29 сакавіка ў палацы Румянцавых і Паскевічаў адбылася прэзентацыя фотавыставы “Berlin. Fotografien” (“Берлін. Фотаздымкі”) нямецкага архітэктара і фатографа Герыта Энгеля (Gerrit Engel), дзе гамельчукі мелі магчымасць апынуцца сярод пасмурнага Берліну, не выходзячы за мяжы галерэі.
Нягледзячы на зменлівае надвор’е, да ўвахода ў палац Румянцавых і Паскевічаў падыходзіла ўсё больш ды больш людзей – хто маленькімі гурткамі, хто паасобку. Пасля яны знікалі ў дзвярах, спяшаючыся на прэзентацыю фотавыставы “Berlin. Fotografien” (“Берлін. Фотаздымкі”) нямецкага архітэктара і фатографа Герыта Энгеля (Gerrit Engel).
Даведка: Герыт Энгель нарадзіўся ў 1965 годзе ў нямецкім горадзе Эсэне. Навучаўся па спецыяльнасцях архітэктура і фатаграфія. Жыве і працуе ў Берліне. Фатограф здымае фасады цэркваў і палацаў, музеяў і тэатраў, вілаў і заможніх дамоў, школ, магазінаў і пасольстваў. Пазбягаючы недакладнасці і адначасова захоўваючы дыстанцыю, Герыт Энгель стварае строга храналагічны даведнік па гісторыі архітэктуры, у якім няма месца суб’ектыўным ацэнкам ці забабонам.
Невялікая галерэя была забіта амаль цалкам і ад людзей была адкрыта толькі невялікая “выспа”, дзе спадар Герыт распавядаў пра сваю выставу. Варта адзначыць, што большую колькасць прысутных складала моладзь.
На фотаздымках фатографа – архітэктура Берліна розных часоў, пачынаючы ад касцёла ХІІІ стагоддзя да будынка 2008 года. Аўтар імкнецца перадаць пластыку фасадаў амаль не карыстуючыся цянямі, таму здымае выключна ў пасмурнае надвор’е. Таксама ён адзначае тое, што ніколі не карыстаецца лічбавымі здымачамі, толькі аналагавымі і раіць рабіць гэта ўсім фотааматарам. У 2009 годзе Герыт Энгель выдаў адмысловы фотаальбом сваіх прац, частка з якіх і выстаўлена ў Гомелі.
Выстава, як ні дзіва, будзе цікавай у першую чаргу архітэктарам ды аматарам архітэктуры. Сапраўды, менавіта фасады трымаюць увесь кадр, з’яўляюцца бясспрэчнымі дамінантамі на фотаздымках. Кампазіцыя простая ды стрыманая – будынак на фоне шэрага неба, мінімум кантраста. Прыдатна для вывучэння архітэктуры, але ж… ці гэта і ёсць сапраўднае фотамастацтва?
Карацей, лепш пабачыць усё ўласнымі вачамі ды скласці сваё асабістае меркаванне.
Для зацікаўленых паведамляем, што выстава працуе з 30 сакавіка да 15 красавіка 2012 года ў палацы Румянцавых і Паскевічаў.
Аўтар: Зміцер Кірэенка