“Буў ты ў мяне адзін!..” Асаблівасці мовы герояў “Палескай хронікі” Івана Мележа

0
582
Асаблівасці мовы герояў Палескай хронікі Івана Мележа

Літаратура, як вядома, неразрыўна звязана з мовай. Нацыянальнай літаратуры няма па-за нацыянальнай мовай, у пэўным сэнсе яна прадукт мовы. Лес літаратуры залежыць перш за ўсё ад лесу мовы: застанецца яна беларускай альбо, з цягам часу, лексічна, ці нават і граматычна ператворыцца ў так званую трасянку (мешаніну з рускіх і беларускіх слоў) з украпваннямі паланізмаў ды англіцызмаў.

Зразумела, што мастацкія творы не пішуцца моваю толькі ўнармаванай, літаратурнай, бо сапраўдны мастак пазбягае трафарэтнай мовы. Арыгінальнасць бачання свету, свежасць успрымання прататыпа неразрыўна звязаны з асаблівай, адэкватна “свежай”, сакавітай, яркай народнай мовай. Самабытнасць, непаўторнасць беларускай мовы вырастае якраз з нацыя­нальнай мастацкасці выказвання. Адным з першых паставіў пытанне пра неабходнасць стварэння літаратуры на мове беларускага народа Францішак Багушэвіч. Як самакаштоўны эстэтычны фактар самавітасць узнікла пазней, у літаратуры другой паловы XX ст. У першую чаргу сказанае датычыць творчых пошукаў Вячаслава Адамчыка і асабліва Івана Мележа. Словы І. Мележа зіхацяць і пераліваюцца дьмментамі беларускасці. Г эта, дарэчы, і ёсць галоўная адметная рыса творчасці славутага празаіка. “Без чуцця роднай мовы не можа быць сапраўднага пісьменніка”, — справядліва сцвярджае Мікола Мішчанчук.

Мова народа — скарбонка яго духоўнай культуры. Найяскравейшы прыклад таму — старонкі шэдэўра беларускай літаратуры “Палескай хронікі” Івана Ме­лежа. Калі чытаеш радкі гэтага твора, то ствараецца ўражанне, нібы ты сам знаходзішся ў Куранях, недзе там побач з героямі, якія паступова становяцца ўсё больш блізкімі і дарагімі, і на ўласныя вочы бачыш усё, што адбываецца з імі, у іх жыцці, чуеш іх сакавітую палескую гаворку. Далёка не апошнюю ролю тут адыгрывае мова, укладзеная мастаком у вусны персанажаў. Настолькі дарэчы ў творы паўднёва-ўсходні дыялект. Меў рацыю Алесь Бачыла: “Мастак адчуваў: адбяры палескі дыялект у Ганны і Васіля, і вобразы паблякнуць, страцяць тую яркасць і непаўторны каларыт, якія дасягаюцца мовай” [5, 165]. Сапраўды, у кнізе “Жыццёвыя клопаты” мэтазгоднасць ужывання дыялектызмаў Іван Мележ тлумачыў так: “Я даволі шырока ўжываю дыялектызмы, калі даю слова маім героям. Гэтае права аспрэчваецца, але я перакананы, што гэта патрэбна. Людзі ў творы павінны гаварыць так, як у жыцці. Па-зямному, па-сапраўднаму” [1, 513]. Фанетычныя або марфалагічныя дыялектызмы кшталту “болото”, “жыто”, “позно”, “мабуцъ”, “буў”,кеб”, “е”, “эге”, “ето”, “шчэ”, “дзядзько”, “мамо надаюць мове герояў непаўторную своеасаблівасць, адметную выразнасць, непадробную вобразнасць і каларыт, з іх дапамогай характарыстыка персанажа становіцца больш яскравай. Акрамя таго, дыялектызмы служаць моцным сродкам дасягнення выразнасці мастацкага тэксту, больш дакладна адлюстроўваюць пэўную з’яву, прадмет і нават ажыўляюць сюжэт.

Пры знаёмстве з творам нельга не заўважыць цікавай асаблівасці: у мове амаль кожнага героя прысутнічае слова, якое з’яўляецца яго своеасаблівай візітнай карткай. Нават не бачачы персанажа, а толькі пачуўшы, можна беспамылкова пазнаць, хто гэта: “І што ты, грэц яго, знайшоў ва мне, што ўсё глядзіш ды глядзіш? Упадабаўся я табе ці што?” (Цімох Чарнушка); “У вас там, паўсім відаць, кулач’ё ваду муціць! У гэтым, конечне, і соль уся таго, што кла­сова чуждыя настроі ў вас так развіліся ” (Башлыкоў); “Ой, Гануля, кеб ты знала!.. ” (Хадоська); “Було так, не сакрэт, што пасля паходу іншы раз і сам, і конь под тобою — як у мыле” (Міканор); “Жывуцъ тым часам. Не паелі адзін аднаго…” (дзед Дзяніс); Напражэ скварак, — дасць у карак” (Сарока); “Ра­ды усе, та-скаць, бачыць зноў на нашай куранёўскай почве (Андрэй Руды); “А што ж, дзеўка нібыто ў саку” (Нібыта Ігнат).

Мова героя нярэдка адлюстроўвае сацыяльны статус, паходжанне, рысы характару, тэмперамент, нават пэўныя факты біяграфіі носьбіта. Так, Васіль выказвае думкі павольна. Ён не аматар пышных фразаў, разгорнутых сказаў. У яго мове пераважаюць няпоўныя і аднасастаўныя сказы, Васіль па натуры маўчун: “Кеб з таго кавалка, што каля цагельні до­сталося. То б надзел буў!.. Мёду прадаў бы, насення купіў адборнага… Пабачылі б!” [2, 49]. Яму нават пра сваё каханне да Ганны цяжка сказаць: “Васіль, — ціха кожа яна [Ганна], як бы перасільваючы сябе. — Ты мяне любіш?

А як жа.

1я…” [2, 42].

Але гэта, безумоўна, не дае падстаў усумніцца ў шчырасці пачуццяў героя, душэўнай шчодрасці і цеплыні ў адносінах да любай дзяўчыны. Хутчэй тут справа ў асаблівасцях нацыянальнага характару: для палешука зямля — жыцця аснова, з ёю звязаны яго мары, імкненні. Працаўніку-рупліўцу няма калі разважаць, трэба шпарчэй рабіць. Таму і нядзіўна, што ажыўляецца Васіль і становіцца гаваркім звычайна, калі гутарка заходзіць пра яго заўсёдны клопат — зямлю. Затое Ганна ў асяродку сяброў заўсёды лічылася дзяўчынай дасціпнай, вострай на язык (“язык як брытва”). Такая ў крыўду сябе не дасць. Ды і свае пачуцці да каханага выяўляе смела, адкрыта, не тоячыся: “Родны ты мой!.. Буў ты ў мяне адзін!.. І адзін астаўся… хоць я цябе і не бачу… Ты — толькі адзін!.. ” [3, 241]; “Я ж цябе так люблю! Так век любіць буду! [3, 262]. Хіба можна не паверыць такім прызнанням?! Адным словам, натура моцная, глибо­кая, высокадухоўная. У сваю чаргу Ганніна сяброўка Хадоська — больш уражлівая дзяўчына, якую легка параніць неасцярожным словам. У яе мове мноства памяншальна-ласкальных слоў (“Гануля ”, “Яўхімко ”, “божачко ”, “татко ”, “мамачко ”). У іх уся Канапляначка: мяккасардэчная, ласкавая, лагодная, непасрэдная. Выказванні ж старога Глушака дома, ся­род сваіх, скрозь складаюцца з грубых слоў. Ён часта выкарыстоўвае вульгарызмы: “галадранец вашывы ”, “трасцы ім ”, “чорт лысы ”. На людзях Глушак малагаваркі, тоіцца: “Глушак не тое што на сходах, а і дзе-небудзь на прызбе гаварыць попусту не любіў; словы, як грошы, выпускаў неахвотна, і слухалі яго такуважліва, як бы ён даваў гэтыя лічаныя грошы ” [2, 149]. Толькі ў думках (ва ўнутраным маналогу) ён дае волю пачуццямУ думках даваў волю злосці, помсціўся: “Трасцу вам! Не тое што пяцьдзесят шэсцъ, а і шэсцъ пудоў — трасцы! Аднаго пуда — трасцы! Аднаго хунта — дулю! Дулю — аднаго зярняці! Падохнеце, вьтруціцеся з галаднечы! Паешце адзін аднаго! Як сабакігалодныя! Трасцы!Дулю!..» [3,109]. Тое самае тычыць і яго сына Яўхіма. Хіба што выказваецца ён больш смела, адкрыта, нікога не баючыся, якраз у адпаведнасці са сваім характарам: хлопец малады, гарачы, нястрыманы. “Жыць… усё адно не дадуць… <…> Робіш на некаго! Як парабак!.. Робіш, а ёнжаба — прыйдзе ды вычысціць пад мятлу! Як бы ето не тваё, а яго! Командуе ўсякае, а ты слова не скажы!.. Ей-бо, -злютай шчырасцю, з тойраптоўнай, якой заўсёды апасаўся стары, [Яўхім] прадказаў:Не ручаюся: стукну я калі-небудзь етаго Дамецікаваго! Стукну так, што свінячае папрэ з яго! Ей-бо! Рукі даўно чэшуцца!” [4, 23]. Гучыць, безумоўна, як пагроза, але за ёю — крык душы.

Гаворка прадстаўніка старэйшага пакалення дзеда Дзяніса — па-сялянску разважлівая, у ёй адчуваецца глыбокая спрадвечная паляшуцкая мудрасць: “У тым, як гаварыў дзед, адчувалася, што ён бачыць, што гаворка найшла неразумна (маецца на ўвазе хутчэйшае ўступленне Дзятлаў у калгас. — С. Т.) і нічого добрага не будзе. Што безягоўдзелу не будзе ладу ў гарачай і бестолковой спрэчцы молодых. У тым, як гаварыў і трымаўся дзед, бачылася, што ён наогул перакананы ў асаблівым значэнні сваім тут ” [4,131 ]. Да яго, сталага чалавека, які мае багаты жыццёвы вопыт за плячыма, не шкодзіць іншы раз прыслухацца маладым, каб пераняць крупіну розуму, навучыцца ўменню жыць. Мова вясковага кніжніка, мясцовага грамацея Андрэя Рудога шчодраперасыпанарусізмамі, асобнымі цытатамі з прачытанага ім: ‘‘Чалавексушчаство. Так сказаць, ён і мошка, і ён — валадар, цар прыроды! Emo шчэ вучыў паэт Някрасаў, а такжа Толстой, Леў Мікалаевіч!” [2, 138]. Альбо: ‘Як пісаў вялікі рускі паэт Мікалай Аляксеевіч Някрасаў, невукам у будучым будзе багато цяжэй, чым усім нам, таму што, та-скаць, наступіць новая епоха. І невучоным не будзе дорогі ні туды, ні сюды!.. ” [2, 149]. У выказваннях Міканора часам заўважаюцца вайсковыя тэрміны (ён нядаўна з арміі), манера гава­рыць нястрыманая, рэзкаватая, як, дарэчы, і ў Баш­лыкова, які з’яўляецца для яго аўтарытэтам. Нярэдка куранёўскі актывіст занадта просталінейны, гатовы рубіць з пляча: «Слухаць нічога не хочуць. Хоць кол на галаве чашы! А некаторыя — дак кінуцца зразу гатовы. Учапіцца ў цябе за адну гаворку… Iўсё — мацюкі ды мацюкі… — Ён гаварыў з прысвістам: замест “чашы” ў яго выходзіла “цясі”, “мацюкі” подобны былі на нейкія “масюкі ”. — Асабліва жанкі пашалелі!.. Так і глядзі, каб которая не кінулася з кіпцюрамі!» [2, 29].

Прамовы Башлыкова відавочна адрозніваюцца ад гаворкі вяскоўцаў: насычаныя звесткамі з урадавых пастаноў, загадаў, газетных публікацый, яны адразу выдаюць у ім адказнага партыйнага работніка, які рэгулярна чытае прэсу, знаходзіцца ў курсе падзей рэгіянальнага і дзяржаўнага маштабу. “…Тое, што адбылося тут (распад калгаса ў Глінішчах. — С. Т.), райком розглядае як палітычную з ’яву, якая патрабуе палітычных вывадаў і мер. Бязлітасных мер. <…> Кулацкія элементы, што прабраліся на сход і іх адгалосківідаць за вярсту — паставілі сабе за­дачу: сарваць сход, любымі метадамі не дапусціць аднауленне калгаса!” [4,64]. І далей: “Гаворыммно­го. Много спадзяванняў на словы. На уговоры. Тут наша няўдача. Уговоры — пустозвонства. Дзейнічаць трэба! Сіла трэба. На сілу сіла! I не чыкацца, неміндальнічаць. Рашучасць трэба! Націск!.. Націснуць падаткамі! Судзіць злосных! Каб адчулі сілу!.. ” [4, 116-117]. Перад намі тыповы прыклад Башлыковага выступления з уласцівымі яму гарачлівасцю, запалохваннем, навешваннем ярлыкоў.

Не такі старшыня валвыканкама Іван Анісімавіч Апейка — таксама прадстаўнік улады ў раёне. Ён, наадварот, не схільны выкарыстоўваць вытрымкі з газет, тэрміны, асабліва ў размове з сялянамі. Думкі Апейка выказвае проста, натуральна, беручы блізкія і зразумелыя палешукам прыклады з жыцця. Гаворыць Іван Анісімавіч спакойна, ураўнаважана, не дазваляючы сабе сарвацца на крык, стараючыся дайсці да розуму і сэрца кожнага. Старшыня валвыканкама шчыра жадае сялянам дабра, верыць, што калектывізацыя, несумненна, зробіць іх жыццё лепшым, што палешукі паступова самі зразумеюць перавагу калгасаў, толькі трэба ім дапамагчы. Што ён і робіць: цярпліва ўсё тлумачыць, пераконвае ў перавазе калектыўнай гаспадаркі, не навязваючы сваёй думкі. Падобныя паводзіны непрымальныя для Башлыко­ва: “Я за ўсёй гэтай тваёй філасофіяй, — цвёрда, упэўнена загаварыў Башлыкоў, — бачу адно жаданне: каб мы затрымаліся. <… > Твае гэтыя развагі — гэта хістанні, якія маюць небяспечны палітычны характар” [4, 96]. Яскрава характарызуе Апейку як кіраўніка яго размова з памылкова абвінавачаным у бандытызме Васілём: Чорт вас пабяры!Нават злуючыся, ён гаварыўроўна, ціха (вылучана мною. — С. Т.). Для вас, для вашага шчасця стараюцца, гінуць людзі. А вы, вы за сябе пастаяць не ўмееце!.. Ты — не бандыт, тыкрот, які капаецца ў сваёй нары. I толькі адну сваю шкуру беражэ. А там — хоць тра­ва не расці! Хай другія прынясуць табе шчасце на талерачцы!.. Ты, канешне, зямлі добрайузяць не адмовішся!” [2, 120]. Не выглядае дзіўным той факт, што ўспрымаюць Івана Анісімавіча значна лепш, чым Башлыкова, да яго прыслухоўваюцца, яму вераць, з ім раяцца, да яго прыходзяць па дапамогу. I тут нельга не адзначыць яшчэ адну важную якасць Апейкі — ён жыве, спавядаючы як найгалоўнейшы прынцып гу­манізму, ніколі не адхіляючыся ад яго, нават у самых складаных сітуацыях. Апейка, ахвяруючы пасадай, партыйным білетам, імкнецца дапамагчы настаўніку Гарошку, якога звольнілі толькі за тое, што ён раней быў афіцэрам царскай арміі, падтрымаць сы­на класавага ворага, кулака Сцяпана Глушака, едзе ў Мінск хадайнічаць аб юнаку Алесю Маёвым, на якім беспадстаўна паставілі кляймо нацдэма. Ba ўсім імкнецца Іван Анісімавіч, адданы сын Палесся, дайсці да самай сутнасці або, паводле Івана Мележа, “…глыбока спасцігнуць сэнс часу, разумець яго сэрцам і розумам ”. Што чакала далей такіх сумленных людзей, няцяжка прадказаць. Спачатку выключэнне з партыі, а потым, магчыма, і рэпрэсіі. Менавіта так абыходзіліся, як вядома з гісторыі, у 1920 — 1930-я гг. з няздольнымі пайсці на кампраміс з сумленнем, надзеленымі здольнасцю думаць самастойна, з тымі, хто меў на падзеі ўласны погляд і гарачае жаданне адстойваць яго, нягледзячы ні на што.

Шчодра і багата ўжывае Іван Мележ, калі дае сло­ва героям, народныя выслоўі, прымаўкі, параўнанні: “багатому жаль корабля, а бедному — кашаля”, “удава — сама сабе галава ”, “што з воза ўпала, тое прапала ”, “аладкі з зямлі разам ляпілі ”, “патрэбен ты мне, як хата собаку”, “не выбраць бы халеру — гарачы не ў меру!”, “а як горка на смак, паўзі назад, як рак!.. ”. Большасць прымавак належыць Сароцы — жанчыне, якая адна выхоўвае сына-падлетка. Жыццё ўдавы, вядома, нялёгкае: няма побач трывалага мужчынскага пляча, усё трэба рабіць самой. Вось і жартуе гаваркая Сарока, сыпле трапнымі выслоўямі, як з меха, па слова ў кішэню не лезе.

Шырока выкарыстоўвае пісьменнік устойлівыя спалучэнні (фразеалагізмы) — абавязковы элемент паляшуцкай гаворкі: “тут хто ў лес, а хто па дровы”; “трэбаяно, як пятое калясо!”\ “от жаўлезла чалавеку ў галову дурасць, не дае збыту ”.

Вобразнасць уласціва і звароткам, многія з якіх — разгорнутыя. Асаблівай цеплынёй, пяшчотай вызначаюцца звароты маці да дзіцяці: “Васілёчак, каласочак, сынку мой… (Дзятліха да Васіля); “Што? Ну, скажы!.. Ну, скажы, Верочка!.. А!.. Знаю!Хораша, кажаш!.. Хорашанько!.. Цёпленъко! Сонейко! Птушачкі цілікаюць! Цілік, цілік!.. ” (Ганна да дачкі Верачкі).

Усё гэта яскрава сведчыць: мова “Палескай хро­нікі” — цікавая, натуральная і змястоўная. У яе аснове — сялянскія ўражанні, уражанні вясковага дзяцінства.

Як легка, свабодна, нязмушана апавядае Майстар. Беларускае слова гучыць у яго ёміста і змястоўна. Дасканала падабраныя рэплікі садзейнічаюць стварэнню яскравых, выразных, як мага больш праўдзівых, запамінальных вобразаў. У выніку ствараецца ўражанне, нібы пабываў на радзіме пісьменніка, пачуў жывую гаворку яго землякоў, адчуў, чым яны дыхаюць, убачыў мясціны, пра якія так цудоўна расказвае Іван Мележ.

Літаратура

  1. Мележ I. Жыццёвыя клопаты. — Мінск: Маст. літ., 1975.
  2. Мележ І. Людзі на балоце. — Мінск: Маст. літ., 1991.
  3. Мележ І. Подых навальніцы. — Мінск.: Маст. літ., 1991.
  4. Мележ І. Завеі, снежань. — Мінск: Маст. літ., 1991.
  5. Успаміны пра Івана Мележа / Л. Пятрова-Мележ. — Мінск: Маст. літ., 1982.

Аўтар: Таццяна Сматрыцкая
Крыніца: Роднае слова. – 2007. – № 12. – С. 21–23.