Біяграфія Е.Р. Раманава (1855-1922) – славутага этнографа, фалькларыста, археолага, краязнаўца

0
2383
Романов, Евдоким, Еўдакім, Раманаў

11 верасня – 150 год з дня нараджэння Е.Р. Раманава (1855-1922), этнографа, фалькларыста, археолага, краязнаўца, педагога (Публікацыя артыкулу адбылася ў 2005 годзе)

У гісторыю беларускай культуры Еўдакім Раманавіч Раманаў увайшоў як выдатны этнограф, фалькларыст, гісторык, археолаг, антраполаг, публіцыст, выдавец самастойна сабранага шматтомнага збору беларускай вуснай народнай творчасці, публікатар пісьмовых помнікаў, арганізатар музеяў і выставак. Усё сваё жыццё ён прысвяціў збіранню і даследаванню матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа, на гэтай ніве працаваў нястомна і самааддана. Творчая спадчына яго надзвычай багатая. Стойкім і рашучым змагаром за нацыянальную годнасць беларусаў, таленавітым і самаадданым вучоным, патрыётам, глыбока ўлюбёным у зямлю дзядоў і бацькоў, – такім застаецца ў памяці нашчадкаў Е.Р. Раманаў. Гэта яму адрасуюцца словы А.П. Сапунова, аўтара класічнай манаграфіі “Заходняя Дзвіна”, аднаго з сааўтараў вядомай “Расіі” (9 том): “Беларус з гордасцю можа ўказаць на Е.Р. Раманава як на аднаго з лепшых прадстаўнікоў сваёй народнасці”.

Нарадзіўся даследчык-энцыклапедыст у мястэчку Нова-Беліца Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер у межах г. Гомеля) у беднай мяшчанскай сям’і. У 1867 г. нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і дванаццацігадовы хлопчык паступае ў Гомельскую прагімназію. У 1869 г. памірае маці, і Раманаў застаецца круглым сіратою. Каб мець магчымасць працягваць вучобу, ён наймаецца да багатага купца рэпетытарам. Скончыўшы ў 1870 г. курс прагімназіі, спрабуе паступіць у Магілёўскую гімназію, але нягледзячы на паспяхова здадзеныя ўступныя экзамены для выхадца з народа “не аказалася вакансій”. Няўдачай скончылася спроба паступіць вольным слухачом ва універсітэт. Працавітасць і настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты дапамаглі юнаку здаць экзамены на атрыманне звання народнага настаўніка экстэрнам. У 1872 г. семнаццацігадовы Раманаў быў накіраваны на працу ў Герасімаўскае народнае вучылішча Хлыстоўскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні. Ён настаўнічаў 14 гадоў, 20 гадоў выконваў абавязкі інспектара народных вучылішчаў.

З першых крокаў свайго самастойнага жыцця Е.Р. Раманаў плённа спалучаў педагагічную, этнаграфічную і навуковую дзейнасць, у якой важнае месца займала і мовазнаўчая тэматыка. З яе фактычна і пачаўся яго навуковы шлях. На жаль, не ўсе сабраныя ім моўныя матэрыялы і завершаныя мовазнаўчыя даследаванні былі апублікаваны, не ўсе нават захаваліся ў рукапісах. Аднак і тыя, што дайшлі да нас, даюць падставы гаварыць пра Е.Р. Раманава як пра здольнага лінгвіста з даволі шырокім колам навуковых інтарэсаў. Займаючыся вывучэннем гісторыі, літаратуры і мовы, ён пераканаўся ў тым, што руская грамадскасць дрэнна ведала тады Беларусь, яе народ, культуру. Гэта прымусіла заняцца збіраннем твораў вусна-паэтычнай творчасці і даследаваннем культуры і быту роднага народа. У 1877 г. Е.Р. Раманаў паведамляў Расійскай акадэміі навук, што за пяць гадоў настаўніцкай працы ім сабрана 2000 беларускіх слоў і з гэтага матэрыялу складзена “Спроба беларускага слоўніка”, а ў якасці ўводзін да яго – “Кароткая беларуская граматыка”. Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук даследчыку прапанавалі аформіць свой слоўнік як дапаўненне да слоўніка І.І. Насовіча. На працягу наступных пяці гадоў Е.Р. Раманаў збіраў не зафіксаваныя І.І. Насовічам словы на тэрыторыі Магілёўшчыны, лексікаграфічна апрацоўваў іх. Далейшая работа над слоўнікам была спынена ў сувязі з тым, што Е.Р. Раманаў узмоцнена заняўся падрыхтоўкай да друку сваёй асноўнай фальклорна-этнаграфічнай працы – “Беларускага зборніка”, якая з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа XIX – пач. XX ст. Аўтар меркаваў выдаць матэрыялы ў 15 кнігах. Аднак пры жыцці выйшла 9 тамоў (1886-1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт (1928), падрыхтаваныя 11-14-я тамы загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, лёс 15-га невядомы

Плённай была рэдактарская дзейнасць даследчыка. На працягу шасці гадоў (1897-1903) ён узначальваў неафіцыйную частку “Могилевских губернских ведомостей”. Значнай працай з’яўляюцца “Матэрыялы па гістарычнай тапаграфіі Віцебскай губерні. Павет Веліжскі” (1898), навуковыя вывады ў якой зроблены на аснове асабістых даследаванняў. У гэты перыяд апублікавана каля ста розных прац. Пад рэдакцыяй Раманава выйшлі тры выпускі “Магілёўскай даўніны” (1900, 1901, 1903), два выпускі “Матэрыялаў па этнаграфіі Гродзенскай губерні” (1911, 1912), адзін выпуск “Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю” (1916). Е.Р. Раманаву належыць ганаровае месца ў гісторыі станаўлення беларускай археалогіі. Рана распачаў ён сваю шматгадовую пошукавую дзейнасць па збіранні звестак аб гомельскіх старажытнасцях. У 1886-1894 гг. даследчык займаецца археалагічнымі раскопкамі на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерній як самастойна, так і па даручэнні і на сродкі Маскоўскага археалагічнага таварыства, правадзейным членам якога ён з’яўляўся, і Археалагічнай камісіі. Археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі Е.Р. Раманава ўзбагацілі многія айчынныя і замежныя музеі. Яшчэ і цяпер у Эрмітажы захоўваецца 1017 экспанатаў, у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра I АН Расіі – 1007, у Дзяржаўным музеі этнаграфіі народаў СССР – звыш 1100, у Гісторыка-этнаграфічным музеі Акадэміі навук Літоўскай ССР – 242, якія даюць багацейшыя матэрыялы для вывучэння гісторыі Беларусі, Літвы і Латвіі. За гэты перыяд Е.Р. Раманаў надрукаваў каля 60 артыкулаў, нарысаў, рэцэнзій і заметак па беларускай этнаграфіі, археалогіі, гісторыі і філалогіі. Ён склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерній, сабраў звесткі пра тысячу гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, удзельнічаў у рабоце дзевятага археалагічнага з’езда ў Вільні (1893), звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геаграфічных назваў, выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна адкрыў помнік эпіграфікі (старажытных надпісаў) XII ст. – новы “Барысаў камень”. Займаўся раскопкамі курганоў і могільнікаў X-XII стст. Адкрыцці вучонага добра дакументаваныя і апрацаваныя, яны пакладзены ў аснову наступных даследаванняў па археалогіі “зямлі радзімічаў”. Па ініцыятыве Е.Р. Раманава і пры яго актыўным удзеле былі заснаваны Віцебскі, Магілёўскі і Віленскі этнаграфічныя музеі (куды даследчык перадаў шмат уласных знаходак), неаднаразова наладжваліся выстаўкі.

З пераездам у Вільню, дзе Е.Р. Раманаў таксама быў інспектарам народных вучылішчаў (1907-1914), умовы склаліся так, што вучоны не мог шмат часу аддаваць археалогіі і тым больш праводзіць раскопкі. Аднак з-пад яго пяра выходзілі артыкулы, якія адлюстроўвалі назапашаны раней матэрыял (у віленскі перыяд жыцця надрукавана 34 работы па этнаграфіі, фальклору і археалогіі). Найбольш важныя археалагічныя артыкулы гэтага часу апублікаваны ў “Запісках” Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (з 1910 г. Е.Р. Раманаў быў загадчыкам секцыі этнаграфіі і археалогіі РГТ). У кастрычніку 1917 г. Е.Р. Раманаў пераязджае ў Стаўрапаль, дзе апынуўся ў асабліва цяжкім становішчы. Там ён і памірае 20 студзеня 1922 г. Пахаваны на Данілаўскіх могілках. Багацейшы архіў вучонага, які знаходзіўся з ім, своечасова не вывезены і там загінуў.

Дзейнасць Е.Р. Раманава адзначана Малым і Вялікім залатымі медалямі, якія вучоны атрымаў з рук патрыярха рускіх географаў П.П. Сямёнава-Цян-Шанскага, узнагароджаны некалькімі імяннымі прэміямі Расійскай акадэміі навук, а таксама дыпломамі навуковых таварыстваў.

Раманаў Еўдакім Раманавіч // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 2001. Т. 13. С. 291.

Раманаў Еўдакім Раманавіч// Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 2001. Т. 6, кн. 1. С. 90.

Раманаў Еўдакім Раманавіч // Беларуская мова : энцыклапедыя. Мн., 1994. С. 452-453.

Раманаў Еўдакім Раманавіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 533-534.

Раманаў Еўдакім Раманавіч // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя. Мн., 1989. С. 426.

Раманаў Еўдакім Раманавіч // Асветнікі зямлі беларускай, X – пач. XX ст. : энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 348-349.

Беларусы. У 8 т. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння / [В.К. Бандарчык] ; НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – Мн. : Бел. навука, 1999. – 365 с. : іл. Гл. с. 126-133.

Алексеев, Л.В. Евдоким Романович Романов (1855-1922 гг.) / Л.В. Алексеев // Археология и краеведение Беларуси XVI в. – 30-е годы XX в. / Л.В. Алексеев. Мн., 1996. С. 145-148.

Раманаў Еўдакім Раманавіч // Беларускія лінгвісты – ураджэнцы Магілёўшчыны. Магілёў, 2001. С. 21-24.

Невядомая спадчына Еўдакіма Раманава : матэрыялы да археал. карты Магілёўс. губерні : археаграф. зб. / аўт.-склад. І.А. Марзалюк. – Магілёў : МДУ імя А.А. Куляшова, 2001. – 57 с.

Марзалюк, І.А. Еўдакім Раманавіч Раманаў – археограф і археолаг Магілёўшчыны / Марзалюк Ігар Аляксандравіч // Магілёўская даўніна. Магілёў, 1993. С. 37-45.

Макушников, О.А. Е.Р. Романов и археология Гомельщины / О.А. Макушников // Краеведение – основа духовного и нравственного возрождения общества. Гомель, 1997. С. 82-84.

Лярскі, П.А. Беларускі энцыклапедыст / П.А. Лярскі // Пачатковая школа. 1997. № 10. С. 56-58.

Перапіска А.П. Сапунова з Е.Р. Раманавым / [публ. Іны Абрамавай] // Віцебскі сшытак. 2000. № 4. С. 64-73.

Спасылка: http://old.nlb.by/html/news2005/ramanau.html