Брагінскі замак у кантэксце абарончага будаўніцтва на паўднёва-ўсходніх землях Беларусі ў XVI-XVII стст.

0
1184
Мал. 1. Брагінскі замак і Брагін. Паводле М. Ткачова, 1991.
Мал. 1. Брагінскі замак і Брагін. Паводле М. Ткачова, 1991.

На цяперашні час выяўлены толькі адзін дакумент, які дае магчымасць уявіць, як выглядаў Брагінскі замак. Гэта акт аб падзеле маёнтка Брагіна ў 1574 г. Ім карыстаўся і М. Ткачоў пры апісанні замка. Аднак знайшоў гэты дакумент, верагодна, М. Спірыдонаў, які яго пазней і апублікаваў [1]. Акрамя таго М. Ткачоў правёў натурнае вывучэнне помніка [2, с. 123-124]. Гэтыя дадзеныя дазваляюць уявіць, як выглядаў замак.

Брагінскі замак меў форму выцягнутара авала памерамі 110×60 м. Нязначная плошча ўмацавання і яго форма з’яўляюцца прыкметай старажытнасці помніка. Фактычна ён паўстаў на месцы летапіснага Брагіна, які ўпершыню згадваецца ў 1147 г. Найверагодней, абарончая сістэма замка не істотна змянілася з ХІІ ст.

Паводле інвентара 1574 г., замак быў абкружаны напоўненым вадой ровам. Прычым пад замкам меўся вадзяны млын, гэта значыць, што на Брагінцы быў утвораны стаў і, па ўсёй верагоднасці, была паднята вада ў замкавых ірвах. М. Ткачоў сцвярджае, што па краю ўмацавання ішлі валы шырынёй 10 м і вышынёй 4-5 м. Сам жа абарончы перыметр утваралі драўляныя сцены з гародняў – зрубаў, пастаўленых у адну лінію. На гароднях размяшчалася «бланкаванне», ці баявая галерэя, накрытая дахам. Паводле інвентара, трапіць на бланкаванне можна было па «сталбу», ці лесвіцы, у «шостай» гародні. Таксама лесвіцы, верагодна, былі ў браме і ў вежы з боку Брагінкі. Самі ж гародні выкарыстоўваліся ў якасці жылля і для розных гаспадарчых патрэб. Так, паводле інвентара, у іх знаходзіліся «святліцы», «паклеты», пограбы, ці «піўніцы», спіжарні, свірны і пякарня. Выкарыстанне гародняў для розных патрэб, звязаных з замкавай гаспадаркай, было шырока распаўсюджанай практыкай на нашых землях. Таму, напрыклад, на Верхнім замку ў Слуцку ажно да пачатку XVIII ст. захавалася частка сцяны з гародняў, якія на той час ужо страцілі абарончае прызначэнне, але выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах. Што цікава, у ланцугу гародняў Брагінскага замка нават была збудавана замкавая царква ў гонар Св. Тройцы. Падобны прыклад меў месца ў Рэчыцкім замку, дзе царква была зроблена ў адной з замкавых вежаў.

Мал. 2. Верхні і Ніжні замкіў Слуцку. Я. Фюрстэнгоф, п.п. XVIII ст.
Мал. 2. Верхні і Ніжні замкіў Слуцку. Я. Фюрстэнгоф, п.п. XVIII ст.

Але Брагінскі замак быў больш сціплы за Слуцкі і Рэчыцкі, якія прыводзіліся для параўнання. У ім была ўсяго адна вежа з боку ракі Брагінкі. Замкавая брама, па усёй верагоднасці, была зроблена ў адной з гародняў і не ўзвышалася над сценамі. Таму ў інвентары яна не называецца вежай. Над праездам брамы мелася святліца, якая, верагодна, прызначалася для пражывання варты. Увайсці ў замак можна было па мосце, які мог мець узвод, ці пад’ёмную секцыю.

Мал. 3. Замак у Рэчыцы. А. Вестэрфельт, сяр. XVII ст.
Мал. 3. Замак у Рэчыцы. А. Вестэрфельт, сяр. XVII ст.

Пад аховай замка ў Брагіне развівалася адносна невялікае гандлёва-рамеснае паселішча, ці мястэчка, якое, мяркуючы па наяўнасці асобнага маста «ад места да места», як згадваецца ў інвентары 1574 г., было падзелена тапаграфічнымі ўмовамі на дзве часткі. У ім мелася царква Св. Міколы, якая, верагодна, стаяла на рынку, што з’яўлялася тыповым для гарадоў і мястэчак рэгіёна. Абедзьве часткі мястэчка былі абкружаны астрогам, ці абарончай сцяной слупавой канструкцыі. Такога кшталту астрог у першай палове – сярэдзіне XVII ст. быў шырока распаўсюджаным тыпам умацавання для гандлёва-рамесных паселішчаў і нават замка. У астрогу меліся дзве вежы, якія, па ўсёй верагоднасці, выконвалі функцыі брам у бок Мікулічаў і Глухавічаў.

Каб зразумець, чым быў Брагінскі замак, трэба звярнуцца да ваенна- гістарычных рэалій таго часу. Ваенны тэатр Вялікага княства Літоўскага ўключаў землі дзяржавы і памежныя тэрыторыі, на якіх дзейнічала яе армія у час войнаў з суседзямі. У ваенным тэатры ВКЛ можна выдзеліць шэраг тэатраў ваенных дзеянняў. Так называлі адасобленыя часткі ваеннага абшару, якія ўтваралі пэўную цэласнасць і не мелі непасрэднага ўплыву на сумежныя часткі ваеннага тэатру дзяржавы. Брагін знаходзіўся на паўднёва-ўсходнім тэатры ваенных дзеянняў. У пачатку XVI ст. асноўнай пагрозай тут былі крымскія татары і Масква. Пазней актуалізавалася пагроза з боку казакаў, якія ў канцы XVI – XVII стст. падымалі паўстанні і, як правіла, уздоўж рэчышча Дняпра, Прыпяці і іх прытокаў заходзілі на тэрыторыю ВКЛ у пошуках трафеяў і падтрымкі мясцовага насельніцтва.

Найбольш значнымі ўмацаванымі пунктамі ў гэтым рэгіёне былі Гомель, Рэчыца, Любеч і Мазыр, аб гэтым сведчыць, напрыклад, рэестр пастаўкі ўзбраення з віленскага цэйхгаўза ў 1551-1565 гг. [3]. Зрэшты на гэта ўказваюць і ваенныя дзеянні ў рэгіёне ў XVI-XVII стст. Прычын дамінавання гэтых умацаванняў было дзве. Па-першае, яны размяшчаліся на важных транспартных шляхах і ля перапраў праз рэкі. Па-другое, яны мелі сур’ёзны гаспадарчы і дэмаграфічны патэнцыял, які дазваляў узводзіць ўмацаванні і ўтрымліваць гарнізон. Апошняга, напрыклад, не было ў Лоеве, таму, нягледзячы на досыць зручнае месцазнаходжанне, там не было дастаткова моцнага ўмацавання. Сістэма абароны ў рэгіёне выкрышталізавалася ў сярэдзіне XVII ст., у час вайны з казакамі. Яна добра бачна па дзеяннях польнага гетмана ВКЛ ЯнушаРадзівіла. Цэнтральным з ваенна-лагістычнагапункту гледжання абарончым аб’ектам была Рэчыца, якую ў гэты час пачалі абносіць бастыённымі ўмацаваннямі. Ля Гомеля, Любеча і Лоева, дзе знаходзілася найбольш выгадная пераправа праз Дняпро, і былі ўзведзены дадатковыя бастыённыя ўмацаванні, якія мусілі ўмацаваць сістэму абароны гэтых паселішчаў. Прычым у выпадку Гомеля і Лоева, як зрэшты і Любеча, новазбудаваныя ўмацаванні прыкрывалі пераправы праз рэкі. Гэта сведчыць аб важнасці гэтых паселішчаў для вядзення войн.

Усе іншыя ўмацаванні ў рэгіёне, у тым ліку Брагін, мелі выразна другасную ролю. Тым не менш яны не адразу страцілі свой абарончы патэнцыял і ў спецыфічных умовах Рэчы Паспалітай яшчэ пэўны час захоўвалі сваю прыдатнасць. На пачатку XVI ст. яны маглі гарантаваць эфектыўную абарону ад невялікіх і сярэдніх татарскіх аддзелаў, якія займаліся рабаваннем мясцовасці. Падобныя рэйды рабілі і маскоўскія войскі ў час войн з ВКЛ. Вядома, што на Слуцк татары нападалі тройчы: у 1503, 1505 і 1506 гг., а ў 1507 і 1508 гг. горад бралі ў аблогу атрады мяцежнага Міхаіла Глінскага. Прычым абараняўся ў Слуцку ўсяго толькі невялікі Верхні замак, плошча якога складала 1,3 га. Такога ж класу ўмацаваннем быў і Брагінскі замак. Адзінае, што ў Слуцку, які быў галоўнай рэзідэнцыяй князёў Алелькавічаў, абаронцаў, відавочна, было болей.

Аднак да сярэдзіны XVI ст. сітуацыя змянілася. І такога кшталту ўмацаванні, як Брагінскі замак, ужо адступілі на другі план. Тым не менш яны не да канца страцілі свой абарончы патэнцыял. Брагін быў прыватнаўласніцкім паселішчам і да вайны 1654-1667 гг. ён мог гарантаваць абарону ўласнікаў і яго маёмасці ў выпадку нападу невялікіх ваенных атраўдаў праціўніка, неаплачаных жаўнераў на службе ВКЛ ці казакаў, палітычных канкурэнтаў. Пры гэтым наяўнасць умацавання была важнай для развіцця паселішча побач з ім. У гэтым быў і практычны, і псіхалагічны матыў.

Мал. 4. Замак у Горвалі. А. Вестэрфельт, сяр. XVII ст.
Мал. 4. Замак у Горвалі. А. Вестэрфельт, сяр. XVII ст.

У выпадку буйнамаштабных баявых дзеянняў, як, напрыклад, у час вайны 1654 – 1667 гг., такія ўмацаванні, як Брагінскі замак, не было мэты абараняць. У выпадку захопу іх, як правіла, спальвалі, паколькі ўтрымліваць падобныя ўмацаванні не было мэтазгодна. Такі лёс напаткаў і Брагінскі замак, і суседні Лоеўскі. Зрэшты спальваліся нават куды больш значныя замкі, як, напрыклад, Рэчыцкі замак.

Пасля вайны 1654-1667 гг. на месцы замка ў Брагіне існаваў гаспадарчы двор, які па традыцыі маглі называць замкам. Зрэшты сам тэрмін «замак» пачынаючы з XVII ст. паступова згубіў значэнне абарончага ўмацавання.

Літаратура і крыніцы:

Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1. – 2000. – С. 185-194.

Ткачоў М. Замкі і людзі. – Мн., 1991.

Nowak T.M. Sprz^t artylerii polskiej XVI wieku w swietle inwentarza z lat 1551­1565 // Studia i materialy do historii wojskowsci. T. 9, cz. 2. – 1963. – S. 281-302.

Аўтар: М. Волкаў
Крыніца: Днепровский паром: Материалы научно-исследовательского полевого семинара «Культурно-исторический потенциал Восточного Полесья и перспективы развития регионального туризма» (11-12 августа 2016 г., г. Брагин), Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). — Минск, 2017. — С. 8-12.