Гавораць людзі з даўніх часоў, што беларус і чорта не баіцца. Калі яго разварушыць, то пакажа нячысціку такое, ад чаго той доўга вішчаць будзе. А так чалавек рахманы, спакойны, памяркоўны, нікога не пакрыўдзіць, нікога не зачэпіць. Праўда, былі і такія, што пальца ў рот не кладзі, але такіх лічаныя адзінкі нараджаліся. Адзін такі чалавек некалі і ў нас тут пабываў. А адбылося ўсё наступным чынам.
Ішоў неяк падарожны па сцяжынцы. Не стары чалавек — сама што ў сталыя гады ўвайшоў. Звалі яго Павел. Хто яго ведае, дзе нарадзіўся, але калі людзі пачыналі дапытвацца, то шчэрыў пракураныя зубы ва ўсмешцы і мовіў:
— Каб жа я памятаў…
— Няўжо нічога і не памятаеш?
— Не.
— Бедалага. Без бацькоў рос.
— Хто вам такое сказаў?
— Сам і сказаў.
— Я ж сказаў, што нічога не памятаю, а пра тое, што нікога не памятаю, не гаварыў. Самі ўсё перайначыце, гаворыце абы-што.
— То, выходзіць, бацькоў памятаеш? Хто яны, Паўле?
— Мужчына і жанчына, — бойка адрэзваў падарожны, а ўсе навокал з такога адказу пачыналі за жываты трымацца.
Пасядзіць Павел з мужчынамі, пажартуе, гісторый цікавых пару раскажа і, калі яшчэ да вечара далекавата, прамовіць:
— Пайду я, хлопцы, няма чаго затрымлівацца.
А калі ўжо вечарэць пачынала, то прасіўся ў каго-небудзь пераначаваць. Такога чалавека кожны рад быў у хаціну пусціць, каб яшчэ паслухаць, распытаць, як там у іншых мясцінах справы ў людзей ідуць.
Вось так аднаго вечара падарожны і сказаў:
— То хто, людзі добрыя, на парог пусціць?
Стараваты дзядулька адказаў адразу, другіх апярэдзіўшы:
— Пайшлі да мяне, месца хопіць. Дзеці ўжо дарослыя — жанатыя ды замужныя, удваіх са старой гаруем.
— То каб я вам у цяжар не быў?
— Хай гэта цябе не хвалюе.
— А дзе ваша хаціна?
— Пройдзем крышачку, і відаць будзе. За густымі дрэвамі мае будынкі стаяць.
Падышлі да хаціны, дзедка і гаворыць:
— Вось і мае харомы.
— То ў вас ажно дзве хаты — старая і новая? Заможна жывяце.
— Яно-то і так, але злыбеда ўкралася.
— Якая?
— Ды…
— Гаварыце, не палохайцеся. Я не з тых, хто з чужога гора смяяцца стане.
— Ведаю, але пайшлі ў хату.
Павел здзівіўся, што чалавек пакіраваў не ў новы будынак, але нічога не сказаў, толькі сам сабе ўсміхнуўся ў вусы, маўляў, дзед трапіўся не надта шчодры. Зайшлі ў хаціну, а там гаспадыня вячэру на стол ставіць, таму адразу і падарожнага запрасіла:
— Сядай, чалавеча, з намі.
— Дзякую, але ж каб вас не аб’есці?
— Не перажывай, есці ў нас, дзякуй Богу, заўсёды хапае, іншая бяда ёсць, — прамовіла і бабулька.
— Зноў бяда. Ды што ж за яна? — падаў голас Павел.
— Ой, чалавеча, і не згадвай. Не першы год яна ў нас жыве.
— То скажыце, што гэта такое, можа, я вам і дапамагу?
— У каго мы толькі, сынку, паратунку ні шукалі, да каго ні звярталіся — ніхто не змог нас выратаваць.
— А раптам у мяне атрымаецца?
— Яно-то канешне, трэба да апошняга спадзявацца, — пагадзіўся дзед, — але давай спачатку павячэраем, а потым ужо да нашых спраў звернемся.
Перакусілі, і Павел папрасіў расказаць, што ў гаспадароў здарылася. Пачаў дзядуля:
— Ты бачыў, што мы не ў новую хаціну пайшлі, а ў старую?
— Ага.
— Відаць, падумаў, што я сквапны і не захацеў весці падарожнага ў новае памяшканне?
— Калі шчыра, то было такое.
— Вось і не адгадаў. Справа ў тым, што мы ў новай хаціне і самі толькі адну ноч пераначавалі.
— I чаго гэта?
— Ды ўсё з-за той жа бяды праклятай! — не вытрымала гаспадыня.
— Ага, толькі, гэта, мы зайшлі, паслалі, каб спаць, толькі прылеглі, як раздаліся нейкія страшныя гукі, тупаценне, нібыта коні бегалі, а потым праз комін увалілася на сярэдзіну хаціны нешта надзвычай страшнае.
— Увалілася?
— Але ж.
— I што ж то магло быць?
— Братачка, прыглядзеліся мы — а гэта ж чорт!
— Нячысцік?
— Ён самы.
— То чаго ж вы спалохаліся?
— Сказаў, каб выбіраліся і ён там жыць стане, бо не хоча назад у балота.
— Бачыш ты на яго. I вы пайшлі?
— Ён нас яшчэ аддубасіў дубінкай добра.
— Ледзьве не пазабіваў, — прашаптала старая, — і наказаў, каб болей туды і не ўваходзілі, бо ўвогуле жыцця пазбавіць.
— Падарунак нам яшчэ на памяць даў.
— Які?
— Дубінку, якой нас лупцаваў. Маўляў, каб не забываліся, што нас там чакае.
— З-за гэтага вы і не жывяце ў новай хаціне?
— Баімся, чалавеча, таго чорта. Людзей прасілі, каб дапамаглі. Яны і браліся, але ад нячысціка атрымлівалі такую лупцоўку, што і не радыя былі потым.
Павел закурыў люлечку, сеў ля печы, каб дым у комін выцягвала, выцягнуў ногі і прамовіў спакойна:
— Гэта не самае страшнае. Магу вам у гэтай бядзе дапамагчы.
— Праўда? Братачка, выратуй нас, старых. Мы ж спакойна і ў гэтай хаціне спаць не можам.
— Зробім. Толькі вы мне дапамажыце.
— А што трэба?
— Чыгун вады цёплай нагрэйце і мыла кавалак дайце, калі ёсць.
— Ёсць.
— Іголку самую вялікую і гузікаў з дзесятак, можна самых розных, люстэрка і ніткі.
— I гэта не праблема.
— Тады вы ўсё рыхтуйце, а я пакуру ды пайду ў тую хаціну спаць.
— Ой, родненькі, каб жа ён цябе не забіў, — заламала рукі гаспадыня.
— Не хвалюйцеся, і адразу вас папярэджваю: калі нейкія крыкі панясуцца, то вы не бяжыце мне на дапамогу, я сам спраўлюся.
Пакурыў Павел, устаў і закамандаваў:
— Дапамажыце мне да парога той хаціны данесці ўсё, бо адзін не здолею.
Гаспадары, калоцячыся са страху, прынеслі ўсё да парога, і падарожны іх супакоіў:
— Чаго гэта вы так? Не бойцеся, страх — благі дарадчык. Ідзіце спаць, я ўсё сам далей зраблю.
Плетанулі старыя ад будыніны, нібы за імі хто з кіем гнаўся, а Павел вярнуўся да іх ды яшчэ чортаў падарунак — дубінку — прыхапіў.
— Каб і мне было чым аддзячыць нячысціка.
— Глядзі, каб твая спіна не ўгрэлася.
— За гэта не перажывайце.
Зайшоў у будыніну, агледзеўся, расставіў усё тое прычындалле, якое прынёс, і давай ваду мыліць, а потым і сваю бараду мылам белым намазаў, і стала яна бялюткая як снег. Усміхнуўся чалавек: «На гэтым ты і пападзешся!»
Чакаць доўга не давялося. Недзе хвілін праз дзесяць пачулася магутнае гупанне, тупаценне, крыкі, а потым ляснулася нешта ў коміне і паляцела густая сажа. Яшчэ праз момант на падлозе закруціўся чорт. Павел не азіраўся, бо ўсё выдатна бачыў у люстэрка. Нячысцік заскакаў:
— Яшчэ адзін дурань знайшоўся! Вось і атрымаеш ад мяне на арэхі!
— Глядзі, каб сам не атрымаў! — пагрозліва адказаў чалавек.
Чорт ажно зяпу разявіў ад здзіўлення, бо ўпершыню такога чалавека бачыў.
— Што гэта ты робіш? — запытаўся ад неадольнай цікаўнасці.
— Вось, пабялюся, а потым стану гузікі сабе ўшываць.
— Навошта?
— Каб маладзейшым быць.
— Маладзейшым?.. А гэта кожнаму можна?
— Ведама што.
— А мяне можаш пабяліць? Хочацца надта. Усе мае родныя і блізкія чорнымі будуць, а я белым стану…
— Канешне, прыгажэй будзе.
— Слухай, калі ты так зробіш, то я цябе біць не буду. Пагаджайся.
— Эх, — махнуў рукой Павел, — было не было. Зраблю.
— Калі ўсё найлепшым чынам атрымаецца, то я цябе яшчэ і ўзнагароджу.
— Не трэба мне твая ўзнагарода. Сядай.
Сеў чорт, а хітры чалавек і кажа:
— Не, так справа не пойдзе!
— Чаму?
— Круцішся. Давай я цябе прывяжу, то мне можна будзе смела сваю справу рабіць.
Скруціў Павел нячысціка моцна-моцна, набяліў яго, а потым узяўся гузікі ўшываць. Нячысцік спачатку з цікаўнасцю пазіраў, але чалавек як упёр яму пад скуру здаравенную іголку, то не сваім голасам заверашчаў:
— Што ж ты робіш?!
— Трывай, дурань, маладзейшым будзеш!
Тыркаў, тыркаў той іголкай, пакуль сам не стаміўся, а ў вушах не зарэзала ад крыку, і кажа:
— Ну, хопіць. Адну справу зрабіў. Зараз з цябе ўсё дурное буду выбіваць.
— А можа, не трэба?
— Трэба, як жа без гэтага!
Ухапіў дубінку і давай ёю чорта палыскаць. А той і рады б уцячы, ды не мае магчымасці. Павел да таго часу дубасіў нячысціка, пакуль не надакучыла.
— Цяпер яшчэ трохі ў цябе поўсці на жываце выгалю, каб не такі страшны быў, — і давай тупым аскабалкам сярпа шоргаць.
Нячысцік так роў, што, здавалася, праз хвіліну хаціна разбурыцца. Але яна вытрымала. Як развязаў чорта Павел, то той у комін куляй вылецеў і загарлаў:
— Уцякайце, браткі, бо тут беляць! Уцякайце!
Некаторым чулася — «беляць», а іншым — «бо тут Беліцк».
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 316-321.