. – 3.01.2012).  З тысяча дзевяцьсот дзевяноста чацвертага году званне “Народны пісьменнік Беларусі” прысвойвае Прэзідэнт (І. Студзінская. — 9.01.2012). Паседжанне суду прызначана на дваццаць чацвертае студзеня (В. Каліноўскі. — 18.01.2012). Першы свой альбом Т. Беланогая запісала ў дзве тысячы чацвертым годзе (В. Аксак. — 16.01.2012). У дзве тысячы чацвертым годзе [была такая спроба] (У. Глод. – 11.01.2012). “Лыжка” чацвертая [фрагмент аповеду пра творчасць З. Бядулі] (А. Бахарэвіч. — 10.01.2012).

Не ўсе супрацоўнікі радыё “Свабода” трымаюцца варыянта чацверты, некаторыя паслядоўна ўжываюць чацвёрты.

Бывае, што варыянты чацверты, чацвёрты выкарыстоўваюцца адначасова. Так, карэспандэнт (16.12.2011) гаворыць: “Нагадаем асноўныя прынцыпы акту дзве тысячы чацвертага года”, а яго суразмоўца, адказваючы, ужывае лічэбнік дзве тысячы чацвертага (года).

Лічэбнік чацверты быў пачуты ў тэлеперадачах: Мне гэта нагадала фінал рамана “Тыся­ча дзевяцьсот восемдзесят чацверты” (Белсат. 23.01.2012). Абсолютна такія лічбы былі ў чацвертым годзе (Ю. Дракахруст. — Тамсама. 6.02.2012).

У некаторых моўцаў, дыктараў галосны пасля літары ц у паданалізным лічэбніку гучыць невыяўна: не то [е], не то [о]. Толькі паўторнае ці трэцеразовае праслухванне пацвярджае або зняпраўджвае вымаўленне складу ве (чацвер­ты).

У вусных тэкстах аўтары маюць болыныя магчымасці, чым у пісьмовых, выявіць свае моўныя прыхільнасці, густ, у прыватнасці ўжыць лічэбнік чацверты (а не чацвёрты).

Тое, што варыянт лічэбніка з галосным е амаль не ўжываецца ў друкаваных у нашы дні тэкстах, зразумела: перад ім модная загарода, слоўнікі даюць толькі чацвёрты. Апрача таго, гэтае частотнае слова ў варунках нераўнапраўнай дзвюхмоўнасці знаходзіцца пад неаслабным уздзеяннем рускага четвёртый, абапіраецца на яго, мае, так скажам, міжмоўную падтрымку.

Чацверты — адзінае ў сваім родзе слова, якое не зазнае ўплыву слоў аналагічнай марфемнай будовы, за кошт якіх яно магло б умацаваць свае пазіцыі ў мове.

Лічэбнік чацверты можа захавацца ў перавыдаваным тэксце праз недагляд рэдактараў, карэктараў. Напрыклад, пры замене яго ў п’есе Янкі Купалы “Тутэйшыя” засталося адно ранейшае ўжыванне: Мікіта. …Можна мець светагляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвертае… [9, с. 291]. Слова чацверты “праскочыла” ў новае выданне, відаць, таму, што яно не чужое маўленчаму досведу карэктавальнікаў тэксту, не коле ім вочы, як гэта магло быць, калі б сустрэлася сапраўды няправільная, скажоная форма чацвірты, чацвюрты ці іншая.

Магло быць і так. Слова чацверты не выпраўлялі, у адрозненне ад іншых двух выпадкаў, бо яно ўжытае ў мове персанажа: апошняя ўвогуле не абыходзіцца без пазаслоўнікавай, некадыфікаванай лексікі.

А цяпер скіруем увагу да прыкладаў-ілюстрацый, пададзеных на пачатку артыкула.

У слухача (чытача), асабліва маладога, мо­жа ўзнікнуць пытанне, як з’явілася паралельная форма лічэбніка: гэта запазычанне, наватвор ці дыялектызм? I, што натуральна пры сустрэчы з нязвыклым словам, ён, слухач (ужо і моўца), будзе рабіць ацэнку гэтай лексічнай адзінкі, прымаць яе ці адхіляць.

Неяк ужо склалася ў беларускім мовазнаўстве, што пры ўвогуле рацыянальным стаўленні да запазычанняў чамусьці лічылася заганай слова, калі яно пераймалася з польскай ці ўкраінскай мовы (А. Баханькоў, А. Падлужны, П. Шу­ба).

У нашым выпадку слова адметнай формы (чацверты) заўважана ў перадачах каналаў, якія вяшчаюць з тэрыторыі Чэхіі, Польшчы. Гэтая акалічнасць можа схіляць да меркавання, што тут не абыходзіцца без “заходняга” ўплыву, нават нейкай моўнай дыверсіі.

Каб разабрацца, звернемся да славянскіх моваў. Паводле слоўнікаў, у польскай і чэшскай мо­вах слова чацверты няма, там знаходзім czwarty i ctvrty — парадкавыя лічэбнікі, марфемнай будовай і фанетычным афармленнем няблізкія да беларускага адпаведніка.

Наяўнасцю галоснага е пасля зычнага в ча­цверты збліжаецца з украінскім четвертий (іх раз’ядноўвае мяккасць / цвёрдасць зычных, аканне / адсутнасць акання, канчатак ы / йй). I гэта зразумела. Сучасныя беларускі, рускі, украінскі лічэбнікі чацвёрты, четвёртый, чет­вертий паходзяць ад старажытнаўсходнеславянскага парадкавага лічэбніка четвъртии (П. Вярхоў) [5, с. 26]. То бок чацверты не ёсць наватвор апошніх гадоў.

Такім чынам, лічыць, што слова чацверты запазычанае з заходнеславянскіх моваў, і дзеля гэтага даваць яму зніжаную ацэнку няма падстаў.

Іншая справа, у беларускай народна-дыялектнай і літаратурнай мове зрэдку выкарыстоўваецца паланізм чварты (як і лічэбнік чтэры, штыры): Йан’а п’ерайшла ў чварты клас (в. Магуны Воранаўскага р-на) [10, с. 550].

Не запазычаны лічэбнік чацверты і з неславянскіх моваў (там яму адпавядаюць іншыя словы). Гэта вядома кожнаму, хто вучыцца ў сярэдняй школе ці ВНУ

Лічэбнік чацверты (чацьверты) фіксуецца пісьмова ў тэкстах розных стыляў, прынамсі, цягам апошніх ста гадоў. Пачаць ілюстраванне мэтазгодна прыкладамі з твораў аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы Янкі Купалы.

У варыянтах чарнавога аўтографа паэмы “Сон на кургане” (1910) захаваліся радкі, якія не ўвайшлі ў асноўны тэкст.

Чацверты пагарэлец (цягне прасніцу з кудзел[я]ю)

Вот даждалі ласкі боскай,
Пойдзе з дымам уся веска [9, с. 338].

Лічэбнік чацверты ўжыты ў творах Янкі Ку­палы, апублікаваных у 1920-я — 1940-м годзе.

Чацьверты з між вас, вольнадумцы, у судзе / Расьсядзецца членам вяльможным; А ў чацьвертай [кучы літараў] “для народу / Досыць грошы, досыць хлеба!” (Збор твораў. Т. 1. 1925).

У кнізе “Янка Купала. Збор твораў. Том ча­цверты. Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Менск — 1928” сустракаем словазлучэнні і сказы: Сцэна чацвертая (с. 209); Садзяцца ля чацвер­тага століка (с. 75). У паэме “Над ракою Арэсай” (ДзВБ, Мінск, 1940) слова бярэ “чацверты з камунараў”:

Ды выдаць ім паперы
I прыпісаць за кару,
Каб у Саюзе зналі,
Што з іх за камунары.

Прывядзем ужыванні лічэбніка чацверты іншымі аўтарамі і выданнямі.

Цяпер ужо адшукалі чацвертаго рэдактара — Овсяннікову і прысудзілі яе пад арэшт (На­ша Ніва. 1910. № 1). Даўжыня Тытаніка была больш чым чацьверта часьць вярсты; Тонем! ужо чацверты наверх nad вадою… (Лучынка. 1913, першая кніжка). Гэтак зрабіў ён раз, другі і трэці, а на чацверты раз неўдалося (Я. Лёсік. Апавяданне без назвы // Вольная Беларусь. 1918. № 34). З разьдзелу чацьвертага [Статута Вялікага Княства Літоўскага] (М. Гарэцкі. Хрыстаматыя… Вільня, 1920). Наступає чацьверты пэрыодрасійска-беларускі [В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. Прадмова]. Прасядзеўшы па два гадыў чацьвертай і пятай клясах, я быў выкінуты з гімназіі за дрэнныя “ўспехі” (Ф. Аляхновіч. У кіпцюрох ГПУ).

Чытаем на тытуле часопіса: “Маладняк. Год выдання чацьверты. <…> Менск — 1926”.

У перакладзе паэмы Б. Ясенскага “Слова пра Якуба Шэлю”, зробленым з польскай мовы У. Жылкам і надрукаваным у часопісе “Полымя” (1931. № 2), а таксама асобным выданнем (Мінск, 1932), ёсць радкі: На чацьверты [дзень] госьць высокі / Завітаў да пана; А як цяў чацьверты [раз] проста / Тут Вінцэсюаман, ростань.

У сучасным выданні творчай спадчыны Уладзіміра Жылкі форму лічэбніка замянілі на чацвёрты. Аднак яе захавалі (укладальнік і карэктары) у страфе, дзе яна рыфмуецца з іншым словам.

Ці ж твае, Марыля,
Усе сцежкі сцерты?
Загубіў тры жонкі,
Згубіць і чацверту [8, с. 61].

Дрэнна, калі ўніфікацыя формы лічэбніка вядзе да разбурэння рыфмы. Гэта, напрыклад, адбылося ў страфе з паэмы У. Дубоўкі “Грахі чубатыя” (публікацыя 2002 г.).

Не схіліўся [Пятрушка Шэршань] перад
царскай Масквой…
Шэсцьсот пяцьдзесят чацвёрты…
Пракалолі сэрца селяніна наскрозь, звінаваціўшы ў подлым ізвеце… [7, с. 64].

Бачым (і чуем): у канцы другога і чацвертага радкоў згубілася рыфма, якая была ў аўтарскай рэдакцыі страфы (яе можна аднесці да так зва­ных няпоўных, прыблізных рыфмаў): чацьвер­ты — ізьвеце [6, с. 94].

Разгледзім адметны выпадак парушэння кананічнага тэксту пры ўжыванні паданалізнага лічэбніка. Гэты лічэбнік напаткаўся ў вершы Ф. Багушэвіча “Як праўду шукаюць”.

Соцкі прэць мне павестак і шмат:
Ў першай сведкам — як мельнік цкаваў… <.. .>
У чацвертай сведкам — як пан заваліўся… [2, 3].

Высветлілася, аднак, што вылучанае сло­ва — не багушэвічаўскае. На яго месцы ў арыгінале твора быў паланізм (дыялектызм) чварты (czwarty).

Замена, вядома, неправамерная, але для нашай гаворкі гэты факт важкі. Ён сведчыць, што ў беларускай літаратурнай мове 1940-1950-х гг. лічэбнік чацверты ўспрымаўся ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі як нарматыўны. У видан­нях нашага часу адноўлена аўтарскае ўжыванне (чварты), як, дарэчы, і загаловак верша: “Як праўды шукаюць” [4].

Лічэбнік чацверты вядомы беларускім на­родным гаворкам: С’ена кас’ил’и даўн’ей на чацв’артак’е, тры чверц’и пану, а чац’в’ертую частку саб’е (Раскаш Карэліцкага р-на) [10, с. 549]. Сені дваццаць трэцяго ці дваццаць чацьвертаго? (в. Поланск Пружанскага р-на. Верасень 2011 г.).

Адмалку ў маёй індывідуальнай мове быў засвоены лічэбнік у форме чацьверты — так, як ён гучаў у вуснах жыхароў вёскі Брусы Мядзельскага раёна. I такое вымаўленне захоўвалася ў школьныя гады. Не ў малой ступені дзякуючы таму, што ў падручніках беларускай мовы для сямігадовай і сярэдняй школы М. Жыркевіча і А. Карзона сярод прыводжаных там лічэбнікаў слова чацвёрты (як і чацверты) не падавалася, а значыць не трапляла на вочы вучню, які любіў запамінаць прыклады да правілаў, моўныя ўзоры.

Урэзаўся ў памяць эпізод, калі, скажам так, сутыкнулася гэтая прыродная норма з тою кніжнаю, што ўсталёўвалася праз далейшае (інстытуцкае) навучанне. У сярэдзіне 1950-х у студэнцкім інтэрнаце на Стараслабадской вуліцы ў Мінску, куды мяне падсялілі добрыя хлопцы аднакурснікі Федзя Дашук, Лёня Доўнар і Сашка Барсукоў, я ўпершыню пачуў праз рэпрадуктар народную песню “Ой, хацела ж мяне маці замуж аддаці”. У пераліку-характарыстыцы жаніхоў (ад першага да сёмага) найбольш прычыніліся да маёй моўнай адукацыі радкі:

Ой, хацела мяне маці
За чацвертага аддаць,
А той чацвёрты — ні жывы, ні мёртвы, Ой, не аддай мяне, маці [11].

Настолькі нязвыкла, нова прагучаў лічэбнік чацвёрты, што мне тады падумалася: яго форма абумоўлена ў песні рыфмай мёртвы — чацвёрты. (Тэарэтычна дапушчальны іншы варыянт, пры ўмове, калі б песня складалася ў нейкай з паўднёва-заходніх гаворак, дзе гэтыя словы ўжываліся / ужываюцца з галосным е: мертвыча­цверты.)

Як адбывалася ўзаемадзеянне моўнай нормы, перанятай з роднай гаворкі, і нормы, што выпрацоўвалася праз адукацыю, можна паказаць яшчэ на адным прыкладзе з досведу студэнтабеларускамоўцы.

Сярод папер збярогся вершатэкст — амаль замалёўка з натуры на зімовых канікулах 1956 г.

Шыбы ў вокнах так замураваны
На калючым ветры, на марозе,
Што у хаце, як пад вечар, цьмяна,
Хоць і дзень яшчэ у паўдарозе.
Я гляджу на срэбныя узоры
— І нічога на дварэ не бачу…
Але раптам пасвятлелі шторы:
Сонца паказалася, няйначай.

Напраўду ж, вуліцай спяшалася незнаемая дзяўчына (ну, пэўна ж, “анёл красы”). І, здалося хлопцу, зірнула на яго акно. Ён, лірычны герой, растрывожыўся, даў волю фантазіі.

“Глянула ў акно з якой прычыны I куды ідзе яна так хутка?

Mo на госці, мо да месца працы?” — Меркаванняў не раблю я горшых, Прадаўжаючы услед ёй узірацца,

Да акна як быццам бы прымёрзшы.

Каструбаватыя радкі, і вершаваны памер не легкі: чытаеш, — як падымаешся, задыханы, пад гару. Але мне ў той час абыходзілі не так мастацкія вартасці тэксту, як правільнасць мовы.

Сэнсава-мастацкі акцэнт аўтарам рабіўся на дзеяслоў прымерзнуць, больш канкрэтна — на яго форму прымерзшы (яна здавалася чыста бе­ларускай). Але цяжкасць яе рыфмавання і тое, што кантэкст паклікаў прыметнік горшы, вымусіла ўжыць дзеепрыслоўе прымёрзшы. Бы­ло перажыванне: ці няма тут парушэння беларускай граматыкі? Бо ў нас, у Брусах, напэўна б, сказалі: прымерзшы. Тады, як вядома, граматычных слоўнікаў беларускай мовы не было, каб праверыць формы слова.

Між іншым, гэты прыклад, як і папярэдні, дзе згадваецца колішні роздум над рыфмай ча­цвёрты — мёртвы ў народнай песні, цікавы і тым, што праз яго, з уласнай “творчай” практыкі адкрывалася новая тады для мяне грань словаўжывання: у вершаванай мове выбар слова, яго формы нярэдка дыктуецца гэтай “тэхнічнай” вымогай. Рыфма часам цягне за сабою адхіленне ад літаратурнай нормы.

Вяртаемся, аднак, да лічэбніка чацверты. Можна меркаваць, што ён быў арганічным кампанентам слоўніка Максіма Танка (яго родная Пількаўшчына блізка ад упамінаных Брусоў).

У 1930-я гг. паэт супрацоўнічаў з заходнебеларускімі выданнямі. У прыватнасці, у часопісе “Калосьсе” (Вільня, 1936 — 1937) друкавалася паэма “Нарач”, рамкі аднаго з раздзелаў якой былі пазначаны: “Чацьвертая частка”… “Канец чацьвертай часткі”. А ў “Частцы шостай” двойчы падаюцца рэплікі “чацьвертага рыбака”.

Ёсць сведчанне таго, што Максім Танк і ў наш час ужываў у сваіх тэкстах лічэбнік ча­цверты.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца аўтограф верша Максіма Танка “Элегія аб чацьвертай бярозе” (верш напісаны ў 1973 г.).

Прыводзім першую страфу (усяго іх тры) паводле Збору твораў у 13 тамах (т. 5, 2008).

У Хатыні, дзе камні
Пасівелі ад гора,
Зрубы хат
Дамавінамі брацкімі сталі.
Дзе смерч вогненны
Выпіў ваду з усіх студняў,
Дзе з буслянак буслы Адляцелі ў апошні,
Беззваротны свой вырай,
— Тры бярозы шумяць
Пад вятрамі, дажджамі,
Тры бярозы
Чацвёртую ўспамінаюць.

Апрача загалоўка, лічэбнік чацьверты ўжыты ў сказе, які тройчы паўтараецца ў вершы (цытую з аўтографа): Тры бярозы / Чацьвертую ўспамінаюць.

Лічэбнік чацьверты выконвае ключавую (ідэйную) ролю ў творы. Таму да яго асаблівая ўвага — і аўтара, і чытача. Уяўляецца: паэт прамаўляе ўчуткі ці сам сабе, ціха радкі стваранага верша, услухоўваецца ў іх гучанне і так ужывае слова, каб дасягнуць натуральнасці, праўдзівасці мовы. І нават пасля ц ва ўсіх выпадках піша літару ь (чацьверты), нібы перасцерагаючы мажлівага чытача рукапісу ад арфаэпічнага фальшу — цвёрдага вымаўлення зычнага ц.

На фоне частых ужыванняў амаль крылатага выразу з адценнем афіцыйнасці кожны ча­цвёрты паэт палічыў патрэбным выкарыстаць “рэзервовае”, матчына-бацькаўскае слова (чаць­верты), каб, магчыма, абнавіць, актуалізаваць выказванне і перадаць яго грамадска значны змест як асабіста перажытае: боль беларускага народа — трагедыі мірных вёсак, ахвяры вайны — гэта і паэтаў боль.

Нават абмежавана пададзенага ў артыкуле фактычнага матэрыялу даволі, каб пераканацца, што беларуская мова мае ў сваёй лексічнай сістэме лічэбнік чацверты.

Гэта пацвярджаюць граматыкі і слоўнікі. Найперш бярэм “Беларускую граматыку для школ” (Вільня, 1918) Б. Тарашкевіча, які, паводле меркавання Л. Шакуна, «здолеў… выявіць галоўныя заканамернасці беларускай літаратур­най мовы, гістарычна абумоўленую сувязь яе фанетыка-граматычных рыс найперш з цэнтральнымі (“сярэднімі”) беларускімі гаворкамі» [12].

У раздзеле кнігі “Жysіo” сярод іншых колькасных і парадкавых лічэбнікаў даюцца жatyry — жaжwierty (с. 45).

Парадкавы лічэбнік чацьверты (як безварыянтны) пераходзіць і ў наступныя выданні (апошняе ў 1943 г.). Напрыклад, у пятым выданні (1929) ён змешчаны ў “Табліцы лічэбнікаў” (с. 20) і ў правіле: “Лічэбнікі, што паказваюць парадак ([адказваюць] на пытанне каторы па парадку?), называюцца парадкавымі: першы, другі, трэці, чацверты і г. д.” (с. 88).

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі знаёмімся яшчэ з некаторымі рэдкімі кнігамі.

Вось “Беларуская граматыка. Марфалогія” (Менск, 1936), падрыхтаваная ў Інстытуце літаратуры і мовы АН БССР.

Як вынікае з “Прадмовы”, напісанай Ц. Ламцёвым, аўтары зыходзілі з пазіцыі адмаўлення навуковай вартасці прац Карскага, Лёсіка, Багдановіча (ініцыялы не падаюцца. — А. К.), а граматыкі двух апошніх мовазнаўцаў атэстуюцца як “нацдэмаўскія, контррэвалюцыйныя”. Іх жа, акадэмічных навукоўцаў, “граматыка з’яўляецца першай спробай і праграмай далейшага даследвання сучаснай беларускай літаратурнай мовы”.

Нягледзячы на тое, што ў кнізе актыўна ігнаруецца спецыфіка беларускай мовы, у тым ліку ў навуковым стылі, выкладзе, лічэбнік чацверты выкарьістоўваецца як нарматыўны.

У правілах па тэме “Лічэбнікі” варыянт ча­цверты (як і чацвёрты) не падаецца, хіба што ўскосна — вылучана група прыслоўных лічэбнікаў з прыстаўкай па-: “па-першае, па-другое, патрэцяе, па-ча[ц]вертае і г. д.” (с. 205).

Наогул жа ў тэксце кнігі ўжываецца парадкавы лічэбнік чацверты.

[У аўстралійцаў] “я буду заўтра біць” — чацвертая форма будучага часуbumalanariavagiri. Тамсама побач (с. 108) другі аналагічны сказ з лічэбнікам чацверты.

У падручніку беларускай мовы (1927) А. Багдановіча чытаем: “Такіх пэрыодаў [гістарычнага жыцьця] было чатыры.

Пэрыод складаньня і зьбіраньня асновы будучае Беларусі — Полацкага княства. <…>

I чацьверты — пэрыод жыцьця Беларусі ў складзе даўнейшай царскай Расіі” [1, с. 37].

Лічэбнік чацверты ў якасці нарматыўнай лексічнай адзінкі беларускай мовы прапануюць перакладныя слоўнікі 1920-1930-х гг.

“Беларуска-расійскі слоўнік” (1926) М. Бай­кова і С. Некрашэвіча падає як лексічныя эквіваленты: чацьвертычетвертый. А “Расійскабеларускі слоўнік” (1928) гэтых самых аўтараў перакладае лічэбнік четвёртый двума беларускімі: чацьверты, чацьверты.

Гэтаксама, як у БРС-1926, адным словам перакладаецца парадкавы лічэбнік четвёртый у “Руска-беларускім слоўніку” (Менск, 1937) пад рэдакцыяй А. Александровіча.

Падкрэслім. Відаць, укладальнікі слоўніка добра ўсведамлялі нарматыўнасць лічэбніка чацверты, бо нават не зрабілі спробы наблізіць парадкавы лічэбнік да рускай мовы — падаць і варыянт чацвёрты, як гэта адбылося ў іншых словах. Напрыклад: четверо — чацвёра, чэцвера.

Сучасныя беларускія слоўнікі падаюць разгляданы лічэбнік у форме чацвёрты. Але тут ёсць аўтарытэтнае выключэнне. У “Беларускарасійскім (Вялікалітоўска-расійскім) слоўніку” Я. Станкевіча (Нью-Ёрк, б. г.) змешчаны артыкул “Чацверты -тага — четвёртый”.

Такім чынам, існуюць варыянты чацвёрты, чацверты. А як яны ўзніклі? Спрабуючы адказаць на пытанне, зазначым у самым агульным плане. Гэта, магчыма, звязана з дзейнасцю фанетычнага закону (змяненне е на о), які непаслядоўна рэалізоўваўся па беларускіх гаворках — з неаднолькавымі вынікамі для некаторых слоў, што пасля знайшло адлюстраванне ў літаратур­най мове. Параўнаем (у народна-дыялектнай і літаратурнай мове) дублеты: берда — бёрда, бясе-да — бясёда, вучэба — вучоба, дзешава — дзёшава, наўцекі — наўцёкі, слесар — слёсар, спекаспёка, шчэтка — шчотка.

Як вынікае з аналізу моўных фактаў, парадка­вы лічэбнік чацверты не запазычанне і не наватвор апошняга часу і не нясе ў сабе ідэалагічнай акрасы ці афарбоўкі стылістычнай зніжанасці. Ён бытуе ў беларускай мове, прынамсі, цягам апошніх ста гадоў. Праз увесь гэты час пара­лельна ўжываецца варыянт чацвёрты.

Слова чацверты не павінна выпраўляцца ў даўніх тэкстах, асабліва калі яно выконвае тэкстаўтваральную ролю (рыфма): На зямлі нашай светлай / Добра жыць і любіць. / Аб чацвертым, чацвертым / Мы не можам забыць (П. Панчанка).

Гэтае слова не мае ўласна моўных перашкод і да ўжывання ў новаствараных тэкстах. Лічэбнік чацверты набыў індывідуальнае аблічча (фор­му) у адпаведнасці з фанетыкай і граматыкай беларускай мовы, не парушаючы правілаў правапісу. Вось калі б, дапусцім, сустрэліся ў сучасным тэксце словы чэцверты, чацьверты, тады ім заступілі б дарогу “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (2008).

Варыянт чацверты такі самы жывы і дапушчальны да выкарыстання, як і многія іншыя, што не фіксуюцца слоўнікамі і граматыкамі, напрыклад: выпушчаць, дапушчаць, дзяяч, лятуць, нябёсны, (у) Пецярбурзе, староны, ту­маны.


Спіс літаратуры

  1. Багдановіч, А. В. Беларуская мова. Падручнік для тэхігікумаў і самаадукацыі / А. В. Багдановіч. — Менск, 1927.
  2. Багушэвіч, Ф. Выбраныя творы / Ф. Багушэвіч. — Мінск: Дзяржвыд БССР, 1940.
  3. Багушэвіч, Ф. Выбраныя творы / Ф. Багушэвіч. — Мінск: Дзяржвыд БССР, 1952.
  4. Багушэвіч, Ф. Творы / Ф. Багушэвіч. — Мінск: Маст. літ., 1991.
  5. Вярхоў, П. В. Лічэбнік у беларускай мове (параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі) / П. В. Вярхоў. — Мінск: Выд-ва БДУ, 1961.
  6. Дубоўка, У. Трысьцё / У Дубоўка. — Менск: Дзяржвыд Беларусі, 1925.
  7. Дубоўка, У. О Беларусь, мая шыпшына… / У Дубоўка. — Мінск: Маст. літ., 2002.
  8. Жылка, У. Выбраныя творы / У. Жылка. — Мінск: Беларус. кнігазбор, 1998.
  9. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 2001. — Т. 7.
  10. Сцяшковіч, Т. Ф. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці / Т. Ф. Сцяшковіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1972.
  11. Цітовіч, Г. I. Апрацоўкі беларускіх народных песень / Г. І. Цітовіч. — Мінск: Дзяржвыд БССР, 1955.
  12. Шакун, Л. М. “Беларуская граматыка для школ” Б. Тарашкевіча / Л. М. Шакун // Беларуская мова: энцыклапедыя. — Мінск: БелЭн, 1994.


Аўтар:
Алесь Каўрус
Крыніца: часопіс “Роднае слова” №5/2012 г. С. 53-57.