Беларускія вячоркі (фотасправаздача)

0
2341

9 кастрычніка Гомельская моладзевая арганізацыя “Талака” сумесна з Студэнцкім этнагарфічным таварыствам (г.Мінск) зладзілі фальклёрную вечарыну “Этнавячоркі” для студэнтаў ўніверсітэта ды  ўсіх ахвотных.

Напачатку ўсе прысутныя падсілкаваліся з даволі багатага стала, поўнага беларускіх прысмакаў: дранікаў, гарбузнай кашы, блінчыкаў, печаных яблык, медавухі. А потым пусціліся ў скокі. Танчылі лявоніху, кракавяк, падыспань, матлёт, ойру, базар ды інш. Ну і канешне ўвесь час гучалі традыцыйныя беларускія песні, неверагодна прыгожыя ды мілагучныя.

Наладжванне вячорак было традыцыйна для беларускіх сялян акурат напрыканцы верасня на пачатку кастрычнка.

Кажа талакоўка сп. Ларыса: “Калі сяляне скончвалі палявыя працы, для моладзі пачынаналася пара вячорак, калі дзеўкі ды хлопцы збіраліся ў адной хаце, дзяўчаты пралі кудзелю альбо ткалі, а хлапцы ім усяляк заміналі. Калі дзеўкам надакучала гэта, клікалі музыку і ўсе пускаліся ў скокі. Сезон вячорак доўжыўся да пачатка вясенніх палявых работ.”

Святочны і радасны настрой на талакоўскай этнавячарыне ствараў музыка-дудар. Традыцыйна дудары ды іншыя музыкі вельмі шанаваліся сельскай грамадой і іх статус быў надзвычай высокі.

Кажа дудар з Менску Яўген Барышнікаў: “З даўніх часоў у дудара быў вельмі высокі статус, бо дудар успрымаўся як святар. Дуда гучала на ўсіх найбольш істотных абрадах. Так, на хрэсьбінах  вяселлях абавязкова было гранне дуды. Існавала нават традыцыя наймаць на вяселле некалькіх музыкаў: дудара для абрадавых спеваў, і іншага музыку для скокаў. Такім чынам, у дудара была пэўная сакральная роля.”

ГМКГА “Талака” упершыню ладзіла восеньскія вячоркі, але мае намер зрабіць гэта традыцыяй бо талакоўцы перакананы, што неабходна адраджаць менавіта свае ўласныя беларускія традыцыі, а не запазычваць чужыя. Апроч таго ў моладзі існуе патрэба збірацца, разам бавіць час у вясёлых забавах.