Горад над Сожам можа згубіць яшчэ адзін помнік архітэктуры — новы ўладальнік будынка на вуліцы Пралетарскай, 16 у Гомелі дужа спецыфічна разумее панятак “гістарычная каштоўнасць” і абяцае зрабіць “усё так як і было, толькі з цалкам новых матэрыялаў”. Ці пойдзе такі падыход на карысць помніку гісторыі спрабуе разабрацца Яўген Меркіс.
“Мяне гэтае смецце не цікавіць, можаце забіраць”
У гэтым годзе гомельская драўляная забудова нарэшце дачакалася ўвядзення ў навуковы зварот: гісторык Яўген Малікаў выдаў кнігу, прысвечаную яе асаблівасцям і адметнасцям. Да выратавання і захавання найбольш адметных прыкладаў драўлянай спадчыны нашых продкаў, вядома, яшчэ далёка. Але наяўнасць такога выдання дазваляе крок за крокам пераканаць, што каштоўнасць гэтых дамкоў – не выдумка мясцовых “краязнаўцаў-фрыкаў” і што рупіцца аб тым, каб яны не зніклі, варта ўжо сёння кожнаму з нас.
На прэзентацыі даследавання сабралася поўная зала, якая змяшчала людзей самых розных узростаў, прафесій ды зацікаўленасць. Аб’ядноўвала ўсіх адно – любоў да старых дамкоў з багатым разьбяным дэкорам у родным для іх Гомелі.
Тым большае здзіўленне ў мяне выклікалі заявы аднаго з прысутных на аўтограф-сэсіі пасля прэзентацыі кнігі. Стоячы ў чарзе мужчына гучна хваліўся тым, што менавіта ён – уладальнік будынка былой ваеннай пракуратуры на вуліцы Пралетарскай, 16 і што хутка будынак нарэшце набудзе неабходны яму лоск ды прыгажосць.
Мужчына шчодра дэманстраваў прысутным візуалізацыі таго, як дом мае выглядаць у будучыні. Пры гэтым яго выгляд адрозніваўся ад звыклага нам.
Мой позірк перш за ўсё прыцягнулі ліштвы на вокнах і я спытаў, чаму будзе менавіта так. У адказ мужчына сказаў, што ўсё старое будзе знятае з будынка і ўсе элементы будуць вырабленыя наноў з нуля.
— Але які сэнс гэта ўсё рабіць, калі ад гэтага згубіцца аўтэнтыка будынка, каму патрэбнае тое ж самае, але новае? Гэта ж імітацыя, а не рэканструкцыя!
—Мяне гэта не цікавіць. Калі Вам гэтае смецце трэба, то прыязджайце, я аддам, але ў мяне потым усё будзе стаяць новае.
— А як жа закон?
— А што мне закон? Калі ў гэтай краіне ўсё рабіць па законе, то нічога не атрымаецца
Усе заўвагі, ўпэўнены выключна ў сваёй праваце, бізнесмен ігнараваў.
Дзіўнасць сітуацыі падкрэслівала тое, што пры гэтым ён знайшоў час і наведаў прэзентацыю кнігі, на якой яе аўтар яшчэ раз пераконваў усіх у важнасці захавання старой драўлянай забудовы Гомеля як мага больш у аўтэнтычным выглядзе. Як такія супрацьлеглыя ўяўленні – цікавасць да сапраўднай спадчыны і важнасць яе захавання можа суіснаваць адначасова з жаданнем “зрабіць усё наноў” я так і не зразумеў.
Ад героя года да фэйла года
Зразумела, што будынак, які быў выкуплены новым уладальнікам на аўкцыёне ўжо шмат год патрабаваў рамонту і рэстаўрацыі. Важнасць аднаўлення ўсяго так, як і было – адна з умоваў набыцця дома і новаму гаспадару даводзіцца выконваць узятыя на сябе абавязкі. Але атрымліваецца, што гэтую самую аўтэнтычнасць усе разумеюць па-свойму – краязнаўцы ды занепакоеныя грамадскія актывісты выступаюць за максімальнае захаванне арыгінальных элементаў пры іх належнай рэстаўрацыі, а бізнесмен – толькі за іх знешнюю імітацыю з новых матэрыялаў…
Варта адзначыць, што будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры і па ідэі за ўсімі будаўнічымі працамі мае здзяйсняць нагляд Міністэрства культуры ці найменьш Упраўленне архітэктуры г. Гомеля, што месціцца зусім побач. Але на практыцы не заўважана аніякай рэакцыі з іх боку на магчымыя парушэнні ў працэсе бягучай “рэстаўрацыі” дома.
Часта абураных чымсці грамадскіх актывістаў ды гісторыкаў абвінавачваюць у тым, што яны толькі крытыкуюць, але пры гэтым не прапаноўваюць канструктыўных шляхоў вырашэння існых праблем. Але ў гэтым выпадку новаму ўладальніку дома было неаднаразова прапанавана не ўтылізаваць старыя разьбяныя элементы аздаблення дома, а адрэстаўраваць іх. Прычым досвед такіх прац у гомельскіх спецыялістаў ужо ёсць – у 2015 годзе сіламі актывістаў ды валанцёраў былі адрамантаваныя ліштвы і разьбяны дэкор дома на рагу Кірава і Новапалескай.
Але ўсе спробы пераканаць новага ўладальніка пакуль што былі марнымі. Ён па-ранейшаму лічыць, што толькі ён адзін разумее, што такое сапраўдная гісторыя і аўтэнтыка.
Здзіўленне выклікае і яго перакананасць у тым, што новыя элементы разьбянога дэкору і ліштвы яму абыйдуцца танна. Такі варыянт магчымы толькі пры выкарыстанні танных тэхналогій працы з дрэвам, але ці працягнуць такія элементы доўга і наколькі прыгожа нават па дзіўных уяўленнях новага гаспадара яны будуць выглядаць яшчэ вялікае пытанне.
Пры гэтым у Гомелі існуе прыклад грунтоўнага і паслядоўнага падыхода да захавання старых будынкаў іх новымі ўласнікамі. Уладальнік будынка на рагу Пралетарскай і Гагарына крок за крокам аднаўляе свой дом без спробаў змяніць яго да непазнавальнасці і выдаць новае за арыгінал. Чым не прыклад для пераймання?

Самае дзіўнае ў гэтай гісторыі тое, што чалавек, які мог стаць адным з сваевобразных “герояў года” ў вачах гомельскай грамадскасці (калі б працы па рэканструкцыі дома вяліся кампетэнтна) праз уласную самаўпэўненасць і нежаданне слухаць заўваг і прапаноў можа заслужыць сабе, сваёй кампаніі ды новаму дому зусім сумнеўную славу. Не хацелася б, каб у Гомелі з’явілася гэткае ўласнае найменне некампетэнтных падыходаў да захавання ўласнай спадчыны, створанае паводле прозвішча гэтага бізнесмена.
Застаецца спадзявацца, што новы ўладальнік нарэшце прыслухаецца да канструктыўнай крытыкі, паколькі яна скіраваная не супраць яго асабіста, а да тых дзіўных падыходаў, якімі ён зараз кіруецца пры рэстаўрацыі будынка.
Варта зразумець, што дом на Пралетарскай – наша агульная спадчына незалежна ад таго, каму ён належыць і толькі сумеснымі намаганнямі можна будзе ўдыхнуць новае жыццё ў стары будынак не забіўшы яго душу.
Аўтар тэксту і здымкаў (акрамя здымка будынка на рагу Гагарына і Пралетарскай): Яўген Меркіс