Бітва 984 г. на рацэ Пяшчане і летапісны шлях “у радзімічы”

0
1626
радзімічы і бітва на рацэ Пяшчане

Гістарыяграфія ведае шмат прыкладаў, калі тое ці іншае меркаванне, падтрыманае аўтарытэтнымі даследчыкамі, паступова набывае характар пастулата. Да ліку такіх штампаў, якія вандруюць па старонках гістарычна-археалагічных і краязнаўчых прац, належыць, здаецца, даўно ўжо вырашаная праблема лакалізацыі летапіснай ракі Пяшчаны, на берагах якой у 984 г. быў пакладзены канец “племянному” этапу гісторыі сярэдневяковага насельніцтва паўднёва-ўсходняй Беларусі – радзімічаў.

Звернемся да ўжо хрэстыматыйнага артыкула Аповесці мінулых часоў (АМЧ), які працягвае ўвагу даследчыкаў радзіміцкага аб’яднання. “В лето 6492. Иде Володимер на радимичи. Бе у него воевода Волчий Хвост, и посла и Володимер перед собою, Волчья Хвоста; срете радимичи на реце Пищане, и победи радимиче Волчий Хвост. Темь и Русь корятся радимичем, глаголюще; “Пищаньци волчья хвоста бегають” (І, с. 591). Каштоўнасць гэтага паведамлення для вывучэння гісторыі радзімічаў (якія да канца X ст. захоўвалі пэўную аўтаномію, не ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, а пасля 984 г. ужо не згадваюцца ў летапісах у якасці самастойнай этнапалітычнай адзінкі), а таксама для даследавання праблемы фармавання дзяржаўнай тэрыторыі Кіеўскай Русі сумненняў не выклікае. Адсюль выцякае неабходнассць дакладнага вызначэння месца летапіснай Пяшчаны на карце Зямлі радзімічаў.

Зараз цяжка адказаць на пытанне, хто ўпершыню прапанаваў атаясаміць Пяшчану АМЧ з невялікай рачулкай у басейне Сярэдняга Сожа. Ва ўсялякім выпадку, ужо ў пачатку XIX ст. А Шчакатаў суаднёс яе з Пяшчанаю – малым правым прытокам Сожа ў 6 вярстах ад мястэчка Прапойска (2, с. 1065) летапіснага Прупоя – Прапошаска, сучаснага Слаўгарада Магілёўскай вобласці. Такога ж меркавання прытрымліваліся і складальнікі “Вопыта апісання Магілёўскай губерніі” 1884 г. (3, с. 56). Са спасылкай на камплект карт Магілёўскай губерніі 1777 г. гэты ж ручай падаецца і П.Л. Маштаковым (4, с. 122). Па дадзеных К.М. Палікарповіча, упершыню выканаўшага палявое даследаванне наваколляў прапойскай рачулкі, да 1920-х гг. старажытная яе назва ўжо забылася і зараз яе завуць Рудніцай (5, с. 124). З “лёгкай рукі” вядучых расійскіх гісторыкаў XIX ст. (напр.; 6, с. 179, прык. 262) практыка атаясамлівання летапіснай Пяшчаны з Прапойскай Пяшчанай – Пяшчанкай стала традыцыйнай (7, с. 113-114; 8, с. 131; 9, с. 103; 10, с. 76).

Разам з тым, аналіз гэтай версіі выяўляе істотныя недахопы яе аргументацыі. Па-першае, незразумела, якім чынам Кіеўскае войска апынулася ў самым “сэрцы” Зямлі радзімічаў. Як сведчаць археалагічныя матэрыялы, умацаваныя цэнтры радзімічаў існавалі ў IX-X ст. на месцах летапісных Прупоя, Чычэрска (Чачэрска) і Гомія (Гомеля), пры гэтым ранні ўзрост фартыфікацыі апошніх (а для Гомія і элементаў раннегарадской тапаграфіі) засведчаны канкрэтнымі дадзенымі (II). Не бачыць у гэтых буйнейшых паселішчах Пасожжа “грады” – цэнтры канцэнтрацыі ўлады, адміністрацыйнага кіравання і вайсковых кантынгентаў – гэта значыць адмаўляць агульныя напрамкі развіцця ўсходнеславянскага грамадства ў канцы I тыс. н.э. Такім чынам, няма аніякіх падстаў меркаваць, што ў IX-X ст. радзімічы не мелі ўласнай “напаўдзяржаўнай” арганізацыі ў форме так званага “племяннога княжэння” (вядомага па летапісах у іх суседзяў – крывічаў, дрыгавічоў і інш.), якая была здольная наладзіць абарону рубяжоў ад знешніх ворагаў. Бесперашкоднае прасоўванне атрадаў Воўчага Хваста да Прупоя праз умацаваныя Гомій і Чычэрска (па Сожы, мінуючы гэтыя крэпасці, ці па Дняпры) уяўляецца малаверагодным, бо было б вельмі небяспечным для нападаючых.

Па-другое, існуючае меркаванне пра лакалізацыю Пяшчаны ў Сярээднім Пасожжы не абгрунтавана гістарычна. Гіпотэза абапіраецца толькі на сугучча летапісанага і пазнейшага найменняў водных аб’ектаў. У такім выпадку, дапушчальна атаясамліваць Пяшчану АМЧ з любой рачулкай басейна Сожа, якая мае падобную назву (а такіх на сучаснай карце знойдзем некалькі).

Такім чынам, ёсць усе падставы сумнявацца ў тым, што летапісная Пяшчана знаходзіцца пад Прупоям-Слаўгарадам. Артыкул АМЧ 984 г. не дае арыенціраў для пошукаў гэтай надзвычай значнай для гістарычнага лёсу радзімічаў рачулкі. Можна меркаваць, што сустрэча Воўчага Хваста з радзімічамі адбылася ў межах іх племянной тэрыторыі, хутчэй за ўсё, бліжэй да паўднёвых рубяжоў. Войскі кіеўскага князя крочылі па сухому шляху, а процілеглым выпадку бітва, напэўна, адбылася б на Сожы (ці на Дняпры?). Верагодна, Пяшчана як раз і перасякала гэты шлхя з уласна Русі ў Зямлю радзімічаў. Менавіта таму была выкарыстана радзімічамі для сустрэчы непрыяцеля (“стаянне” варожых бакоў па берагах ракі, нярэдка парубежная, — тыповая з’ява ўсходнеславянскай ваеннай гісторыі).

Бліжэйшай да “Рускай зямлі” (у вузкім сэнсе) і сталіцы дзяржавы Ўладзіміра радзіміцкай тэрыторыяй у канцы X ст. быў Гомій з прылягаючай вясковай акругай. На яго і павінен быў быць накіраваны вайсковы націск Уладзіміра Святаславіча. Менавіта Гомій, кантраляваўшы Ніжняе Пасожжа, і з’яўляўшыся паўднёвым фарпостам Зямлі радзімічаў, перашкаджаў экспансіі велікакняжацкай улады.

Паўднёвы рубеж племяннога арэала радзімічаў супадаў з рубяжом Гомійскай акругі, звернутай непасрэдна да чарнігава-любецкага рэгіёна Русі і “Сноўскай тысячы”. Згодна археалагічным матэрыялам X-XII ст. гэтая мяжа праходзіла па водападзеле Сожа і Снова (прыкладна на сучаснай мяжы Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны) і выходзіла на Сож каля ягонага вусця (7, с. 153). Уласна чарнігаўска-любецкая тэрыторыя Русі аддзялялася ад радзімічаў паўночна-заходнім адгалінаваннем буйнога балота Перыстай – Замглай (поўнач Чарнігаўскай вобл.) і рачулкай Вір, упадаючай у Сож каля ягонага вусця (12, с. 93, мал. 1). Далей на ўсход рубеж радзімічаў і “Сноўскай тысячы”, верагодна, у асноўным супадаў з моцназабалочанымі верхнімі цячэннямі Цярухі (бас. Сажа) і Цецявы (бас. Снова). Агульная даўжыня балота ад Дабранкі (Чарнігаўская вобл.) да Кургана Сяброўсктва (на памежжы сучасных Беларусі, Украіны і Расіі) складае каля 40 км, а шырыня – на некалькіх адрэзках – 2 км. Гэты натуральны рубеж, выцягнуты з захаду на ўсход, яшчэ ў перадваенныя часы ўяўляў сабой дрыгвяністую нізіну, якую праходзілі толькі па мастах і штучных грэблях (13, с. 54-55). “Сухі калідор” меўся на заходнім канцы нізіны, у раёне Дабранкі, Ільмаўкі і Глыбоцкага.

Радзімічы і месца бітвы на рацэ Пяшчане
Мал. 1 і 2. Шлях “у радзімічы” паміж Гоміем і Чарнігавам з мяркуемым месцам бітвы 984 года.

Накірунак паходу 984 г. вызначаў нейкі старажытны шлях, які злучаў Кіеў і Зямлю радзімічаў. Трэба лічыць, што менавіта ён названы ў летапісе шляхам “у радзімічы” (артыкул 1159 г.). Пісьмовых сведчанняў пра трасу дарогі няма, таму месца яе праходжання трэба вызначаць на падставе гісторыка-геаграфічных дадзеных і археалагічных матэрыялаў.

Старажытнейшай дарогай, якая раней злучала Гомель з Кіевам, лічыца так званы “кіеўскі (чарнігаўскі) тракт” (14, с. 234). Перад будаўніцтвам шашы Чарнігаў-Гомель ён быў самай кароткай дарогай, па якой можна было трапіць з Кіева ў Гомель, а потым і ў Магілёў, Молацк і Санкт-Пецярбург. Ад Кіева шлях ішоў да Чарнігава, а потым – па роўнай мясцовасці – на поўнач да адзінага вузкага сухога “калідора” паміж дрыгвамі Паўночны і Паўднёвы Замглай каля вёскі Звянічаў (у 22 км ад Чарнігава). 10 км траса йшла па перашыйку, потым адыходзіла да вёскі Выхвастоў і далей не сустракаючы балот і істотных водных перашкод, праходзіла праз чарнігаўскія сяленні Бураўку, Неўклю, Малажану, Драздавіцу, Уладзіміраўку ды межы Магілёўскай губерніі. Тут праз брады трэба было пераадольваць малыя прытокі Нямыльні – Лубянку і Струпаў (накіроўваючыся праз Дабранку) ці толькі Струпаў (праз Ільмаўку і Глыбоцкае). Абыходзячы нізіны, тракт крочыў праз гомельскія вёскі Маркавічы, Грабаўку, Рудню Прыбыткаўскую, Кантакузаўку, Каранёўку. Некалькі водных перашкод (самыя буйныя – Цяруху і Вуць) можна было прайсці па мастах і брадах, а пад самым Гомелем – Сож – па мосце. Агульная даўжыня тракта паміж Чарнігавам і Гомелем складала каля 130-150 км.

Маючы на ўвазе геаграфію мясцовасці, размяшчэнне балот і буйных вадацекаў, трэба меркаваць, што ў часы Кіеўскай Русі шлях з Кіева на Гомій праз Чарнігаў ішоў менавіта там, дзе праялягала траса тракта. Такая думка пра напрамак летапіснага шляха “ў радзімічы” ўжо выказвалася ўкраінскімі даследчыкамі (15, с. 60).

Такім чынам дзеля таго, каб у 984 г. трапіць у Зямлю радзімічаў (дакладней, у “вобласць” Гомій), кіеўскай дружыне трэба было рухацца на Чарнігаў. Там войска папаўнялася прафесійнымі ваярамі (з буйнога дружыннага стана ў Шаставіцы, побач з Чарнігавам). Далейшы шлях ішоў на поўнач, пакуль дружына не трапляла ў парубежную вялікакняскую крэпасць Звянічаў, “замыкаўшую” з чарнігаўскага боку адзіны праход у Замглайскіх балотах і кантраляваўшую шлях “у радзімічы”. Як мяркуюць даследчыкі помніка – У.П. Каваленка, А.Н. Фамін, А.У. Шэкун – Звянічаўскае паселішча заснавана недзе ў канцы IX – пачатку X ст. менавіта ў сувязі з функцыянаваннем гэтага шляха. Ужо ў першай палове X ст. тут будуецца гарадзішча – дзяржаўная крэпасць, значную частку насельніцтва якой складалі дружыннікі. Акрамя вайсковай функцыі паселішча выконвала і гандлёва-эканамічную. На гэта паказвае знойдзены тут багаты грашова-рэчавы скарб (ці скарбы), датаваны ўсходнімі манетамі сярэдзінай X ст. (15, с. 67).

Пераадолеўшы дрыгву па-за Звянічавам, войска Воўчага Хваста трапляла ў амаль незаселеную, лясістую зямлю на сумежжы чарнігаўскай “вобласці”, “Сноўскай тысячы” і радзімічаў. Адзінкавае старажытнарускае паселішча на ўсходнім беразе Замглая адзначаецца каля вёскі Бураўка (16, с. 35, рис. 7. № 44), што пацвярджае праходжанне шляха па беразе Замглая з Выхвастава на Бураўку. Наступныя 20-25 км пуці ляжалі праз бязлюдны, але (што вельмі істотна) сухі лес да наваколляў сучаснай Драздавіцы, дзе можна было фарсіраваць дробныя вытокі р. Смяч. Хутчэй за ўсё, месца старажытнай пераправы маркіруецца зноў-такі адзінкавым тут старажытнарускім паселішчам каля Драздавіцы (10 курганоў на Дзіханоўскіх могілках) (16, с. 32, рис. 7. № 35).

Ад Драздавіцы шлях ляжаў да цяперашняй Уладзіміраўкі (каля 10-15 км), дзе падыходзіў да балоцістай мясцовасці і вярхоўяў левых прытокаў Сожа – Цярухі і Нямыльні. Гэтыя рачулкі ляжалі ўжо на паўднёвай ускраіне Зямлі радзімічаў і “вобласці” Гомій. На этнаграфічную прыналежнасць гэтых мясцін паказвае размешчаны ў 7 км на паўночны захад ад сярэдняга цячэння Нямыльні курганны могільнік X-XII ст. Сцюдзёная Гута з сяміпрамянёвымі скроневымі кольцамі і радзіміцкімі асаблівасцямі ў пахавальным абрадзе (раскопкі М.М. Філонава 1890 г., Е.Р. Раманава 1897 г., Г.Ф. Салаўёвай 1962 г.) (13, с. 47-48). На памежны характар мясцовасці паказвае вялікая, амаль незаселеная ў X-XII ст. (лясы, дрыгва) зона ад Нямыльні ўздоўж левага берага Сожа прыкладна да ягонага вусця. Шырыня стужкі «адноснай археалагічнай адсутнасці» на поўначы сучаснага Рэпкінскага раёна дасягае 15-25 км. Цікава, што і ў сярэдзіне XVI ст. тут таксама праходзіла мяжа Гомельскай і Любецкай валасцей.

Як сведчаць археалагічныя матэрыялы, басейн Нямыльні, наадварот, быў добра бажыты. Тут размяшчалася не менш за 4 курганных могільніка (не захаваліся) – Сямёнаўка (5 курганоў), Дзікалоўка (5), Паддабранка (каля 100), Глыбоцкае (больш за 30) (17, с. 31-32). Суцэльнай археалагічнай разведкай (А.А. Макушнікаў, 1981, 92 гг.; А.Р. Пільнік, 1991 г.) тут зафіксавана 7 селішчаў – Гадзічаў (уроч. Дубок, X-XI ст., плошча 1,6 га і ўроч. Керамік, канец X-XI ст., 1 га), Глыбоцкае (р. Лубянка, канец X-XI ст., 1 га і ўроч. Струпаў, IX-XIII ст., 8-8,5 га), Лядцы (р. Нямыльня, канец X-XI ст., 1,3 га), Маркавічы (р. Быкаўка, канец X-XIII ст., каля 7 га), Паддабранка (канец X-XIII ст., 3,2 га).

Найбольш старажытнае (дзе ёсць раннеганчарная кераміка) і буйнейшае ў басейне Нямыльні паселішча знаходзіцца ў 2 км на поўнач ад Глыбоцкага ва ўрочышчы Струпаў на правым беразе аднайменнага ручая. Сярод знаходак увагу прыцягвае падабраная тут незвычайная для сельскіх паселішчаў свінцовая пломба. У адзіны археалагічны комплекс з гэтым паселішчам уваходзіў і ўзгаданы вышэй курганны могільнік, ад якога яшчэ ў канцы XIX ст. (нягледзячы на разбурэнні эрозіяй і разворваннем) захоўвалася каля 30 курганоў. Сярод выпадковых знаходак курганоў Е.Р. Раманаў адзначае ўсходнія манеты IX-X ст. Побач з паселішчам і могільнікам размяшчалася круглае гарадзішча дыяметрам каля 20 м (знішчана), на якім у дарэвалюцыйныя гады знайшлі буйны грашова-рэчавы скарб з усходнімі манетамі (малодшая чаканена ў 914 г.) (18, с. 26-27). Узрост і памеры паселішча, знаходкі асобных манет і скарба – усё гэта сведчыць аб значнай ролі Глыбоцкага ў памежным гандлі і знаходжанні помніка на буйным шляху. Між іншым памежнае размяшчэнне Нямыльні пацвярджаецца і другім скарбам (285 дырхемаў з малодшай манетай 820-21 гг.), знойдзеным у 1875 г. у нізоўях рачулкі каля в. Ярылавічы (18, с. 50-51).

Накірунак шляха “ў радзімічы” трэба ўявіць наступным чынам. Ад Уладзіміраўкі абыйсці дрыгвяністую нізіну можна было толькі прайшоўшы 2-3 км на поўнач у бок Ільмаўкі, дзе ёсць паселішча XI-XIII ст. (16, с. 33, мал. 7 № 8) Ільмаўка і суседняе Глыбоцкае знаходзяцца на самай высокай кропцы водападзела левых прытокаў Сожа і правых – Дзясны, уяўляючай сабой даволі вузкі і сухі “калідор” сярод балота. Адсюль шлях мог разгаліноўвацца: па першым накірунку ён перасякаў ручай Струпаў па адзіным у ягоным верхнім цячэнні бродзе, праходзіў праз апісаны вышэй комплекс помнікаў IX-XIII ст. (прамая адлегласць паміж ім і Ільмаўскім селішчам – 7 км), далей ішоў праз Гадзічаўскае селішча (уроч. Дубок, яшчэ 4 км) да Маркавічаў (2 км); па другім накірунку адхіляліся да брода ў ніжнім цячэнні Струпава, дзе размяшчаўся комплекс селішча – могільнік Паддабранка (10 км прамой адлегласці ад Ільмаўскага селішча) і зноў траплялі ў Маркавічы (каля 3 км). Абодва шляхі паспяхова абыходзяць шматлікія нізіны.

На поўнач ад Нямыльні ляжала слабазаселенае сярэдняе цячэнне Цярухі. Адзінкавым паселішчам (бездакорна супадаючы з трасай пазнейшага тракту) з’яўляецца ў названым мікрарэгіёне селішча канца X-XI ст. плошчай 2 га на поўдзень ад Грабаўкі, якое, што вельмі істотна знаходзіцца каля брода (разведка А.Г. Пільніка 1991 г.). Адлегласць паміж Маркавіцкім і Грабаўскім селішчамі складае каля 8 км. Далейшы рух на поўнач ішоў па адносна сухім лесе, пакідаў злева вялікія Цярухскія нізіны, а справа – забалочанае сярэдняе цячэнне рачулкі Грабаўкі. Праз 6-7 км можна было патрапіць на ўзвышша Белая (Лысая) Гара каля в. Хутаранка і Пясочная Буда, без цяжкасці пераадолеўшы дробныя ручаі. На Белай Гары адзначаюцца адзінкавыя знаходкі канца X-XI ст., якія сведчаць пра наяўнасць маленькага паселішча ці прыпыначнага пункта на дарозе. Потым шлях ішоў па трасе пазнейшага тракта і ў 6-7 км на поўнач ад Белай Гары пераадольваў ніжняе цячэнне р. Вуць. Месца старажытнай пераправы зноў-такі маркіруецца паселішчам канца X-XIII ст. каля Рудні Прыбыткоўскай. Цікава, што недзе тут у вадзе выпадкова знойдзена баявая сякера X-XI ст. (захоўваецца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музеі). У 16 км на поўнач ляжаў летапісны Гомій, падыйсці да якога, абмінаючы вялікія нізіны, можна было рухаючыся праз сучасныя Кантакузаўку і Каранёўку.

Такім чынам, археалагічныя матэрыялы даюць магчымасць прасачыць частку шляха “ў радзімічы”, які звязваў у IX-XIII ст. уласна Русь і радзіміцкае Пасожжа. Гэта, у сваю чаргу, спрошчвае пошукі месца знаходжання летапіснай Пяшчаны.

Аналіз гідраніміі разглядаемага рэгіёна (на падставе дадзеных XIX-XX ст.) дае толькі адзін вадацёк, назва якога сугучная назве Пяшчаны. Размова ідзе пра маленькі правы прыток Цярухі Песашэньку, адзначаную, напрыклад, на тапаграфічнай карце ГУГК СССР (аркуш №-36-XXXII) маштабам 1:200000. Агульная даўжыня ручая, які ўпадае ў Цяруху каля пас. Шутаўка, складае каля 15-16 км. Ягоныя вярхоўі (тры малых ручайкі) знаходзяцца каля в. Хутаранка і Пясочная Буда Гомельскага раёна. Верхняе цячэнне Песашэнькі аточана параўнальна сухімі (зараз разаранымі) землямі, сярэдняе і ніжняе – прыпадаюць на суцэльна заселены раён, дзе шмат нізін.

Зварот да сведчанняў першай паловы XIX ст. паказвае, што каля 150 гадоў таму Песашэнька мела назву Песачанка. Менавіта такую форму дае ў ваенна-геаграфічным апісанні Магілёўскай губерніі капітан Чарніцкі (1840-я гг.) (19, с. 17). Вывучэнне ж гідранімічнай наменклатуры інвентара Гомельскай воласці 1560 г. (20, с. 343-347) дазваляе сцвярджаць, што назва гэтага ручая вельмі старажытная.

Прыгаданы дакумент утрымлівае разнастайныя геаграфічныя сведчанні па Гомельскай воласці, ахопліваўшай у XVI ст. вялікі рэгіён Ніжняга Пасожжа. На старонках дакумента, у прыватнасці, ёсць дзясяткі назваў водных аб’ектаў басейнаў Сожа, Дняпра і Снова, сярод якіх і знаходзім рачулку Пясочну.

Гідронім Пясочна адшукваецца ў апісанні рубяжоў суседніх вёсак – Прыбыткавічаў (сучасн. Прыбыткі Гомельскага раёна) і Насовічаў (у Добрушскім раёне). Апошняе паселішча зараз размешчана ў 5 км на ўсход ад першага.

Зацікавіўшы нас фрагмент Насовіцкай мяжы, які дазваляе высвятліць лакалізацыю Пясоны 1560 г., апісаны ў інвентары наступным чынам: “… от речки Утки, речкою Прудовкою уверх в речку Песочну. Песочною вниз до леса Борок, з того леса через речку Терех…». Апісанне Прыбыткаўскага рубяжа дае наступнае: “От границы Лагуновское логом Тесным в речку Песочну, Песочною вниз в речку Репенец, Репенцом вниз в речку Посожец…” (20, с. 353, 358).

Размяшчэнне Пясочны высвятляецца шляхам супастаўлення дадзеных 1560 г. з тапакартай. Рэчка Прудаўка – гэта сучасны ручай Прудок, левы прыток Вуці даўжынёй каля 3 км, вусце якога знаходзіцца насупраць Насовічаў паміж Стараселлем і Запрудаўкай. У 4 км на захад ад ягоных вытокаў размешчаны вытокі Песашэнькі, якую і можам упэўнена атаясаміць як з Пясочнай 1560 г., так і з Пяшчанай 984 г.

У сярэднявеччы Пясочнай, хутчэй за ўсё, лічылі толькі адзін з трох ручаёў у вярхоўях сучаснай Песашэнькі, менавіта той, які цячэ на поўдзень ад Пясочнай Буды і мае (да злучэння з другім ручаём) даўжыню каля 4 км. Пясочна ўпадала ў ручай Рэпянец. Апошні, зыходзячы з карты, працякаў на поўнач ад Хутаранкі і злучаўся з Пясочнай каля сучаснага пас. Дубіна. Даўжыня Рэпянца да злучэння з Пясочнай – каля 2 км, а агульная даўжыня – каля 3 км. У сваю чаргу, Рэпянец упадаў у Пасажэц, вытокі якога знаходзяцца на поўдзень ад Хутаранкі. Усё цяперашняе сярэдняе і ніжняе цячэнне Песашэнькі ў XVI ст. лічылася Пасажцом.

Калі рэканструкцыя месцаў размяшчэння ручаёў 1560 г. беспамылковая, і калі гэтая сітуаыя істотна не змянялася тут з X ст., месца бітвы 984 г. можна вызначыць з дастатковай дакладнасцю. Раць мела месца паміж Хутаранкай і Пясочнай Будай. У гэтай сувязі цікавым з’яўляецца паведамленне Е.Р. Раманава аб знаходжанні паблізу ад Пясочнай Буды курагана “Грошавы” (17, с. 311). Помнік быў не зусім звычайным курганом, паколькі ў яго з’явілася сваё “імя” (падобныя індывідуальныя назвы ў курганоў на паўднёвым усходзе Беларусі вельмі рэдкія, звычайна курганы завуцца “курганнямі”). Пад час разведкі 1991-92 гг. вызначана, што “Грошавы” размяшчаўся на вясоквых могілках у 0,3-0,4 км на поўнач ад Пясчанай Буды справа ад аўтадарогі Пясчаная Буда-Рудня Прыбыткоўская, гэта значыць, па трасе шляха “ў радзімічы” і пазнейшага тракта. Старажылы памятаюць, што курган вызначаўся вельмі значнымі памерамі. Згодна паданню, тут былі пахаваны ваяры нейкіх захопнікаў, войска якіх было пабіта каля Пясочнай Буды. Маючы на ўвазе, што сюжэт гэтага падання вельмі распаўсюджаны, мы ўсё ж не можам наогул адмаўляць пэўную сувязь помніка з сапраўднымі гістарычнымі падзеямі часоў барацьбы радзімічаў з Кіевам.

Трэба звярнуць увагу на тое, што Пясочна-Пяшчана размешчана на сярэдзіне шляху паміж паўднёвым рубяжом Зямлі радзімічаў і летапісным Гоміем: у 21-22 км (каля 30 км па старажытнай дарозе) на поўнач-паўночны-захад ад Глыбоцкага і ў 22 км (каля 30 км) на поўдзень-паўднёвы ўсход ад Гомія.

Такім чынам, гістарычныя, археалагічныя, геаграфічныя і тапанімічныя дадзеныя дастаткова пераканаўча паказваюць, што рашучая перамога Русі над радзімічамі была атрымана ў канцы X ст. не ў наваколлях Прупоя-Слаўгарада, а на падыходах да самага паўднёвага радзіміцкага “града” – Гомія, на трасе старажытнага сухапутнага шляха, які зваўся шляхам “у радзімічы”.

Літаратура

  1. Повесть временных лет. М.-Л., 1950. Ч. 1.
  2. Щекатов А. Словарь географический Российского государства. М., 1807. Т. V.
  3. Опыт описания Могилёвской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях. Могилёв на Днепре. 1884. Кн. 2.
  4. Маштаков П.Л. Список рек Днепровского бассейна. СПб., 1913.
  5. Поликарпович К.М. Стоянки Среднего Посожья (материалы обследования 1928 г.) // Материалы по археологии БССР. Мн., 1957. Т. 1.
  6. Гл. напр.: Соловьёв С.М, История России с древнейших времён. М., 1988. Т. 1-2.
  7. Рыбакоў Б.А. Радзімічы // Працы … Мн., 1932. Т.3.
  8. Очерки по археологии Белоруссии. Мн., 1972. Ч. 2.
  9. Зайцев А.К. Черниговское княжество. // Древнерусские княжества X-XIII вв. М., 1975.
  10. Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь. Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
  11. Макушнікаў А.А. Паходжанне Гомеля: (Па матэрыялаха археалагічных даследаванняў) // Весці АН БССР. Серыя грамад. Навук. 1989. № 6.
  12. Шекун А.В., Веремейчик Е.М. Селища IX-XIV вв. в междуречье низовий Десны и Днепра // Чернигов и его округа в IX-XIII вв. Кіев, 1988.
  13. Макушнікаў А.А. Рубяжы Гомійскай воласці ў XII-XIV стст. (спроба рэканструкцыі) // ГАЗ. Памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.
  14. Шафонский А.Ф. Черниговского наместничества топографическое описание. Киев, 1851. С. 234.
  15. Коваленко В.П., Фомін О.В., Шекун О.В. Давньоруський Звеничів і скарб арабськіх дірхемов // Археологія. 1992. № 1.
  16. Пильник А.Г. Правобережне Поснов’я в X-XIII ст. // Минуле Сосниці та іі околиць. Чернігів, 1990.
  17. Романов Е.Р. Археологический очерк Гомельского уезда // Записки Северо-западного отдела Императорского Русского Географического общества. Вильна, 1910. Кн. 1.
  18. Маров А.К. Топография кладов восточных монет (сасанидских и куфических). СПб., 1900.
  19. Черницкий. Военно-статистическое обозрени Могилёвской губернии // Военно-статистическое обозрение Российской империи. СПб., 1848. Т. 8. Ч. 3.
  20. Акты, издаваемые Виленской Археографической комиссией. Вильна, 1866. Т. 13.


Аўтар:
А.А. Макушнікаў
Крыніца: ГАЗ. Навук. выд. / ІГ НАН Беларусі. — Мінск, 1995. — № 6 — С. 202-213.