Брагінскія «контррэвалюцыянеры», альбо Да пытання аб мутуалізме дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у БССР у першыя пасляваенныя гады

0
116
Брагінскія контррэвалюцыянеры, альбо Да пытання аб мутуалізме дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у БССР

Пасля атрымання незалежнасці ў постсавецкіх краінах адбылася кардынальная змена характару стаўлення ўладных структур да релігійных інстытутаў, і, адпаведна, змена навуковых парадыгм і замацаванне новых канцэптуальна-метадалагічных падыходаў да вывучэння гісторыі дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у савецкі час.

Дамінантай амаль усіх існуючых зараз канцэптуальных схем развіцця гэтых адносін з’яўляецца прызнанне ў якасці безумоўнай мэты савецкай дзяржавы поўнае знішчэнне царквы. Вынікі грунтоўных гістарычных даследаванняў, праведзеных такімі аўтарамі, як Міхаіл Шкароўскі [1], Міхаіл Адзінцоў [2], Дзмітрый Паспялоўскі [3] і шмат іншых, якія былі апублікаваны ў 1990-я гады, а таксама ўвесь комплекс даступных для сучаснага даследчыка гістарычных крыніц сведчаць аб тым, што агрэсіўная антырэлігійная прапаганда, рабаванне і руйнаванне храмаў, фізічнае знішчэнне і маральны ціск на святароў і вернікаў, а таксама іх крымінальны і адміністрацыйны пераслед мелі месца на працягу ўсёй савецкай гісторыі. Пры гэтым бясспрэчна, што антырэлігійная дзейнасць улад насіла хвалепадобны характар: у розныя гістарычныя перыяды тэмпы наступу на царкву паскараліся альбо запавольваліся, але ж рэпрэсіўная сутнасць рэлігійнай палітыкі савецкай дзяржавы ніколі не мянялася.

З пачатку 2000-х гг. у расійскай гістарыяграфіі замацавалася канцэпцыя развіцця дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у залежнасці ад асабістага стаўлення да рэлігіі і царквы першых сакратароў ЦК КПСС, а таксама ад разумення прадстаўнікамі вышэйшых органаў савецкай улады магчымасцей выкарыстання дзейнасці рэлігійных арганізацый для дасягнення сваіх знешне- і ўнутрыпалітычных мэтаў. Пасля публікацыі вынікаў даследавання Вольгі Васільевай [4] сярэдзіна 1940-х гг. пачала разглядацца як перыяд мутуальных (узаемакарысных) адносін дзяржавы і царквы, у які дзяржава атрымала неабходную ёй падтрымку ў правядзенні знешняй палітыкі, а царква — магчымасць існаваць.

Але ж многія аўтары звяртаюць увагу на тое, што гэтыя адносіны не мелі мэтай адраджэнне рэлігійных інстытутаў і, адпаведна, не маглі быць карыснымі для царквы, паколькі былі толькі шырмай, створанай для ўвядзення ў падман міжнароднай супольнасці. Барыс Філіпаў, які прааналізаваў лісты патрыярха Алексія I ў Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы пры СНК СССР за 1945-1970-я гг., прыйшоў да высновы, што ў 1940-я гг. І.В. Сталін пачаў ствараць новую мадэль праваслаўнай царкоўнай арганізацыі на службе атэістычнай дзяржавы: царква была ўключана ў савецкую палітычную сістэму і, як і ўсе інстытуты гэтай сістэмы, змагла дзейнічаць пад жорсткім кантролем вышэйшых органаў улады, прадстаўнікі царкоўнага кіраўніцтва ўвайшлі ў склад савецкай наменклатуры з рэзідэнцыямі, пайкамі, аўтамашынамі і г.д., а ва ўзаемаадносінах з дзяржавай царкву пачалі прадстаўляць органы дзяржаўнай бяспекі [5, с. 216-217].

Пра штучнасць створанай у гэты час ліберальнай мадэлі дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін таксама гавораць і тыя факты, што ініцыятыва склікання Памеснага Сабору ў 1943 г. і аднаўлення патрыярхату належыць І.В. Сталіну, а аўтарам Палажэння аб кіраванні Рускай праваслаўнай царквой (далей — РПЦ) быў нейкі Зайцаў, супрацоўнік Савета па справах РПЦ пры СНК СССР [3, с. 298, 304]. Больш за тое, усе ўпаўнаважаныя Савету па справах РПЦ пры абласных выканаўчых камітэтах павінны былі на месцах сачыць за тым, як гэтае Палажэнне выконваецца царкоўнымі дзеячамі, і, пры выяўленні парушэнняў, тэрмінова дакладваць аб гэтым у Маскву і рэспубліканскія саветы па справах РПЦ. У прыватнасці, упаўнаважаны Савета па справах РПЦ пры СНК СССР па Палескай вобласці, у склад якой у той час уваходзіла Брагіншчына, ва ўсіх справаздачах за 1946 г. стандартна паведамляў, што «сігналаў аб растраце грашовых сум і культавай маёмасці, а таксама грубага парушэння Палажэння аб кіраванні Рускай праваслаўнай царквой і дамоў аб перадачы будынкаў у карыстанне абшчын не паступала» [6, арк. 2, 11, 28, 36]. Але ў справаздачы за першы квартал 1946 г. ён дадаткова адзначыў, што выпадкі парушэнняў Палажэння аб кіраванні РПЦ усё ж такі ёсць, і сярод іх назваў адсутнасць у некаторых абшчын рахункаў у Дзяржбанку і ашчадных касах, а таксама фармальны характар дзейнасці рэвізійных камісій рэлігійных арганізацый (відаць, палічыў гэтыя парушэнні «нягрубымі») [6, арк. 3]. У справаздачы за другі квартал 1946 г. — перавышэнне святарамі сваіх правоў і парушэнне інструкцыі Савета ад 5 жніўня 1945 г. [6, арк. 11]. Варта адзначыць, што ні святары, ні вернікі палажэнняў гэтай інструкцыі ведаць не маглі, паколькі яна мела грыф «Сакрэтна» і, адпаведна, не маглі ведаць межы сваіх правоў.

Акрамя таго, са зместу справаздач упаўнаважаных вынікае, што нават у 1945-1946 гг., якія лічацца спрыяльнымі для разгортвання дзейнасці рэлігійных арганізацый, прадстаўнікі мясцовых органаў улады (і самі ўпаўнаважаныя ў тым ліку) імкнуліся не дапускаць пашырэння колькасці зарэгістраваных абшчын, стваралі ўмовы, каб адмовіць вернікам у рэгістрацыі, а таксама каб зняць з рэгістрацыі ўжо зарэгістраваныя абшчыны. Напрыклад, у ліпені 1945 г. мясцовымі райвыканкамамі былі адабраныя ў вернікаў будынкі ў такіх населеных пунктах Палескай вобласці, як Хойнікі, Нароўля, Ляскавічы і Гажын; на працягу года пытанне аб вяртанні гэтых будынкаў вернікам ці прадстаўленні замест іх іншых улады ніяк не маглі вырашыць; а спробы кіраўніка Палескай епархіі протаіерэя Аляксандра Раманушка накіраваць у гэтыя абшчыны святароў упаўнаважаным стрымліваліся на той падставе, што названыя абшчыны фактычна не дзейнічаюць больш за год [6, арк. 1-2]. Такая ж схема працавала і ў 1950-я гг. Такім чынам стваралася сітуацыя, калі ўладамі ўсё рабілася нібыта ў адпаведнасці з заканадаўствам, але па сутнасці рэалізоўвалася схема латэнтнага супрацьстаяння царкве.

У гэтай сувязі ўяўляецца слушнай і думка Дзмітрыя Паспялоўскага аб тым, што пасля прыняцця Палажэння аб кіраванні РПЦ лагічна было чакаць змены савецкага рэлігійнага заканадаўства, але гэтага не адбылося, што сведчыць аб першапачатковай часовасці названага дакумента і закладзенай магчымасці яго хуткай адмены [3, с. 304].

Што датычыцца перыядызацыі гісторыі дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у савецкі час, то Вольга Васільева верхнюю храналагічную мяжу перыяду, калі савецкая ўлада «канчаткова адмовілася ад планаў знішчэння рэлігіі і Царквы», вызначае як год смерці І.В. Сталіна — 1953 [7], але некаторыя гісторыкі, у тым ліку Сяргей Шкуратаў, зніжаюць гэтую мяжу да 1948 г. і сцвярджаюць, што толькі пасля няўдалага новага наступлення дзяржавы на царкву, якое цягнулася да адстаўкі М.С. Хрушчова ў 1964 г. і паказала безвыніковасць антырэлігійнай прапаганды, «пераслед царквы ўвогуле спыніўся» [8]. Абедзве названыя даты «спынення пераследу царквы» з’яўляюцца спрэчнымі, паколькі антырэлігійная прапаганда ў СССР і ў гэтыя гады, і ў сярэдзіне 1980-х гг. працягвала праводзіцца. Як адзначае палітолаг Саліх Полат, пасля адстаўкі М.С. Хрушчова антырэлігійная палітыка савецкіх улад кардынальна не памянялася, а змянілася толькі тактыка барацьбы з царквой — новае кіраўніцтва на чале з Л.І. Брэжневым наўпрост перайшло ад «бурнай антырэлігійнай кампаніі» да скрытага выцяснення рэлігійных арганізацый з унутранага жыцця дзяржавы [9, с. 23-24]. Такім чынам, сутнасцю дзяржаўна-канфесійных узаемаадносінах у другой палове 1960-х —сярэдзіне 1980-х гг. зноў выступае латэнтнае супрацьстаянне, а не мутуалізм.

Абагульняючы вышэйсказанае, трэба адзначыць, што наяўнасць розных ацэнак адных і тых жа фактаў рознымі аўтарамі не з’яўляецца галоўнай даследчыцкай праблемай постсавецкай гістарыяграфіі, але яна бачыцца ў тым, што ўсе іх працы звычайна адлюстроўваюць асабістае суб’ектыўнае стаўленне аўтараў да тых ці іншых падзей. З аднага боку, імкненне даследчыкаў пазбавіцца ад пазітывісцка-факталагічнага падыходу і аднабаковага адлюстравання гістарычных фактаў з’яўляецца адназначна станоўчым і натуральным, з другога — адмоўным, калі яно выклікана толькі жаданнем падмацаваць пэўныя палітыка-ідэалагічныя палажэнні гістарычнымі фактамі. У дадзеным разрэзе праблема існуе ў максімальна аб’ектыўнай навуковай інтэрпрэтацыі фактаў і пазбаўленне яе ад аднабаковасці бачыцца магчымым праз актыўнае выкарыстанне гісторыкамі найноўшага метадалагічнага інструментарыю.

Расійскі гісторык Дзмітрый Паўлаў па выніках праведзенага ім агляду асноўных накірункаў вывучэння дзяржаўна-царкоўнай праблематыкі ў замежнай гістарыяграфіі пагаджаецца з думкай амерыканскага даследчыка расійскай гісторыі Дэвіда Рансэла аб тым, што асноўнай тэндэнцыяй накаплення ведаў у сучаснай навуцы як раз і з’яўляецца расхістванне сталых уяўленняў і дэманстрацыя змяняльнасці агульнапрызнаных даследчыцкіх катэгорый. Дзмітрый Паўлаў таксама прызнае, што мэтанакіраваны пошук новых інтэрпрэтацый, метадаў і падыходаў да асэнсавання канкрэтна-гістарычных дадзеных быў і застаецца моцным бокам замежнай гістарыяграфіі [10, с. 167]. Паспрабуем і мы паглядзець на характар дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у БССР у першыя пасляваенныя гады з дапамогай інтэгральнага падыходу, які дазваляе пазбавіцца ад аднабаковасці адлюстравання гістарычных фактаў.

Інтэгральны падыход як спосаб даследавання амерыканскі даследчык Кен Уілбер пачаў распрацоўваць яшчэ ў канцы 1970-х гг. і працягвае яго ўдасканальваць да нашых дзён. Гэты спосаб дазваляе разглядаць рэальнасць як адзінае цэлае, ва ўсёй яе шматаспектнасці і непарыўнай узаемасувязі асобных элементаў. Ён накіраваны на аб’яднаннеметадаўрозных навук, галоўным чынам псіхалогіі, сацыялогіі, філасофіі, рэлігіязнаўства, паліталогіі і іншых, без выкарыстання якіх, на думку распрацоўшчыка, немагчыма пабудова «усёўзроўневай» мадэлі рэальнасці [11]. Акрамя метадалагічнага наватарства ўілбераўская тэорыя ўяўляе цікавасць для даследчыкаў гісторыі канфесійнага жыцця таксама і раскрыццём новай ролі рэлігіі ў сучасным і постсучасным свеце — на падставе выкарыстання інтэгральнага метаду аўтар даказвае, што пасля таго, як у эпоху Асветніцтва рэлігія была выкінута з ліку сфер чалавечых каштоўнасцей, адбыўся крызіс духоўнасці і дысацыяцыя трох іншых сфер (мастацтва, маралі і навукі), адпаведна, выратаваць чалавецтва ад культурнай катастрофы зможа толькі вяртанне рэлігіі яе пачэснага месца. Да негатыўных праяў «інфантылізацыі» рэлігіі Кен Уілбер адносіць і рэлігійны тэрарызм, што актуалізуе выкарыстанне яго тэорыі таксама ў паліталагічных і крыміналагічных даследаваннях [11].

Аб комплексным вывучэнні сацыяльных, палітычных, эканамічных і духоўных працэсаў як перспектыўным накірунку даследаванняў гісторыі дзяржаўна-царкоўных узаемаадносін зараз пішуць многія навукоўцы постсавецкіх краін. Напрыклад, украінскі гісторык Ала Кырыдон, вызначае правядзенне такіх даследаванняў у якасці безадкладнай патрэбы для развіцця гістарычнай навукі [12, с. 49-50]. Названы аўтар не аспрэчвае гвалтоўна-рэпрэсіўны характар рэлігійнай палітыкі савецкай улады, але заклікае гісторыкаў актыўна выкарыстоўваць інструментарый іншых сацыяльна-гуманітарных навук дзеля атрымання адказаў не толькі на пытанні «што?» і »як?», але і «чаму?» стала магчымай рэалізацыя такой мадэлі ўзаемаадносін [12, с. 50, 90, 92]. На жаль, абазначанае поле даследаванняў за апошнія гады так і засталося нераспрацаваным.

Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца выяўленне наяўнасці альбо адсутнасці мутуальнага характару ўзаемаадносін паміж мясцовымі ўладамі і ўдзельнікамі рэлігійных арганізацый на Брагіншчыне ў першыя пасляваенныя гады праз інтэгральную мадэль у юрыдычнай праекцыі, г зн. праз кваліфікацыю злачынстваў, звязаных з рэлігійнай дзейнасцю, якія адносіліся ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам (далей — КК) БССР 1928 г. [13] (дзейнічаў да прыняцця новага КК БССР у 1960 г. [14]) да ліку контррэвалюцыйных. Такім чынам можна будзе вызначыць, наколькі рэальна ўлады адносілі адпаведныя дзеянні святароў і вернікаў да злачынстваў, якія ўяўляюць сабой павышаную грамадскую небяспеку, альбо глядзелі на іх «скрозь пальцы», разумеючы, што царква — нежаданы, але неабходны элемент структуры савецкага грамадства.

Інтэгральная мадэль складаецца з 4 квадрантаў (сектароў), кожны з якіх адлюстроўвае свой аспект рэчаіснасці, які даступны чалавеку. Верхні левы квадрант (сектар «Я») разглядае ўнутраны стан чалавека, яго думкі, пачуцці, эмоцыі і г.д. Ніжні левы квадрант (сектар «Мы») разглядае калектыўнае ўспрыняцце, культурнае вымярэнне групавых узаемаадносін. Верхні правы квадрант (сектар «Гэта») адлюстроўвае тое, што можна сказаць пра чалавека з дапамогай вывучэння знешніх праяў яго паводзін, працэсаў, якія ідуць унутры яго цела, і г.д. Ніжні правы квадрант (сектар «Гэтыя») прысвечаны сацыяльнаму вымярэнню знешніх форм паводзін асобных груп людзей.

Дадзеная мадэль лёгка накладаецца на такую юрыдычную канструкцыю, як склад злачынства, які ствараюць 4 групы прыкмет: суб’ект злачынства (узрост, з якога настае крымінальная адказнасць, наяўнасць свядомасці, службовы стан і інш.), суб’ектыўны бок злачынства (форма віны, матыў, мэта), аб’ект злачынства (на якія грамадскія адносіны накіравана пасяганне) і аб’ектыўны бок злачынства (само супрацьпраўнае дзеянне (бяздзеянне) і яго вынікі).

Такім чынам, верхні левы квадрант інтэгральнай мадэлі ўмоўна можна суаднесці з суб’ектыўным бокам злачынства, ніжні левы квадрант — з аб’ектыўным бокам, верхні правы — з суб’ектам, ніжні правы — з аб’ектам злачынства.

Разгледзім склад злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 72 КК БССР 1928 г. [13]. Суб’ект злачынства — агульны, любая дзеяздольная асоба, старэйшая за 16 год; суб’ектыўны бок злачынства — намер нанесці шкоду альбо неасцярожнасць (асоба павінна была прадбачыць негатыўныя вынікі сваіх дзеянняў, але не зрабіла гэтага ці спадзявалася, што нічога дрэннага не адбудзецца); аб’ект злачынства —контррэвалюцыйныя дзеянні, скіраваныя супраць савецкай улады; аб’ектыўны бок злачынства — прапаганда альбо агітацыя з выкарыстаннем рэлігійных прымхаў і забабонаў мас, якая ўтрымлівае заклік да звяржэння, падрыву ці аслаблення савецкай улады альбо да здзяйснення асобных контррэвалюцыйных злачынстваў, а таксама распаўсюджванне, выраб ці захоўванне літаратуры адпаведнага зместу.

Названы артыкул абраны намі для разгляду таму, што ўсе гомельскія рэлігійныя дзеячы, якія былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці ў перыяд з 1931 па 1951 гг. і са справамі якіх быў азнаёмлены аўтар, былі асуджаны на падставе менавіта гэтага артыкула ці некалькіх артыкулаў у сукупнасці з гэтым [15]. Шматлікія даследчыкі рэпрэсіўнай палітыкі савецкіх улад звычайна не акцэнтуюць увагу на нормах права, якія зрабілі працэс знішчэння палітычных і ідэалагічных праціўнікаў, у тым ліку і рэлігійных дзеячаў, поўнасцю легальным, але аналіз зместу абвінавачванняў дазваляе сцвярджаць, што ўсе ахвяры рэпрэсій у перыяд з 1928 па 1960 гг. былі асуджаны за менавіта за антысавецкую прапаганду ці агітацыю ў адпаведнасці з артыкулам 72 КК БССР 1928 г. Напрыклад, у кнізе беларускага даследчыка Феадора Крываноса «У Бога памёрлых няма» прыведзена вялікая колькасць фактаў масавых ганенняў на духавенства і вернікаў Мінскай епархіі ў 1929-1939 гг., звесткі аб якіх узяты са следчых спраў Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь [16, гл. 4, с. 82-222]. Шмат такіх жа фактаў мелі месца ў адзначаны перыяд на ўсёй тэрыторыі СССР, і афіцыйнай падставай для асуджэння абвінавачаных была ўсё тая ж антысавецкая, а зусім не рэлігійная дзейнасць. Адзінымі доказамі для вынясення прысудаў па такіх справах былі, як правіла, паказанні трэціх асоб, а таксама прызнанні саміх арыштаваных, зробленыя імі пад прымусам [15]. На гэта звярталі ўвагу і савецкія судовыя органы ў 1970-1980-я гг. пры вынясенні рашэнняў аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, якія мелі месца ў СССР у 30-40-я і пачатку 50-х гг.

Пры гэтым застаецца пытанне: большасць рэабілітаваных святароў і вернікаў насамрэч не жадалі падзення савецкай улады, а былі асуджаны фактычна толькі за сваю прыналежнасць да рэлігійных арганізацый альбо жадалі і заклікалі іншых вернікаў да яе звяржэння, а органы бяспекі наўпрост не абцяжарвалі сябе зборам доказаў, бо апрыёры лічылі, што ва ўмовах барацьбы з рэлігіяй яны інакш сябе паводзіць і ня могуць?

Зразумела, што адзінага адказу на гэтае пытанне няма і быць ня можа — былі і рэлігійныя дзеячы, якія шчыра падтрымлівалі ідэю будаўніцтва камуністычнага грамадства, і супрацоўнікі органаў бяспекі, якія апантана змагаліся з носьбітамі рэакцыйнай антысавецкай ідэалогіі. Але нават агульную тэндэнцыю вызначыць складана, паколькі ўдзельнікаў тых падзей ужо няма, а даступныя крыніцы ўтрымліваюць вельмі ўрывачную і тэндэнцыйную інфармацыю. Таму для рознабаковага даследавання разглядаемых падзей выкарыстаем у якасці кіруючай сістэмы каардынат інтэгральную мадэль Кена Уілбера. Спачатку разглядзім пабудову дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у 1928-1940 гг. У чатырох вымярэннях (квадрантах): верхні левы квадрант у нас зоймуць рэлігійныя пачуцці і эмоцыі вернікаў, выкліканыя антырэлігійнымі мерапрыемствамі ўлад; у верхнім правым квадранце размесцяцца органы савецкай улады, якія валодаюць сродкамі прымусу, бачаць у царкве палітычнага праціўніка і ўсё робяць дзеля таго, каб яе знішчыць; ніжні левы квадрант будзе ўключаць адносіны паміж асобнымі членамі рэлігійных арганізацый і прадстаўнікамі органаў улады, паміж дзецьмі-атэістамі і бацькамі-вернікамі, суседзямі, сябрамі, родзічамі, супрацоўнікамі, кіраўніцтвам і г.д., якія фарміруюць грамадскае станоўчае альбо адмоўнае стаўленне да рэлігіі; ніжні правы будзе ўтрымліваць матэрыяльныя, эканамічныя, сацыяльныя фактары, такія як працаўладкаванне, сацыяльнае забеспячэнне, доступ да кіруючых пасад у дзяржаве і інш.

Кожная рэальная падзея складаецца з усіх чатырох квадрантаў, але кожны квадрант яшчэ і накладаецца на адзін з узроўняў каштоўнасцей, якія залежаць ад узроўню развіцця цела, розуму і духа (фізічны, эмацыйны, ментальны і духоўны ўзроўні). Такім чынам, цэласная эфектыўная мадэль дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін з’яўляецца шматквадрантнай і шматузроўневай, але калі ў адным квадранце знаходзіцца цэнтр праблемы (у нашым выпадку гэта верхні правы квадрант), а іншыя квадранты не могуць яе нейтралізаваць, то ўся мадэль паступова разбураецца і вынікам гэтага разбурэння рана ці позна павінна стаць узнікненне новай рэальнасці — атэістычнай дзяржавы, у якой няма рэлігійных інстытутаў і, адпаведна, няма такой з’явы, як дзяржаўна-канфесійныя ўзаемаадносіны. Што заставалася вернікам у 1928-1940 гг.? Маліцца, хаваючыся ад усіх, і вонкава інтэгравацца ў атэістычнае грамадства альбо змагацца з ладам жыцця, у якім іх рэлігійным пачуццям няма месца (антысавецкая дзейнасць). У першым выпадку ў верхнім левым квадранце (сектар «Я») быў унутраны стан савецкага верніка(святара),які Феадор Крыванос назваў «супраціўленнем свядомасці» і які паўплываў на тое, што падчас перапісу 1937 г. 44% жыхароў СССР заявілі, што яны хрысціяне [17, с. 3]; у другім выпадку — суб’ектыўны бок злачынства (віна, матыў, мэта), які ўтвараюць думкі і пачуцці абаронцы царквы ад знішчэння, яго намер нанесці шкоду савецкаму ладу ў адказ на антырэлігійную палітыку ўлад.

Другая сусветная вайна затармазіла працэс стварэння безрэлігійнай дзяржавы (цэнтр праблемы перамясціўся ў ніжні правы квадрант), а пераўтварэнне СССР у паўнапраўнага суб’екта міжнародных узаемаадносін у пасляваенны час змяніла і ўзровень каштоўнасцей, перасячэнне з якім верхняга правага квадранта стварыла новую прастору для развіцця — прывяло да некаторай лібералізацыі ўнутранай палітыкі, што праявілася ў тым ліку і ў адмове ад гвалтоўных метадаў барацьбы з царквой у 1943-1953 гг. (верхні правы квадрант).

Але ж заканадаўства не змянілася, партыйныя праграмныя дакументы таксама, захаваліся і антырэлігійная рыторыка ў сродках масавай інфармацыі, і атэістычная выхаваўчая складовая ў навучальных установах. Не так актыўна, як раней, але святароў і рэлігійных актывістаў усё ж зноў пачалі прыцягваць да крымінальнай адказнасці за антысавецкую прапаганду [6, арк. 1; 15; 18, арк. 3, 67; і інш.]. Метады здабыцця доказаў органамі дзяржаўнай бяспекі таксама засталіся ранейшымі [15]. Ці сталася гэта вынікам таго, што ўнутраная лібералізацыя была толькі шырмай для вырашэння савецкімі ўладамі знешнепалітычных задач, а аднаўленне патрыярхату —стварэннем дадатковай структуры па нагляду за дзейнасцю вернікаў унутры краіны? Ці змаглі рэлігійныя дзеячы прыняць савецкі лад жыцця? Альбо і тыя, і другія засталіся на ранейшых пазіцыях, але рабілі выгляд, што імкнуцца дасягнуць узаемапаразумення, паколькі ў гэты час стала зразумелай немагчымасць іх асобнага існавання?

Адказ на гэтыя пытанні вынікае праз адказ на адно: ці быў склад злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 72 КК БССР 1928 года., у дзеяннях вернікаў на Брагіншчыне ў першыя пасляваенныя гады?

Суб’ектам злачынства пры пэўным збегу абставін мог аказацца любы святар альбо камунікабельны вернік, які мог уплываць на пачуцці іншых вернікаў. Пры гэтым па звестках упаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СНК СССР па Палескай вобласці па стану на 1 студзеня 1946 г. на Брагіншчыне было толькі 2 святара (адзін зарэгістраваны і адзін зняты з рэгістрацыі) на 5 малітоўных дамоў: па адным ў Брагіне і вёсках Аляксееўка, Астрагляды, Мікулічы і Сялец (усяго па Палескай вобласці 8 святароў і 26 дзеючых цэркваў і малітоўных дамоў) [6, арк. 5, 7, 40]. Актыўных прыхаджан у 1946 г. упаўнаважаным выяўлена не было, але без іх малітоўныя дамы існаваць не змаглі б, таму можна сцвярджаць, што калі яны не праяўлялі сябе адкрыта, то адчувалі пагрозу ад прадстаўнікоў савецкай улады. Яшчэ ў большай ступені гэта праяўлялася і з боку вернікаў іншых канфесій — напрыклад, па стану на 20 чэрвеня 1945 г. абшчын евангельскіх хрысціян-баптыстаў па дадзеных упаўнаважанага па справах рэлігійных культаў пры СНК СССР па Палескай вобласці было «аж занадта», але афіцыйна зарэгістраваных і на 16 кастрычніка 1945 г. — ніводнай [19, арк. 4, 7, 13]. Толькі ў снежні 1945 г. яму ўдалося зарэгістраваць шэсць такіх абшчын, у тым ліку адну на Брагіншчыне [19, арк. 19], больш дакладна — у пасёлку Брацкае Хракавіцкага сельсавету [20, арк. 5]. Пры гэтым усе яны, на думку ўпаўнаважанага, вялікага ўплыву на мясцовае насельніцтва не мелі [19, арк. 20; 21, арк. 9].

Ці жадалі яны звяржэння савецкай улады (суб’ектыўны бок злачынства)? Аб гэтым у дакументах упаўнаважаных персанальных звестак няма, а дадзеных вусных крыніц бракуе. Аб патрыятычнай рабоце абшчын вядома тое, што яны яе праводзілі ў форме рэгулярных збораў грашовых сродкаў (у фонд абароны, фонд дапамогі інвалідам, фонд Чырвонага крыжа, для дапамогі дзецям-сіротам і сем’ям загінулых, дзяржаўны ваенны заём, дапамогі натурай дзіцячым дамам) [6, арк. 3; 19, арк. 21; і інш.]. Улічваючы паўпрымусовы характар гэтых збораў, вернікі, хутчэй за ўсё, такім чынам спадзяваліся адкупіцца ад улад, а не імкнуліся праявіць сваю любоў да савецкай краіны. Тым больш, што абшчыны на Брагіншчыне былі бедныя. Так, у 1945 г. з васьмі найбольш моцных палескіх прыходаў РПЦ толькі адзін быў з Брагіншчыны — абшчына в. Мікулічы, прычым з гэтых васьмі яна была самай беднай. Для прыкладу: Мазырская абшчына на працягу 1945 г. перадала на патрыятычныя мэты 24 831 руб., а Мікуліцкая — 4 748 [6, арк. 3]. Што датычыцца абшчын іншых рэлігійных канфесій, то, напрыклад, Мазырская абшчына веруючых габрэяў за адзін дзень падчас правядзення рэлігійнага свята 12 жніўня 1945 г. сабрала 4 000 руб. У фонд Чырвонага крыжа [19, арк. 9]. Больш за тое, падчас правядзення гэтага рэлігійнага свята прамаўляліся тосты за савецкую ўладу і таварыша Сталіна, а таксама па «непаразуменню» ва ўсім гэтым удзельнічалі 10-12 камуністаў, у тым ліку 4-5 адказных работнікаў вобласці [19, арк. 9]. Акрамя збору грашовых сродкаў па загаду ўлад святары павінны былі заклікаць прыхаджан удзельнічаць у выбарах, выконваць дзяржаўныя і вытворчыя планы [6, арк. 3-4], але ж і гэтыя іх дзеянні не адмяняюць антаганізму адносін дзяржавы і царквы, а сведчаць выключна аб жаданні ўлад праз святароў маніпуляваць перакананнямі і паводзінамі вернікаў.

Ці здзяйснялі вернікі Брагіншчыны контррэвалюцыйныя дзеянні, скіраваныя супраць савецкай улады (аб’ект злачынства)? На падставе дакументаў упаўнаважаных станоўчы адказ на дадзенае пытанне можна даць толькі пры ўмове прызнання ў якасці контррэвалюцыйнай актыўнай рэлігійнай дзейнасці. Такое атаясамленне бачыцца абсалютна верагодным, асабліва ў прадстаўленні органаў дзяржбяспекі. Аб гэтым, напрыклад, сведчыць той факт, што ў перыяд з 1943 па 1951 гг. пасаду ўпаўнаважанага Савета па справах РПЦ пры СНК СССР па Палескай вобласці займалі розныя людзі (Пятроўскі, Назарчук, Пюро, Піваварчык), і ніводны з іх антысавецкіх дзеянняў з боку кіраўніка Палескай епархіі протаіерэя Аляксандра Раманушка не зафіксаваў — ва ўсіх справаздачах звяртаецца ўвага выключна на яго актыўную дзейнасць па арганізацыі царкоўнага жыцця, але ў 1951 г. протаіерэй быў арыштаваны і асуджаны за антысавецкую дзейнасць, якую ён нібыта праводзіў яшчэ з часоў нямецкай акупацыі [6; 15; 18]. Зразумела, што ўпаўнаважаны і супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі выкарыстоўвалі розныя метады атрымання інфармацыі, але самі тэрміны «прапаганда» і «агітацыя» прадугледжваюць адкрытасць распаўсюджвання антысавецкіх поглядаў, таму, каліб святар сапраўды іх праводзіў, гэта павінна было мець пэўны рэзананс. Калі ж рэлігійная дзейнасць, як і ў 1930-я гг., сама па сабе лічылася контррэвалюцыйнай, то контррэвалюцыянерамі былі ўсе святары і ўсе прыхаджане. У гэтым выпадку сярод галоўных «контррэвалюцыянераў» можна назваць святароў, якія ў розныя гады з’яўляліся настаяцелямі праваслаўных рэлігійных абшчын на Брагіншчыне: настаяцелі Мікуліцкай абшчыны Савенок і Каралёк, настаяцель Сялецкай абшчыны Праневіч, настаяцель Брагінскай абшчыны Рымашэўскі, настаяцель Астраглядскай абшчыны Пятрэнка і інш. [6, арк. 3; 18, арк. 3-5, 31, 158; 22, арк. 14; 23, арк. 31, 37]. Да іх ліку можна таксама далучыць прэсвітара Брагінскай абшчыны ЕХБ Шынкарэнка, які аб’яднаў у сваю абшчыну не толькі мясцовых вернікаў, але і вернікаў з Лоеўскага і Камарынскага раёнаў [21, арк. 18], і праваслаўных святароў Пятрэнка і Алейчанка, якія выконвалі рэлігійныя абрады ў вёсках Брагінскага раёна без рэгістрацыі [22, арк. 2].

Аб’ектыўны бок злачынства — ні антысавецкай прапаганды ці агітацыі, ні распаўсюджвання забароненай літаратуры святарамі ці прыхаджанамі ўпаўнаважаныя не адзначалі [22, арк. 4, 16, 30, 42; 23, арк. 12, 39; і інш.]. Напрыклад, у кожнай справаздачы за 1946 г. упаўнаважаны Савета па справах РПЦ пры СНК СССР па Палескай вобласці па гэтаму пытанню абмяжоўваецца толькі агульнымі фразамі аб тым, што факты выступленняў з незаконнымі патрабаваннямі да савецкіх органаў, правакацый яму невядомы [6, арк. 4, 11, 28, 36]. Аналагічна і ўпаўнаважаныя Савета па справах рэлігійных культаў не назіралі фактаў антыдзяржаўнай дзейнасці з боку вернікаў, а наадварот адзначалі іх поўную лаяльнасць [19, арк. 21; 20, арк. 9; 21, арк. 7; і інш.].

Такім чынам, мадэль пасляваеннага развіцця дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у БССР увогуле і на Брагіншчыне ў прыватнасці была шматузроўневай.У залежнасці ад наяўнасці ў вернікаў таго ці іншага ўзроўню каштоўнасцей (верхні левы квадрант, сектар «Я») унутры гэтай мадэлі ўтвараліся розныя зоны, якія вызначалі адпаведна і розны характар узаемаадносін паміж вернікамі і прадстаўнікамі ўлады на месцах. Адна з такіх зон была ўтворана поглядамі і пачуццямі архаічна-веруючых грамадзян, якія «супраціўляліся свядомасцю» атэістычнай рэальнасці, таму іх узаемаадносіны з органамі ўлады можна вызначыць як маючыя характар латэнтнай барацьбы. Другая зона ўзнікла дзякуючы ўнутранаму стану тых жа архаічна-веруючых грамадзян, якія выношвалі намер знішчыць савецкую ўладу, і іх адносіны з уладамі мелі характар выразна акрэсленага антаганізму (контррэвалюцыянеры). Вышэйназваныя зоны захаваліся ў мадэлі дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін у БССР з даваенных часоў, і гэтаму спрыяла перамяшчэнне цэнтру праблемы з верхняга правага ў ніжні правы квадрант (ад палітыкі, скіраванай на безапеляцыйнае знішчэнне рэлігійных інстытутаў, да цярпімага стаўлення да іх улад). Акрамя таго, у пасляваенны час узніклі і мінімум дзве новыя зоны. Адна з іх стварылася ў выніку таго, што многія святары і вернікі (а разам з імі і нават некаторыя партыйныя і савецкія работнікі) шчыра памыляліся, думаючы, што адбылася доўгатэрміновая станоўчая перамена ў рэлігійнай палітыцы ўлад і што выкананне ўстаноўленых уладамі правіл можа забяспечыць рэлігійным арганізацыям свабоду дзеянняў у атэістычнай дзяржаве. Распаўсюджванню такіх памылковых поглядаў спрыяў той факт, што пастановы Саветаў па справах РПЦ і па справах рэлігійных культаў былі засакрэчаны і ніхто, акрамя ўпаўнаважаных саветаў, дакладна не ведаў іх зместу. Наступная — маніпуляцыйная зона, якая ўтварылася шляхам замацавання ў сектары «Я» думак і памкненняў не сапраўдных вернікаў, а прадстаўнікоў уладных структур, якія былі ўкаранёныя ў структуру рэлігійных арганізацый дзеля іх унутранага разбурэння. І толькі ў гэтай зоне ў дзяржаўна-канфесійных узаемаадносінах назіраўся поўны мутуалізм. У дзеяннях усіх астатніх пры змене палітычнай сітуацыі ўлады ў любы момант маглі вынайсці склад злачынства і распачаць новыя рэпрэсіі супраць «контррэвалюцыянераў».

Крыніцы і літаратура:

  1. Шкаровский, М.В. Русская Православная Церковь в XX веке / М.В. Шкаровский. —Москва: Вече; Лепта, 2010. — 478 с.
  2. Одинцов, М.И. Государство и церковь в России: ХХ век / М.И. Одинцов. — Москва: Луч, 1994. — 171 с.
  3. Поспеловский, Д.В. Православная церковь в истории Руси, России и СССР: учебное пособие / Д.В. Поспеловский. — Москва: Библейско­Богословский институт св. апостола Андрея, 1996. — 408 с.
  4. Васильева, О.Ю. Русская православная церковь в политике советского государства в 1943-1948 гг. / О.Ю. Васильева / отв. ред.: чл.-корр. РАН Я.Н. Щапов. — Москва: Ин-т российск. истории РАН, 2001. — 215 с.
  5. Филиппов, Б.А.[Рецензия] / Б.А. Филиппов // Российская история. — 2011. — № 4. — С. 214-217. — Рец. на кн.: Письма патриарха Алексия I в Совет по делам Русской православной церкви при Совете народных комиссаров — Совете Министров СССР. 1945-1970 гг./ Под ред. Н.А. Кривовой; отв. сост. Ю.Г. Орлова; сост.: О.В. Лавинская, К.Г. Ляшенко. — М.: РОССПЭН, 2009-2010.
  6. Квартальныя справаздачы аб дзейнасці ўпаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў і царквы па Палесскай вобласці і звесткі аб колькасці цэркваў і малітоўных дамоў за 1946 г. // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр (далей —ЗДАМ). — Фонд 596. — Воп. 1. — Спр. 3.
  7. Васильева, О.Ю. Государственно-церковные отношения советского периода: периодизация и содержание [Электронный ресурс] / О.Ю. Васильева // Православие.ги: православный информационный интернет-портал. — Режим доступа: http://www.pravoslavie.ru/arhiv/030317162928.htm. — Дата доступа: 15.08.2018.
  8. Шкуратов, С.А. Взаимоотношения Советского государства и Русской православной церкви в 40-60-е годы XX века [Электронный ресурс]: дисс. на соискание уч. степени канд. ист. наук по спец. 07.00.02 — Отечественная история / С.А. Шкуратов. — Москва: МГОУ, 2005. — 173 с. // DisserCat: научная библиотека диссертаций и авторефератов. — Режим доступа: http://www.dissercat.com/content/vzaimootnosheniya-sovetskogo-gosudarstva-i-russkoi-pravoslavnoi-tserkvi-v-40-60-e-gody-xx-ve#ixzz5OFRg6S5F. — Дата доступа: 15.08.2018.
  9. Полат, С. Русская православная церковь и религиозная политика советского государства в условиях второй мировой войны и послевоенный период: автореферат дисс. на соискание уч. степени канд. ист. наук по спец. 07.00.02 — Отечественная история / С. Полат. — Москва: МГУ им. М.В. Ломоносова, 2001. — 36 с.
  10. Павлов, Д.Б. Русская православная церковь, государство и общество первой четверти ХХ века в зарубежной историографии / Д.Б. Павлов // Российская история. — 2011. — № 5. — С. 163-172.
  11. Уилбер, К. Интегральная духовность. Новая роль религии в современном и постсовременном мире [Электронный ресурс]: монография / К. Уилбер // Iknigi.net: электронная библиотека. — Режим доступа: http://iknigi.net/avtor-ken-uilber/92320-integralnaya-duhovnost-novaya-rol-religii-v-sovremennom-i-postsovremennom-mire-ken-uilber/ read/page-1.html. — Дата доступа: 14.08.2018.
  12. Киридон, А.М. Держава-церква-суспільство в радянській Україні: історіографія, джерела, методологія дослідження / А.М. Киридон. — Київ: КМУ, 2007. — 96 с.
  13. Уголовный кодекс Белорусской Советской Социалистической Республики: утв. ЦИК БССР на третьей сессии VIII созыва 23 сент. 1928 г.; введен в действие 15 нояб. 1928 г. (СЗ БССР № 30, ст. 287) // Уголовное законодательство СССР и союзных республик: сб. (основные законодательные акты) / под ред. проф. Д.С. Карева. — Москва : Госюриздат, 1957. — С. 126-162.
  14. Уголовный кодекс Белорусской ССР [Электронный ресурс]: принят четвертой сессией Верховного Совета БССР пятого созыва 29 дек. 1960 г. (СЗ БССР, 1960, № 1, ст. 4) // Национальный правовой Интернет­портал Республики Беларусь. — Режим доступа: pravo.by/ImgPravo/pdf/ UK_BSSR_1960.pdf — Дата доступа: 23.08.2018.
  15. Архіўныя справы № 13093-с, № 17155-с, № 18892-с, № 20622 — с // Архіў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці.
  16. Кривонос, Феодор (священник). У Бога мертвых нет. Неизвенстные страницы из истории Минской епархии (1917-1939 гг.) /священник Феодор Кривонос. — Минск : МФЦП, 2007. — 240 с.
  17. Кривонос, Феодор (священник). Сопротивление сознания: как не впитывать ложные идеи / священник Феодор Кривонос // Аргументы и факты в Белоруссии. — 2012 г. — 3 окт. — № 40 (248). — С. 3.
  18. Копіі выходных дакументаў Палескага аблвыканкама, г. Мазыр (08.01.1951-31.12.1951) // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр. — Фонд 463. — Воп. 2. — Спр. 132.
  19. Справаздачы аб дзейнасці ўпаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў па Палескай вобласці і звесткі аб колькасці цэркваў і малітоўных дамоў за 1945 г. // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр. — Фонд 596. — Воп. 1. — Спр. 1.
  20. Справаздачы аб дзейнасці ўпаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў па Палескай вобласці, даклады, статыстычныя табліцы аб колькасці цэркваў і малітоўных дамоў (19.02.1946 -13.11.1946) // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр. — Фонд 596. — Воп. 1. — Спр. 2.
  21. Інструктыўныя лісты Савета па справах рэлігійных культаў пры СНК СССР і інфармацыйныя справаздачы ўпаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў пры СНК СССР па Палескай вобласці за 1947 год // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр. — Фонд 596. — Воп. 1. — Спр. 5.
  22. Квартальныя справаздачы аб дзейнасці ўпаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы па Палескай вобласці і звесткі аб колькасці цэркваў і малітоўных дамоў за 1947 г. // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр. — Фонд 596. — Воп. 1. — Спр. 4.
  23. Перапіска Палескага аблвыканкама, г. Мазыр (04.01.1952—31.12.1952) // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр. — Фонд 463. — Воп. 2. — Спр. 152.

Аўтар: К.В. Саўчык
Крыніца: Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А.Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. — 142 с.: ил. Ст. 127-141.