Бомба для старшыні

0
1926
Сталыпін

12 жніўня 1906 года а чацвертае гадзіне дня дачу ўсемагутнага Старшыні Рады міністраў Расейскай імпе- рыі П.А. Сталыпіна, што на Аптэкарскім востраве, страсянуў жудаснае сілы выбух. Выкліканая дэтанацыяй агромністая хваля прайшлася па Няве, аконнае шкло павылятала нават на супрацьлеглым рачным беразе. Газета «Петербургский листок» гэтак апісвала здарэнне: «…блізу чацвертае гадзіны наваколлі Аптэкарскага вострава былі страсянутыя страшэнным гу­лам. Праз секунду гул выбуха ўзнавіўся з грандыёзнаю сілаю. Пярэпалох сярод абывацеляў ператварыўся ў пагрозлівую паніку… Праз некалькі імгненняў па вуліцах ужо скакалі верхавыя гарадавыя, шпаркім крокам спяшаліся атрады салдатаў. Несліся брычкі адміністрацыйных асобаў. А абывацелі з вуснаў у вусны перадавалі грозную навіну — «Узарвалі дачу прэм’ер-міністра». Карэспандэнт газеты «Новое время» па- ведамляў аб месце здарэння праз некалькі гадзінаў пасля выбуху наступнае: «Калі мне ўдалося прайсці праз кардон салдатаў да дачы міністра, я ўбачыў страшэнную карціну разбурэння. Паўсюдна валяліся аскепкі… Увесь пярэдні фасад дома быў літаральна раструшчаны выбухам… З-пад уломкаў ратавалі параненых, выносілі трупы забітых… Паніка мінала, але жах прысутнічаў на тварах… Здаецца ніводная катастрофа ў Пецярбурзе не ўтварала гэткага ацяжлівага ўражання»1. Самому Сталыпіну ўдалося ацалець, але з прысутных у ягонае прыёмнай 24 чалавека былі забітыя, 30 — параненыя. Забітымі сталіся: чалец Рады міністраў унутраных спраў С.А. Хвастоў, кіраўнік канцылярыяй маскоўскага генерал-губернатара А.А. Варонін, параненыя — чалец Дзяржаўнае Рады граф Рэйтэн-Нолькэн, чалец рады міністраў унутраных спраў князь Шахаўскі, начальнік аховы Таўрычаскага палаца жандарскі падпалкоўнік Шульц. Праз пэўны час адказнасць за замах узяла ва сябе Баявая аргавізацыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў — блізкая да анархістаў група, што адасобілася ад партыі эсэраў.

дача СтолыпинаЛецішча Пятра Сталыпіна пасля замаху 12 жніўня 1906 года

Сёння, апісваючы супраціў паміж Пятром Сталыпіным і рэвалюцыянерамі, расейскія даследчыкі не шкадуюць чорнае фарбы для апошніх і светлых адценняў для лубочнага партрэта «вялікага рэфарматара». У свядомасці мільёнаў былых савецкіх людзей Сталыпін з прыхамаці новых ідэолагаў мусіў заняць цэнтральнае месца на апусцелым пантэоне «культа продкаў», замест сатлелых муміяў састарэлае дзяржаўнае рэлігіі.

stolypin, СтолыпинСтаршыня Рады Міністраў Расейскай імперыі П.А. Сталылін

Але пгго ж на самое справе зрабіў гэты чалавек для Расеі, калі на яго з такой заўзятасцю арганізоўваліся замахі? Першая ягоная бездамоўная «заслуга» вызначаецца тым, што аб’ектыўна наспяваючая ў Расеі грамадзянская вайна набыла ўсеабдымны характар. Безстаронняя статыстыка сведчыць: калі да сталыпінскае аграрнае рэформы большасць падпалаў адбывалася з прычыны супрацьстаяння сялянаў і абшчыннікаў, дык пасля таго, як абшчынную зямлю сталі пераводзіць у прыватную ўласнасць, з чатырох падпалаў тры было здзейсцнена сялянамі супроць сялянаў-суседзяў. Ня будучы ў стане вырашыць праблему зямельнага голаду ва ўмовах усеагульнае карупцыі і чынавенскае бязкрэснасці (што парадняе яе з сучаснаю наменклатурна-крымінальнай прыватызацыяй), сталыпінская рэформа здзяйснялася ў інтарэсах найперш магутных вясковых кланаў, звязаных з абшчыннай і валасной адміністрацыяй, альбо проста прадстаўляючых гэтую адміністрацыю, і прывяла да рэзкага абвастрэння маёмастнай дыферэнцыяцыі і сацыяльнае напружанасці на вёсцы. Невыпадкова, паселішчы чыста сцяною паўставалі супроць сталыпінскага «выдзялення на хутары».

У недалёкае будучыні ўсё гэта абярнецца «камбедамі», так званая «калектывізацыяй» і гэтак далей. Другім «дасягненнем» спадара Сталыпіна было ўзмацненне нацыянальнае дыскрымінацыі ў Расейскай імперыі. Ягоная русіфікацыйная палітыка ў значнай меры тычылася і Беларусі. Сталыпінскі праект закона аб выбарах у земствы ў т. зв. «Паўночна-заходнім краі» ў чарговы раз адмаўляў беларусам у праве на існаванне, і прымушаў іх запісвацца альбо ў рускія, альбо ў па­лякі дзеля ўдзелу ў выбарах па адпаведных нацыянальных курыях. Праект закона быў настолькі пранізаны выбуховымі наступствамі, што нават III Дзяржаўная Дума, гэтая «беспадобная палата» адхіліла яго, і Мікалай II быў вымушаны зацвердзіць закон сваім адзінаўладным указам, папярэдне распусціўшы Думу на вакацыі. Рэакцыйнасць Сталыпіна ў вобласці нацыянальнае палітыкі была арганічна знітаваная з ягонаю агульнай устаноўкай на рэпрэсіўны і антыдэмакратычны рэжым праўлення. Сталыпін і чуць не хацеў аб палітычнае лібералізацыі (без якой, насамрэч, не мажлівыя былі паспяховыя рэформы, якія яму прыпісваюць). Непасрэднай нагодай да замаху на яго 12 жніўня 1906 года стаўся загад аб непабожным падаўленні паўстанняў у Свеабаргу і Кранштаце, якія былі патопленыя ў крыві. У свеабаргскім паўстанні бралі дзейсны ўдзел фінскія рэвалюцыянеры, што змагаліся за незалежнасць Суамі ад Расейскай імперыі. Сучасныя ідэёлагі імкнуцца прадставіць Сталыпіна, як гэткага народна-баечнага героя, які паўстаў на шляху «цьмяных сілаў». У жывое народнае памяці вобраз Пятра Сталыпіна захаваўся да нашых дзён адно ў назвах «сталыпінскіх» вагонаў для правозкі заключаных. У здзяйсненні стратэгіі дзяржаўнага тэрарызму Пётар Сталыпін не грэбаваў аніякімі, нават самымі бруднымі сродкамі. Безпрынцыпнасці асобных з іх пазайдросціла б і сталінская інквізіцыя. Характэрным ёсць наступны эпізод.

12 кастрычніка 1906 года баявы атрад эсэраў-максімалістаў сярод бела дня здзейсніў бязпрыкладна дзёрзкі напад на карэту, што перавозіла буйную грашовую суму з партовае мытні. Атрад экспрапрыятараў не здолеў ажыццявіць гэтую аперацыю і тады, для яе выканання быў сфарміраваны новы атрад, у які былі ўключаны многія вопытныя баевікі з т. зв. «Паўночна- заходняга краю». Налёт, у якім уздельнічалі максімалісты з Гомеля Аляксей Шэмяхін, Іван Ціпуноў («Ваня маленькі»), баевікі А.К. Кішкель з Беластока, А. Раппапорт з Смаленска, А. Каган з Гродна, магілёвец І.Ф. Рабіновіч, быў праведзены ў цэнтры сталіцы, дзе ажно гіжэла салдатаў і жандармаў, прычым ахранка была загадзя апавешчаная правакатарам аб месцы і часе «экса» і выставіла там узмоцненае назіранне. I ўсе ж экспрапрыяцыя ўдалася. Першым кінуў бомбу ў экіпаж інкасатараў А. Шэляхін. Пасля сапраўднага пабаёвшіча на рагу Фанарнага завулка і Екацярыненскага канала максімалістамі было захоплена 400 тысячаў рублёў, з чаго большасць сябраў баявое дружыны альбо загінулі ў перастрэлцы, альбо былі схоплены і пакараныя смерцю. Удзельнік нападу А. Рапапорт атрымаў раненне ў жывот, дзесяць дзён бадзяўся па Пецярбургу, пасля чаго з’ехаў у Смаленск, а па вяртанні ў сталіцу быў арыштаваны. 16 кастрычніка 1906 года ваенна-палявы суд прысудзіў камандзіра атрада «таварыша Сяргея» (яго сапраўднае імя засталося не вядомым, і па некаторым звесткам у Санкт-Пецярбург ён прыбыў з Менска), В.Д. Вінаградава, І.Ф. Рабіновіча, Я. Смірнова, І.І. Мініна, І.І. Тамачова, С.Я. Гайдубава і В.І. Сцердунаева да смяротнае кары. 18 кастрычніка ў 8-00 яны былі павешаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці на шостай Паўночнай батарэі2.

Частку экспрапрыяваных грошай вывез за мяжу максімаліст Я. Чарняк. Два месяцы паліцыя гналася за ім па пятах, пакуль нарэшце ён ня быў арыштаваны па настойліваму патрабаванню расейскага ўрада ў Швецыі. Аднак пад ціскам міжнароднай сацыял-дэмакратыі шведскія ўлады былі вымушаны выпусціць Чарняка на свабоду. Чарняк накіраваўся ў Бельгію і сеў на параход. У каюце падабралася цікавая кампанія… Калі ў порце прыбылыя служачыя адчынілі дзверы каюты, з якое доўга ніхто не выходзіў, аказалася, што яна поўная трупаў застылых у смяротнае агоніі. Чарняк і трое ягоных выпадковых спадарожнікаў, аб- салютна ні да чаго не датычных, былі атручаныя аген­там пецярбургскага ахоўнага аддзялення А.В. Віктаравым. Сталыпін асабіста наклаў станоўчую рэзалюцыю аб узнагароджанні Віктарава званнем ганаровага грамадзяніна і грашовай прэміяй за «знішчэнне важнага злачынцы»3.

Што ж тычыцца пэўных пазітыўных зменаў у эканоміцы краіны, лаўры якіх цалкам прыпісваюць Пятру Сталыпіну, дык насамрэч фундамент для іх быў закладзены папярэднікам Сталыпіна, С.Ю. Вітэ, пер­шым расейскім прэм’ер-міністрам. Менавіта праведзенныя ім яшчэ ў 90-х гадох XIX ст. ператворы ў галіне фінансава-мытнай палітыкі, а таксама грандыёзнае будаўніцтва чыгункі, што ў два разы павялічвала агульную працягласць чыгуначнае сеткі ў параўнанні з усім палярэднім перыядам, сталіся штуршком для развіцця прамысловасці ў, да таго часу, выключна аграрнае Расеі. Аднак Вітэ, будучы лібералам і супраціўнікам самадзяржаўя, выдатна разумеючы, што без палітычных рэформаў немажліва дамагчыся зменаў у эканоміцы паўфеадальнае дзяржавы, ня быў папулярны ў вышэйшых колах. На яго, дарэчы, таксама арганізоўваліся замахі — баевікамі з «Саюза рускага народа» пры садзейніцтве ахоўнага аддзялення.

Баявая арганізацыя эсэраў-максімалістаў, якая і здзяйсняла замах на Аптэкарскім востраве, была сфармавана ўвесну 1906 года ў Пецярбурзе. У яе склад увайшлі прадстаўнікі некалькіх гарадоў — Піцера, Масквы, Екацерынаслава, Беластока і Гомеля. Прысутнасць тут гамелянаў накану з прадстаўнікамі такіх буйных рэвалюцыйных і прамысловых цэнтраў, як Екацярынаслаў і Беласток, звязана апроч высокай баявой актыўнасці гомельскіх рэвалюцыянераў яшчэ з тым, што адзін са стваральнікаў баявой арганізацыі эсэраў-максімалістаў (далей у тэксце — БА. Рэд. ), ле­гендарны М.І. Сакалоў («Мядзведзь») восенню 1904 года асабіста быў у Гомелі і праводзіў прапаганду максімалізму (тады яшчэ апазіцыйнага ўнутрапартыйнага эсэраўскага цячэння, што высоўвала патрабаванні рэалізацыі пад час рэвалюцыі праграмы «максімум» — сацыялізацыі ня толькі зямлі, але таксама фабрыкаў, заводаў і ўласна дзяржавы). Адным з першых да «мядзведзеўскай» БА прымкнуў Іван Ціпункоў (Іван Мішын, «Ваня Маленькі»), скрайне адчайны малады рабочы. Ураджэнец Бранска, ён, як і шматлікія ягоныя землякі, падаўся ў пошуках кавалка хлеба ў тагачасны расейскі Чыкага — Екацярынаслаў, дзе і далучыўся да рэвалюцыйнага руху. Падчас адной з паліцэйскіх аблаваў дом, дзе знаходзіўся «Ваня Маленькі» з іншымі рабочымі, быў аточаны паліцыяй. Ён быў без зброі, але рашуча кінуўшыся на ланцуг гарадавых прарваў ачапленне і разам з таварышамі знік ў чашчобах знакамітага «Амура»4. Гэтае рабочае прадмесце Екацярынаслава вядомае, мягка кажучы, адвечнай канфліктнасцю сваіх жыхароў з законам, пэўны час знаходзілася пад пільным кантролем баявых рабо­чых дружын, на віду ў якіх паліцыя не рашалася з’яўляцца на «Амуры»5. У 1905 годзе Іван Ціпункоў прыязджае ў Гомель і ўступае ў шэрагі мясцовае эсэрскае дружыны. У верасні 1905 года «Ваня Маленькі», С. Бачарнікаў і З. Зевін («Самсон») у Кагальным рове (мясцовым адпаведніку екацярынаславаўскага «Аму­ра») наладзілі залогу на спраўніка Яленскага — арганізатара жорсткіх экзекуцыяў над сялянамі ў маёнтку княгіні Паскевіч ды ў сёлах Дзятлавічы і Закружжа. Вяртаючыся з начнога клуба паліцэйскі звернік быў расстраляны баевікамі на мосце па вуліцы Фельдмар­шальская, ля агароджы парка княгіні Паскевіч6.

sokolovМ.І. Сакалоў («Мядзведзь»)

Аднак «Ваня Маленькі» марыў ударыць па найбольш пасадным арганізатарам дзяржаўнага гвалту. Па ягонаму патрабаванню ў Гомель прыехаў старшыня цэнтральнае БА партыі сацыял-рэвалюцыянераў і паабяцаў Ване сапраўднае «дзела» і загадаў чакаць. Але чаканні аказаліся безвыніковымі. Ваня парваўшы з эсэраўскай партыяй пераходзіць у гомельскую тэрарыстычна-экспрапрыятарскую дружыну, што грунтавалася на анархічна-максімалісцкіх пазіцыях. У кастрычніку 1905 года ў Екацярынаславе разгарэліся вулічныя баі. Ваня быў на екацярынаслаўскіх барыкадах і атрымаў цяжкія раненні ў жывот і руку. 3 прычыны ранен­ня правая рука перастала дзейнічаць. Але Ваня ані ўпаў духам і пасля выздараўлення, сустрэўшыся ў Бранску з «Мядзведзем», уступіў у ягоную арганізацыю. Калі ў Пецярбурзе Ваню ўбачыў ягоны стары баявы таварыш па гомельскай баявой дружыне Іван Малееў, які таксама ўступіў у мядзведзеўскую БА, дык на ягонае запытанне адносна ранення, Ваня каротка адказаў: «Нічога, я добра страляю і левай»7.

maleevykhМалеевых 1904 год. Здымак з фондаў ГАКМ. Друкуецца ўпершыню

Сам Іван Малееў быў удзельнікам шэрага паспяховых баявых аперацый у Ветцы, Гомелі, Екацярынасла­ве. Апошні раз ён з братам Аляксандрам і вядомым максімалістам Саламонам Рысам («Мартымерам») у чэрвені 1906 году даканаў напад на інкасатара ў Кіеве. Аднак экспрапрыяцыя скончылася няўдала. Братам Малеевым пашчасціла ўцячы, прычым Аляксандр, што на хаду не ўскочыў у пралётку, здолеў адно ўчапіцца за яе і гэтак валачыўся па бруку. Саламон Рыс паспрабаваў схавацца ў адным з дамоў, але быў схоплены паліцыяй8. З гэтага моманту пачынаецца адзін з са­мых загадкавых сюжэтаў у гісторыі масімалісцкага баевізму. «Мартымер» прапануе свае паслугі паліцыі ў якасці асвядамляльніка ў абмен на волю. Паліцыя інспірыруе яму пабег, прычым жандары і гарадавыя, што ахоўвалі Рыса былі без віны, але па-сапраўднаму адпраўленыя на катаргу. У Пецярбурзе Рыс з’явіўся да максімалістаў і распавёў ім, што стаўся супрацоўнікам паліцыі дзеля дэзынфармацыі апошняй і арганізацыі замахаў на кіраўнікоў палітычнага зыску. «Мар­тымер» прапанаваў стварыць арганізацыю з добраахвотнікаў для яе выдачы паліцыі, што займела разуменне ў некаторых максімалістаў (добраахвотна «здацца» паліцыі згадзілася, напрыклад, вядомая максімалістка Наталля Клімава). Аднак Рысу ўсё ж не давяралі і прапанавалі выехаць за мяжу. Па некато­рых дадзеных ён усё ж выдававаў максімалістаў паліцыі, але ці быў пры тым сапраўдным агентам, альбо спрабаваў весці складаную гульню ў «інтарэсах рэвалюцыі» гэтак і засталося таямніцаю. У рэшце рэшт Рыс, містыфікацыі якога для паліцыі сталіся відавочнымі, цалкам парваў з ахранкаю і спрабаваў стварыць сваю баявую арганізацію на поўдні Расеі. Пасля няўдалае экспрапрыяцыі быў арыштаваны ў Растове-на-Доне ў 1907 годзе, як і шмат хто іншы быў выдадзены правакатарам, які застаўся невядомым9. Быў павешаны ў Кіеве на Касым капаніры, сустрэўшы смерць мужна і са словамі: «Я паміраю анархістам-камуністам».

Аднак дзейнасць Рыса ў якасці асведамляльніка, кім бы ён ня быў на самое справе, сапраўды саслугала ахранцы кепскую службу. Яе ўвага была ўсыплена шэрагам другарадных арыштаў, у той час як асноўныя сілы БА максімалістаў рыхтавалі рашучы удар. У якасці аб’екта атакі першапачаткова азначалася Дзяржаўная Рада, якую павінны былі ўзарваць баевікі-смертнікі ў дынамітных панцырах. Прапаноўваўся варыянт забойства Мікалая II (да слова кажучы, максімалісты мелі крыніцу інфармацыі сярод дварцовае знаці). Разгром I Дзяржаўнае Думы і падаўленне паўстанняў у Свеабаргу і Кранштаце спынілі выбар на Сталыпіну.

Выканаць прысуд узяліся Іван Ціпункоў («Ваня Маленькі»), Н.І. Іваноў («Федзя») і Эля Забельшанскі («Француз»). Эля Забельшанскі знаходзіўся пэўны час у эміграцыі ў Францкі і стуль займеў сваю партый­ную мянушку, але родам быў з Гомеля, дзе ўжо з 90-х гадоў XIX ст. стаўся актыўным удзельнікам рабочага руху. У горадзе ён ачоліў рэвалюцыйны прафсаюз шарсціннікаў, але ў выніку паліцэйскага пераследу быў вымушаны з’ехаць за мяжу10. У Францыі ён стаўся ўпэўненым анархістам і вярнуўшыся ў Гомель, прапагандаваў праграму «максімум» сацыяльнае рэвалюцыі і бязлітасную ўзброеную барацьбу як з самадзяржаўем, так і з абшчыннікамі і буржуазіяй11.

Забельшанский, "Француз"Э. Забельшанскі («Француз»)

12 жніўня 1906 года да дачы Сталыпіна пад’ехала адкрытае ландо, у якім знаходзіліся два маладзёны ў жандарскіх мундзірах і адзін ў цывільным. Два «ротмістры» — Іваноў і Эля Забельшанскі, і цывільны — «Ваня Маленькі», узяўшы з сабою партфелі, накіраваліся ў прыёмную прэм’ер-міністра. Аднак філер М.Э. Кашчанцаў, заўважыўшы парушэнні ў статутнае форме адзення, адчуў нягоднае і паспрабаваў затрымаць падазроных. 3 крыкам «Да задравствует анархия!» рэвалюцыянеры кінулі бомбы, што знаходзіліся ў партфелях на падлогу. Грымнуў страшэнны выбух, якім была раструшчаная частка пярэдняй сцяны будынка. Загінулі ўсе трое тэрарыстаў, паранены быў і Сакалоў («Мядзведзь»), што знаходзіўся непадалёк. На жаль, сярод забітых і параненых апынуліся і нявінныя людзі з ліку выпадковых просьбітаў, а таксама і дачка Сталыпіна. Рыгор Нястроеў, у той час працуючы ў гомельскай і менскай эсэраўскай арганізацыі, а пасля, адзін з лідэраў Саюза сацыялістаў-рэвалюцыянераў- максімалістаў, пісаў наступнае аб стане Пятра Сталыпіна ў той момант: «Страшэнныя ён перажыў хвіліны. Але колькі бацькоў і мацярок перажывалі найстрашнейшае з-за ягонае віны!»12.

Сталыпін адказаў на замах увядзеннем вайскова-палявых судоў, якія фактычна сталі прататыпам вядомых сталінскіх «троек», але спыніць рэвалюцыйныя сатрасенні ня здолелі аніякія рэпрэсіўныя метады. Расейская імперыя бурылася пад уласным цяжарам, раздзіраемая тымі сацыяльнымі і нацыянальнымі пярэчаннямі, якія штодзённа сама і спараджала. Не збярогся ад новага замаху і сам усемагутны дыктатар. У верасні 1911 года ў кіеўскім тэатры былы максімаліст Дзмітры Багроў смяротна параніў Сталыпіна. Існуе версія згодна якое, Багроў, паступіўшы на службу ў ахранку давёў да лагічнага завяршэння тую схему, якую не ўдалося рэалізаваць Саламону Рысу, выкарыстаўшы псеўдасупрацоўніцтва з паліцыяй дзеля таго, каб наблізіцца да адное з цэнтральных асобаў дзяржавы13. Ва ўсялякім выпадку, Сталыпін стаўся ахвяраю той самай сістэмы паліцэйскай правакацыі з яе ўседазволам і безпрынцыповасцю, якую сам так доўга заахвочаваў…

А сталыпінская аграрная рэформа за непатрэбнасцю была адкінутая самімі сялянамі, якія не чакаючы ані Устаноўчага Сходу, ані дэкрэтаў Саўнаркома ўжо ўлетку 1917 года захапілі значную частку абшчынніцкіх земляў і размяркавалі яе на асновах абшчыннага самакіравання. Але зямлю і волю ў сялянаў забрала новая самадзяржаўная ўлада бальшавікоў, дзе Сталін і Берыя сталі дастойнымі пераемнікамі спадчыны Раманавых і Сталыпіна, традыцыяў шматвекавога дэспатызму і дыктатуры.

Спасылкі:

1. Павлов Д.Б. Эсеры-максималисты в первой российской революции. М., 1989, с. 173-175.
2. Российский государственный архив социально-политической истории (далей — РГА СПИ), ф. 564, воп. 1, спр. 10, арк. 27. Зіміонка А. Сацыялістычны pyx на Беларусі. Партыя сацыялістых-рэвалюцыянераў. // Беларусь: нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924, с. 166; Бонч-Асмалоўскі А.В. Эпоха 1905 г. // Полымя. 1925, № 6, с. 188; Комаров Н. Очерки по истории местных и областных боевых организаций ПСР: 1905-1909. // Каторга и ссылка. 1926, № 4 (25), с. 80.
3. Павлов Д.Б. Эсеры…, с. 189.
4. Нестроев Гр. Из дневника максималиста. Париж, 1910, с. 38.
5. Аршинов П. Два побега. Париж, 1910, с. 9.
6. Российская государственная библиотека, отдел рукописей, ф. 218, картон 1289, адз. зах 18 с 120
7. Там жа, с. 199.
8. Там жа, с. 191.
9. Нестеров Гр. Из … с. S8.
10. РГА СПИ, ф. 70, воп 3, спр. 88, арк. 3.
11. Нестеров Гр. Из… с. !»6.
12. Там жа, с. 54.
13. Сандомирский Г. В неволе. Л, 1926, с. 45.

Аўтар: Юры Глушакоў. Навуковы супрацоўнік Гомельскага абласнога краязнаўчага музея

Крыніца: гісторыка-краязнаўчы навукова-папулярны часопіс Гомельскага рэгіёна “Інвентар” № 1/2002

У артыкуле выкарыстаны фотаздымкі з кнігі: Д.Б. Павлов «Эсеры-максималисты в первой российской революции». М., 1989.