Дзейнічаў у 1831-1882 (паводле іншых звестак да 1890-х гадоў) у мястэчку Беліца Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер у межах г. Гомель). З’яўляўся буйнейшым цукровым прадпрыемствам на Беларусі. Уладальнік — граф Ф. Паскевіч, арандатар — купец Мельнікаў (былы ад’ютант Паскевіча). Вырабляў цукар-пясок.
У 1839 завод згарэў. У 1840 пастаўлены новы двухпавярховы будынак, усталяваны 2 паравыя рухавікі (магутнасцю 70 к.с.), пабудаваны драўляны барак для рабочых. У 1851 працавала 80 рабочых (пераважна прыгонныя), у 1864 — 175, у 1879 — 232. У 1859 на заводзе працаваў майстар-цукравар з Гамбурга, мясцовыя майстры, каваль, слесар, меднік, механік.
На выраб цукровага пяску выкарыстоўваліся буракі з зямель уладальніка і купленыя ў суседніх маёнтках. Уласнымі былі вапна, касцяны вугаль, дровы. У 1851 было перапрацавана 90 тыс. пудоў цукровых буракоў, з іх 70 тыс. пудоў уласных. Дзейнічаў 3-4 месяцы ў год. У 1879 выраблена 15 тыс. пудоў цукру, у 1881 — 19 тыс. пудоў. Зачынены з-за канкурэнцыі таннага цукру з Украіны.
Аўтар: М.Ф. Болбас
Крыніца: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі — Том 2. С. 5.